Першая англамоўная праграма БДУ: семестр за мяжой і дыпломы дзвюх краін


Лёд крануўся! 27 чэрвеня БДУ распачаў прыём заявак на англамоўную магістарскую праграму Industrial Managment, на якой можна атрымаць адразу два дыпломы — беларускага і нямецкага ўніверсітэтаў. Якія прарыўныя моманты ўвабрала ў сябе праграма і якім чынам яна будзе набліжаць Беларусь да стандартаў Балонскай прасторы, нам распавёў яе куратарам Сяргей Уладзіміравіч Лукін.

Screenshot at июня 30 21-33-24

— Ці існуюць у БДУ падобныя праграмы супрацоўніцтва, дзе выкладчыкі цалкам вядуць свае заняткі на ангельскай мове, а студэнты атрымоўваюць дыплом двух універсітэтаў?

— У такім фармаце праграм пакуль няма. Наша будзе першай. Яна стане паўнавартаснай, сумеснай з нямецкім універсітэтам магістратурай. Пра Балонскі працэс у Беларусі гавораць шмат, але пакуль, на жаль, рэальных крокаў у гэтым накірунку мала. Наша праграма — гэта сапраўдны, істотны крок у справе абмену студэнтаў, магчымасці вучыцца ў некалькіх універсітэтах. У дадзеным выпадку — у БДУ і ва Ўніверсітэце прыкладных навук Мітвайда.

Ангельская як мова выкладання таксама абрана невыпадкова. Гэта спрычыніць нас да агульнаеўрапейскіх тэндэнцый і надасць універсальнасці ступені магістра. У чым яшчэ асаблівасці? Вы ведаеце, што нямецкія ўніверсітэты, асабліва з фокусам на прыкладныя навукі, любяць арыентаванасць на практыку. Каб у выніку атрымаўся не проста мэнэджар з наборам ведаў па кіраванні, працы з персаналам, а адмысловец, які валодае канкрэтнымі тэхналогіямі. У нашым выпадку былі абраны найбольш перспектыўныя накірункі, якія развіваюцца вельмі імкліва ва ўсім свеце: хімія лекавых прэпаратаў, бія- і інфармацыйныя тэхналогіі.

653943

hochschule-mittweida

— Якім чынам нарадзілася супрацоўніцтва паміж БДУ і Ўніверсітэтам Мітвайда?

— Ініцыятарам супрацоўніцтва з гэтай навучальнай установай стаў прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ Аляксей Васільевіч Данільчанка і прафесар Універсітэта Мітвайда Серж Велеська. Спадар Велеська беларус па паходжанні, які робіць вельмі шмат для двухбаковага партнёрства. Супраца пачалася яшчэ на ўзроўні бакалаўрыяту, калі нашы студэнты вучыліся ў Мітвайдзе, але заняткі адбываліся толькі на нямецкай мове. Пасля ўзнікла ідэя злучыць нямецкія методыкі, адукацыйныя традыцыі з немалым патэнцыялам беларускага ўніверсітэта, асабліва ў галіне прыкладных навук, эканомікі, дыпламатыі. Атрымаўся цікавы сінтэз. Перамовы пачаліся колькі гадоў таму. І толькі нядаўна з’явілася магчымасць атрымаць грант ад Нямецкай арганізацыі акадэмічных абменаў DAAD і развіваць гэтую праграму.

Screenshot at июня 30 21-34-48

 — На каго яна разлічана? То бок якіх студэнтаў, што скончылі бакалаўрыят, вы чакаеце?

— Перш за ўсё, мэнэджараў з эканамічнай адукацыяй, а таксама выпускнікоў прыродазнаўчых факультэтаў, якія добра ведаюць ангельскую мову і жадаюць атрымаць падрыхтоўку ў абласцях эканомікі і кіравання. Кіраўнікоў мы мяркуем узбагаціць ведамі ў галіне прыродазнаўчых навук, канкрэтных тэхналогій і спецыяльных дысцыплін. А студэнтам-неэканамістам даць грунтоўную эканамічную падрыхтоўку. Гэта будзе нашай фішкай — спалучэнне ведаў па мэнэджменце, эканоміцы і натуральных навуках.

