Чаму беларусам патрэбны alumni-сеткі
- Час чытання: 5 хвілін
Марыя Русак – выпускніца некалькіх прэстыжных замежных праграмаў. Adukacyja.Info распытала яе, што такое сеткі alumni (выпускнікоў) і ці трэба беларускім выпускнікам нешта падобнае.
Хто такія Alumni?
Аламні – гэта па-простаму выпускнікі нейкай навучальнай установы, якіх аб’ядноўвае агульны досвед навучання, настаўнікі, тусоўкі, нейкія традыцыі, і часам адмысловы дух месца. Аламні ты становішся не на апошнім курсе, але па факце атрымання дыплома ці заканчэння ўстановы. Можна сказаць, што аламні – гэта выніковы прадукт працэссу навучання, але насамрэч цяжка падабраць нелацінскі сінонім, іншы ад дакладнага перакладу “выпускнік”.
У якіх сетках выпускнікоў ты тусуешся?
Фактычна я належу да дастаткова вялікай колькасці аламні-сетак, бо гэта можа быць суполка не проста ўнівесітэта ці школы, але і розных адукацыйных праектаў, у тым ліку нефармальных. Збольшага я дастаткова актыўна ўдзельнічаю ў суполцы майго каледжу (адзін з United World Colleges), універсітэту, стыпендыяльнай праграмы маёй магістратуры. Некаторыя аламні-суполкі таксама падзяляюцца на меншыя, больш спецыфічныя, напрыклад, я удзельнічаю ў суполцы ўсіх выпуснікоў менавіта майго каледжу – Red Cross Nordic UWC, суполцы ўсіх UWC-alumni майго году, суполцы беларускіх выпускнікоў гэтых каледжаў, а таксама руху UWC агулам.
Анлайн-ініцыятыва выпускнікоў UWC
Ці трэба адмыслова «уступаць» у нейкую сетку выпускнікоў, ці пасля заканчэння пэўнай ВНУ ці праграмы аўтаматычна становішся яе чальцом?
Звычайна “уступаць” у суполку, як і плаціць “арганізацыйны ўнёсак” не трэба, ты становішся яе ўдзельнікам аўтаматычна. Увогуле, гэтыя арганізацыі збольшага нефармальныя,і існуюць у выглядзе анлайн-платформаў, дыскусій, суполак на фэйсбуку ды іншых. Пры гэтым на больш афіцыйным узроўні ўсё ж такі вядзецца вялікая датабаза ўсіх аламні, якія належаць да гэтай суполкі. Такія датабазы вельмі карысныя – цябе залічаюць па заканчэнні і там ты можаш абнаўляць сваю інфармацыю, шукаць патрэбных людзей па геаграфічным прынцыпе ці прафесійнай сферы дзейнасці.
Чым займаецца такая сетка? Ці сустракаецеся вы ў рэале? Што робіце разам?
Сеткі алумні займаюцца рознымі рэчамі ў залежнасці ад маштабаў і кампетэнцый. Тым не меней хіба самым важным абагульняючым фактарам з’яўляецца магчымасць сацыяльнага нэтворкінгу, пошуку аднадумцаў і магчымасцяў. Напрыклад, праз суполку выпускнікоў Прынстанскага ўніверсітэту можна знайсці важныя прафесійныя кантакты, новую працу ці нават інвестараў. Калі чалавек пакідае дакладную кантактную інфармацыю ў датабазе, ён такім чынам пагаджаецца на сувязь з калегамі, з якімі яго аб’ядноўвае пачуццё агульнай прыналежнасці. Гэта своеасабілвы прывілей, які будзе недаступны чалавеку па-за межамі суполкі. Студэнтам-пачаткоўцам пры пошуку працы часта раяць пашукаць парфесійныя кантакты праз універсітэцкіх alumni, напісаць некалькі мэйлаў, распытваючы пра асаблівасці індустрыі ды магчымыя парады. Нярэдка людзей, якія выпусціліся з інтэрвалам у 20 год, аб’ядноўвае агульнае разуменне месца, што часта адразу падвышае ўзровень даверу ды робіць магчымае супрацоўніцтва прасцей.
У рэальным жыцці сустрэчы выпускнікоў вялікіх універсітэтаў адбываюцца амаль як у Беларусі, але з іншым маштабам. Вялікая частка ўніверсітэцкага бюджэту прыходзіцца на прыватныя ахвяраванні ад выпускнікоў. За адны выходныя сустрэчы выпускнікоў адзін клас можа сабраць тры мільёны даляраў, і таму адміністрацыя ўніверсітэтаў спрабуе зрабіць усё, каб спадабацца. Сустрэчы адбываюцца штогод і доўжацца па 4 дні, а таксама alumni маюць сваю Раду ў адміністрацыі і могуць уплываць на палітыку ўніверсітэта.

