Беларускае золата. З запаздалага
- 20.10.2015
- Блог
- Здымкі: Уладзя, Пецяргоф уночы
Так-цiк-так – гадзiннiк б’ецца
У пяць разоў цiшэй за сэрца
Усё смяецца, мне здаецца… (с) J: Mopc
Вось і месяц першага навучання прайшоў, за спіной хваляванні, нервы і сотні прачытаных старонак. Дзень у дзень прагортваючы артыкулы і перапісваючы разумныя словы з адной паперкі на іншую, я разгублена глядзела на знаёмыя літары, адчуваючы, як недзе ўнутры закіпае смалістая самота.
Новы горад – гэта не толькі новыя сябры, гэта і рэзкае, раптоўнае і даволі часта скамканае развітанне з сябрамі “старымі”. Я сумую не па горадзе, не па сырках і малочцы, я сумую па людзях: па тых, хто можа патэліць на палову першай і пачаць размову пра сістэму міжнародных адносінаў, Валерстайна і Маркса; па тых, з кім не сормна ісці на апошнюю частку “Сумерек”, а потым разважаць пра Булгакава і Быкава; па тых, хто падтруньвае з твайго батанства, хаваючы ў кішэні “чырвоны” дыплом; па тых, з кім так проста прамываць косткі хлопцам з бутэлькай вінаграднага напою і па тых, з кім можна сарвацца на выходны ў лес на шашлыкі і ўсё адно скончыць размовамі пра жыццё-быццё беларускага студэнта, і па шматлікіх іншых, хто прарос усмешкамі ў сэрца, каму немагчыма проста сказаць “пакуль” і забыцца назаўсёды.
Новы год і новыя сябры – гэта файна, бо як жа інакш, але што рабіць, калі Скайп не ратуе, калі кавай не заліць цясніны паміж “там” і “тут”…
Мы сумуем не па гарадах, не па архітэктуры і не па тонкіх вуліцах-артэрыях, што бягуць праз любімыя гарады і вёскі. Мы сумуем па людзях і па той атмасферы, што вітае ў паветры кавярні на Карла Маркса, калі там сядзяць людзі, паміж якімі бясконцасць тэм і ўспамінаў.
Мы сумуем па жартах для малой кампаніі, па каментарах без кантэксту і па агульных знаёмых… Мы сумуем, бо сцены і месцы на карце – гэта наша адлюстраванне момантаў, успамінаў, мар і спадзяванняў, наша ўспрыняцце тых, хто фармуе наша жыццё, як гліну фармуе ганчар.
Мы з вамі – гліна, мы з вамі – ганчары. Адпусцім рукі і разляціцца мокрае месіва, а ганчары ператворацца ў дураватых замызганых няўмехаў. Нельга апускаць рукі, нельга здавацца, каб не згубіць сябе і тых, хто побач. Сяброўства – гэта не падарунак на палічцы, гэта ўпэўненасць, што калі спатрэбіцца пагаварыць пра тонкасці выхавання катоў ці прамудрасці выжывання ў міры зомбі а чацвёртай гадзіны зранку, ты дакладна ведаеш, хто падыме слухаўку, пакорліва буркнуўшы: “Ты на гадзіннік глядзела?”, а потым праспрачаецца з табой да заранкі.
Мы сумуем не па рэчах, не па гарадах, не па знаёмай ежы, мы сумуем адзін па адным, бо толькі разам мы – мы… Беларускае золата.
Веришь, чувствуешь, играешь
Врешь, убегаешь, догоняешь, ждешь
Провожаешь, забываешь
В путь, как-нибудь. Все как-нибудь… (с) J:Mopc