— У выніку: якія навыкі атрымаюць студэнты, якія пройдуць навучанне па праграме?

— Праграма называецца «Кіраванне ў реальным сектары эканомікі», альбо Industrial Managment. То бок гэта будзе мэнэджар, які ведае асаблівасці біятэхналогій, вытворчасці лекавых прэпаратаў, валодае навыкамі кіравання, ІТ-тэхналогіямі. Ён добра засвоіць англамоўную тэрміналогію па ўсіх гэтых накірунках. У выніку атрымаецца абсалютная канвертуемасць ведаў. Выпускнік можа працаваць дзе заўгодна: у СНД, у Еўропе альбо тут, дома.

gallery

— У якасці каго?

— На Захадзе няма такіх дакладных вызначэнняў, кім я магу быць пасля сканчэння. Як гэта адбываецца? Вы рассылаеце сваё рэзюмэ, пазначаеце вашу адукацыю, навыкі, кваліфікацыі, і працадаўца сам глядзіць, ці падыходзіце вы на абраную пасаду. Прычым гэта могуць быць розныя кампаніі і вакансіі. Вы можаце ўладкавацца мэнэджарам з перспектывамі росту альбо заснаваць свой уласны бізнэс.

— Які план навучання прадугледжвае праграма? 

— Яго мы распрацоўвалі два гады. І ў нас, і ў нямецкай ВНУ ён будзе адзіным. Менавіта таму нашы студэнты змогуць вучыцца і тут, і там. Праграма прадугледжвае семестр вучобы ў Нямеччыне, пасля яго студэнт яшчэ можна застацца там на практыку. Усё залежыць ад таго, як ён сябе зарэкамендуе. Праграмы практычна аднолькавыя. Ёсць некаторыя мадыфікацыі з-за асаблівасцяў нашага заканадаўства. Але яны нязначныя. Праграмы адзіныя. Іх зацвердзілі і нямецкі, і беларускі бакі.

Mittweida

Mittweida

— Магчыма, я кажу празмерна амбіцыйна, але, можа, студэнты і саме сабе план заняткаў складаць змогуць?

— Такая магчымасць — абіраць траекторыю навучання — ёсць. Вядома, студэнты не цалкам змогуць фарміраваць свой план. Ёсць так званая дзяржаўная кампанента. У Нямеччыне такая рэч таксама прысутнічае. У яе ўваходзяць некалькі дысцыплін па кіраванні, фінансавы мэнэджмент ды іншыя. Гэта вельмі важная база, на якой грунтуецца падрыхтоўка магістраў. А пасля ідуць дысцыпліны спецыялізацыі, з якіх студэнт можа выбіраць, што ён будзе вывучаць: біятэхналогіі, ІТ-тэхналогіі і інш.

Трэба сказаць, што нямала намаганняў прыйшлося прыкласці, каб знайсці выкладчыкаў для гэтай праграмы. Але ў нас атрымалася мабілізаваць на яе лепшыя сілы Мінска і наогул усёй рэспублікі. Спадзяюся, гэта дасць плён.

— Ці звязаныя на практыцы выкладчыкі з тым, пра што яны будуць распавядаць у аўдыторыях? Ці яны хутчэй тэарэтыкі? Іншымі словамі, ці ёсць сярод іх людзі, якія за сценамі ўніверсітэта кіруюць прадпрыемствамі?

—  Ёсць і тыя, і іншыя. Некаторыя дысцыпліны, у прыватнасці па ІТ, будуць выкладаць практыкі. Да прыкладу, нашым выкладчыкам будзе навуковец сусветнай вядомасці па біятэхналогіях. Ён працаваў і стажыраваўся ў Брытаніі, Штатах. Мае вялікі досвед як у аўдыторнай працы, так і даследаваннях. Што датычыцца мэнэджараў-практыкаў, то яны таксама будуць. Але з гэтым узніклі праблемы. Бо кіраўнікі — вельмі занятыя людзі, і чытаць увесь курс цягам семестра яны не змогуць. Але мы плануем запрашаць спікераў, якія будуць распавядаць пра свой уласны бізнэс на ангельскай мове. У нас ужо ёсць папярэдняя дамоўленасць пра такія сустрэчы і выступы ў аўдыторыі. Каб была не толькі тэорыя, але і жывыя прыклады.

