Амерыканскія і брытанскія ВНУ – найлепшыя ў свеце
Досведам і парадамі падзяліўся Яраслаў Крывой – магістр права Гарвардскага Універсітэта, кандыдат юрыдычных навук, выкладчык міжнароднага права ў University of West London, заснавальнік BelarusDigest.com – ангельскамоўнага сайта, прысвечанага Беларусі. Яраслаў працаваў ў міжнародных кансалтангавых кампаніях Baker&McKenzie, Morgan Lewis, Freshfields у Расіі, ЗША і Англіі.
Вы вучыліся ў Гарвардзе, — якім чынам Вы паступалі, якія намаганні прыкладалі?
Раней я думаў, што гэта абсалютна немагчыма, толькі ў кіно бывае. Неяк сустрэў хлопца з Польшчы, які там вучыўся, паглядзеў патрабаванні, грунтоўна падрыхтаваў дакументы (дарэчы, адразу ў некалькі універсітэтаў), i мяне запрасілі. Да гэтага я павучыўся ўжо ў Галандыі і Англіі, паправацаў выкладчыкам у БДУ, надрукаваў шэраг публікацый.
Магчымасці фінансавання
Навучанне, вядома, платнае?
Так, платнае. Але калі Гарвардскі універсітэт прымае на вучобу, дык звычайна прапаноўвае фінансавую дапамогу. Мая вучоба фінансавалася напалову грантам ад універсітэта, напалову пазыкай з прыватнага банка.
Ці праўда, што студэнт Гарварда мае мажлівасць падпрацоўкі?
Так. Я быў памочнікам сусветна вядомага прафесара па карпаратыўным праве Ренье Краакмана. Рабіў даследванні, якія ён мне даручаў.
Якія фонды фінансавання навучання Вы б параілі беларусам?
Трэба прысвяціць шмат часу у інтэрнэце на пошук, бо праграмы часта мяняюцца. А таксама зазіраць на www.adukacyja.info. Ёсць спецыфічныя праграмы для беларусаў, такія як OESS, ёсць фонды для ўсіх, напрыклад, British Counсil, Chevening, Muskiе. Часам самі універсітэты прапануюць фінансаванне.
Стары vs. Новы Свет
Вы вучыліся і ў Амерыцы і ў Еўропе. Дзе больш спадабалася?
Я лічу, што наогул амерыканская адукацыя лепшая за еўрапейскую. Амерыканскія ВНУ маюць і лепшую матэрыяльную базу, і выкладанне на больш высокім ўзроўні, і бюракратыі меней. А калі абіраць Еўропу, то мяркую, што лепей вучыцца ў Англіі. Калі паглядзець розныя рэйтынгі найлепшых універсітэтаў у свеце – амерыканскія і брытанскія ўстановы дамінуюць.
Law students
А як наконт юрыдычнай адукацыі? Ведаю, што ў Амерыцы дзейнічае агульная сістэма права, а большасць буйных камерцыйных дамоваў грунтуецца менавіта на гэтым праве?
Так. І яшчэ ў Амерыцы юрысту прасцей уладкавацца на працу, атрымаць доступ да адвакацкай практыкі, бо пасля LLM можна адразу здаць адвакацкі экзамен у некаторых штатах, напрыклад у Нью Ёрку. Я здаў такі іспыт і з’яўляюся чальцом нью-ёркскай калегіі адвакатаў. Для аналагічнай працы ў Нямеччыне ці Галандыі патрэбнае веданне адпаведнай мовы, ёсць і іншыя цяжкасці.
Ці можна знайсці юрыдычную працу ў Амерыцы, калі ты не грамадзянін гэтай краіны?
Асноўная цяжкасць заключаецца у вялізнай канкурэнцыi за працоўныя месцы юрыстаў. Калі ёсць магчымасць узяць мясцовых людзей, для якіх ангельская мова родная, так і робяць. Яшчэ адна праблема – гэта дазвол на працу . Але пасля вучобы даецца гадавы дазвол на працу, які дае магчымасць уладкавацца на практыку.
Але гэта практыка ў сферы кансалтынга і пераважна не з кліентамі? І ці будзе кліент давяраць замежніку, які яшчэ і размаўляе з акцэнтам?
Так, калі юрыдычная фірма вялікая, хутчэй будуць даваць заданні, дзе не трэба кантактаваць з кліентамі – аналіз дакументаў, даследванні нейкіх юрыдычных пытанняў у базах дадзеных і гэтак далей. А вось акцэнт у Амерыцы зусім не з’яўляецца праблемай, бо у ЗША вельмі шмат людзей гавораць з рознымі акцэнтамі, і да гэтага ўсе ставяцца нармальна.
Master’s studies, PhD
Ці праўда, што атрымаць ступень магістра за грант можна толькі аднойчы, а ў сваю чаргу пасля PhD складаней уладкавацца на працу?
Не, гэта не так. Я, напрыклад, маю две магістрскія ступені (LLM), з Амерыкі і Еўропы, але яны фінансаваліся рознымі фондамі. А PhD сапраўды можа зашкодзіць уладкавацца на працу у прыватным сектары, бо могуць сказаць, што Вы занадта кваліфікаваны („overqualified”). Але бывае, што і PhD-спецыялісты знаходзяць працу ў юрфірмах, хаця большасці гэта не вельмі цікава.
Наколькі істотна мець чырвоны дыплом і выдатныя адзнакі?
Адзнакі даволі моцна ўплываюць на адбор кандыдатаў, бо гэта самы просты спосаб ацаніць чалавека. Але шмат што залежыць ад матывацыі кандыдата, яго грамадскай дзейнасці і прэферэнцыі пэўным сацыяльным групам пры адборы. Таму калі у кагосьці адзнакі не самыя лепшыя, але яскравая біяграфія ці добрыя публікацыі, дык хутчэй вазьмуць такога чалавека, чым нічым не прыкметнага выдатніка.
Што трэба пісаць у CV для паступлення ў замежную ВНУ?
Пажадана мець публікацыі, а таксама досвед працы ў больш-менш пазнавальных міжнародных кампаніях. Вядома, можна працаваць у добрай нацыянальный кампаніі, але мала хто пра яе будзе ведаць.
Таксама карысна мець досвед выкладання, асабліва гэта цэніцца ў Амерыцы. Упэўніцеся таксама, што выкладчык напіша вам добрую рэкамендацыю. Трэба даведацца пра стыль напісання CV менавіта ў той краіне, у якую падаюцца дакументы. І галоўная парада: не баяцца спрабаваць і не губляць аптымізму. Асабіста я падчас пошукаў у Амерыцы атрымаў каля 70 толькі пісьмовых адмоваў з розных месцаў, перш чым мяне запрасілі на добрую працу.