Блог Уладзі: У Пецярбургу восень: дзе схавацца ад дажджу?
- 08.11.2015
- Блог
- Здымкі: Уладзя, Вікіпедыя, Эрмітаж
Осеняя пора, очей очарованье…
Аляксандр нашае ўсё Пушкін
Восень у Пецярбургу – гэта тая яшчэ асалода! Не ведаю, дзе Пушкін знайшоў “очарованье”, але я пакуль бачу толькі лужыны і прыступкі метро, але ж, не будзем пра сумнае, лепш распавяду пра тое, чым ў гэтым шэрым горадзе Пятра можна заняцца, калі на вуліцы мінус, а на календары доўгачаканыя выходныя (яны ж павінны быць канікуламі, але мы дамовіліся, што не будзем пра сумнае).
Аднак, на руках вольны аўторак, месца дыслакацыі – Санкт-Пецярбург, побач – тутэйшы культуролаг. З такім наборам толькі адна дарога – у Эрмітаж, галоўнае не згубіцца ў залях і пакоях, але на гэты выпадак пад кожнай столяй “вялікі брат” з маленькімі бегаючымі вочкамі камер.
Эрмітаж – гэта не толькі былы царскі палац, які вабіць турыстаў, як пчол вясновыя кветкі, але і адносна непрыкметнае на фоне таго ж Зімовага палацу збудаванне Галоўнага Штаба. Паўпадкова пяшчанага колеру, збудаваная ў першай палове 19 стагоддзя архітэктарам Россі, абдымае палацавую плошчу з левага боку, несучы на плячах конніцу над трыўмфальнай аркай у гонар перамогі ў Айчыннай вайне 1812 года.
Эрмітаж. Галоўны Штаб, фота з афіцыйнага сайту музейнага комплекса.
Хто б там не сядзеў на той калясніцы зараз, я цераз плошчу магу бачыць сум, які засцілае вочы: Палацавая плошча, усыпаная кветкамі і мяккімі цацкамі, на агароджы вялічэзнай Александрыйскай калоны – фатаграфіі тых, хто загінуў у трагедыі над Сінаем. Што б ні казалі і ні пісалі, на плошчы было ціха і людна, спадзяюся, што маніпулятарам ад дзяржаўных і не вельмі СМІ сорамна, бо гораду саромецца няма чаго, горад у жалобе. Але нават нягледзячы на гэта, жыццё працягваецца.
Да Зімовага я ішла пешшу: сонца, якое вырашыла паказацца ўпершыню за амаль што месяц, прыемна абдымала за плечы, адбівалася ў вокнах стогадовых будынкаў і падскоквала па напаўзамерзлых лужынах. Горад паважна ўваходзіў у новы дзень, а я – крыху затрымаўшыся на плошчы разам з чарадой усюдыісных азіятскіх турыстаў – у вароты Зімовага палацу, па сцежцы да галоўнай турыстычнай дэстынацыі – заляў галоўнага будынку Эрмітажа.

Фота з Вікісховішча
Эрмітаж адчыняе свае дзверы пасля паловы на адзінаццатую, але натоўпы турыстаў чакаюць дазволу амаль што за гадзіну да афіцыйнага адкрыцця: чэргі і натоўпы несусветныя, нават ў Луўры, мне падалося, было менш, і гэта пры тым, што турыстычны сезон ужо амаль скончаны і засталіся толькі самыя марозаўстойлівыя госці Паўночнай сталіцы. Дакрануцца да прыгажосці і высокай культуры можа кожны: кошт білетаў, вядома, не капейкі, але калі навастрыць вушы, то можна знайсці сябе ў спісе льготнікаў, якім бескаштоўна, альбо напалову менш.
Але нават калі прыйдзецца заплаціць поўную цану, то пашкадаваць не паспеецца: залі і калідоры закружаць у карагодзе мар і ўспамінаў, прачытаных кніжак і пачутых гісторый, прапітаных пачуццём усеабдымнага, крыху забытага шчасця…