Беларусь і Вугоршчына: шукаем паралелі

  • Час чытання: 7 хвілін
Даслаць сваю анкету

Лена Крушэўская – студэнтка Універсітэта Корвіна ў Будапешце, якая даследуе беларускую ідэнтычнасць, аналізуе асаблівасці і падабенствы паміж беларускім і вугорскім грамадствам.

Лена – малады беларускі палітык, член Аб’яднанай грамадзянскай партыі i былая журналістка сайту ampby.org. Некаторы час працавала, дзейнічала ў палітычным свеце Беларусі, вяла актыўную дзейнасць ў сферы НДА, падарожнічала, жыла ў Нідэрландах і Літве. У 2013 годзе яна знайшла стыпендыальную праграму і вырашыла ўсе ж такі атрымаць фармальную адукацыю, для чаго абрала Універсітэт Корвіна ў Будапешце, спецыяльнасць – міжнародныя адносіны. Зараз Лена паступіла на магістратуру ў Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце (CEU) па спецыяльнасці Public Administration, але далейшы лёс CEU пакуль невядомы нікому. Падчас размовы Лена параўноўвала лёс фонду Сораса ў Беларусі, які зачынілі ў 1997 годзе, з падзеямі ў Будапешце сёння.

Абмяркоўваючы гісторыю яе вучобы, мы з Ленай закранулі сутнасныя культурныя розніцы і падабенствы паміж грамадствам у Беларусі і ў Вугоршчыне, бо акурат зараз Лена сканчвае сваю дыпломную працу ва ўніверсітэце, прысвечаную кампанентам беларускай ідэнтычнасці.

Паступленне ва Універсітэт Корвіна

Атрымаўшы шанец паехаць вучыцца ў Еўрапейскі Саюз па стыпендыяльнай праграме, я ў першую чаргу сутыкнулася з выбарам універсітэта. Першапачаткова, калі выбар тычыцца краіны пражывання, ключавым пытаннем пасля выбару спецыяльнасці з’яўляюццы фінансавыя ўмовы, даводзіцца арыентавацца на ўзровень коштаў. Па гэтым крытэры мне вельмі падышла Вугоршчына, акрамя таго, я некалькі разоў наведвала Будапешт, пакуль ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах.

Выбар Універсітэту Корвіна быў абумоўлены раптоўнай сустрэчай з выпускніком гэтага ўніверсітэта, а зараз ужо і Оксфарду – Gabor Zimmerer, якая адбылася на сэсіі Усходняга Партнерства ў Вільні. Гэта і вырашыла кірунак развіцця майго жыцця на бліжэйшыя гады.

Асноўная праблема любога пераезда тычыцца не столькі эмацыйных трывогаў і пацуццяў наконт гэтага, колькі вырашэння фармальных пытанняў, асабліва афармлення віда на жыхарства. Рыхтуючыся да пераезду, трэба сабраць цэлы пакет дакументаў для амбасады, сярод якіх – дамова арэнды кватэры на год ці прадастаўлення студэнцкага інтэрната. Шукаць кватэру ў Будапешце, седзячы ў Мінску, было цяжка, але мне пашэнціла, і ўладальнік кватэры на наступны ж дзень пасля таго як адаслаў мне дагавор, з’ехаў ў другую краіну. У гэтым і ёсць асаблівасць ў мысленні еўрапейцаў – усеахопная мабільнасць. У беларускіх рэаліях гэта таксама сустракаецца, але ўспрымаецца як нешта дзіўнае, незвычайнае, у Еўропе – зусім наадварот, гэта штодзённая рэальнасць.

З-за спазнення ў прадстаўленні амбасадзе арыгіналу дакументу аб уладальніку кватэры я прыехала на вучобу ажно на месяц пазней пасля пачатку, што азначала, што я вымушана буду ў семестры вучыцца толькі на абавязковых дысцыплінах, згубіўшы магчымасць абраць выбарныя дысцыпліны, але ў рамках Балонскай сістэмы гэтая праблема вырашаецца даборам крэдытаў у наступным сяместры. Зноў жа, гэта вельмі характэрна для Еўропы – ўвесь працэс навучання пабудаваны на прынцыпе індывідуальнасці.

Індывідуальнасць – сутнасная асаблівасць мыслення еўрапейцаў. Еўрапейскае грамадства адмаўляецца ад усякага кшталту стандартызацыі на ўзроўні індывідуальнай асобы, арыентацыі на меркаванне і паводзіны большасці. У кожнага чалавека свае таленты, свае навыкі, свая гісторыя, досвед, свае сямейныя абставіны і г.д. У Еўропе базавы прынцып жыцця ў тым, што кожны чалавек мае права вырашаць самастойна, як і ў які тэрмін ён зробіць тую ці іншую працу. Студэнт можа абіраць дысцыпліны, карэктаваць сваю нагрузку цягам вучэбнага года, браць дадатковы семестр, калі патрэбна і г.д.

У Беларусі існуе нейкі негалосны стандарт паводзінаў, лесвіца, па якой кожны чалавек павінен паслядоўна ісці: школа, універсітэт, праца па спецыяльнасці. Усё выразна, і адыходзіць ад гэтага ўніверсальнага плану непажадана. Але тым не менш вялікая колькасць выпускнікоў беларускіх ВНУ зараз па спецыяльнасці працаваць не працягваюць, а шукаюць сабе месца дзесьці яшчэ. Канешне, гэта ў тым ліку звязана з дзяржаўнай палітыкай ў сферы працаўладкавання, але напэўна не апошнюю ролю ў гэтым адыгрываюць сталенне, змяненне светапогляду і пераацэнка зробленага выбару прафесіі.

