«БЕЛАРУСЬ?! Але дзе гэта??? Пакажы мне мапу!»
- Час чытання: 8 хвілін
- 09.05.2018
- Блог
- Здымкі з архіву гераіні
Як францужанка пераступае праз бар’ер першага ўражання і пазнае беларусаў
Тэкст: Аляксандра Пашкевіч, пераклад на беларускую – Алесь Перагудаў
Для сустрэчы мы выбралі па-летняму гарачы дзень. Усё, што я ведала пра Раксану – гэта тое, што яна францужанка, жыве ў Мінску са студзеня і ходзіць на нейкія курсы. Раксана ведала пра мяне не больш, але пагадзілася даць інтэрв’ю з вялікім энтузіязмам.
У абумоўлены час на месцы сустрэчы я ўбачыла высокую смуглую брунэтку з задорным поглядам і адкрытай усмешкай. Мы павіталі адна адну на тыпова французскі лад двума пацалункамі ў шчаку, знайшлі ўтульнае мястэчка на летняй тэрасе і пачалі займальную двухгадзіную размову.
У Раксаны асаблівае стаўленне да размяшчэння сваіх фатаграфій у інтэрнэце: яна не карыстаецца сацыяльнымі сеткамі і не любіць публікаваць свае выявы ў адкрытым доступе. Не будзе выключэннем і дадзены матэрыял.
Частка 1: як Раксана апынулася ў Мінску
Раскажы крыху пра сябе. Чым ты займалася ў Францыі і што ты робіш у Беларусі?
Спачатку я вывучала права, а затым міжнародныя адносіны, і вось у кастрычніку 2017 года я атрымала дыплом. У Францыі зараз сапраўды няпроста знайсці працу, асабліва ў сферы міжнародных адносін. Таму пасля заканчэння навучання я вырашыла прыехаць сюды на адзін семестр ў МДЛУ, каб вывучыць рускую мову. Мне цікава размаўляць на многіх мовах і я хацела даведацца пра мову, якая мала распаўсюджана ў Францыі. Да таго ж, рускамоўныя краіны прадстаўляюць вялікую частку свету, што вельмі цікава для міжнародных адносін.
Гэтыя моўныя курсы неяк звязаныя з тваім навучаннем у Францыі ці гэта асобныя праграмы?
Не, не звязаныя. МДЛУ прапануе курсы рускай мовы для замежнікаў усіх узростаў, студэнтаў ці не. Я даслала сваю кандыдатуру і мне адказалі, што я прынятая. Вось я тут (усміхаецца)!
Курсы платныя ці ёсць бясплатныя месцы на конкурснай аснове? Універсітэт дапамагае з пражываннем?
Так, трэба плаціць, бясплатных месцаў няма. Я жыву ў інтэрнаце (заўв. аўтаркі: слова «общежитие» Раксана заўсёды ўжывала па-руску). Так, гэта пацешна. Усе жывуць уперамешку: і беларусы, і замежнікі. Мне падабаецца атмасфера, я люблю мультыкультурны асяродак. Я прыехала сюды ў пачатку студзеня на адзін семестр. Вось ужо праз месяц з’еду.
Ненадоўга ты да нас …
Так, ненадоўга, але ў мяне папросту няма больш грошай, каб застацца яшчэ (смяецца). Я назапасіла, каб прыехаць на адзін семестр, і зараз, на жаль, я не магу застацца на больш доўгі тэрмін.
Са студзеня тут дом Раксаны
Частка 2: што французы ведаюць пра Беларусь
Раскажы, калі ласка, гісторыю твайго пераезду. Як твае блізкія і сябры адрэагавалі, ці былі яны здзіўлены выбарам краіны?
