Ангеліна ў Нідэрландах: Шчасце заразлівае!

  • Час чытання: 8 хвілін
Даслаць сваю анкету

Ангеліна паступіла ў тры амерыканскія і ў два нідэрландскія ўніверсітэты ў 16 гадоў. У выніку для навучання дзяўчына абрала нідэрладскі Radboud Universiteit Nijmegen па спецыяльнасці псіхалогія.

Radboud Universiteit Nijmegen – дзяржаўны даследчы ўніверсітэт, размешчаны ў найстарэйшым горадзе Нідэрландаў Неймегене. Заснаваны ў 1923 годзе, універсітэт складаецца з 7 факультэтаў і навучае звыш за 19 тысяч студэнтаў.

Ангеліна, калі ты падумала, што хацела б паступіць ва ўніверсітэт за мяжой?

Гэтая ідэя прыйшла ў канцы 10 класа. Тады было больш амбіцый, і мой узровень ангельскай жадаў лепшага. Аднак улетку я сустрэлася з моладдзю з Progress up і Belarus Youth Conference  і зразумела, калі ў іншых людзей атрымліваецца, то чаму я не магу? Калі я апынулася ў супольнасці такіх жа мэтанакіраваных людзей, то ўсвядоміла, што такое асяроддзе зараджае мяне. І я павінна імкнуцца да гэтага. Калі хочаш быць спартовай – ідзі ў грамадства спартовых.

Атрымліваецца, ты падрыхтавалася за паўгады?

Так. Усё было вельмі імкліва. Я ўсвядоміла, што ў Беларусі ў мяне не будзе такіх магчымасцяў па псіхалогіі, тут яна альбо медыцынская, альбо агульная. А ў псіхалогіі ёсць шмат напрамкаў і галін. У Еўропе ж і Амерыцы псіхалогія працуе на карысць чалавеку і грамадству больш за 100 гадоў, і вынік адчувальны. Таму трэба было паступаць за мяжу. На дадзены момант я хачу займацца даследаваннямі, і навучанне ў Нідэрландах дае мне такую магчымасць.

Якія былі дэдлайны для паступлення ў ЗША і Нідэрланды?

Дэдлайны ў Амерыцы пачынаюцца за год. У іх ёсць раннія дэдлайн, якія дазваляюць атрымаць вялікую стыпендыю. Аднак я паддавалася на позні, ён быў 31 снежня. Я да гэтага часу памятаю, як адпраўляла дакументы ў 00.00, у навагоднюю поўнач. Для мяне гэта быў вельмі вялікі стрэс. Тэрмін падачы дакументаў у Нідэрланды быў крыху пазнейшы, у студзені-лютым.

Ты здавала TOEFL і SAT (стандартызаваныя тэсты для паступлення за мяжу)?

Так, SAT і TOEFL.

Якімі былі вынікі?
TOEFL выйшаў на 98 балаў, SAT на 1300. Гэта не самыя высокія вынікі, улічваючы, што падрыхтоўка пачалася з верасня.

Ці давялося пераздаваць якія-небудзь з тэстаў?

Так, як пераздавала TOEFL. Таму трэба надаць шмат увагі тэсту, калі плануеш набраць больш за 100 балаў (са 120).

Ці рыхтавалася з рэпетытарам?

Так. Я знайшла спецыяліста па міжнародных іспытах, і ўзяла 6 заняткаў па дзве гадзіны для падрыхтоўкі да SAT, але гэтага катастрафічна мала. Спачатку пачынала самастойна, рэпетытар потым дапамог мне зразумець сістэму. У Амерыцы погляд на экзамены зусім іншы. Іх вучаць думаць, думаць і здаваць SAT ўжо ў школе, з 5-га года навучання. У нас жа падрыхтоўка да ЦТ і школьныя іспыты далёкія адзін ад аднаго.
SAT – сапраўды складаны экзамен, які патрабуе вялікай аддачы і працяглай глыбокай падрыхтоўкі. Ён доўжыцца ў жорсткім таймінгу – 5 гадзін, дзе кожную хвіліну чалавек павінен разумна думаць, быць максімальна засяроджаным і не можа даць сабе волю адпачыць. Там усюды трэба напружанне.
Адзначу, што ў Мінску вельмі складана знайсці сапраўды добрага спецыяліста па падрыхтоўцы да SAT / TOEFL.

