Блог маладога выклачыка: семестр другі, псіхалагічны


Летні семестр пачаўся два месяцы таму, але мае заняткі ў ім — толькі зараз. Шэсць тыдняў студэнты адмучыліся на лекцыях — і цяпер кінуліся ў семінары, дзе спрабуюць глыбей занырыцца ў нешта, звязанае з журналістыкай.

Гэтай вясной я стала ўладальніцай пачэснага статусу «Выкладае Псіхалогію журналістыкі». Пра пачэснаць — ніводнага разу не іронія. Заняткі я вяду за вельмі класнай выкладчыцай, якую абажаю ўсімі нябачнымі клеткамі душы. Менавіта пары гэтага чалавека ўратавалі мяне ад таго, каб кінуць на журфак напрыканцы чацвёртага курсу. Як цяпер помню: панядзелак, 19:20. Мы прыходзілі на заняткі і шалёна працавалі. Бо немагчыма было абыякава адседжваць пару, калі з табой працаваў настолькі прыгожы – інтэлектуальна і фізічна – выкладчык. Эх, утопія беларускай адукацыі…

Кожные раз ты нібы вяртаешся туды, дзе ўжо быў

Канешне, было бясконца прыемна, што мне даверылі такую справу. Усё, як заўжды, здарылася нечакана: выпадковая сустрэча ў калідоры, спантаная прапанова, упэўненае «канешне, згодна!».

Гэтым разам мяне не кінулі ў бездань “выдумай нешта сама”. Мы доўга гутарылі з выкладчыцай-лектаркай, абмякоўвалі праграму і структуру заняткаў, акцэнтавалі ўвагу на істотных момантах. І вось здарылася 21 сакавіка. Трэці курс, мэнэджмент СМІ.

Было страшна, праўда. Студэнты прышлі непадрыхтаваныя. Хаця тэма суперцікавая – невербаліка ў журналістыцы. Але падрыхтавалася я, таму на дзіва ўсё атрымалася. Каб не грузіць тэорыяй, прапанавала студэнтам варыянт, як агучыць веды па тэме. Я распавядаю пра сябе, але загортваюся ў шалік, хаваю пад яго рукі і са стальным позіркам гляджу ў падлогу. Пасля здымаю штучныя “кандалы” і кажу так, як звыкла. Сама не чакала, што пачую пра сябе столькі важных момантаў? І што хвалявалася – церусіла аловак – заўважылі, і задумвалася над словамі, якія кажу, адводзячы вочы ўбок. Але як яны ўключыліся! Магічная сіла інтэрактыву працуе!

7e5228d2d_800x600

Пасля мы разглядалі фотаздымкі Юрыя Чыжа. Як пра яго пісалі і візуалізавалі да арышту, якімі карткамі ілюструюць публікацыі зараз? Што кажа здымак, чаму паставілі менавіта яго? Я настолькі ўключылася, што ажно забылася на правілы і села на стул так, як зусім нягожа выкладчыку:) Карацей, усё атрымалася. Хаця калі з сярэдзіны пары сыходзяць у надзеі, што я не заўважу, – такое не пракаціць. Не люблю падману і дваякасці.

У чацвер пазнаёмілася з другім курсам. Дзве групы мілых дзяўчынак – розных, цікаўных, Не ведаю, ці стане хто з іх журналісткамі, але вучыцца яны дакладна ўмеюць. Пакуль слухала іх, паспела злавіць думку-маланку, што на чацвёртым курсе так рыхтавацца я не ўмела.

А што зараз умею як выкладчыца я? За гэтыя дні вельмі выразна зразумела сваю ролю. Я неаднойчы паўтарала, навошта звязала сябе з журфакам: хачу, каб у іншых было інакш. Таму вельмі класна заходзіць у аўдыторыі, дзяліцца сваім досведам і падказваць прафесійныя маршруты, дзе будзе меней камянёў-балючак. Нават магістратура і маё псеўдадаследванне падалося не такім ужо бессэнсоўным: аказваецца, я ведаю нямала карысных рэчаў, якімі дзялюся са сваімі студэнтамі. Хаця трэба заўважыць: калі першакурснікам заходзіць любая інфа, то са старэйшымі курсамі трэба моцна фільтраваць свае словы і выбіраць толькі самыя пераканаўчыя і падмацаваныя фактамі.

З Л(л)юбоўю