Чатыры тыдні ў Амерыцы

  • Час чытання: 6 хвілін
Даслаць сваю анкету

Марта Шпiндэрвыпускніца праграмы Benjamin Franklin Translantic Fellows 2018. Праграма дае магчымасць з’ездзіць у ЗША на 4 тыдні. Набор на 2019 ужо пачаўся, больш падрабязна чытай тут.

Марта, раскажы пра сябе? Дзе зараз вучышся, колькі табе гадоў, якія хобі і планы?

Прывітанне 🙂 Я вучуся ў 11 класе Гімназіі №2 горада Віцебска. Мне сямнаццаць гадоў. Сярод галоўных заняткаў – геаграфія. З сёмага класу ўдзельнічаю ў геаграфічных алімпіядах. У 9 і 10 класе я дайшла да нацыянальнай зборнай па падрыхтоўцы да міжнароднай алімпіяды, але ў 9 класе не змагла паехаць, бо мне не было 16 гадоў, а ў 10-ым акурат праз сумоўе на праграму BFTF. Таму галоўны мой план на гэты год – паўдзельнічаць у міжнароднай геаграфічнай алімпіядзе.

Яшчэ я займаюся інтэлектуальнымі гульнямі (Што? Дзе? Калі?), вывучаю англійскую і польскую мову, цікаўлюся ўрбаністыкай і мастацтвам, люблю фатаграфаваць і чытаць. Акрамя алімпіяды, мая мэта на гэты год – паступіць на еўрапеістыку або на міжнародныя адносіны.

Як ты даведалася пра праграму? Усё атрымалася выпадкова ці ты мэтанакіравана шукала магчымасць паехаць у Штаты?

Хм, можна сказаць, што і выпадкова, і мэтанакіравана 🙂 Я цікавілася рознымі праграмамі для моладзі, але ў мяне не было мэты паехаць канкрэтна ў ЗША.  Я падпісана на суполку амбасады  ЗША ў ВК. І аднойчы я ўбачыла пост пра пачатак адбору на BFTF. Пачытала крытэрыі і падумала – а чаму б не паспрабаваць? І адправіла заяўку.

Ці былі ў цябе сумневы, што пройдзеш на праграму?

Былі вялікія сумневы пасля сумоўя. На першым этапе, калі трэба было напісаць эсэ, запоўніць анкету і паказаць свае дыпломы, я чула сябе даволі ўпэўнена: я многа вучылася і было дастаткова дасягненняў. Але ж на той момант у мяне был вялікі моўны бар’ер. Я вельмі хвалявался перад сумоўем, а пасля лічыла, што ўсё заваліла. Але ж, як бачыце, усе прайшло добра:)

Заяўка на праграму ўтрымлівае пытанне «Чаму дадзеная праграма важна для цябе і для будучыні Беларусі?” Як ты адказала на гэта пытанне?

Калі вельмі сцісла, то пісала, што гэта цудоўны міжнародны вопыт, які я змагу добра рэалізаваць ў рамках свайго развіцця, а таксама змагу ўнесці ўклад у разьвіцце Беларусі. Пісала пра важнасць добрых адносінаў Беларусі з іншымі краінамі, пра тое, што я хачу і магу прэзентаваць Беларусь ў добрым святле, як краіну з вялікай гісторыяй, багатай культурай і цудоўнымі людзьмі.

Таксама заяўка уключае 2 рэкамендацыйных лісты. Можаш раскрыць сакрэты рэкамендацый для будучых удзельнікаў?

Ніякіх сакрэтаў на самой справе няма. Проста старайцеся ўспомніць усе мерапрыемствы, дзе вы ўдзельнічалі і не бойцеся прасіць аб рэкамендацыях тых людзей, якіх вы лічыце прыдатнымі. Напрыклад, я прасіла аб рэкамендацыі свайго дырэктара і настаўніцу ангельскай мовы з міжнарадовых збораў. І абавязкова рабіце ўсё своечасова! Дэдлайны – рэч вельмі нервовая.

Раскажы, якое было самае каверзнае або правакацыйнае пытанне?

Самае правакацыйнае пытанне было зададзена з самага пачатку сумоўя – у мяне запыталіся, якое надвор’е зараз ў Віцебску 🙂 Я чакала чаго заўгодна, але не пра гэта, таму пытанне паставіла мяне ў тупік на некалькі секунд 🙂 Але далей ўсё было добра, пытанні былі цікавыя, даволі тыповыя для сумоўя.

