Бельгія, Шатландыя, Аўстралія. Тысячы кіламетраў і адна мара
Каб дакрануцца да Аўстраліі, мы проста адчынілі скайп і патэлефанавалі Яўгену Сачкову. Жэнеў шлях да гэтай краіны быў нашмат складанейшым і… прадказальным. Каб сустрэцца са сваёй марай, ён наматаў тысячы кіламетраў. Спачатку, яшчэ падчас вучобы ў БДУ, ён стажыраваўся ў Даніі, дзе ўпершыню адчуў смак сусветнай навукі. Пасля працягнуў шукаць сваю мару ў ВНУ Бельгіі і Шатландыі, дзе стаў магістрам навук у галіне фатонікі. Цяпер Яўген робіць даследванне ў Аўстраліі і шчыра прызнаецца, што адчувае сябе цалкам шчаслівым: побач — акіян, за спінай — сустрэча з Нобелеўскім лаўрэятам па фізіцы, а наперадзе — любімая справа і адчуванне таго, што ён спазнае і адкрывае новае.
Пра доўгі і заканамерны шлях да сапраўднай навукі, вучобу ў трох краінах і самаадчуванне “на сваім месцы” Яўген распавёў у інтэрв’ю Adukacyja.info.
Жэня, якое імя ў тваёй мары?
Мара — гэта займацца тым, што мне падабаецца. Калі я бачу, што мая праца дае плён і можа быць карыснай камусьці іншаму, то гэта дадатковы стымул і знак, што я раблю сапраўды правільныя рэчы. Справа не ў тым, колькі кіламетраў ты пераадольваеш дзеля гэтага адчування. Галоўнае хаваецца ў ім самім. То бок я шукаў і шукаю тое, што трымае мяне ў гармоніі. Я не магу даць канкрэтнае імя маёй мары. Зрабіць унёсак у сусветную навуку — гэтае азначэнне, пэўна, найбольш адпавядае ёй. Як бы патасна ні гучала. Тое, чым я зараз займаюся, — навука сусветная, сур’ёзная. Калі я змагу дадаць да яе свае кроплі, то будзе добра.
Чаму ты не паступіў за мяжу адразу пасля сканчэння ліцэя?
Былі такія думкі, і нават можна было паступіць у Чэхію. Але тады я ўяўляў, што тэхнічная адукацыя больш моцная ў краінах постсавецкай прасторы, а навукі гуманітарнага характару, эканоміку, бізнэс лепш вывучаць на Захадзе. Таму я адмовіўся ад прапановаў у Чэхіі ды Нямеччыне і сканцэнтраваўся на паступленні ў БДУ. Ён мае неблагі рэйтынг, у топ-5 універаў на постсавецкай прасторы ўваходзіць. Тым больш, не асабліва хацелася далёка з’язджаць з дому. І я не шкадую. Вядома, зараз адукацыя змянілася. Наколькі я чуў і магу параўноўваць, тады — 9 гадоў таму — я сеў у апошні вагон якаснай беларускай адукацыі на факультэце радыёфізікі. Зараз багата чаго змянілася. Новая праграма, выкладчыкі, скіраванасць на інфармацыйныя тэхналогіі…

Ля музея “Titanic” у Белфасце, Паўночная Ірландыя
Калі ты адчуў, што ў цябе ёсць патэнцыял, каб стаць часткай сусветнай навукі, а не замкнутай беларускай прасторы?
Адна з праблемаў прыродазнаўчай адукацыі ў Беларусі — гэта тое, што яна абсалютна не ведае, якія падзеі адбываюцца ў сусветнай навуцы. Студэнты не ведаюць, што такое сапраўдная навука ў прынцыпе. Няма доступу да вядомых, прэстыжных часопісаў, дзе можна шукаць інфармацыю. Не надта высокі ўзровень валодання замежнымі мовамі, у прыватнасці, ангельскай. Не ўсе студэнты, калі ім прапанаваць напісаць ангельскамоўны ці рускамоўны артыкул, абяруць першую альтэрнатыву. Трэцяя прычына — няма прыкладаў. Замежныя ўніверсітэты маюць выдатную практыку запрашаць вядомых навукоўцаў, якія чытаюць лекцыі для пэўнай аўдыторыі. Лідары сусветнай навукі ў Беларусь не прыязджаюць. Калі гэта было б магчыма, у беларускіх студэнтаў з’явіўся б шанец бачыць, што адбываецца на Захадзе і цікавіцца гэтым, запальваць у сабе энтузіязм. Аднак беларуская абалонка не дазваляе пранікаць інфармацыі звонку.