Калі шчыра, я абрала Беларусь, таму што знайшла тут самыя недарагія курсы рускай мовы. У Расіі падобныя курсы каштуюць вельмі дорага, ды і наогул усюды дорага. Але ў Беларусі танней. Уласна таму для мяне гэта быў відавочны выбар. Рэакцыя маіх блізкіх: «БЕЛАРУСЬ?! Але дзе гэта??? Пакажы мне мапу!» (смяецца). Яны ведалі, што краіна знаходзіцца ва Ўсходняй Еўропе, дзесьці над Украінай, каля Расіі, але ім спатрэбілася паглядзець месцазнаходжанне на мапе.
Гэта нармальная рэакцыя. Калі я была ў Францыі, практычна кожнаму французу даводзілася тлумачыць, дзе знаходзіцца Беларусь. Лепш за ўсё дапамагала мапа.
Так-так. Калі я пачала цікавіцца вашай краінай, я даведалася, што правільная назва – Беларусь, а не Белоруссия. Тое ж самае з маімі блізкімі. У іх было вельмі аддаленае паняцце …
Напэўна, яны памятаюць Савецкі Саюз і неяк звязваюць Беларусь з ім …
Так, калі я сказала пра свой намер паехаць у Беларусь, яны адказвалі: «А, ты едзеш у адну з краін Саветаў». А я гаварыла: «Ну не, гісторыя СССР ужо скончылася, між іншым». Да гэтага часу ў іх ладзе мыслення захавалася такое ўяўленне. Але, напрыклад, у маім коле стасункаў сітуацыя складваецца інакш. Мае сябры, якія таксама вучыліся на міжнародных адносінах, ведаюць нешта пра Беларусь, дзякуючы праграме навучання. Але звычайныя французы, сярэднестатыстычныя, так бы мовіць, ведаюць вельмі мала.
Раксана знаёміць блізкіх з Мінскам праз фота
А што ведала ты пра краіну да прыезду?
Мае веды былі вельмі павярхоўнымі. Я ведала, дзе знаходзіцца Беларусь на мапе, што вы кажаце на рускай мове, але родная мова ў вас беларуская. Яшчэ я ведала, што існуе палітычная блізкасць паміж Беларуссю і Расіяй, што паміж дзвюма краінамі падпісаны эканамічныя пагадненні.
Якія ў цябе былі стэрэатыпы пра Беларусь і пацвердзіліся яны?
Напэўна, толькі 2 стэрэатыпы: што ў вас шмат бульбы (смяецца) і што беларускі – вельмі прыгожыя. Пра бульбу я так і не зразумела, але дзяўчаты і праўда вельмі прыгожыя!
Частка 3: знаёмства з краінай, беларусамі і іншымі замежнікамі
Што цябе больш за ўсё здзівіла па прыездзе: напрыклад, чысціня вуліц альбо назвы станцый метро?
Спачатку назвы станцый метро я не разумела абсалютна, яны мяне вельмі шакавалі. Чысціня вуліц? Так! Калі трапляеш у Беларусь, адна з прыемных рэчаў – гэта тое, што на вуліцах вельмі чыста і бяспечна. Неяк я забылася тэлефон на лаўцы, ён праляжаў там гадзіну і нават на міліметр не ссунуўся. У Францыі забыты тэлефон – гэта маментальна скрадзены тэлефон. У вас жа з гэтым няма праблем. Я адчуваю сябе спакойна, калі гуляю па вуліцах.
Я заўважыла яшчэ нешта, што мне вельмі падабаецца. Тут значна менш рэкламы вакол. У Менску ў мяне няма адчування, што мне спрабуюць навязаць думку «Купі, купі, купі!». Гэта было першае, што заўважыла.
А што ты скажаш наконт людзей: якое меркаванне склалася пра нас, беларусаў?
