Быць стыпендыятам – прэстыжна
Працягваць сваю адукацыю ў магістратуры я вырашыла, калі вучылася на 4-м курсе Гарадзенскага Дзяржаўнага Універсітэта па спецыяльнасці “Фізіка”. Уважліва вывучыла прапановы на паслядыпломную адукацыю ў Беларусі, пасля чаго для мяне стала відавочным – паступаць ў магістратуру трэба за мяжой. Велізарны выбар спецыяльнасцей, адукацыя міжнароднага ўзроўню, найноўшае навуковае абсталяванне – усё гэта вельмі прываблівала.
Ніякіх асаблівых пераваг той ці іншай краіне ў той час у мяне не было. Абапіраючыся толькі на веды і навыкі, якія набыла ў ВНУ, я шукала падыходзячую праграму ў магістратуры. Асноўным для мяне было прызнанне майго беларускага дыплома і ўсіх вытрыманых экзаменаў.
Пасля скрупулёзнага вывучэння Інтэрнэта, я спыніла сваю увагу на спецыяльнасці “Сучасныя аптычныя тэхналогіі” ў Германіі. Тэматыка гэта вельмі папулярная і перспектыўная ў наш час. Праграма магістратуры належыць да Элітнай Баварскай адукацыйнай сеткі, у якой цесна супрацоўнічаюць такія даследчыя інстытуты, як Макс Планк і Фраунгофер. Элітная праграма патрабавала высокага ўзроўню падрыхтоўкі абітурыентаў: заяўкі прымаліся ад студэнтаў з паспяховасцю вышэй 75% ад максімальнага агульнага бала, з высокімі адзнакамі і водгукамі ад навуковых кіраўнікоў. Усе лекцыі і заняткі праходзілі па-ангельску – яшчэ адна асаблівасць элітнай адукацыі ў Германіі. У цэлым, сучасная тэндэнцыя еўрапейскай адукацыі такая, што тэхнічныя і міжнародна арыентаваныя спецыяльнасці вывучаюцца на ангельскай. У гэтым перавага як для студэнтаў падчас навучання, якія атрымліваюць шырокі доступ да інфармацыі, так і для выпускнікоў на міжнародным рынку працы. Вызначыўшыся з праграмай, я пачала падрыхтоўку і збор усіх неабходных дакументаў.
Пасля падачы дакументаў і паспяховага праходжання сумоўя па тэлефоне мяне залічылі на вучобу ў магістратуру да атрымання дыплому. Мяне ўразіла дэмакратычнасць і гнуткасць з боку прыёмнай камісіі ў дачыненні да абітурыентаў: усе неабходныя дакументы і іх арыгіналы я прадставіла толькі праз паўгады, калі прыехала на навучанне.
Адукацыя ў Германіі ў залежнасці ад федэральнай зямлі і спецыяльнасці, можа быць платнай ці бясплатнай. У нямецкіх універсітэтах для студэнтаў ёсць магчымасць атрымліваць стыпендыі, якія пакрываюць выдаткі на жыллё, ежу і страхоўку.
Стыпендыі вельмі лімітаваныя як для нямецкіх, так і для замежных студэнтаў. Гэта кшталту прыза. Быць стыпендыятам – прэстыжна.
Кандыдатаў абіраюць па конкурсе дакументаў і запрашаюць на сумоўе. Універсальнага рэцэпту, як падрыхтавацца да інтэрв’ю няма, як і няма ўніверсальнага стыпендыяльнага фонду для пэўнай спецыяльнасці. Я прывяду спіс стыпендыяльных фондаў, якія падтрымліваюць студэнтаў, што навучаюцца ў Германіі.
- DAAD
- Cusanuswerk
- Ernst Ludwig Ehrlich Studienwerk
- Evangelisches Studienwerk Villigst
- Friedrich-Ebert-Stiftung
- Friedrich-Naumann-Stiftung für die Freiheit
- Hanns-Seidel-Stiftung
- Hans-Böckler-Stiftung
- Heinrich-Böll-Stiftung
- Konrad-Adenauer-Stiftung
- Rosa-Luxemburg-Stiftung
- Stiftung der Deutschen Wirtschaft
- Studienstiftung des deutschen Volkes
Маё навучанне праходзіла пры падтрымцы фундацыі імя Конрада Адэнаўэра. Апроч фінансавання вучобы, фундацыя ладзіць разнастайныя адукацыйныя семінары і сустрэчы, паездкі. Удзел у іх – выдатная магчымасць сустрэць вельмі цікавых людзей і аднадумцаў, знайсці сяброў.
Магу толькі параіць абавязкова падаваць дакументы, спрабаваць атрымаць стыпендыю. Гэта вельмі спрашчае жыццё студэнта ў чужой краіне.
Цяжкасцей для замежных студэнтаў дастаткова. Разабрацца ў арганізацыі і структуры плана навучання, правільна спланаваць свой расклад навучання і парадак дня, знайсці жыллё, аформіць страхоўку і банкаўскі рахунак, для “непасвечаных” можа быць сапраўднай паласой перашкод. На шчасце, ва ўніверсітэтах працуюць аддзелы, якія дапамагаюць замежным студэнтам у арганізацыйных пытаннях.
Цяжка, канешне, дастасавацца да новага асяроддзя. Скажу шчыра: самым цяжкім для мяне было прызвычаіцца да высокага тэхнічнага узроўню ўніверсітэтаў, да абсталяваных па апошняму слову тэхнікі навуковых лабараторый. Вельмі пужала адсутнасць практычных навыкаў, а таксама – паталагічны страх зрабіць памылку, якая можа дорага каштаваць (у прамым і пераносным сэнсе). Хоць з часам прывыкаеш і да самастойнасці, і да адказнасці, і да працы ў калектыве. Не толькі прывыкаеш, але і паглыбляешся ў працу. Зараз я працягваю навучанне ў тым жа інстытуце – працую над дысертацыяй.