Як выглядаў твой дзень перад паступленнем? Колькі часу штодня ты прысвячала падрыхтоўцы?
Першыя паўгады праходзілі інтэнсіўна. У 5 гадзін раніцы званіў будзільнік і я разумела, што трэба ўставаць, рыхтавацца. Ёсць платформа ў інтэрнэце, якая дае пробныя экзамены па SAT, TOEFL і вось па ёй з 5 да 6 я рыхтавалася. Пасля я збіралася ў школу.  З 8ай і недзе да 16ай заняткі ў школе. Пасля адразу праз 15 хвілін у мяне рэпетытар. Хатнія заданні ўсе рабіліся на перапынках. Калі прыходзіла дадому, бачыла гару заданняў для падрыхтоўкі да TOEFL і SAT, і разумела, што заўтра будзе яшчэ нешта новае. Таму важна ўсё рабіць своечасова.

Ці былі ў цябе выходныя?
Пра выходныя на гэты час я забылася. У мяне яшчэ былі танцы па вечарах некалькі разоў на тыдзень. Таксама я была салісткай у ансамблі. І гэта вельмі тонкая грань, як усё гэта сумяшчаць. Тут ніякія кнігі не дапамогуць. Калі чалавек арганізаваны, ён справіцца. У мяне такой шалёны тэмп з дзяцінства, і самае галоўнае гэтая была праца ў задавальненне і на вынік.

Што можаш параіць школьнікам*цам, якія хочуць паступіць са стыпендыяй за мяжу?
Я зрабіла памылку, пачаўшы рыхтавацца з канца 10-га класа. Чым раней, тым лепш. Мая парада – пачынай з сярэдзіны 9-га класа. Таму што нас востраць на іншую сістэму адукацыі. Мы не можам думаць так, як школьнікі з Амерыкі – гэта факт. І каб уліцца ў гэтую сістэму і зразумець яе структуру, трэба пачынаць ужо ў 9-ым класе. Каб у 10-ым класе пачаць рыхтавацца да тэстаў, а ў канцы 10-га здаць іх. Рэкамендую ўлетку, бо  часта летам тэсты здаць прасцей, бо іх здае меншая колькасць чалавек. Таксама абавязкова даведайся і занатуй ўсе дэдлайны.

Распавядзі пра сваё захапленне танцамі.

З трох з паловай гадоў я танчу ў ансамблі «Равеснік». Разам з гэтым была мастацкая гімнастыка. Усё гэта было больш для здароўя. А потым перарасло не ў проста хобі, а ў занятак, якім я планую займацца ў далейшым. Напрыклад, адкрыць студыю танцаў. Ад ніводнага іншага занятку я не атрымліваю столькі энергіі, аддачы і пазітыву.

Чым яшчэ ты захапляешся?
Я вучылася ў школе беларускага мастака Сашы Варламава. У тэатры моды «Шафа». Разам з іншымі дзяўчатамі і хлопцамі я стварала калекцыю адзення. Аднак мой занятак мары – сумясціць псіхалогію і танцы.

У якія ўніверсітэты цябе прынялі?
Radboud University, Erasmus University Rotterdam ў Нідэрландах, у Амерыцы Florida State University і ў два ўніверсітэты ў штаце Нью-Ёрк, SUNY University at Buffalo, Hofstra University. Я абрала Radboud University, які ўваходзіць у 5% лепшых універсітэтаў свету.

У сярэднім знаўцы рэкамендуюць падавацца ў 10 універсітэтаў. За падачу ў амерыканскі ўніверсітэт трэба заплаціць прыкладна 80 даляраў, але шэраг амерыканскіх універсітэтаў прапанаваў мне падаць дакументы бясплатна з-за высокіх балаў па міжнародных тэстах. Так я і зрабіла. Аднак стыпендыя, атрыманая ва ўніверсітэтах ЗША, не ўключала ў сябе сродкі для пражывання ў кампусе. Як правіла, гэта агульнапрынятая практыка для бакалаўрскіх праграм. Так я абрала Нідэрланды, таму што мне больш важна знаходзіцца бліжэй да сям’і і мне больш блізкі менталітэт гэтай краіны. На праграме бакалаўрыяту ў Нідэрландах тэрмін навучання 3 гады, а ў Амерыцы – 4 гады. Дадатковы плюс – атрыманне бакалаўра ў 20 гадоў.

У колькі нідэрландскіх універсітэтаў ты падавалася?
Тры. Але, на жаль, для паступлення ва ўніверсітэты Нідэрландаў беларускага атэстата аб сярэдняй школьнай адукацыі недастаткова, неабходна паступіць і правучыцца 1 год ва ўніверсітэце альбо скончыць гадавыя падрыхтоўчыя курсы ў Нідэрландах. Толькі два ўніверсітэты ў Нідэрландах маглі даць мне такую ​​магчымасць навучання.

