Беларуска ў краіне шакаладу

  • Аўтар:

Першае, што вам пакажа кожны швейцарэц – гэта графік, паводле якога сцвярджаецца, што менавіта спажыванне шакаляду вызначае вялікую колькасць нобелеўскіх лаурэатаў у Швейцарыі. Дадзеныя гэтага даследвання з’яўляюцца спрэчнымі, але факт вялікага спажывання шакаляду, асабліва студэнтамі па абмену, даказаны і правераны на практыцы. За ўвесь час маёй праграмы там я з’ела прыблізна 108 шакаладак і, спадзяюся, прасунулася трошкі бліжэй да Нобелеўскай прэміі.

Нудных выкладчыкаў тут проста няма!

Я навучалася на факультэце мастацтваў універсітэта Лазаны (UNIL). Навучанне ва ўсіх універсітэтах Швейцарыі, у тым ліку і ў UNIL, ажыццяўляецца праз электронную платформу. Праз свой профіль студэнт павінен самастойна абраць курсы і зарэгістравацца на іспыты. Звычайна праграма навучання складаецца з 2-3 абавязковых курсаў і 2-3 курсаў на ўласны выбар. Рэгістрацыя спыняецца праз паўтара месяцы пасля пачатку вучобы. Так зроблена для таго, каб студэнты маглі наведаць усе курсы, якія падаюцца ім цікавымі, а потым абраць тое, што яны будуць вывучаць. Вельмі зручна, паколькі амаль з першай лекцыі зразумела, ці жадаеш ты ўдзельнічаць у гэтым семінары ці не. І наадварот, за нецікавай на першы погляд назвай можа хавацца супер-выкладчык.

Першая лекцыя – лекцыя арганізацыйна-інфарматыўная. Выкладчыкі распавядаюць пра што будзе курс, якія патрабаванні да заліку, як будуць праходзіць заняткі. Студэнты атрымліваюць пароль і логін да курса на электроннай платформе. Там можна азнаёміцца з планам курса на ўвесь семестр, атрымаць доступ да заданняў і лекцый, а пазней адсылаць свае работы на залік. Амаль усе выкладчыкі выкладываюць свае прэзентацыі, таму студэнты звычайна сядзяць на лекцыях з ноутбукамі і ўносяць нататкі адразу ў прэзентацыю, ці раздрукоўваюць гэтую прэзентацыю і працуюць непасрэдна з ёй. Але лекцый і семінараў у магістратуры няшмат – навучанне на гэтай ступені прадугледжвае вялікі аб’ём самастойнай працы, у тым ліку над уласным даследваннем.

Патрабаванні да заліку могуць адрознівацца ў залежнасці ад прадмета, але звычайна залік складаецца з невялікіх самастойных заданняў (напрыклад, зрабіць план-канспект апошняй лекцыі), групавой працы (даследванне якой-небудзь тэмы ў рамках курса і прэзентацыя гэтага даследвання) і эсэ (ад 8 да 20 старонак добрага навуковага тэкста). Эсэ – гэта асаблівасць факультэта мастацтваў. Студэнты юрыдычнага факультэта і школы мэнэджмэнта звычайна пішуць тэсты.

Нікога ня здзівіць, калі я напішу, што ўзровень выкладання ў UNIL высокі. Паводле Leiden Ranking UNIL займае 68 месца ў сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў і 17 месца па Еўропе (для параўнання, Маскоўскі Дзяржаўны Універсітэт – 468 месца ў сусветным рэйтынгу і 204 месца ў Еўропе). Кожны год выкладчыкі здаюць іспыты на кваліфікацыю, а універсітэт праводзіць студэнцкае галасаванне, якое лепш за іспыты паказвае кампетэнтнасць выкладчыка. Нудных выкладчыкаў, якія чытаюць лекцыі з паперкі, тут проста няма!

Акрамя нашага ўніверсітэту, ў Лазане знаходзіцца Федэральная палітэхнічная школа EPFL з моцнай даследчай базай па дакладных навуках. EPFL згодна Leiden Ranking займае 13 месца ў сусветным рэйтынгу ўніверсітэтаў і 1 (!) месца па Еўропе. Калі вы марыце праводзіць навуковыя даследванні ў фізіцы, хіміі і біялогіі, вам – сюды. Лепшыя выкладчыкі, неверагодна добрыя ўмовы для эксперыментаў і асяроддзе таленавітых студэнтаў зробяць гэты час незабыўным.

