Aurora Borealis са смакам карыцы, ці Мой Эразмус па-шведску


Вывучаючы англійскую і французскую замежныя мовы, я і не марыла ніколі пра Скандынавію: гэты край падаваўся занадта халодным, непрывабным і ніяк не вартым летуценняў. Але калі патрэбна было выбраць універсітэты для ўдзелу ў Эразмус, першае, пра што я падумала – гэта Турку (Фінляндыя), бо ні англійскія універсітэты – з-за вялізарнага попыту, ні французскія – “дзякуючы” маёй няўпэўненасці ў мове – мне не падыходзілі, а ў Італію ехаць я не хацела.

img_0427

img_0001  img_0024 img_0340 img_0419

Шведскі Лунд я не разглядала нават як варыянт і першапачаткова падавацца туды не збіралася, але ж празмерная упэўненасць ўжо не раз давала мне дзвярыма па носе, таму на “жаночай радзе” было вырашана падавацца ў абодва універсітэты. Адзінае, што я ведала пра Лундскі Універсітэт на той момант, калі адсылала дакументы, што “гэта неблагое месца”. Менавіта так апісаў яго адзін з замаў дэкана…

А далей – чаканне, доўгае, невычэрпнае, пакутнае… Потым адмова па першым універы – па Турку. Зразумела, што слёзы і крыкі: “ну і хай, ну і не паеду я ў гэтыя вашыя Еўропы…” За наступныя два тыдні я прайшла ўсе пяць эмацыйных стадый – ад адмовы да залічэння – як па падручніку. І, нарэшце, прыйшоў апошні ліст! Не тое, каб я на нешта спадзявалася, але прачытала яго ўважліва і ледзе не давяла да інфаркту сваім пераможным клічам усіх, хто быў дома (улічваючы котку, якая потым 2 дні на мяне касілася нядобра). Так я пачала збірацца ў краіну, пра якую ведала толькі агульныя геаграфічныя факты ды некалькі гістарычных анекдотаў.

Мяне разрывала на кавалкі неакрэсленасць і частковая адсутнасць інфармацыі, поўная бездапаможнасць роднага ўніверу. Універсітэт горада Лунда ўдзельнікам праекту стаў упершыню, таму ніякіх сувязяў на той момант не было. А што горш за ўсё – у Менску няма шведскай амбасады, таму за відам на жыхарства ехаць мне давялося ў Маскву. Кіламетры нерваў, тоны з’едзенага шакаладу і выпітай кавы – і нарэшце я ў самалеце. Напрамак – Вена, а адтуль – у Капенгаген, што найбліжэй да Лунда.

Ці было страшна? Зараз мне здаецца, што не: эмацыйны фон зашкальваў, а таму разум проста захлынуся і быў няздольны працаваць адэкватна, адзінае, што мяне турбавала на той момат – гэта ўзровень маёй англійскай мовы. Нягледзячы на ўсе тэсты, да ідэалу было больш, чым проста далека, таму дзесьці глыбока-глыбока ў душы, я спадзявалася на шведаў, якія, па маім унутранным адчуванні, не павінны былі ведаць англійскую. Праз два тыдні я зразумела, што я жорстка памыляюся.

Самы першы дзень пачаўся з кур’ёзаў і нязручнасцяў: мала таго, што мой чамадан вырашыў спасаваць перад аўтаматычнай перасадкай і адкінуў два з чатырох “канькоў”, дык я яшчэ паўгадзіны балакала з украінкай па-англійску, пакуль мы зразумелі, што ні яе ні мае патугі нікому тут не патрэбны, і не перайшлі на рускую.

Тыдзень трансфармацый і прыстасаванняў прайшоў, пачалася вучоба, першы месяц якой я амаль не памятаю: вечарыны, уводзіны ў акадэмічны працэсс, знаёмства з мясцовымі правіламі і бытам – усё гэта злілося ў блытаны калейдаскоп падзей. Часу не хапала нават на тое, каб патэліць дамоў: замежныя студэнты Лундскага ўніверсітэту амаль што не кормяцца з лыжачкі цэлай спецыяльна арганізаванай камандай валанцёраў ды універсітэцкага “стафу”: гульні, вечарыны, экскурсіі ды турыстычныя маршруты на любы густ і на любую кішэню.

Паўсюль спецыялізаваныя выставы, мерапрыемствы і нават свае клубы – Лунд, нягледзячы на свае невялікія памеры, уяўляе сабой маленькую рэспубліку, створаную студэнтамі і для студэнтаў.

lund.studkarnaval lund. karnaval

Спроба ахапіць ўсё і зараз амаль не скончылася для меня правалам на экзамене, але беларуская сістэма адукацыі вучыць студэнта наганяць год за ноч, таму ўсё скончылася без страт, але знакі былі прачытаны і пасля другога месяца я сур’езна ўзялася за вучобу.

Шведская мова, хоць і падаецца лёгкай і неабавязковай для вывучэння, аднак, забірае шмат высілкаў, асабліва, калі большасць часу трэба насуперак усім традыцыям беларускага студэнцтва вучыцца самастойна. Дарэчы, менавіта дзякуючы упору на самаадукацыю я, нарэшце (да пятага курса!), навучылася працаваць з бібліятэкай! І хоць зараз нашая нацыянальная бібліятэка (не кажучы ўжо пра ўніверсітэцкую) падаюцца мне толькі змрочным ценем сваей Лундскай калегі, праца атрымліваецца нашмат больш выніковай.

Менавіта так, хаваючыся ад пастаяннага дажджу і шэрасці ў бібліятэках і маленькіх кавярнях, я сама не заўважыла, як уперлася носам ў Раство. Нараджэнне Хрыстова і ўсе звязаныя з гэтым традыцыі ў Швецыі прымаюць асаблівы прысмак імбірна-мускатнага печыва і глёгу – прыпраўленага і разагрэтага чырвонага віна. І нічога дзіўнага ў тым, што ад гэтых смакот і акіяну лямпачак наваколле страчвае розум: звычайна ашчадныя і экалагічна-арыентаваныя шведы дзённа і ночна паляць электрычныя свечкі і закупляюцца падарункамі ды ўпрыгожваннямі, ад выбару якіх разбягаюцца не толькі вочы, але і грошы.

Увогуле шведаў можна лічыць спецыялістамі па святах, бо толькі тут у календары можна знайсці дзень вафляў і булак з карыцай! А яшчэ спецыяльныя салодкасці для суботы, і нават традыцыя сямейнага телевечара са смакоццямі і чыпсамі па пятніцах. Але хвалявацца пра фігуру не варта: спартыўныя залы, турыстычныя паходы і актыўныя пераезды з дому на працу на ровары знішчаюць усе калорыі ў імгненне, пакідаючы толькі пазітыўныя эмоцыі і глыбінную задаволеннасць жыццём.

І гэтае пачуццё застаецца надоўга пасля вяртання дамоў, калі проста прыплюшчваеш вочы, смакуеш кавалачак булкі з карыцай ці ўспамінаеш ззянне Aurora Borealis дзесьці над бясконцымі снежнымі прасторамі Паўночча…