Анлайн-курсы ад “Культуры і крэатыўнасці”: што прайсці і навошта

  • Час чытання: 5 хвілін
  • 01.02.2017
  • Блог
  • Здымкі: culturepartnership.eu

Праграма «Культура і крэатыўнасць», разлічаная на 2015-2018 гады, сягнула за экватар. Сягнула, а вы нават не чулі, што гэта такое? Кароткае яе апісанне гучыць так: адмысловая праграма Еўразвязу і краін Усходняга Партнёрства, скіраваная на тое, каб падтрымаць мясцовыя культурныя і крэатыўныя індустрыя (вы сто адсоткаў чулі гэтае навамоднае спалучэнне).

Ужо трэці год у межах «Культуры і крэатыўнасці» ладзіцца мноства майстар-класаў, трэнінгаў, розных нефармальных сустрэч. Адрасаваныя яны ў першыя чаргу мэнэджарам культуры, культурным журналістам, бізнэсоўцам з гэтай сферы, якія жадаюць падвышаць свой прафесійны ўзровень. Але ёсць сярод гэтай разнастайнасці адзін «слот», які варта было б паспрабаваць кожнаму, — анлайн-курсы. Шчыра прызнацца, самыя лёгкія, які мне калі-небудзь даводзілася праходзіць.

Па спасылцы culturepartnership.eu вы можаце абраць любыя курсы, якія вам больш даспадобы. Агульная іх тэматыка, канешне, спецыфічная, але мінімум адзін будзе карысна прайсці кожнаму. Гэта «Асновы культурных і крэатыўных індустрый».

«Навошта мне гэта?» — спытаеце вы сябе. Лагічна. Мы адказваем: «Як мінімум, каб не ніякавець, калі вам у чарговы раз будуць распавядаць пра значэнне і эфектыўнасць беларускіх культурных індустрый. Каб разабраццца і паставіць на свае месцы паняткі, якія быццам бы відавочныя, але часам выклікаюць ступар. Каб у чарговы раз, калі вас папросяць даць азначэнне дэфініцыі «культура», вы не чакалі, калі нарэшце хоць хто-небудзь падыме руку і выратуе вас ад сораму. Каб падвысіць уласную эрудыцыю і падтрымаць размову з цікавымі людзьмі цікавымі культурнымі прыкладамі».

У чым плюсы?

Кожны курс займае зусім няшмат часу. На адзін сыдзе каля паўгадзіны, максімум адна цэлая, у залежнасці ад вашага тэмпу. Наўзаем вы атрымаеце порцыю добра структураванай інфармацыі, аздобленай файнымі прыкладамі з гісторыі і сучаснасці.

Аўтары курсаў — ці вядомыя ва ўсім свеце лектары, ці адмыслоўцы ў сваёй галіне. У каго, як не ў лепшых, нам вучыцца?

Напрыканцы курсу вас чакае фінальны тэст, каб падсумаваць прачытанае / прагледжанае. І прыемны бонус — самы сапраўдны сертыфікат, якім можна падзяліцца са сваімі сябрамі ў сацыяльных сетках. Пакуль яны праглядаюць карцінкі з коцікамі і чытаюць псеўдаінтэлектуальныя гісторыі, вы разнастайваеце іх стужку сваімі поспехамі. Уявіце, якую моцную сацыяльную функцыю вы на сябе бераце?:)

Што для мяне стала мінусам?

Хацелася б большага аб’ёму інфармацыі, прыкладаў, разнастайнасці фарматаў. Калі я ўжо ўзялася за гэтую тэму, то хочацца ў яе занырыцца крыху глыбей. Але гэта – як каму падабаецца.

Наш вердыкт адным словам – раім! Як мінімум, каб перастаць ніякавець ад спалучэнняў “культурныя і крэатыўныя індустрыі”.