Дэтэктар CMS Вялікага адроннага калайдара. Там Жэня быў таксама.
Што тычыцца мяне. Аднойчы, калі я быў на першым курсе і толькі-толькі пачаў займацца навукай, мне далі важную параду: «Калі ты насамрэч жадаеш паспрабаваць штосьці сапраўднае, трэба абавязкова шукаць стажыроўкі на Захадзе». Гэтым я пачаў займацца ў канцы другога курсу. Атрымалася знайсці навуковыя стажыроўкі ў Дацкім тэхнічным універсітэце ў Капенгагене. Яны ў пэўным сэнсе расплюшчылі мне вочы, пашырылі светапогляд. Я даведаўся шмат як пра саму структуру навукі, так і пра навуковыя даследванні. У мяне была магчымасць чытаць артыкулы з часопісаў, якія цытуюцца ў сусветнай навуковай супольнасці. Так я зразумеў, чым насамрэч хацеў бы займацца.
За што ты ўдзячны свайму роднаму факультэту радыёфізікі, калі ён для цябе, вядома, родны і табе ёсць за што яму дзякаваць?
Так, ён родны. Без яго я не апынуўся б там, дзе я зараз. Факультэт радыёфізікі быў вялікай дружнай сям’ёй. Гэта была класічная адукацыя. Яна дае шырокі светапогляд, разуменне шматлікіх рэчаў, магчыма, не надта сучасных. Але гэта было маім падмуркам. Ужо пасля я сам будаваў над ім свае ўменні, навыкі ў магістратуры, а зараз у аспірантуры.

Універсітэт Сэнт-Эндрус у Шатландыі
Што дапамагло табе выйграць сваю першую стыпендыю на вучобу ў магістратуры?
Я падаваў адразу некалькі заявак. На ўсе з іх атрымаў згоду. На большасці магістарскіх праграм ёсць стыпендыі, проста за іх трэба пазмагацца. У прыватнасці, на маёй праграме была такая сістэма: асобна прызначаюцца стыпендыі для студэнтаў з Еўразвязу і з усяго астатняга свету. На той момант для студэнтаў з усяго свету была толькі адна стыпендыя Excellence і яшчэ некалькі стандартных. Дык вось мне пашчасціла выйграць тую адзіную Excellence. То бок гэта было прэстыжна. Што дапамагло? Па-першае, высокі сярэдні бал дыплома БДУ, навуковыя стажыроўкі. Яны, дарэчы, прывялі да навуковых публікацый. Не суперскага ўзроўню, вядома, але для студэнта гэта было няблага. Акрамя гэтага, таксама ацэньваліся матывацыйны ліст, сумоўе. У прынцыпе, атрымаць стыпендыю даволі рэальна, калі ты маеш нармалёвыя паказчыкі і досвед.
Вучыцца, мяркую, было няпроста. У чым палягалі асноўныя складанасці?
Сапраўды, гэта было даволі няпроста. Па-першае, структура праграмы такая, што цягам двух гадоў неабходна вучыцца ў розных універсітэтах. У гэтым сутнасць еўрапейскай ідэі. Калі ты робіш сваё даследванне ў дзвюх-трох краінах, то не толькі атрымоўваеш адукацыю, але і насычаешся культурна, даведваешся пра розныя асаблівасці, сустракаеш безліч людзей, каштуеш розныя сістэмы навучання, якія нават у межах адной дзяржавы могуць быць рознымі.