Парад выпускнікоў Прынстанскага ўніверсітэту, гэтыя выпускнікі – 75-гадовай даўнасці
У іншых alumni-суполках, такіх як UWC, супраоўніцтва будуецца больш на сістэме crowdsourcing. Калі ты працуеш над праектам і шукаеш аднадумцаў, калі табе патрэбная спецыфічная прафесійная парада ці эксперт у любой сферы – гэта лепшае месца для пошуку. Людзей аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці і разуменне свету, і таму акрамя практычных парадаў удзельнікаў анлайн-платформаў часта абмяркоўваюць складаныя этычныя, адукацыйныя і палітычныя пытанні. Таксама праз суполку UWC alumni можна адшукаць цікавую працу, летнюю праграму, атрымаць незалежную параду па супрацоўніцтве з НДА ў любой краіне, ці проста знайсці, дзе пераночыць у любым горадзе свету. Хіба цікавы момант суполак UWC – гэта сістэма сустрэч амаль што ў любым горадзе ў другую нядзелю кожнага месяца а 6 увечары (SSS: Second Sunday at Six). Гэта дазваляе пабачыцца ў рэальным жыцці і паразмаўляць пра нешта важнае.
Як мяркуеш, ці магчыма ў Беларусі ствараць такія сеткі?
Я думаю, што дакладна магчыма і варта. Пры гэтым павінна быць створана разуменне са-ўдзелу, таго, што вас аб’ядноўвае агульны досвед, які ў пэўным сэнсе робіць вас бліжэй, нават калі вы сустракаецеся ўпершыню ў жыцці. Гэта складана ва ўмовах беларускай вышэйшай адукацыі, але магчыма, і нават неабходна, калі мы хочам мець развітую грамадзянскую супольнасць. Чым у большай колькаcці сацыяльных суполак удзельнічае чалавек, тым больш багаты яго сацыяльны капітал, які сёння хіба з’яўляецца адной з галоўных умоваў паспяховасці.
Якіх выпускнікоў ты там бачыш?
Большасць актыўных удзельнікаў суполак alumni – людзі вельмі актыўныя і ў жыцці. Гэта прафесіяналы сваёй сферы, зацікаўленыя ў разбудове кантактаў, але таксама і людзі, якія толькі шукаюць свой шлях, але не баяцца задаваць пытанні. Такім чынам суполка выпускнікоў – гэта не толькі магчымасць паразмаўляць пра дзяцей і працу, гэта таксама пра новыя ідэі і магчымасці. У Беларусі alumni-суполкі могуць будавацца па падобным прынцыпе, у нас хапае апантаных людзей, якія шукаюць аднадумцаў.
Чым бы яны маглі займацца?
Мне хацелася б пабачыць суполку людзей, дзе можна знайсці аднадумцаў для праекта, атрымаць інсайд-інфармацыю ў нейкай галіне ці параду па нейкім пытанні. У маім разуменні гэта магло б быць нешта накшталт талакі, але больш акрэсленай ці спецыялізаванай.
Ці хацела б ты быць у такой сетцы?
Так, зразумела, але як мне падаецца, вельмі важным з’яўляецца наяўнасць нейкага абагульняючага фактару, а не проста супольнасці выпадковых людзей. Напрыклад, магла б існаваць суполка беларускіх студэнтаў замежжа, але не зусім зразумела, ці будзе гэта дастатковым элементам.
Можа нейкія цікавыя, натхняльныя ці суперпаспяховыя гісторыі з досведу alumni-сетак?
Аднойчы ў нас з сябрамі атрымалася пажыць тыдзень у мастацкай галерэі ў Парыжы, толькі таму, што яе ўласнік вучыўся ў нашым каледжы 35 гадоў таму. Іншым разам атрымаць ключы ад кватэры ў Нью-Йорку, гаспадар якой бачыў мяне першы раз у жыцці і толькі 5 хвілінаў. З сур’ёзных выпадкаў маім беларускім сябрам атрымалася дапамагчы выпускніку Прынстана 1965 года, бацькі якога прыехалі з Беларусі. Сам ён хацеў знайсці некаторыя архіўныя звесткі, вёску ды могілкі сваякоў. У адказ мы атрымалі запрашэнне на ранча ў Тэхасе.

Той самы шчаслівы амерыканец, якому выпускнікі дапамаглі адшукаць беларускія карані
Увогуле, усім бы параіла разбудоўваць сістэму кантактаў, удзельнічаць у вялікай колькасці суполак ды не баяцца пісаць незнаёмым людзям!