Блог маладога настаўніка: дзе навучыцца медыяпісьменнасці?


8662143

Працуючы ў школе другі год, я стараюся падтрымліваць сваю педагагічную кампетэнтнасць – і гэта я не толькі пра падпіску на “Настаўніцкую” – праглядаю розныя сайты, цікаўлюся новымі методыкамі…

Узімку мне патрапілася на вочы цікавая прапанова: запрашалі ўсіх ахвотных настаўнікаў прыняць удзел у дыстанцыйным курсе “Медыяадукацыя ў школе”. І… я асмелілася! За гэта асобнае дзякуй платформе nastaunik.info, а таксама Таварыству беларускай школы. А зараз крыху падрабязней.

Медыяадукацыя ў школе – курс-практыкум для настаўнікаў

Гэты курс будзе не столькі курсам навучання, колькі курсам падтрымкі самастойнай дзейнасці ўдзельнікаў у сваіх школах. Кожны модуль будзе ўтрымліваць невялікі тэарэтычны матэрыял і практычнае заданне, якое ўдзельнікі павінны будуць выканаць на ўроку ці пазакласных занятках, у працы з бацькамі і з настаўнікамі сваёй школы.

Адкажу адразу, што я пачатковец у дыстанцыйным навучанні, бо ніколі да гэтага не атрымлівала адукацыю за “электроннай” партай. Але, даслаўшы матывацыйны ліст, праз некалькі дзён я даведалася, што стала ўдзельнікам гэтага курсу. Сапраўды, мне было прыемна адчуць сябе студэнтам, што я стала маленькай часткай нечага новага, цікавага. Ну, і таксама пазнаёмілася бліжэй з сістэмай moodle.

Увогуле, асноўныя мэта гэтай дыстанцыйкі – раскрыць сутнасць паняцця “медыяадукацыя”, як зрабіць урок медыйным дый як быць медыйнай асобай у час інфармацыйнай перагрузкі. Мяркую, што медыяпісьменнасць зараз – важнае патрабаванне для кожнага настаўніка.

Увесь курс складаецца з 5 модуляў: ад перашапачатковага – знаёмства – да канчатковага – стварэння свайго медыяматэрыялу. Натуральна, што асноўны ўхіл трэба зрабіць на самаадукацыю і ваша жаданне вучыцца дыстанцыйна. Увогуле, курс арыентуецца на практыку, асабліва не засяроджваецца на тэорыі медыя. Ён толькі акрэслівае неабходныя паняцці, якія стануць асноўнымі арыенцірамі ў навучанні.

Што ўвогуле разумець пад медыя? Гэта выкарыстанне мультымедыя? Ці чытанне газеты на ўроку і абмеркаванне інфармацыі? Зразумела, што не толькі гэтыя “меганавыкі”. Гэта шматгранная з’ява, якая прысутнічае ў жыцці кожнага з нас. Прапаную вам некалькі вытрымак з першага модуля:

     “Медыя (паходзіць ад лацінскага “medium” – пасярэднік, сродак): гэты тэрмін можа мець розныя значэнні залежна ад кантэксту.  Школьны падручнік – таксама медыя, але ён паступова губляе сваю функцыю галоўнага сродка навучання,  саступаючы яе іншым – найперш інтэрнэту. Настаўніку гэта трэба мець на ўвазе.

У кантэксце медыяграматнасці тэрмін медыя апісвае толькі сродкі масавай камунікацыі (СМК), да якіх традыцыйна адносяць друк, радыё, тэлебачанне, кінематограф, гуказапісы, відэа, інтэрнэт.

Новыя медыя – змест, размешчаны на лічбавых платформах. Новыя медыя, як правіла, больш гнуткія, даюць карыстальнікам магчымасць зваротнай сувязі. Аднак у апошні час адбываецца канвергенцыя (узаемапранікненне) усіх відаў медыя”.

Хочацца адзначыць, што для мяне ў гэтым курсе быў вельмі важным навык укаранення медыя ў працэс адукацыі, у звычайныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры, у класныя і інфармацыйныя гадзіны… Такому навыку спрыяла практычнае АСНОЎНАЕ заданне курса: стварэнне ўрока, а таксама выхаваўчай адзінкі з элементамі медыя.

Адразу адкажу, што распрацоўка медыяўрокаў – гэта аб’ёмная,  удумлівая праца, дзе кожная хвіліна і этап урока павінен быць якасна прадугледжаны. Дзякуй, безумоўна, нашым ментарам – асабіста паважанай Наталлі Ільініч, – якія  ўвесь час былі віртуальна побач з намі, студэнтамі. Кожны крок карэктаваўся, даваліся трапныя заўвагі, слушныя рэкамендацыі. Па праўдзе кажучы, вельмі чакала і хвалявалася за тое, ці спадабаецца мая праца паважанаму ментару.

Зараз ужо канец траўня: так хутка прайшлі тры з паловай месяцы навучання! Сапраўды, я даведалася шмат чаго карыснага, папоўніла скарбонку цікавымі крыніцамі, якаснай літаратурай. Пасля такіх курсаў хочацца быць сучасным, кампетэнтным. Бо, як кажуць, “хто валодае інфармацыяй, той валодае светам”.

Асобныя словы ўдзячнасці хачу сказаць сваім калегам з курсу: якія працавітыя, творчыя, сучасныя беларускія настаўнікі. Калегі, вельмі цікава было чытаць распрацоўкі ўрокаў (хай сабе і па матэматыцы, біялогіі) ды мерапрыемстваў. Будзьма медыяграматнымі разам!

         Для тых, хто асабліва зацікавіўся курсам “Медыяадукацыя ў школе” (так-так, гэта пра Вас!), пакіну некалькі спасылак, з якімі са мной падзяліліся калегі і ментары:

Паводле запісу ў блогу.