На першы погляд у мяне склалася меркаванне, што людзі вельмі халодныя, вельмі закрытыя. Да таго ж, я зусім не размаўляла па-расейску, і таму стваралася адчуванне, што я раблю нешта не так. Але ўсё кардынальна мяняецца, як толькі ты пераступіш праз бар’ер першага ўражання. Бо тады ты адкрыеш для сябе дзіўных людзей. Беларусы ўмеюць дапамагаць, нават з усялякімі нязначнымі рэчамі. Яны здольныя ўспрымаць новае. Гэта тое, што мне бясконца падабаецца. Да таго ж я заўважыла, як толькі я пачала трохі прасоўвацца ў вывучэнні рускай мовы і гаварыць на ёй, людзі вакол істотна памянялі сваё стаўленне да мяне. Наша выхавальніца ў інтэрнаце спачатку была вельмі закрытая і злая, але як толькі я пачала дэманстраваць прагрэс у вывучэнні рускай, старацца адказваць ёй на рускай, яна стала ветлівай. І заўсёды мне усміхаецца!
Цяпер, калі ты пражыла ў Мінску ўжо амаль паўгады і паспела пазнаёміцца і пасябраваць з іншымі замежнікамі, ты можаш сказаць, што вас, гасцей сталіцы, шмат?
Французаў не, у вас вельмі мала французаў. Тады як іншых замежнікаў шмат, значна больш, чым я думала. Але я мяркую па інтэрнаце. Ёсць туркі, іранцы, іспанцы, японцы, кітайцы, карэйцы… Мы ўвесь час праводзім разам і ўжо сталі адной сям’ёй.
Раксана са сваімі сябрамі каля інтэрнату.
Наколькі замежнікі інтэграваныя з мясцовым насельніцтвам? Ці ўзнікаюць якія-небудзь праблемы, непаразуменні?
Відавочна, што няпроста злёту інтэгравацца ў грамадства. У мяне быў моўны бар’ер. Але паступова ўсё змяняецца. Я табе ўжо распавяла прыклад з выхавальніцай з інтэрната. Вось пра гэта я і кажу, разумееш?
Так-так, веданне мовы спрашчае інтэграцыю, згодна з табой. А ёсць нейкія асаблівасці жыцця ў Беларусі, да якіх ты да гэтага часу не прывыкла?
Эмммм (доўгая задуменная паўза) …. Садавіна і гародніна (з уздыхам).
А што з імі не так?
У вас маленькі выбар!
Дык гэта вам і не Тулуза!
Так, дакладна. Але адсутнасць вялікай разнастайнасці садавіны і гародніны – гэта адзіная рэч, да якой я не прывыкла… А не, мне яшчэ не хапае рыбы. Не забывай, што я францужанка, пра ежу я думаю ў першую чаргу. Я нават заўважыла адну асаблівасць. Куды б я ні паехала за мяжу, калі мы сустракаемся кампаніяй французаў, то першае, пра што ідзе гаворка – гэта ежа. Гэта сапраўды рэфлекс, мы не можам паводзіць сябе інакш (смяецца). Таму так, ты атрымала тыпова французскі адказ.
Затое сумленны! Скажы, а ці было нешта, чым цябе Беларусь расчаравала?
У мяне не было вялікіх чаканняў, таму нават не ведаю. Магу адзначыць толькі адну рэч, якая мяне хвалюе: нельга ўваходзіць і выходзіць з інтэрната паміж 12 гадзінамі ночы і 6 гадзінамі раніцы. Дурацкае правіла! (смяецца)
Частка 4: беларуская нацыя або кожны на сваім месцы
Якіх асабістых якасцяў не хапае беларусам, каб звацца еўрапейцамі?
… (задумалася) … Гэта вельмі добрае пытанне. Я не той чалавек, які можа судзіць, якая з краін больш развіта ў плане ментальнасці жыхароў. На маю думку, у вашым грамадстве захавалася нейкая частка традыцый, адгалоскі камуністычнага мінулага, калі ўспомніць ваша імкненне да ўзаемадапамогі. Але таксама ёсць ўплыў Заходняй Еўропы з уласцівым ёй прадпрымальніцкім мысленнем. Мне цяжка судзіць. Я заўважыла толькі адну рэч і не ведаю, ці дарэчы пра гэта казаць ці не.