Апішы калі ласка той дзень, калі ты даведалася, што прайшла. Каму першаму паведаміла?

На той момант я ўжо абезнадзейвалася і змірылася, што не прайду далей. Памятаю, што чамусьці была дома, мабыць захварэла. Глядзела з мамай фільм. І тут званок. Кантакт Веранікі, аднаго з куратараў гэтай праграмы, быў падпісаны ў мяне вельмі салідна: Амбасада ЗША. Я падумала: ну, мабыць мяне ўзялі як альтэрнатыўнага кандыдата… не можа быць, што ўзялі як асноўнага… Здымаю слухаўку і мне кажуць: “Віншуем, мы выбралі вас як асноўнага кандыдата”. Я стрымана адказваю: “Праўда? Я вельмі рада. Дзякуй, да пабачэння”. Наступныя хвілін 20 я скакала па кватэры, спявала песьні, крычала – вельмі напалохала свайго ката 🙂

Як рэагавалі твае бацькі? Ці былі сумневы, што дадзеная праграма бяспечная ці ўсё ж такi турбаваліся за цябе?

Вядома, яны вельмі абрадаваліся, але мама вельмі непакоілася. Яна проста залішне глядзела тэлевізар, дзе было шмат навінаў пра тэрарызм, гандаль людзьмі і так далей. Але яна супакоілся пасля таго як мы разам схадзілі на сустрэчу з куратарамі гэтай праграмы ў Мінску.

Як ты лічыш, чаму абралі менавіта цябе, у чым быў твой сакрэт? Які галоўны крытэрый паспяховага адбору?

Я так і не вызначыла для сябе гэты галоўны крытэрый. У мяне быў добры  “паслужны спісак”  – геаграфічная алімпіяда, інтэлектуальныя гульні, валанцерства, хобі. Старанна падрыхтаваныя рэкамендацыі. Вельмі доўга я працавала над эсэ. Нічога незвычайнага. Вось у некаторых краінах адбор быў абсалютна іншы – відэаконкурс, конкурс ведаў аб Амерыцы і так далей.

Усяго было 45 удзельнікаў. Хто табе запомніўся больш за ўсіх? Чыя жыццёвая гісторыя здзівіла?

Калі шчыра, то ўсе 45 удзельнікаў BFTF былі ўнікальнымі і вельмі цікавымі асобамі. Найбліжэй я сябравала з дзяўчынкамі з Арменіі, з Украіны,  з Бельгіі, Арызоны і Каліфорніі.  Але ж усе намагаліся максімальна правесці час з ўсімі ўдзельнікамі.

Як звычайна праходзіў твой дзень падчас праграмы?

Першы тыдзень я жыла на кампусе і наведвала семінары (classes), потым быў тыдзень падарожжаў, тыдзень з хост-сям’ёй і зноў тыдзень на кампусе. Больш-менш тыпова мой дзень праходзіў толькі на першым і чацвертым тыдні: я абуджалася пад гучную размову па скайпу маёй італьянскай суседкі, збіралася, шла на сняданак у нашу сталоўку, якая называецца the Pit.  Потым мы хадзілі на заняткі і зноў ў сталоўку.  Потым зноў на заняткі, пасля быў час для  адпачынку, размовы і падрыхтоўку да розных мерапрыемстваў, потым вячэра  і пасля гэтага амаль кожны дзень былі квэсты, гульні.

З якімі цяжкасцямі ты сутыкнулася падчас BFTF? Якія ўрокі засвоіла падчас праграмы?

У самым пачатку былі невялікія складанасці з мовай, бо гэта быў першы раз, калі я патрапіла ў такое вялікае камьюніці, дзе людзі гавораць на іншай мове. Удзельнікі з Заходняй Еўропы і ЗША валодаюць ангельскай на вельмі высокім узроўні. У некаторых гэта родная мова, некаторыя (напрыклад, хлопец з Францыі) могуць часткова выбіраць сябе ўрокі на ангельскай мове. Аднак прызвычаілася я вельмі хутка, менш чым за тыдзень. Галоўныя ўрокі : заўсёды быць адкрытай да людзей, не баяцца і не саромецца, старацца ўдзельнічаць дзе толькі можна і атрымліваць асалоду ад момантаў.