Выпускная цырымонія ва Ўніверсітэце Сэнт-Эндрус
Цягам гэтых двух гадоў я мусіў вучыцца мінімум ў трох універсітэтах. У нас было тры «фіксаваныя» семестры, а на чацвёртым можна было выбіраць, дзе ты хочаш пісаць тэзісы магістарскай дысертацыі, у якім універсітэце, з якім прафесарам. Першы год я вучыўся ў Бельгіі, ва Ўніверстэце Гента і Вольным універсітэце Брусэля. Другі я цалкам правёў у Шатландыі, ва Ўніверстэце Сэнт-Эндрус. Хуткая рэакцыя студэнта, уменне адаптавацца да атачэння, горада, зменаў сістэм навучання — гэта і ёсць адны з асноўных перавагаў праграм мабільнасці. Калі я пераехаў у Шатландыю, там наогул усё было па-іншаму. У Сэнт-Эндрусе шмат увагі надзялялася самастойнай падрыхтоўцы студэнтаў. Падсумоўваючы, скажу, што пераезды і адаптацыя былі тым самым складаным.
Але і загрузка студэнтаў была даволі сур’ёзнай. У Генце я адчуў, што за адзін семестр вучыўся болей, чым за два курсы ў БДУ. Там прынцыпова іншы падыход, усё вельмі інтэнсіўна. Прафесары ставяць іншыя акцэнты ў зносінах са студэнтамі, у лабараторных працах. Наогул, зусім іншы падыход да фармавання ведаў. У БДУ гэта класічная база, якая не прадугледжвае нечага сучаснага. У заходнееўрапейскіх універсітэтах — наадварот, акцэнт на актуальным. Навуковыя распрацоўкі адразу імплементуюцца ў праграму, і яна пастаянна змяняецца, пераглядаецца мінімум адзін раз на два гады. У БДУ праграма фармавалася даўно, яна вельмі закасцянелая. Многіх курсаў, якія былі ў Бельгіі і Шатландыі, на радыёфізіцы не існавала наогул. Таму да гэтага неабходна было прызвычаіцца і падцягваць сябе. Новыя веды, атачэнне, людзі, умовы побыту — усё гэта ўтварае агульную карціну. Не скажу, што я пакутваў. Мне падабалася. Калі ад гэтага атрымоўваеш задавальненне, то яно ідзе табе на карысць.
Ты неяк казаў, што інтэнсіўнасць працы дасягала такой мяжы, што адзінай развагай было паспаць. Чым ты займаўся апроч вучобы, калі ў цябе, натуральна, быў на гэта час?
У Генце я граў у футзал. У Брусэлі графік быў шчыльнейшым. Там я нічым не займаўся. У вольным час стараўся падарожнічаць. У Сэнт-Эндрусе я ўзнавіў сваё захапленне настольным тэнісам. З адноснай актыўнасцю трэніраваўся. Стараўся вандраваць як мага болей. Шатландыя — неверагодная па прыгажосці краіна. У яе асаблівая прырода. Эдзінбург — гэта адзін з самых прыгожых гарадоў, у якіх я быў. Там можна хадзіць месяцамі.

Адна з вандровак: Ньюкасл

Адна з вандровак: Жэнева, Швейцарыя
То бок трэба быць гатовым, калі пагаджаешся разгарнуць сваё жыццё ў такі бок, што вучоба будзе сапраўднай і забярэ шмат часу і высілкаў?
Гледзячы, якія мэты ты пераследуеш. Большасць студэнтаў вельмі плённа і інтэнсіўна працуе, каб сярэдні бал дыплома быў высокім. Але некаторыя едуць на такія праграмы не па веды ў першую чаргу. Кожны дзень ты сустракаеш вялікую колькасць людзей з розных краінаў. За час вучобы ў Бельгіі я сустрэў значную частку Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Аўстраліі і Акеаніі, Еўропы. Ёсць безліч усяго цікавага. Можна даведвацца тое, што раней падавалася недасягальным, можна дзяліцца сваёй культурай, вандраваць. Вельмі шмат розных магчымасцей для культурнага і сацыяльнага развіцця. Многія едуць менавіта па гэта, а веды становяцца другараднай мэтай.
Два гады тваёй вучобы скончыліся. Што было далей?
Далей была Аўстралія.