У Беларусі мы пад ціскам грамадства вымушаныя прымаць важныя для свайго жыцця рашэнні яшчэ ў школьныя гады, калі думкі яшчэ не ўпарадкаваны, ты шмат чаго не разумееш ў сабе, у сваім жыцці і ў навакольным свеце. У Еўропе існуе нармальная практыка, калі малады чалавек бярэ некаторы вольны час пасля школы, які прысвячае вандроўкам, валанцёрству, працы ў НДА, пошуку сябе і свайго прызначэння ў жыцці. Я ведала, што буду, напэўна, сталейшая за іншыхх студэнтаў, але гэта не стала для мяне праблемай.

Нечакана адной з цяжкасцяў для мяне стала вучоба на англійскай мове. Я вучылася раней ў розных універсітэтах, але ніколі – на англійскай мове. І нягледзячы на адсутнасць праблем з мовай у мінулым ды высокі бал IELTS, я зразумела, што я пераацаніла ўзровень сваей акадэмічнай англійскай для вывучэння кола такіх сур’ёзных дысцыплін як філасофія, сацыялогія, права. Патрэбна шмат часу, каб прызвычаіцца мысліць на іншай мове і вольна выражаць свае думкі. Але гэта і з’яўляецца найлепшым шляхам ў вывучэнні замежнай мовы, які я раю ўсім, хто спрабуе палепшыць свой узровень.

Пратэст у падтрымку CEU

Агульнае і рознае паміж Вугоршчынай і Беларуссю

Цікавая асаблівасць, якая набліжае Беларусь да Вугоршчыны, крыецца ў агульным савецкім досведзе. Да цяперашняга часу ў Вугоршчыне адчуваецца гэдак знаёмае нам напружанне ад знаходжання паміж двума палюсамі, ад спробаў пошуку балансу ў адносінах Вугоршчына-Еўропа, Вугоршчына-Расея.

Зразумела, розніца ў тым, што Вугоршчына ўжо знайшла сваё месца ў коле еўрапейскіх дзяржаваў і вызначыла кірунак свайго развіцця, чаго нельга сказаць пра Беларусь. Праца па будаванню адносінаў паміж Вугоршчынай і Еўропай вялася цягам дзесяцігоддзяў, яны праходзілі паступовы працэс збліжэння, ўступалі ў пагадненні, ўключаліся ў інтэграцыйныя працэсы. У Беларусі гэты гістарычны этап развіцця яшчэ наперадзе.

Таксама займальна параўнаць гісторыю выгнання Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта з Беларусі ў Літву і цяперашнія падзеі, якія адбываюцца с Цэнтральна-Еўрапейскім ўніверсітэтам (CEU) ў Будапешце. Важны досвед я атрымала падчас удзелу ў пратэстным руху ў падтрымку CEU. Мы выступалі за акадэмічныя свабоды, неўмяшальніцтва ў палітыку універсітэта, еўрапейскія каштоўнасці, вольную работу НДА ў Вугоршчыне, замежных фондаў, якія падтрымліваюць іх дзейнасць.

Пратэстны рух еўрапейскага фармату вельмі адрозніваецца ад “пратэста па-беларуску”, дзе ўсе агорнута завесай жаху за ўласную бяспеку, а мэсадж з’яўляецца вельмі абмежаваным, сканцэнтраваным на адных і тых жа вузкіх пытаннях.

Што тычыцца погляду вугорцаў на беларусаў, перш за ўсё важна, што вугорцы ведаюць, што такое Беларусь. Граюць сваю ролю агульнае савецкае мінулае, блізкасць Вугоршчыны да Украіны, агульныя рысы паміж намі.

Аднак часта, калі кажу каму-небудзь, што я з Беларусі, даводзіцца тлумачыць, што такое Беларусь, распавядаць пра ўзровень свабод і дэмакратыі, узровень пакупальніцкай здольнасці і гэтак далей.

Еўрапейцы шмат разоў пыталі: чаму ў Еўропе так мала беларусаў? Часта мне кажуць, што я – першая беларуска, якую яны сустрэлі ў жыцці. Даводзіцца распавядаць, што беларусы абмежаваныя ў магчымасці прыязджаць у Еўропу з-за бюракратычных, фінансавых цяжкасцей, што палітыка нацыянальнага аэрапорту не дазваляе дзейнасць лоўкоставых кампаній, што часцей за ўсё беларусы не даязджаюць далей Прыбалтыкі ды Балгарыі.

Наконт вяртання ў Беларусь пасля сканчэння вучобы, я пакуль што не прымаю рашэння, бо зараз збіраюся працягваць сваю адукацыю, мяне цікавяць магчымасці прайсці стажыроўкі ў міжнародных арганізацыях, вывучаць еўрапейскі досвед. Акрамя таго, магчымасць працаўладкавання ў Беларусі пасля сканчэння ўніверсітэта па спецыяльнасці “міжнародныя адносіны” непасрэдна залежыць ад змянення палітычнай сітуацыі ў краіне.