Беларус у амерыканскім парламенце: “Стажыроўка у Кангрэсе дае веру ў паспяховае інстытуцыйнае будаўніцтва”
- Час чытання: 5 хвілін
Калі хочацца ідэалогіі, у Менску ідзеш на праспект. У Вашынгтоне – на Capitol Hill. Менавіта там знаходзіцца сэрдца амерыканскай дэмакратыі – Капітолій, дзе я і праходзіў стажыроўку.
Прадстаўнічая ўлада лягла ў падмурак амерыканскай дзяржаўнай мадэлі. Таму Капітолій – гэта не толькі месца, дзе збіраецца Кангрэс, але і сімвал рэспублікі, пра якую марылі Лінкальн (“Government of the people, by the people and for the people shall not perish from the earth”) ды хіба Каліноўскі (“Не народ для ўрада, а ўрад для народа”). У Злучаных Штатах Парламент, альбо Кангрэс, бікамерны, як і ў Беларусі. Палата Прадстаўнікоў складаецца з 435 чальцоў, якія прадстаўляюць выбарчыя ўчасткі. Нумар выбарчых участкаў у кожным штаце залежыць ад колькасці яго насельніцтва. У Сенат жа уваходзяць па два прадстаўнкікі ад кожнага штата, незалежна ад таго, колькі чалавек у ім жывуць.
Жыцце на Capitol Hill пачынаецца прыблізна а 5-ай ранку. Супрацоўнікі Кангрэсу, аналітычных цэнтраў, федэральнага ўраду выходзяць на ранішную прабежку. Душ, снядак, гальштук, кава на вынас, праверка службы бяспекі – і ты ўнутры, ты робіш палітыку.
Працоўны дзень у дэпутацкіх офісах звычайна пачынаецца а 9-ай і сканчаецца а 18-ай. Ад самага пачатку і да канца ў офісе знаходзяцца толькі інтэрны ды сакратар. Большасць супрацоўнікаў абірае рэжым, які адпавядае іх асабістым звычкам ды аб’ёму працы.
Офіс кожнага абранага дэпутата мае прынамсі два філіялы: участковы і Вашынгтонскі. Людзі ва ўчастковым офісе займаюцца пераважна бытавымі пытаннямі, скаргамі грамадзян, паляпшэннем мясцовай інфраструктуры. У Вашынгтоне адбываецца фарміраванне палітычнай стратэгіі, камунікацыя з выбаршчыкамі па нацыянальных пытаннях і распрацоўка законапраектаў. Мне пашэнціла прайсці стажыроўку у Вашынгтонскім офісе Кангрэсмэна са штату Арэгон.
Кожны супрацоўнік офіса адказвае за набор пэўных пытанняў альбо тэм. Гэтае раздзяленне дазваляе яму альбо ёй стаць экспертамі ў такіх галінах, як міжнародныя дачыненні, ахова здароўя, навакольнае асяроддзе, адукацыя, абарона. Усё для таго, каб дапамагаць дэпутату выносіць інфармаваныя рашэнні. Часта менавіта супрацоўнікі робяць прапановы па паляпшэнні сітуацыі і распрацоўваюць законапраекты.
Абавязкі інтэрна заключаюцца ў тым, каб дапамагаць пастаянным супрацоўнікам пісаць мемарандумы, праводзіць даследаванні, наведваць сустрэчы ды брыфінгі, каб потым дзяліцца інфармацыяй. Інфармацыя – гэта галоўная каштоўнасць у Вашынгтоне. Той, хто мае інфармацыю, адпаведна мае і ўладу.
Безумоўна, галоўным аб’ектам зацікаўленнасці для палітыка ў дэмакратычным грамадстве з’яўляецца стаўленне выбаршчыкаў да законапраектаў, дзеянняў урада, падзеяў у краіне і свеце. Інтэрны знаходзяцца ў самым цесным кантакце з людзьмі. Апроч ужо пералічаных абавязкаў, яны аналізуюць тэлефанаванні і карэспандэнцыю, апісваюць грамадскую думку і складаюць справаздачы для дэпутатаў. Чальцы Кангрэса моцна залежаць ад сваіх выбаршчыкаў. Афіцыйным слоганам Кангрэса з’яўляецца выраз “E pluribus unum” – “Адзін сярод многіх”. Ён адлюстроўвае прадстаўнічую мадэль амерыканскай дэмакратыі:
кангрэсмэн/кангрэсвуман ў ЗША – гэта дэлегаты ад народа. У большасці выпадкаў яны прадстаўляюць інтарэсы выбаршчыкаў, а не свае ўласныя.
Апроч таго, ва ўмовах вострай палітычнай барацьбы арыентаванне на погляды людзей неабходна для паспяховай кар’еры. Па вызначэнні задачай палітыкаў з’яляецца альбо абранне на пасаду, альбо пераабранне на яе. Таму Кангрэс – гэта галоўны дэмакратычны інструмент у ЗША.
Дэмакратыя патрабуе празрыстасці. Менавіта таму амерыканскі Парламент з’яўляецца вельмі адкрытым дзяржаўным інстытутам. Відэатрансляцыі ладзяцца з кожнага паседжання дэпутатаў. Больш таго, любы чалавек можа наведаць Капітолій і нават папрысутнічаць на галасаваннях. Як правіла, інтэрны суправаджаюць выбаршчыкаў са свайго участка па Капітолію, распавядаюць пра гісторыю і працу Кангрэса.
Многія жартуюць, што Кангрэс трымаецца на інтэрнах. Калі гэта і так, то інтэрны ад гэтага толькі выйграюць. Апроч навыкаў, знаёмстваў ды ведаў, стажыроўка у Кангрэсе дае тое, што здабыць хіба найцяжэй – веру ў паспяховае інстытуцыйнае будаўніцтва, раздзяленне ўладаў ды ўстолівую дэмакратыю.
Вашынгтон – гэта горад амбіцыйных, палітычна адукаваных маладых людзей, якія, як правіла, хочуць нешта змяніць у краіне і свеце. Для таго каб прайсці стажыроўку ў Кангрэсе, трэба падпісацца на штотыдневую рассылку з вакансіямі. А пасля даслаць ліст у офіс, які адпавядае вашым інтарэсам ды палітычным поглядам. Да ліста неабходна далучыць матывацыйны ліст і рэзюмэ. Кандыдаты, якія ўжо маюць значныя веды пра палітыку Кангрэсмэна/Кангрэсвуман альбо працу пэўнага камітэта, маюць значна большыя шанцы. Апроч таго, неабходна абгрунтаваць мэтазгоднасць вашай працы там. Інтэрны з ЗША звычайна стажыруюцца ў дэпутатаў з уласнага выбарчага ўчастка альбо штата. Міжнародныя кандыдаты могуць быць надзвычай карыснымі ў офісах, арыентаваных на міжнародную супрацу альбо дапамогу канкрэтным рэгіёнам у свеце.