У Нідэрландах прапануюцца стыпендыі для чалавека без аднаго года ў беларускім універсітэце?
Не. Аднак можна атрымаць стыпендыю падчас навучання. Я так і планую. Спадзяюся атрымаць фінансавую дапамогу, пацвердзіўшы добры ўзровень навучання на першым годзе.

Што тычыцца Амерыкі, там куды больш стыпендый. Пасля школы можна адразу паступаць і атрымаць падтрымку. Існуюць стыпендыі ад прыватных асоб, якія могуць стаць спонсарамі, ад самога ўніверсітэта, гранты ад дзяржавы. Але пры гэтым у Амерыцы больш буйныя сумы за навучанне. Таму ў фінансавым плане Нідэрланды апынуліся больш выгаднымі для мяне.

Ці праўда, што паступленне за мяжу – толькі для дзяцей з багатых сем’яў?
Не, матывацыя да навучання не залежыць ад таўшчыні кашалька тваіх бацькоў. Майкл Тайсан казаў, што калі ты зваліўся і здолеў падняцца, то гэта ўжо не фізіка- гэта характар. Часам старт з самай нізкай пазіцыі дазваляе падняцца значна вышэй, чым жаданне забяспечаных бацькоў даць дзіцяці дастойную адукацыю.

Ці збіраешся працаваць падчас вучобы?
Так. Я разумею, што першы год будзе складаным, усё ў навінку, культурны шок, студэнцкае жыццё. Але калі знайду працу, якая не будзе перашкаджаць вучобе, абавязкова пайду. Бо грошы ніколі не бываюць лішнімі, тым больш для студэнта.

Ты паступіла ў даследчы універсітэт. Ці плануеш даследаваць людзей і групы ў Беларусі, ці больш арыентуешся на сусветную аўдыторыю?
Пакуль не ведаю. Аднак мяне хвалюе сітуацыя ў Беларусі. Людзі не ўспрымаюць псіхалогію як нешта значнае і ўплывовае.

Чаму так і што можна з гэтым зрабіць?

У Беларусі чуваць адгалоскі таго мінулага, калі ў грамадстве дурным тонам было казаць пра свае пачуцці, перажыванні, у сям’і і ў адносінах весці адкрытую камунікацыю, у школе адстойваць свае асобасныя мяжы. Для нас бывае цяжка экалагічным спосабам, а не рэактыўна, калі стрэсавая сітуацыя выклікае ўсплеск адрэналіну ў кроў, выказаць сваё меркаванне, пачуцці і пункт гледжання. Ёсць яшчэ момант, калі ў грамадстве псіхалогія і псіхатэрапія ўспрымаецца як нешта ганебнае. Славянскі менталітэт можна апісаць прыказкай – ня вынось смецце з хаты. Аднак гэта не так. Я маю намер памяняць погляды сваіх суайчыннікаў на псіхалогію і псіхатэрапію. Калі пачаць з некалькіх чалавек, якія ўнясуць брую свежага паветра ў гэтую тэму, то ўсё стане магчымым. Змяніць свет, пачынаючы з сябе, потым зрабіць вальней і больш шчаслівым жыццё некалькіх канкрэтных людзей… Шчасце заразлівае!

Як можна ўплываць на погляды беларусаў на псіхалогію?
Напрыклад, праз лекцыі псіхолагаў. Была нядаўна на лекцыі пра шчасце Аляксандра Янкялевіча. Вельмі натхнілася. Зразумела, што вось, гэта тое, што трэба нашым людзям. Нават месцаў вольных не было.

Нідэрланды знаходзяцца ў топе ў рэйтынгу па шчасці. Ці лічыш ты, што станеш больш шчаслівай, калі пераедзеш?
Я ўжо шчаслівая. Я заўсёды займалася любімай справай, хоць далёка не заўсёды разумела, што для мяне сапраўды важна. Прыйшла да ўсведамлення каштоўнасцяў, без якіх маё жыццё адназначна не будзе напоўненым – сям’я, творчасць, свабода, каханне, падарожжы. Сёння я спраўджваю, наколькі рэзануе абраная мной справа з гэтымі каштоўнасцямі. Мне здаецца, што сэнс харэаграфіі і псіхалогіі сугучныя – злучаць чалавека з яго вышэйшымі патрэбамі. Гэта ганарова і прыгожа. Але адначасова гэта цяжкая і салодкая праца, якая спараджае пот фізічны і душэўны, і ў гэтым заключаецца выключнасць абранай мной прафесіі.