Бухта Сіднэя. Сіднэй, Аўстралія
То бок гэта быў загадзя падрыхтаваны крок?
Так, наскокам у Аўстралію не трапіш. Гэта каштавала мне вялікай колькасці намаганняў, у першую чаргу бюракратычных. Трэба было падрыхтаваць шмат дакументаў, штосьці напісаць, запоўніць. Калі ты хочаш трапіць у добры ўніверсітэт, у моцную навуковую групу, то трэба займацца гэтым загадзя.
А чаму абраў менавіта Аўстралію?
Гэта доўгі шлях, але цалкам лагічны. Спачатку я вызначыўся, у якой галіне хацеў бы праводзіць даследванне і працаваць у будучыні. Пасля канкрэтна сфармуляваў свае планы і задачы. Пасля гэтага ўзніклі першыя варыянты, дзе гэтым займацца: краіны, універсітэты, навуковыя групы. Калі я дакладна вызначыўся, то кола магчымасцей атрымалася зусім невялікім. Мая вобласць даволі маладая, навуковыя групы толькі з’яўляюцца ў свеце. Былі прапановы ў Еўропе і Аўстраліі. Я падумаў, што трэба паспрабаваць з Аўстраліяй. Тут прэстыжны ўніверсітэт і ўзровень адукацыі. Таму я вырашыў змяніць атачэнне і паехаць на іншы кантынент.

Адзін з паркаў Брысбена

Сіднэйскі оперны тэатр
Каардынальным мой выбар можна назваць толькі ў плане адлегласці і клімату. Па ўспрыманні Аўстралія нагадвае Брытанію. Па сутнасці, з Шатландыі я прыехаў у былую брытанскую калонію. Менталітэт тут, вядома, не адзін у адзін, але падобны. Уклад жыцця больш менш брытанскі, побытавыя рэчы ўжо знаёмыя. Культурны пераход быў простым, яго я па сутнасці не заўважыў. А вось да клімату, прыроды трэба было прызвычаіцца.
Што цябе ўразіла па-асабліваму, калі ты прызямліўся на зялёным кантыненце?
Пэўна, прырода і ўразіла. Для нас, беларусаў, Аўстралія — гэта ўсё ж экзотыка. Мы не так багата ведаем пра Аўстралію. Перед прыездам я прачытаў шмат артыкулаў і кніг, каб сфармуляваць для сябе, чаго я магу чакаць ад гэтай краіны. Было лета, калі з зімы я прыехаў у Аўстралію. У мінулым годзе дык было наогул вельмі спякотна. Прыгажэнная прырода, вялізарная колькасць жывёл. Столькі яшчарак, птушак, насякомых — такога не сустрэнеш у Еўропе. Мяне вельмі натхняла, калі я бачыў тое, пра што раней толькі ўяўляў. Бывае, ідзеш на вучобу, сустракаеш папугаяў розных колераў і памераў. Яны пастаянна крычаць нешта рознымі галасамі. Гэта вельмі дасціпныя птушкі. Падыходзіш бліжэй – яны пачынаюць разглядваць цябе, між сабой перакрыквацца. Вялікія папугаі больш разумныя, як мне падаецца.

“Памятай: ты ў Аўстраліі”

Вялікі руды кенгуру

Какаду
Калі ўсё гэта бачыш, яно становіцца для цябе вечным напамінам, што ты ў Аўстраліі, а не дзесьці яшчэ. Апроч гэтага, акіян тут літаральна пад бокам, а гэта, безумоўна, дадае радасці. Уклад жыцця, натуральна, адрозніваецца ад еўрапейскага. Тут кожныя выходныя ходзіш на пляж і можаш рабіць усё, што заўгодна. Сёрфінг, параглазінг, дайвінг, снортлінг. Я пералічваю вялікую колькасць слоў і нават пачынаю забываць, як яны перакладаюцца.
Аўстралія – неабдымная краіна. Ездзіць тут можна ў любую кропку па любым маршруце. Хоць і няпроста, але гэтую акалічнасць вынесем за дужкі. Я жыву ў Брысбене, які знаходзіцца ў паласе субтропікаў. Калі падняцца вышэй на поўнач, можна апынуцца наўпрост у тропіках. Тут многа жывёлаў: кенгуру, папугаі, галубы.

