Аспірантура ў Польшчы для замежнікаў: стыпендыі і мажлівасці


У маім асяроддзі заўжды былі сябры, якія абаранілі дысертацыю ў Беларусі. Я не аднойчы чула, колькі гэта «каштуе» і якія намаганняў патрабуе. Падчас пражывання ў Польшчы я вырашыла паспрабаваць свае сілы і паступіць у польскі ўніверсітэт. Зараз я вучуся на другім курсе юрыдычнага факультэта ва ўніверсітэце Беластока. У гэтым артыкуле я падзялюся ўласным досведам навучання, а таксама прывяду прыклады з вучобы маіх сяброў-беларусаў у Варшаўскім універсітэце.

bialystok 1

Выбар ВНУ

Я абрала ўніверсітэт у Беластоку невыпадкова. Быць студэнтам у Польшчы — значыць карыстацца вялікімі магчымасцямі, у тым ліку ўдзельнічаць у праграмах мабільнасці і павышэння кваліфікацыі, напрыклад, выезд на Эразмус ці замежную практыку. Для таго каб пазбегнуць залішней валакіты ў будучым, я абрала прэстыжны дзяржаўны ўніверсітэт, але без празмернай бюракратыі. За год да майго паступлення юрыдычны факультэт ва ўніверсітэце Беластока быў першым у рэйтынгу сярод ўсіх юрыдычных факультэтаў краіны, нават у параўнанні з Ягелонскім і Варшаўскім ўніверсітэтамі. Зараз я жыву ў Варшаве, але на вучобу езджу ў Беласток.

bialystok 2

Агульныя правілы вучобы для замежнікаў

Згодна з заканадаўствам замежнікі вучацца ў дзяржаўных ВНУ Польшчы на платнай аснове. Вядома ж, з любога правіла ёсць выключэнні — напрыклад, пры наяўнасці Карты паляка або па выключным рашэнні рэктара аб вызваленні ад аплаты. Здавалася б, ВНУ могуць добра зарабляць на замежніках, навошта рэктару вызваляць кагосьці ад платы за вучобу? Але такое бывае, паколькі ўніверсітэты зацікаўленыя ў замежных студэнтах не толькі з матэрыяльнага пункту гледжання – гэта і прэстыж ВНУ за мяжой, і лепшая рэклама, якая перадаецца з вуснаў у вусны, а таксама дадатковыя балы для ўстановы адукацыі ў нацыянальным рэйтынгу лепшай ВНУ/лепшага факультэта. У мяне не было падставаў для падобных выключэнняў, але за вучобу я не плачу.

bialystok 3

Стыпендыя

На сайце Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы ў чэрвені з’явілася інфармацыя пра стыпендыі для аспірантаў-грамадзянаў краін Усходняга Партнёрства. Адной з умоваў атрымання стыпендыі была бясплатная вучоба ў Польшчы. Першым этапам было атрыманне папярэдняй згоды ВНУ аб залічэнні (калі кандыдат ужо навучаецца ў Польшчы, то дастаткова прадставіць даведку з месца вучобы), а другім – падача дакументаў на стыпендыю. Цікава, што падаўжэнне стыпендыі на наступны год ажыццяўляецца амаль аўтаматычна пасля залічэння акадэмічнага года.

Паступленне ў аспірантуру

Варта адзначыць, што працэс паступлення ў аспірантуру адрозніваецца ад вопыту маіх сяброў не толькі ў Беларусі, але і нават маіх калег з Варшаўскага ўніверсітэтa. Адным з прынцыпаў Балонскага працэсу з’яўляецца аўтаномія ўстановы адукацыі. Нягледзячы на тое, што існуюць агульныя базавыя правілы, кожная ўстанова адукацыі самастойна вызначае дэталі навучання – праграму, спецыяльнасці, курсы.

Калі я падала дакументы на юрыдычны факультэт у Беластоку, я даведалася, што паступаць можна ў чэрвені або ў верасні. У чэрвені адбываецца асноўны набор студэнтаў. У верасні – дадатковы набор, пры наяўнасці вольных месцаў. Уступных іспытаў не існуе, але неабходна прадставіць рэкамендацыю-узгадненне ад патэнцыйнага навуковага кіраўніка. Здавалася б, як незнаёмы выкладчык можа даць рэкамендацыю, калі ніколі мяне не бачыў? Усё проста: з улікам маіх навуковых інтарэсаў я абрала выкладчыкаў, якія займаюцца падобнымі тэмамі, даслала лісты з просьбай быць маім навуковым кіраўніком. Хтосьці адказаў станоўча, хтосьці параіў звярнуцца да іншых спецыялістаў.