Як ты хочаш, мне будзе цікава даведацца любое тваё меркаванне.
Добра. Існуе адна асаблівасць, якая кардынальна адрозніваецца ад таго, што прынята, па меншай меры, у Францыі. Гэта розніца паміж мужчынамі і жанчынамі. Я б не назвала гэта сэксізмам. Не ведаю, якім тэрмінам можна ахарактарызаваць такое стаўленне да жанчын (задумалася). Напрыклад, на курсах мне выкладчыца сказала, што жанчына павінна сядзець дома з дзецьмі, не павінна працаваць. Не ведаю, ці далёка наперад мы прасунуліся ў Францыі, але ў нас ёсць сукупнасць законаў, якія абараняюць правы мужчын і жанчын і абвяшчаюць: «Не, ты можаш быць тым, кім ты хочаш, ты можаш рабіць тое, што ты хочаш, і ніхто не мае права табе сказаць, як павінна быць». Напрыклад, тое, што я бачу тут: калі мужчына і жанчына вячэраюць у рэстаране, гэта нават неймаверна, што жанчына можа заплаціць за сябе. Плаціць будзе мужчына.
У большасці выпадкаў так, гэтае пытанне нават не абмяркоўваецца, і плаціць мужчына. Але таксама шмат што залежыць ад жанчын. Тут тонкая грань таго, ці захоча жанчына плаціць за сябе і ці зможа яна зрабіць гэта так, каб не пакрыўдзіць мужчыну.
Магчыма, такая мадэль паводзінаў ужо мяняецца. У Францыі зусім інакш, да пытання аплаты ў рэстаране ставяцца прасцей. Можна падзяліць рахунак, ты можаш мяне запрасіць, я магу запрасіць цябе. Паміж мужчынамі і жанчынамі ў гэтым плане няма розніцы. Я заўважаю адрозненні паміж французскім і беларускім грамадствам у плане адносін да жанчыны. У вас ёсць … як бы так сказаць … не тое каб панаванне (задумалася) … панаванне – гэта занадта гучнае слова … Ёсць разуменне таго, што кожны павінен быць на сваім месцы. І так усё і павінна захоўвацца. І вось менавіта гэтая ўстаноўка ў грамадстве для мяне найбольш далёкая. Але з іншага боку беларускія мужчыны вельмі галантныя: яны прытрымаюць дзверы, дапамогуць данесці табе пакет з прадуктамі прама да дзвярэй. Гэта прыемны бок! (смяецца)
А калі казаць пра беларусаў у цэлым, якімі трыма прыметнікамі можаш апісаць людзей?
Гатовыя дапамагчы (заўв. аўтаркі – Раксана ўжыла слова «helpful»), ветлівыя і працавітыя.
Ці ёсць чаму беларусам павучыцца ў французаў, а французам – у беларусаў?
Французы могуць навучыцца ў беларусаў… лепш кіраваць аўтамабілем, таму што ў вас людзі кіруюць вельмі добра, выконваюць правілы дарожнага руху. Французы робяць на дарогах незразумела што. Таксама нам варта павучыцца ў вас захоўваць вуліцы ў такой чысціні. Што наконт беларусаў… я не ведаю. Гэта будзе трохі прэтэнцыёзна казаць, чаму вам варта ў нас павучыцца (смяецца).
Ну і давай апошняе пытанне: якія твае любімыя месцы ў Мінску?
Я люблю шпацыраваць у парках, у вас вельмі прыемныя і прыгожыя паркі. Я люблю Нямігу. Можа гэта клішэ, але мне падабаецца шпацыраваць уздоўж ракі. Мне падабаецца шпацыраваць на плошчы Якуба Коласа, вельмі люблю плошчу Леніна. Ды і ўвогуле ўвесь цэнтр Мінска мне імпануе.
Тут можна сустрэць Раксану 🙂
P.S. Уся размова адбывалася на французскай мове. Пераклад даслоўны.