Некалькі год таму Rolex сумесна з EPFL пабудавалі ў Лазане навучальны цэнтр (Rolex Learning Centre). Будынак уражвае сваёй архітэктурай, самаадчыняючыміся дзвярыма і гадзіннікамі Rolex у кожным закутку. Цэнтр Rolex – ідэальнае месца для навучання: па ўсім цэнтры стаяць сталы для ноўтбукаў, ёсць асобныя памяшканні для групавых дыскусій, бібліятэка, кавярня, зона адпачынку, дзе можна паваляцца ці паспаць. Альпы, якія бачны з акна кафэшкі, натхняюць на навучанне ня менш, чым усе пералічаннае вышэй.

Адрозненні ў навучанні тычацца не толькі таго, як выкладаюцца прадметы, але і таго, як навучаюцца студэнты. Напрыклад, у Лазане студэнты, хаця ўсе здымаюць пакоі, ходзяць вучыцца ў бібліятэку. Прычым, паколькі зараз амаль усе робіцца на ноўтбуку, яны бяруць з сабой камп’ютэр, пару сшыткаў, пару патрэбных кніжак. Сярэдняя вага такой сумкі складае ад 3 да 7 кг. Самыя заўзятыя студэнты перавозяць усе патрэбныя рэчы ў сумках на калёсах.

Цікавае назіранне – максімальная колькасць кніг, якую ты можаш узяць на месяц у бібліятэцы ўніверсітэта Лазаны – 25! Уявіце масштабы даследчай працы, калі ў нашых універсітэцкіх бібліятэках звычайнае абмежаванне – 5-6 кніг.

Пражыванне: хто шукае, той знойдзе!

Вялікі (але амаль адзіны) мінус універсітэта Лазаны – невялікая колькасць інтэрнатаў, якія ня могуць змясціць усіх жадаючых студэнтаў.

Інтэрнаты UNIL – гэта адна-, двух- и трохпакаёвыя кватэры, дзе кожны студэнт жыве ў асобным пакоі. Каб атрымаць месца ў адным з інтэрнатаў, трэба мінімум як за паўгады адправіць заяўку ў Асацыяцыю студэнцкіх інтэрнатаў (FMEL). Для рэгістрацыі і наступнага пасялення неабходна перавесці на рахунак FMEL 800 франкаў, якія вам вернуць калі вы будзеце з’яджаць.

Калі вам пашанцуе, вы атрымаеце інтэрнацкі пакой прыблізна за 550 франкаў на месяц. Калі не, прыйдзецца шукаць пакой у горадзе. Звычайна пакой каштуе 600-800 франкаў на месяц. Але хто шукае, той знойдзе! Мая сяброўка здымала пакой за 400 франкаў на месяц у самым цэнтры. Усе ў вашых руках.

Спорт: бягуць усе!

Лазана мае статус Алімпійскай сталіцы свету, таму са спортам тут усе добра. Ва ўніверсітэце таксама. Студэнты могуць займацца амаль усімі існуючымі на зямлі відамі спорту: тэніс, футбол, валейбол, баскетбол, рэгбі, каланэтыка, танцы, йога і г.д.. Поўны спіс публікуецца ў спецыяльным буклеціку, які распаўсюджваецца па ўнівесітэце. Частка спартыўных секцый праводзіцца на платнай аснове, але бясплатных секцый таксама хапае.

Швейцарцы – вельмі спартыўная нацыя. На працягу ўсяго года праводзіцца шмат гарадскіх спартыўных мерапрыемстваў, але мяне найбольш уразілі марафоны. Марафоны бываюць розныя: на 10, 20, 40 і 100 (!) км. Марафоны бегае шмат людзей, але, калі я ўпершыню пачула, што тата сябра бегае марафон 100 км, у мяня быў шок. Ён бяжыць 100 км за 9 гадзін. А ён звычайны чалавек, працуе ў краме.