З кандыдатамі на паступленне ў аспірантуру праводзіцца сумоўе, на якім запытваюцца пра прычыны выбару дадзенай ВНУ, навуковыя інтарэсы. Дарэчы, маіх сяброў з Варшаўскага ўніверсітэтa не запрашалі на сумоўе, іх прысутнасць ў Польшчы пры паступленні ўвогуле не патрабавалася – яны прыехалі толькі ў кастрычніку, напачатку акадэмічнага года.

IMG_20131011_171402

Вучоба

Напачатку кожнага акадэмічнага года я гляджу ў вучэбны план, якія прадметы трэба вывучаць і якім чынам адбываецца перавод на наступны курс. На працягу першага года я вывучала чатыры прадметы, наведвала сустрэчы з навуковым кіраўніком разам з іншымі аспірантамі. Расклад заняткаў быў арганізаваны вельмі зручна – усе заняткі праходзілі ў адзін дзень, часам гэта прыпадала на суботу. Я жыла ў Варшаве, ездзіла ў Беласток раз у два тыдні. У плане навуковага даследавання для пераводу на наступны курс першакурсніку неабходна проста распрацаваць тэму даследавання. Дарэчы, другі курс заключаецца ў тым, што аспірант рыхтуе разгорнуты план даследавання. І толькі на трэцім курсе неабходна напісаць першую частку працы. Чацвёрты год навучання завяршаецца абаронай навуковай працы. Вядома ж, аспіранты не адцягваюць момант напісання працы да апошняга курса, яны ўдзельнічаюць у канферэнцыях, публікуюць артыкулы, абмяркоўваюць працу з навуковым кіраўніком. Усяму гэтаму спрыяе сама атмасфера ва ўніверсітэце.

Магчымасці

Апроч стандартных зніжак у транспарце (ва ўзросце да 35 гадоў), музеях, кіно аспіранты могуць карыстацца магчымасцямі для развіцця навуковага патэнцыялу. Польскія ВНУ маюць добрыя сувязі не толькі з навуковымі ўстановамі ў Еўропе, але і ў Азіі, Амерыцы, Канадзе. Юрыдычны факультэт у Беластоку прапаноўвае ўдзел у летняй школе параўнальнага права ЕС і ЗША, праходжанне стажыровак у юрыдычных кампаніях краін ЕС з прадастаўленнем гранта, аплату ўдзелу ў нацыянальных канферэнцыях і шматлікае іншае.

Асабіста я скарысталася мажлівасцю прайсці дабраахвотную практыку ў юрыдычнай кампаніі ў Грэнадзе (Гішпанія), грант на пражыванне быў прадастаўлены ВНУ за кошт сродкаў праграмы Эразмус. Пасля гэтага я вырашыла, што для маёй навуковай працы будзе карысна павучыцца ў Гішпаніі яшчэ адзін семестр. Універсітэт Беластока аплаціў мае курсы гішпанскай мовы і аказваў усебаковую дапамогу падчас вучобы ва ўніверсітэце у Валенсіі. Зараз частка прадметаў, якія я вывучала ў Гішпаніі, будзе залічана мне ў Беластоку, і я не буду іх вывучаць у другі раз.

Варта адзначыць, што конкурс на ўдзел у стажыроўке або вучобе па Эразмусу існуе ў любой польскай ВНУ. Калі ў Варшаўскім універсітэце адбор праходзіць вельмі сур’ёзна, патрабуюцца выдатныя адзнакі і сертыфікаты ведання моваў, то ў Беластоку дастаткова прайсці сумоўе з прыемнымі членамі камісіі, у якую ўваходзяць у тым ліку былыя студэнты Эразмус.

За два гады навучання я ніводнага разу не пашкадавала аб зробленым выбары. Мне падабаецца вучоба ў Польшчы, а прыязнае стаўленне выкладчыкаў, вялікія мажлівасці для прафесійнага і асабістага росту робяць вучобу яшчэ больш прыемнай.