Беларуская адукацыя ў ідэях будучыні


21 снежня анлайн-часопіс “Ідэя” сабраў адных з лепшых мысляроў краіны, каб сілай калектыўнага розуму і жывой дыскусіі прапісаць рэцэпты паспяховага развіцця. У чатырох панэлях “Як стварыць найлепшы беларускі СМІ”, “Што выратуе беларускую эканоміку”, “Як разумна развіваць Мінск” і “Як зрабіць беларускую адукацыю найлепшай у свеце” эксперты агучвалі праблемы, шукалі ім лекаванне, але ўсё больш не ведалі, дзе знайсці спосаб, каб дапамагчы ледзь прытомнаму арганізму Беларусі.

Adukacyja.info ўважлівала паслухала выступоўцаў і занатавала галоўныя думкі экспертаў, якія ведаюць, як зрабіць беларускую адукацыю найлепшай у свеце.

1888668_1050971554935015_5381785379347764922_n

***

Вольга Шпарага, кіраўніца канцэнтрацыі “Сучаснае грамадства, этыка і палітыка” Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі

“Можна пачуць, што вывучэнне гендару альбо ўрбаністыкі, гэтыя новыя веды, – падмена класічнай навукі, непатрэбныя грамадству рэчы. Але гэта не так. Той жа гендар – гэта і эканоміка, і палітыка, і кіраванне, і сацыялогія. Гэта дазваляе лепш разумець праблематыку і працэсы, улічваць тое, што адбываецца ў рэчаіснасці, а не ігнараваць, як гэта адбывалася раней”.

Інга Дубініна, сузаснавальніца Цэнтру праблем дзіцячага развіцця “Ляванія”

“У 1948 годзе была прынятая Агульная дэкларацыя правоў чалавека, дзе кожнаму гарантуецца права на адукацыю, у тым ліку на адукацыю ў звычайных школах, а не асобных установах для інвалідаў альбо людзей з асаблівасцямі.

Інклюзіўная адукацыя мусіць стаць не адметнасцю, выключэннем, а рысай адукацыі, характарыстыкай адукацыйнага працэсу. Гэта значыць, любыя дзеці павінны навучацца разам, але школа будзе ўлічваць асаблівасці кожнага. Ніхто не кажа, што інвалід без ног будзе бегаць стометроўку на фізкультуры, але ён можа рабіць нешта іншае. Калі казаць пра аўтыстаў, то мы таксама можам імплементаваць іх у адукацыйны працэс.

У асаблівых дзяцей трэба знаходзіць асабістую матывацыю. Калі яна знаходзіцца, апынаецца, што дзіця – вялікі матэматык альбо тонкі музыкант. У ім прорва талентаў і магчымасцей. Калі б мы ўжывалі гэты метад у адносінах і да нейратыповых дзяцей, то не мелі б ужо ў трэцім класе згаслыя вочы”.

1455007_1050970814935089_6700776896374086620_n

Ганна Барадзіна, асістэнт дырэктара Універсітэта Залатога веку і рэдактар Adukacyja.info

“Мы займаемся актывізацыяй сталых людзей – фізічнай, інтэлектуальнай, сацыяльнай. На 20 курсах яны займаюцца тым, што цікава кожнаму з навучэнцаў, прыдумляюць нешта новае, робяць карыснае для города як валанцёры.

Актывізацыя і адукацыя сталых людзей – непазбежнасць. Беларусы не маладзеюць, свет змяняецца, а ў сталых людзях жыве такая моц, якую нельга ігнараваць. Але ж яны не вельмі інтэграваныя ў грамадства. Ім няма чаго рабіць, іх не вельмі чакаюць дзесьці, не лічаць чальцамі грамадства, якія могуць яшчэ зрабіць нешта карыснае. Калі людзі навучаюцца, яны адчуваюць сябе патрэбнымі – сваім блізкім, грамадству, якое іх атачае”.

Вольга Шпарага, кіраўніца канцэнтрацыі “Сучаснае грамадства, этыка і палітыка” Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі

“Іерархія, якая штучна будуецца паміж выкладчыкам і студэнтам, мусіць замяняцца акадэмічным статусам, кампетэнтнасцю, ведамі, уменнямі педагога, які здольны адкрыта абмяркоўваць праблемы, дзяліцца сваёй ведай, інтэграваць яе ў міжнародны кантэкст. Я за гарызантальны аўтарытэт”.

Інга Дубініна, сузаснавальніца Цэнтру праблем дзіцячага развіцця “Ляванія”

“Выкладчык – гэта чалавек, які ўмее заражаць прагай да ведаў, жаданнем капаць далей і глыбей. Пры гэтым ён можа спакойна звяртацца да інтэрнэту, бібліятэк, не абавязкова насіць усе факты ў галаве. Важна мець жывую струну ўнутры і ўмець ёй дзяліцца”.

12368977_1050971448268359_5818520354997404550_n

Алесь Лагвінец, выкладчык Беларускага калегіюму, палітык

“Наша адукацыя не можа быть цалкам прыватнай. Мусіць быць разумнае спалучэнне дзяржаўнай і прыватнай. Добра, калі з’явіцца канкурэнцыя паміж імі. Недапушчальна, каб універсітэты проста выпампоўвалі грошы – так, як гэта адбываецца зараз. Неабходны шчыльны кантакт універсітэтаў з прадпрыемствамі, з рэальным жыццём. Я не чуў, каб буйныя беларускія прадпрыемствы альбо міністэрствы выдзялялі стыпендыі для выдатных студэнтаў. А варта было б. Няма канкрэтнай сувязі, яна надта абстрактная і не звязаная з жыццём. Для паспяховасці беларускай адукацыі важна большая аўтаномнасць універсітэтаў, прыстасаванасць да жыцця, а не проста штампаванне спецыялістаў паводле навязаных зверху праграм”.

Ганна Барадзіна, асістэнт дырэктара Універсітэта Залатога веку і рэдактар Adukacyja.info

“Роўны навучае роўнага – прынцып нефармальнай адукацыі, які варта развіваць”.

12369100_1050971541601683_5771640003743947588_n