Культура: шакалад, вечарынкі і фестывалі

Упраўленне сацыяльна-культурных спраў універсітэта (SASC) рэгулярна ладзіць цікавыя экскурсіі для студэнтаў па абмену. Так мы наведалі шакаладную фабрыку, замак, дзе пачалі рабіць сыр Груэр (Gruyere), мастацкую галерэю ў гарах. Але і ў самім універсітэце амаль кожную нядзелю ладзяцца тэматычныя сустрэчы, працуе кінаклуб і мастацкая студыя, ёсць студэнцкі тэатр і хор.

Акрамя ўсяго астатняга, Лазана лічыцца швейцарскай сталіцай вечарынак. Можа падацца, што Лазанна лічыцца сталіцай усяго, але гэта не так, толькі спорт і вечарынкі. Адрозненне паміж Лазанай і Жэневай у гэтым плане, нягледзячы на невялікую адлегласць паміж імі – каласальнае. Калі Лазана гуляе ўвесь год з панядзелка па пятніцу, то адзіная вечарынка ў год у Жэневе – гэта з’ява.

Лазана – сапраўдны студэнцкі горад, і сумаваць тут не давядзецца. Шмат музычных фестываляў на любы густ, з канцэртамі толькі ў гэтым годзе прыяжджалі Caravan Palace і CocoRosie.

Праезд: дорага і зручна

Праяздны білет на месяц каштуе 70 франкаў (35, калі вам няма 26 год). Але Лазана – маленькі горад, таму калі ў вас ёсць ровар, праязны непатрэбны. І нават бяз ровара з аднаго пункта ў другі можна патрапіць за 30 хвілін.

Тое, што сапраўды дорага у Швейцарыі – гэта чыгунка. Білет з Лазаны да Жэневы (1 гадзіна) каштуе 40 франкаў. Білет з Лазаны да Цюрыха – амаль 70 франкаў. Але швейцарская чыгункапрапануе розныя тарыфы. Самы зручны з іх – дэмі-тарыф, які каштуе 180 франкаў. Дэмі-тарыф дазваляе набываць усе білеты па Швейцарыі за палову кошта, а студэнтам да 25 год з дэмі-тарыфам можна карыстацца чыгункай бясплатна пасля 19.00.

Моўная разнастайнасць

Самае маё каштоўнае разуменне пасля абмену – гэта тое, што валодаць больш, чым 2 замежнымі мовамі – гэта нармальна.

Швейцарыя мае чатыры дзяржаўныя мовы: нямецкая (дыялект Swiss Deutsch ці Switzerdeutsch), французская, італьянская і раманская мовы. Сярэдні швейцарэц звычайна валодае 2-3 мовамі (нямецкая, французская, ангельская), і можа вывучаць якую-небудзь мову дадаткова (расейскую ці кітайскую, напрыклад).

І ў які раз хочацца падкрэсліць магію вывучэння замежнай мовы ў асярдоддзі. За год я ператварылася з чалавека, які ненавідзеў французскую мову, у чалавека, які разумее амаль усе і можа марудна патлумачыць усе неабходнае.

Ментальныя асаблівасці

Акрамя таго, што швейцарцы спартыўныя і вельмі актыўныя, мяне ўразіла тое, што яны вельмі любяць працаваць. Любоў’ю да працы прасякнута ўся краіна, і кожны дзень я бачыла мільён прыкладаў, якія сцвярджалі маю думку. Кіроўцы аўтобусаў, апранутыя ў белыя кашулі, якія вітаюць з пасажыраў ў пачатку шляху. Ветлівыя касіры. Шчаслівыя кантралёры. Хаця з кантралерамі ўсё зразумела: штраф за безбілетны праезд – 100 франкаў, чаму ім сумаваць?

Швейцарыя – неверагодная краіна па многіх параметрах, вельмі прыгожая, вельмі розная. Гэты год у Лазане быў адным з лепшых у маім жыцці, і я раю вам скарыстацца магчымасцю і даслаць дакументы на навучанне ў магістратуры ва Універсітэт Лазаны.

Поспехаў!

Глядзіце таксама: