Блог маладога выкладчыка: што рабіць 31 жніўня
- 04.03.2016
- Блог
Вельмі шкадую, што не пачала гэты блог раней, як толькі стартанула маё выкладальніцтва. Столькі ўражанняў і пачуццяў згубілася пад пылам часу! Засталіся толькі факты і праграмычныя высновы. Ну вось як ажывіць тое непаўторнае адчуванне, калі ты ўпершыню ідзеш на паседжанне кафедры і фармальна становішся калегай (ого, упершыню гэтым словам сябе назвала) выкладчыкаў, якім яшчэ два семестры таму насіў рэфераты і здаваў іспыты? Хаця ладна, я за шчырасць: усё помніцца ў дробязях і дэталях, таму – каму цікава – гартайце ніжэй.

АдуФэ-э-эст. Напярэдадні
Канец лета, 31 жніўня. Толькі што “адрагатаў” наш шалёны Адуфэст, які здзівіў, натхніў і нанова пазнаёміў з людзьмі, пра якіх можна смела сказаць: “Якое шчасце, што мы жывем на адной планеце!” Я стаю на прыступках, на якіх пяць гадоў таму не магла паверыць, што стала студэнткай Інстытута журналістыкі БДУ. А цяпер… я зноўку не магу паверыць! Толькі гэтым разам у тое, што я выкладчыца. Стоп, а ці змяняецца штосьці ў маім жыцці? Альбо проста я пайшла на чарговы круг спіралі? (Нечакана для сябе знайшла пажыўную глебу для новых рэфлексій:)
Традыцыйна навучальны год выкладчыка пачынаецца з агульнага паседжання, дзе кіраўніцтва распавядае пра актуальныя навіны і задачы на год. У 2015 гэта было:
- шкадаванне нашай непаўторнай намесніцы дэкана (як жа я люблю гэтага чалавека!) , што з факультэта сышоў вельмі здольны і дзейны пяты курс;
- радасць, што Інстытут набраў першакурснікаў, якія здзівілі прыёмную камісію баламі і трапілі ў топ самых канкурэтных абітурыентаў;
- нагадванне, што нас чакае вельмі “адказны” год, які пройдзе пад зоркай выбараў. Праз такія штукі я звычайна шалею.
Было нязвыкла сядзець у вялізнай актавай залі, калі вакол цябе суцэльнае каралеўства выкладчыкаў. Яны сядзяць спераду і ззаду, злева і справа. Мабыць, менавіта ў той момант я адчула, што ў іх таксама ёсць сваё брацтва, а не толькі ў цябе – жмені тваіх студэнцкіх гісторый. Вось так і зруйнаваліся ўсе іерархіі, якія метадычна выбудоўваліся падчас студэнцтва. І аказалася, што пад маскамі суворых выкладчыкаў апынуліся… людзі, якія маюць не толькі прафесійныя абавязкі ды стыль паводзінаў, але і жывыя чалавечыя зносіны.
Кульмінацыя дня здарылася, калі вялікае паседжання расцяклося па кафедрах. На правым фланзе – маладое пакаленне, на левым – сталыя выкладчыкі, якіх загадчыца кафедры ве-е-ельмі тактоўна адмяжоўвае ад спраў. Левы фланг сядзіць надзьмуўшыся як мышы на крупу (але гэта толькі маё суб’ектыўнае ўражанне). “Прыйшлі тут, усміхаюцца. Прыгнулі са студэнтаў у выкладчыкі, што яны ўмеюць”, – гэтыя думкі рэхам адбіваліся на іх тварах. А я і не мела прэтэнзій на тое, да чаго яшчэ не дарасла. Мая дзялянка – гэта “Выпуск вучэбнай газеты” і семінары па “Асновах журналістыкі”. Роўна тое, што я магу і ведаю.
Калі вам падабаюцца пагардлівыя позіркі, варта завітаць у адміністрацыю БДУ. Там іх – цэлая палітра. Абыякавы, напышлівы, патасны – абірайце на любы густ. А лепш не трэба. Усе гэтыя подпісы і паперкі па традыцыі выматалі душу. “Не хапае копіі дыплома. Зрабіце і вяртайцеся”, – ветліва сыпле супрацоўніца аддзела кадраў. “Дык чаму нельга капіяваць у вас?” – спрабую паспрачацца з сістэмай. “Мы тут не дабрачынная арганізацыя бясплатна рабіць копіі”. Я не каментую.
Хаця пасля я ўсё ж нашкодзіла гэтай цудоўнай бюракратычнай машыне. Асабістую картку я афармляла на рускай мове. І калі запаўняла радок, дзе трэба было пазначыць універ, напісала “Беларуский государственный универистет”. Пасля гэтага атрымоўваю тэлефанаванне, якое нарадзіла вось такі кароткі дыялог.
– У начальника возникло много вопросов к вам, – кажуць мне ў аддзеле кадраў БДУ. – Вы получили диплом с отличием, а слово “белоруска” пишете через “а”. И в “белорусском” делаете те же ошибки.
– Это не ошибки. Это убеждение.
– А, тогда понятно.
І цішыня… Дробязь, а прыемна!:)
***
Як прайшлі мае першыя пары са студэнтамі, чытайце ў наступным выпуску.
Заўжды з любоўю,
крыху шкодная Любоў