Будучыня, вельмі прыемна, Будучыня!


Дзесьці ў мінулым жыцці ў нашай франкамоўнай тусоўкі быў адзін жарт ці, хутчэй, імправізацыя: кожны раз, калі заходзіла размова пра еўрапейскія мовы, хто-небудзь абавязкова агучваў нейкую збітую фразу кшталту: “Банжур тужур і абажур”, калі казаць пра тую ж французскую.

Пра нямецкую такі жарт таксама існаваў, але тут нічога, акрамя “Іх хайсэ Каця, вір хабэн кайнэ дзіктатур” ніколі не ўжывалася. Прычын для гэтага, апроч таго, што нямецкай з нас не валодаў ніхто, не было. Адно што гучала адначасова смешна і зразумела. А галоўнае – палітычна-патрыятычна-саркастычна.

img_0011

З таго самага моманту, калі Каця навучыла ўсіх нас гэтай фразе, мой узровень нямецкай не змяніўся. І калі не лічыць рэшткі шведскай і ангельскай, якія часам дапамагаюць (хоць больш і перашкаджаюць), нямецкую я не разумею. Але ў гэты мой візіт у Германію мне падалося, што я ведаю самую галоўную фразу з усёй нямецкай мовы.

Маладыя спецыялісты-авантурысты наведалі Берлін у канцы лістапада, каб не толькі паглядзець, як на Еўропу спускаецца Раство, і папіць глінтвейну на Alexanderplatz, але і расказаць нямецкім палітычным функцыянерам, чым жыве Беларусь без сядых скроняў.

Ужо знаёмая каманда дыскусійнага клуба KAS-Martens Centre няпоўным, але не менш яскравым саставам пайшла ў нямецкі народ з асветніцкай місіяй. Тры дні семінараў, экскурсій і неафіціыйных сустрэч прайшлі пад лозунгам “Беларусь у нямецкія палітычныя масы”. За гэты час мы даведаліся, як працуе інфармацыйна-аналітычная служба Ангелы Меркель і праз якія дзверы яна заходзіць у будынак свайго офісу, адчулі сябе на месцы тых, хто плануе і запісвае палітычныя прамовы. Не прамінулі зайсці ў Бундэстаг і прачытаць палітычную гісторыю будынка, і напісаную на сценах у саракавыя гады, і намаляваную дызайнерам з Масквы некалькі год таму (ёсць нешта асаблівае паміж славянамі і надпісамі на сценах). І што безумоўна стала апафеозам праграмы – падыскутавалі (больш паміж сабою, але і з нямецкімі калегамі) на тэму беларускай ідэнтычнасці, расійскай прапаганды і замкнутасці інфармацыйнай прасторы.

on-the-way-to-bundestag-berlin

Асалода ад шпацыраў па горадзе злілася з місіянерска-гістарычнымі візітамі ў святыні нямецкай палітыкі, а персанальнае ўспрыманне рэальнасці адбілася на пытанні, якія задавалі пра бяспеку ў Міністэрстве абароны (Бундэсверы). І у гэтай атмасферы паўдыпламатычнай гульні і палітычнага танга нарадзіліся пасланні-пажаданні, звароты і парады тым, хто захоча працаваць з Беларуссю. Пасланні і парады ад тых, каго самі ж называюць будучыняй Беларусі.

“Прыемна пазнаеміцца. Будучыня”, – гучыць добра, але ці спраўдзіцца? Пабачым.