— Тое, што праграма на ангельскай мове, патэнцыйна прадугледжвае, што да яе змогуць далучыцца студэнты-замежнікі?

— Так, плануецца, што ў БДУ будуць прыязджаць нямецкія студэнты, якія жадаюць атрымаць ступень магістра на ангельскай мове. Бо ў Мітвайдзе навучанне для іх праходзіць толькі на нямецкай.

— Вы ўжо ўзгадвалі, што нашы студэнты будуць ездзіць на семестр па абмене ў Нямеччыну і заставацца там на невялікую стажыроўку. А ў чым яшчэ заключаецца кампанента нямецкага дыплома? Калі, да прыкладу, студэнт не паедзе за мяжу, а будзе ўсе чатыры семестры вучыцца тут, ці атрымае ён два дыпломы?

— Калі студэнт правучыцца ўсе чатыры семестры тут, то нямецкі дыплом ён не атрымае. Гэта абавязкова — на адзін семестр з’ехаць за мяжу. Магчымасць для гэтага ёсць. Лепшыя студэнты будуць абраныя па выніках уступных экзаменаў і адмысловага калоквіума ў першай палове семестра. Такім чынам вызначаць лепшых, якія атрымаюць грант на вучобу ў Нямеччыне. Іх будзе мінімум пяць.

Галоўны будынак Універсітэта Мітвайда

Галоўны будынак Універсітэта Мітвайда

Апроч гэтага, абараняць магістарскую дысертацыю студэнт будзе адначасова для дзвюх камісій. Фармат прадумваем, але верагодней за ўсё, гэта будзе праз скайп. Альбо запросім нямецкіх прафесароў сюды на жывую сустрэчу.

— Колькі студэнтаў плануеце прыняць сёлета?

— 20, сярод іх пяць на бюджэтную форму навучання.

— З чаго будуць складацца уступныя іспыты?

— Для студэнтаў неэканамістаў — іспыт па эканамічнай тэорыі і асновах мэнэджменту. Для эканамістаў — толькі асновы мэнэджменту. Падчас экзамена будзе сумоўе на валоданне мовай. Лепш за ўсё ўзровень ангельскай можна ацаніць у размове, а не тэстам ці сертыфікатам. У камісіі будуць як філолагі, так і тэхнічныя людзі.

— Ці плануецца, што прафесары з нямецкага ўніверсітэта будуць прызджаць у Беларусь і чытаць лекцыі?

— Так, вядома. Мяркуецца, што і нашы выкладчыкі будуць ездзіць у Нямеччыну і чытаць англамоўныя лекцыі для мясцовых студэнтаў.

— Дзе навучэнцы будуць праходзіць практыку, калі застануцца ў Нямеччыне?

— У нас ёсць шэраг партнёрскіх прадпрыемстваў, якія запрашаюць студэнтаў. Гэта паспяховыя кампаніі, у якіх можна прымяніць атрыманы базіс ведаў. Наогул, мы спадзяемся, што нашыя студэнты змогуць знайсці сабе працу ўжо падчас вучобы.

Напрыканцы хацеў бы дадаць, каб нашы патэнцыйныя студэнты не пужаліся сур’ёзнасці праграмы ці ангельскай мовы. Не святыя гаршчкі абпальваюць. Няхай спрабуюць атрымаць бюджэтнае месца. Калі не атрымаецца, можна паступіць на па-забюжэтнае. І калі вы пакажаце выдатныя вынікі за палову першага семестра, можна трапіць на вучобу ў Нямеччыну — атрымаць грант.

Hütewerfen der Absolventen zum Abschluss der feierlichen Exmatrikulation und Verabschiedung der Absolventen der Hochschule Mittweida am 13. Mai 2015 auf dem Technikumplatz vor dem Hauptgebäude der Hochschule Mittweida. Foto: André Wirsig

Foto: André Wirsig

***

Прыём дакументаў будзе цягнуцца да 5 ліпеня. Шмат дэталей і ўсялякіх падрабязнасцей можна пачытаць на адмыслова створанай старонцы праграмы.