Блог маладога выкладчыка: на тым баку барыкад цяжка
- 21.04.2016
- Блог
Усё цячэ, усё змяняецца… Абажаю Сакрата і не люблю трохкроп’і.
Гэты семестр кардынальна змяніў маё стаўленне да дзейнасці выкладчыка. Калі тры месяцы таму гэта быў фан і асалода, то цяпер усё змясцілася ў сістэму каардынат, дзе на восі Х – грунтоўная падрыхтоўка да семінараў, на восі Y – адказнасць за тое, што застанецца ў галовах студэнтаў пасля заняткаў.
Учора, калі да мяне на пару не прыйшоў ніхто са студэнтаў (бо на папярэднюю фізру не пайшлі, навошта чакаць паўтары гадзіны), я сядзела за сталом выкладчыка і глядзела ў пустую аўдыторыю. Цікава, наколькі доўга да мяне даходзіла гэтае разуменне: я на іншым баку. Магчыма, у мінулым семестры не заўважала гэтага, бо дыстанцыя са студэнтамі была мінімальнай. Вядома, не падстаўляла плячо, каб мяне па ім хлопалі, але хацела зарыентаваць разгубленых першакурснікаў, натхніць, паказаць журфак з таго боку, у якім ён праяўляе сябе насамрэч.
Цяпер усё змянілася. Я прыходжу на заняткі да другога і трэцяга курсу выключна як на працу. Цяжкую працу, мушу прызнацца. Асабліва, калі ў суботу ў цябе чатыры пары!..
Калі ты студэнт, сядзіш-хаваешся за чыю-небудзь спіну, у цябе ёсць магчымасць выключыцца, залезці ў тэлефон, пачытаць, напісаць пасланне адгрупніку – усё, што заўгодна, абы не слухаць выкладчыка. Калі ты на іншым баку, дзе зараз апынулася я, то мусіш кожную хвіліну з 80 трымаць увагу, слухаць, аналізаваць, калі неабходна, тактоўна карэктаваць, равіваць дзею заняткаў. А калі такіх хвілін 320 на дзень, у галаве ажно пачынае страляць.
Яшчэ з назіранняў. Удаласць заняткаў, як ні круці, усё адно залежыць ад выкладчыка. Студэнты могуць “забіць” і не падрыхтавацца, але нават у гэтым выпадку можна выратаваць сітуацыю. Першае – трэба заўжды трымаць сябе ў добрым настроі. Не важна: гэта 8:30 у суботу ці 19:20 у аўторак – ты мусіш быць бадзёрай. Каб запальваць энергіяй студэнтаў, уключаць іх у працэс, зацікаўліваць. Бо нават калі яны прыйшлі і проста паслухалі (па-сапраўднаму паслухалі), для іх час прайшоў не дарма.
У мяне ў пэўным сэнсе шыкоўнае становішча. Я прыходжу ў аўторак на заняткі да трэцяга курсу і выпрабоўваю сваю методу і план па гэтай тэме. Гляджу, што вельмі добра “заходзіць”, а што трэба змяніць. У суботу з дзвюма групамі я ўжо адчуваю сябе вельмі ўпэўнена, бо прыблізна ўяўляю, што і як скарэктаваць. Хаця самае класнае і заўжды нечаканае – кожны раз ты даведваешся нешта новае і ўсё адно ў працэсе карэктуеш.
Дарэчы. Інтэрактыў – гэта наша ўсё. Памятаю першыя заняткі. Што было на мэце:
- пазнаёміцца так, каб пакінуць уражанне дэмакратычнага, але патрабавальнага выкладчыка. Тут на дапамогу прышлі чатыры факты пра сябе ў адукацыйным кантэксце (дзякуй, Адумарафон!). Цікава, што нават на трэцім курсе многія не ведалі пра адзін аднаго вельмі здзіўляльныя рэчы;
- уключыць у працу, паказаць, што псіхалогія журналістыкі – гэта цікава і займальна.
Да першых заняткаў па невербаліцы ў журналістыцы не падрыхтаваўся ніхто. На шчасце, падрыхтавалася я. Вельмі цікава было даведацца, як мой расповед пра сябе з адстутнасцю жэстаў і з імі ўспрынялі студэнты. Сама наслухалася шмат клёвых штук пра сябе. Хаця і зрабіла выгляд, што ўсё так адмыслова задумана.
Дык што наконт інтэрактыву. Дыкусіі і абмеркаванні – клёвая рэч, але максімум на 20 хвілін. Пасля ўсе засынаюць, таму вельмі важна, нібы голкамі, ушпільваць студэнтаў, надаваць ім адказнасці. Бо з ёй – суцэльны гамон. І не толькі ў студэнтаў.

Здымак таксама да справы не адносіцца. Проста прыгожа: вясна ў Гародні
А наогул – нешта я стамілася. Да справы гэта дачыненняў не мае, але пакуль так. Вядома, крыху бянтэжыць маё стаўленне да працы. Бо раней яна прыносіла неверагоднае задавальненне, а цяпер толькі стому. Хоць і хаваеш яе. Памятаю, як вечарам а 19:20 я прыйшла на пару да трэцяга курсу. Напруг быў такі, што я літаральна вырубалася. І пара атрымалася вельмі вялай. З тае пары больш так не рабіла. Нават калі табе вельмі кепска – хавай гэта. Тады, калі справа пойдзе энергічна і студэнты адкрыюцца насустрач ведам, гэта і цябе па-добраму зараджае.
Адным словам, дабра і бабра ўсім! І паважайце сваіх выкладчыкаў па жыцці. Гэта вельмі складана. Сама праверыла.
З любоўю,
Любоў