Блог маладога выкладчыка: дыягназ – татальная безадказнасць


Адна з вялікіх ды высокіх місій каманды Adukacyja.info – гадаваць адказнасць да свайго жыцця ў сучаснай беларускай моладзі. З гэтым, калі зусім шчыра прызнацца, у нас абсалютны швах. Беларускае грамадства ўсё чакае, што прыйдзе нехта супермоцны і ўсемагутны ды ў момант вырашыць праблемы. А ён не прыйдзе. І будаваць сваё жыццё – гэта наша доля і адказнасць. Шкада, што мінімальная частка студэнтаў разумее такую простую рэч.

p5Oy0aaFbyw

Гэтыя банальныя філасофскія развагі – мая рэакцыя на курсавыя працы студэнтаў. У прынцыпе, ты заўсёды разумееш, што большасць ставіцца да сваёй вучобы абыякава, не імкнецца атрымоўваць веды і навыкі, а выконвае загады: бацькоў, выкладчыкаў, дэканату. З часам ты прымаеш гэта за норму і проста прыпыняеш заўважаць. Але моцны зарад абыякавасці і безадказнасці з боку студэнтаў (у пэўным сэнсе дзякуй ім за гэта) сігналізуе: “Насамрэч усё няслушна”.

У сваім студэнцтве я таксама не любіла курсавыя, не разумела іх сутнасці і мэтаў. Таму, калі мне даручылі навуковае куратарства, ажно пасмяялася з сябе. Яшчэ колькі гадоў таму ты сам пратэставаў супраць ідыёцкіх правілаў, а цяпер мусіш падпародкоўваць ім сваіх студэнтаў. “Э неее”, – самаўпэўнена падумала я. І памылілася.

Мне, канешне, хацелася прывіць студэнтам заходнюю манеру працы з крыніцамі. Аднак жаданне правалілася. Бо навучэнцам другога курсу хацелася зрабіць як мага хутчэй і з мнімальнымі намаганнямі. З настолькі мінімальнымі, што ў фінальным драфце працы тэкст стаяў рознымі шрыфтамі: як з інтэрнэт-старонкі выдралі, так у працу і паставілі.

YaV9LD2ylcI

Напачатку семестра (бачце, хоць якое праяўленне адказнасці) да мяне падышлі дзве дзяўчыны. Агучылі тэмы, абмеркавалі структуру працы, магчымыя крыніцы інфармацыі. Здавалася б, усё максімальна зразумела. Калі ёсць пытанні, пішыце на пошту альбо тэлефануйце. Марнаваць дрэвы і раздрукоўваць чарнавікі мне не трэба. Усё гнутка і мабільна. Ага, канешне!

Адна са студэнтак, праўда, выклікала захапленне і павагу. Адказна, своечасова дасылала свае варыянты (хаця я не прасіла), кансультавалася, як лепш зрабіць, ці варта дадаваць і распісваць адзін з аспектаў. Хаця вельмі пацешыў момант, калі студэнт тэлефануе выкладчыку, які стаіць пасярод шумнага праспекту Машэрава, і пачынае грузіць сваім бачаннем персаніфікацыі ў тэксце. Столькі пра мадальнасць я не чула ніколі. І адразу ўспомніла сакраментальную фразу маёй любімай аднагрупніцы: “Я не адчуваю мяжы паміж мадальнасцю і тэмпаральнасцю”. Праз тры гады я нарэшце зразумела яе пачуцці:)

_B8aHV3_Pdk

Але ладна, пакінем пустое. Што адбылося з другой студэнткай? Напярэдадні абароны яна дасылае забітыя тэкстам старонкі, якія зусім не карэлююцца з тэмай працы. І ў практычнай частцы – толькі нейкая апісальная схема. А ведаеце, што забіла? У размове з выкладчыкам студэнт дазваляе сабе “наязджаць”, кшталту “я ведаю, што зрабіла няправільна, але перапрацоўваць не хачу, патрэбна – давайце самі”. Ох, мой эмацыйны кацёл закіпаў.

Але самае крутое здарылася ноччу, калі я атрымала ліст ад студэнта, які, аказваецца, таксама пісаў курсач пад маім кіраўніцтвам. І ладна, што ён з’явіўся за некалькі гадзін да абароны. Здзівіла і абурыла іншае. У студэнта чацвёртага семестра, які вучыцца на журфаку, няма электроннай скрыні. Гэта канец:) Дайце гэтаму няшчаснаму факультэту просты і зразумелы курс: як стварыць пошту, па якой схеме пісаць лісты і як размаўляць па тэлефоне. Жыццёва неабходны курс. Кажу без сарказму.

***

Нам жыццёва неабходна адказнасць. І дзе, як не падчас самастойнай вучобы за мяжой, дзе ты татальна не патрэбны нікому, апроч сябе, можна ўзгадаваць гэтую дзівосную якасць. А вы кажаце, Адукацыя высылае таленты з Беларусі. Больш за ўсё Адукацыя жадае, каб яны жылі ў Беларусі. У адказнай грамадзянскай Беларусі.