Асаблівасці навучання за мяжой
Раскажыце, дзе Вы навучаліся за мяжой і як Вам у галаву прыйшла такая ідэя?
Маё навучаньне праходзіла ў Мюлузе (Універсітэт Верхняга Эльзасу, Францыя), Парыжы (Універсітэт Парыж1-Пантэон-Сарбона) і Варшаве (Цэнтар усходнеэўрапейскіх дасьледваньняў Варшаўскага ўніверсітэту). Што да зьяўленьня “такой ідэі”, то для мяне гэта было зусім натуральным. Падчас вучобы на гістфаку БДУ асноўным маім зацікаўленьнем была гісторыя беларуска-заходнеэўрапейскіх сувязяў, а для сур’ёзнага вывучэньня гэтай праблематыкі “погляд адтуль” быў рэччу абсалютна неабходнай.
З якімі цяжкасцямі Вы сустрэліся?
Асноўнай цяжкасьцю першых месяцаў навучаньня ў Францыі была “моўная праблема”. На жаль, моўная падрыхтоўка, якую я атрымаў у Беларусі (у школе, у БДУ і на курсах францускай мовы пры Амбасадзе Францыі ў Менску), не дазваляла адразу лёгка ўспрымаць лекцыі і практычныя заняткі па-французску і паўнавартасна кантактаваць з асяроддзем. Але з часам (праз 2-3 месяцы) гэтая праблема амаль знікла. Іншых істотных цяжкасцяў, звязаных менавіта з замежжам, прыпомніць не магу (адрыў ад сям’і, сяброў і звыклага асяроддзя ня ёсць такой спэцыфічнай праблемай, бо перажываецца цяжка і ўнутры Беларусі)
Як вы лічыце, ці варта навучацца за мяжой?
Абавязкова! Гэта найлепшы сродак пашырэння кругагляду й найлепшыя лекі на традыцыйную беларускую местачковасць і “саўковасць”.
Ці спрыяе гэта атрыманню больш высокай пасады ў будучыні менавіта на Беларусі?
Гледзячы ў якім сэктары. Калі ў дзяржаўным, то пакуль не (калі гэта не расейская адукацыя). Калі ў недзяржаўным, то хутчэй так – там існуе запатрабаванне на “несавецкае” мысленне і сапраўдныя глыбокія веды, чаго беларуская адукацыя, на жаль, не дае.
Ці дапамагае Вам зараз досвед, атрыманы ў Польшчы і Францыі, у працы? Якім чынам?
Дапамагае хутчэй не досвед, а атрыманыя веды, прывітая звычка глядзець на свет не вузка, па-местачковаму, а шырока і сыстэмна, а таксама навязаныя сувязі з замежнымі сябрамі, калегамі і партнэрамі. Усе гэтыя элементы ў комплексе з’яўляюцца асноўнай базай для паспяховай дзейнасці дзе-кольвек, у тым ліку і у Беларусі.
Ёсць шмат людзей, якія вырашылі стаць міжнароднымі студэнтамі. Як ім трэба выбіраць праграму?
Гэта шмат у чым залежыць ад іх запатрабаванняў, спэцыялізацыі, ведання моваў, ужо навязаных кантактаў з замежнымі навучальнымі асяродкамі. Многія ўніверсітэты ў свеце маюць уласныя праграмы і стыпендыі для замежнікаў, якія рэгулярна анансуюцца на іх веб-старонках. Іншая магчымасьць знайсці падыходзячую для цябе праграму – звяртацца па інфармацыю ў замежныя дыппрадстаўніцтвы ў Менску. Яны, як правіла, ахвотна даюць парады тым, хто жадае працягнуць сваю адукацыю ў іх краіне (асабліва тым, хто ведае адпаведную мову!) Для студэнтаў шмат якіх беларускіх ВНУ існуе таксама магчымасьць скарыстацца праграмай абмену паміж іх “альма матэр” і партнэрскімі ВНУ за мяжой. На жаль, дзяржаўная палітыка ізаляцыянізму вядзе да таго, што шмат якія праграмы навучання за мяжой у хуткім часе могуць быць згорнутыя ці замарожаныя (як у свой час была замарожаная еўрапейская праграма TEMPUS).
Што б Вы параілі тым, хто усё яшчэ вагаецца?
Спыніць ваганні і зрабіць першы крок да таго, каб стацца сапраўдным адукаваным еўрапейцам. За імі будучыня і ў Беларусі, і ў свеце!