На ўзбярэжжы бухты Сіднэя
Чым даўжэй размаўляю з табой, тым больш разумею, што наступнае пытанне хочацца сказаць са сцвярджальнай інтанацыяй: ты адчуваеш себе на сваім — правільным — шляху?
Зараз — так, безумоўна. Навука — рэч вельмі непрадказальная: у ёй хутка ўсё змяняецца. Але тое, што я рабіў цягам апошніх васьмі гадоў, было ўсвядомленым, паслядоўным. У гэтай справе важна мець план і прадумваць свае дзеянні на колькі крокаў наперад. Калі я зразумеў, што хачу адчуць, што такое сусветная навука, пачаў шукаць стажыроўкі. Калі ўсвядоміў, што жадаю паступіць у магістратуру на Захадзе, таксама склаў спіс крокаў: што трэба зрабіць, каб адпавядаць крытэрам, па якіх абіраюць стыпендыятаў. Гэтым я займаўся не апошнія некалькі месяцаў, а некалькі гадоў. Трэці, чацвёрты, пяты курсы. У магістратуры я дакладна ведаў, што буду працягваць вучобу. Таму таксама склаў план таго, што мне патрэбна, каб, па-першае, паспяхова вучыцца ў магістратуры, па-другое, знайсці моцнае месца для даследванняў і займацца тым, чым хачу.
Пасля аспірантуры прадказваць сваю будучыню будзе складаней. Але пакуль я магу кантраляваць свае дзеянні і высілкі і стараюся гэта рабіць. Мне вельмі падабаецца тое, чым займаюся, і гэта надае мне дадатковыя сілы.
Ці мог бы ты распавесці пра самыя важныя сустрэчы ў тваім жыцці?
Калі казаць пра мой навуковы шлях, то гэта былі сустрэчы ў Дацкім тэхнічным універсітэце. Людзі, якіх я спаткаў, ці, дакладней, адзін чалавек даў мне невымерна шмат у розных сферах: навуковай, культурнай і наогул жыццёвай. Гэта той чалавек, якому я бясконца ўдзячны. Таксама гэта сустрэчы з некаторымі прафесарамі, якія стаяць на самых высокіх ступенях інтэлектуальнага развіцця чалавецтва, калі б можна было ўявіць сабе такую інтэлектуальную іерархію. Зносіны з імі прыносяць апроч задавальнення (гэта ўсё мішура) узвышэнне сябе самога. То бок ты дакранаешся да гэтага ўзроўню і стараешся пабудаваць пэўную сувязь з гэтай інтэлектуальнай вышынёй. Такія сустрэчы здараюцца нячаста, але яны зараджаюць настолькі, што на гэтым энтузіязме, якімі яны дзеляцца, можна працаваць нямала часу. З апошняга – сустрэча з нобелеўскім лаўрэатам Уільямам Філіпсам у Новай Зеландыі. Гэта чалавек, які стаіць не на адну, а на некалькі інтэлектуальных прыступак вышэй. Для мяне яна стала вялікім інтэлектуальным, навуковым, ментальным зарадам, які мне даў шмат. Буду з ім яшчэ працаваць доўга.

Сустрэча з Нобелеўскім лаўрэятам па фізіцы (1997) Уільямам Філіпсам у Новай Зеландыі
Ты памятаеш, пра што марыў у дзяцінстве?
Калі я быў дома, знайшоў стары відэазапіс, які мае бацькі зрабілі ў чацвёртым класе. Там, калі нас пыталі, кім мы хочам стаць у будучыні, я сказаў: акрабатам. Але не склалася. А калі сур’ёзна… Я шчаслівы чалавек. У мяне складваецца ўсё так, як я і марыў. Я хацеў займацца тым, што мне цікава. Адкрываць нешта новае. З часам разумеў, у якім накірункі мне хацелася б рухацца. А ва ўніверсітэце я высветліў для сябе, што насамрэч вельмі люблю вучыцца. Самаразвіццё, самаадукацыя — гэта неад’емная частка майго жыцця.
Я вельмі ўдзячны сваім бацькам, бабулям і дзядулям. Без іх падтрымкі не было б нічога. А дзякуючы ім – усё гэта ёсць.