Як ты змянілася пасля паездкі ў ЗША? Ці заўважылі твае сябры і блізкія змены ў табе?

Я лічу, што стала болей адкрытай да людзей, новых падзеяў, стала болей “лёгкай на пад’ём”. Амерыканцы амаль усе такія – гэта вельмі сяброўская і адкрытая нацыя.

Мае сябры і блізкія людзі нічога не казалі, хаця мама заўважыла, што пасля праграмы я паправілася – гэта нядзіўна, бо ў нас была безлімітная сталоўка, пікнікі, піца-паці і многае іншае:)

Плануеш удзельнічаць у іншых праграмах? Дзе параіш іх шукаць?

Несумненна, бо гэта бясцэнны вопыт. Асабіста я карыстаюся рознымі суполкамі ў сацыяльных сетках. І, вядома, Адукацыя.Інфо🙂

Што запомнілася больш за ўсё падчас праграмы? Што больш за ўсё ўразіла ў Амерыцы?

Вучэбная праграма была вельмі цудоўнай, але мае самыя лепшыя ўспаміны звязаныя з вандроўкамі ў Філадэльфію і Вашынгтон і з пражываннем у хост-сям’і. Было вельмі цікава вандраваць: у Вашынгтон я проста закахалася. А тыдзень з хост-сям’ёй я магу назваць самай шчаслівай і вясёлай парой ў сваім жыцці. Хайкінг, вячэрнія настольныя гульні, шпацыры па Вінстан-Сэйламу – гэта вельмі невялікая частка таго, што мы рабілі разам.

Раскажы пра які-небудзь смешны выпадак падчас праграмы.

Хм, мабыць гэта не столькі смешная падзея, колькі проста вясёлы і шчаслівы для мяне момант. Увесь час, што я была ў ЗША, тэмпература паветра не апускалася ніжэй за 34-35 градусаў, было вельмі душна, ніякага ветру не было, ніякіх асадкаў. Быў адзіны вечар, калі пайшоў дождж. Гэта здарылася падчас майго пражывання ў хост-сям’і. Мы гутарылі, гралі ў настольныя гульні. А калі я ўбачыла, што пайшоў дождж, папрасілася пабегаць пад ім без абутку каля дому 🙂 Паступова да мяне далучыліся мая хост-мама і дзяўчынка з Каліфорніі, якая жыла разам са мной. Гэта было вельмі весела, мы бегалі па дарозе, смяяліся, крычалі “THAT’S WHY I LOVE SUBURBS!!!”. А потым мы пабеглі да свякрові маёй хост-мамы, якая жыла праз некалькі дамоў. Трэба было бачыць выраз на яе твары, калі мы пагрукалі ў дзьверы абсалютная мокрыя і папрасіліся ў госці паесці марозіва 🙂

Як BFTF паўплывала на тое, чым ты займаешся зараз?

Па першае, BFTF уздзейничала на мой выбар спецыяльнасьці. Таксама вопыт, які я атрымала падчас заняткаў і камунікацыі у ЗША вельмі дапамагае мне ў падрыхтоўцы да алімпіяды, бо цяпер мне лягчэй зразумець спецыфіку замежных заданняў і крытычна мысліць. Гэта вельмі важнае майстэрства, якому яшчэ вельмі рэдка вучаць у Беларусі.

Што параіш тым, хто хоча ўдзельнічаць у BFTF у 2019 годзе? І што параіш тым, хто пройдзе?

Што тут можна параіць: спрабуйце, абавязкова ўдзельнічайце, нічога не бойцеся і не сумнявайцеся ў сабе, бо гэты месяц можа стаць самым шчаслівым месяцам у вашым жыцці.

А тым, хто стане стане пераможцам/й, хачу параіць вось што: бяры шмат сувеніраў (мне не хапіла тых, што я ўзяла), бяры журавіны ў цукры і беларускія чыпсы на international bazaar (бо яны былі вельмі  папулярнымі сярод амерыканцаў), бяры шмат лёгкага і камфортнага адзення і абутку, і галоўнае, будзьце адкрытыя да новых уражанняў і новых людзей!

Гутарыла Вольга Харэвіч