Чаму мы навучыліся ў 2018

Каманда Адукацыі шчыра дзеліцца сваімі адукацыйнымі досведамі за год. А вы як?

 


Аўдыёнавучанне нон-стоп і тэхнікі дыхання

Аудыянавучанне ў рэжыме «стэнд-бай»

Стаяць у даўжэзнай чарзе па штосьці ці ехаць кудысьці з дзвюма-трыма перасадкамі – губляць каштоўны час? Так, але я знайшла выйсце з штодзённай рутыны: іншамоўнае радыё, падкасты, анлайн-курсы ў аўдыяфармаце ці відэа. Бо чытаць зранку ў цёмным, поўным трамваі не вельмі эфектыўна (пагаршаецца зрок, складана сканцэнтравацца, калі пхаюць з усіх бакоў ці трэба хутка бегчы да наступнага прыпынку). Мая адзіная інвестыцыя – гэта бяздротавыя, плотна прылягаючыя навушнікі з Bluetooth, каб нічога не замінала ў дарозе. Дваццаць-трыццаць хвілін падаецца нязначным часам для навучання, але калі падлічыць, колькі часу атрымліваецца за тыдзень (два разы на дзень, пяць дзён), то гэта ўжо амаль пяць гадзін, альбо як тры-чатыры курсы на тыдзень! Тэлефон, інтэрнет, навушнікі – і кожны сам стварае сваю штодзённую вучэльню!

Тэхнікі дыхання

Аптымізаваць свой час можна і нават трэба як мага лепш. Але мы не робаты, і занадта мітуслівая, багатая на падзеі і выпрабаванні паўсядзённасць можа выклікаць пачуццё трывогі, няўпэўненасці, жаху. Існуе безліч тэхнік для барацьбы са стрэсам, што яшчэ больш збівае з панталыку. Я вырашыла пайсці найбольш простым і эфектыўным шляхам канцэнтрацыі на дыханні. Гэта аснова нашага жыцця, штосьці настолькі знаёмае нам, што засяродзіцца на ім куды лягчэй і хутчэй. Я выкарыстоўваю бясплатнае мабільнае прыкладанне Prana Breath – часам нават у дарозе. Бо калі не дыхаць як Дарт Вэйдэр, то ніхто не заўважыць і не будзе перашкаджаць пытаннямі :) Як і з навучаннем, нават некалькі хвілін такого свядомага дыхання могуць пазітыўна паўплываць на вашае жыццё, асабліва калі гэта ператворыцца ў звычку.

Марыя Кірава


Unlearning, менш працы і больш матывацыі

Працаваць менш

Натхнёная шчырай кніжкай Refusal of Work пра людзей, якія вырашылі зусім не працаваць або працаваць мінімальна і больш якасна пражываць сваё жыццё ў вольны час, а таксама знакамі, якія ўжо падавала мне цела, я навучылася працаваць менш, адмаўляцца ад нецікавага і непатрэбнага і пражываць простыя рэчы (шпацыр на прыродзе, вячэра з сябрамі, чытанне, маляванне і ручная творчасць) у кайф.

Unlearning

Gaia University, пара кніжак пра нестандартную педагогіку, і фільм смелай італійскай сям’і паўплывалі на тое, што зараз я часта задаю сабе пытанне: “Ці гэта сапраўды маё меркаванне/адчуванне/жаданне? Ці гэта нейкая навязаная звонку ідэя, ад якой мне трэба ад-вучыцца?

Іншы стыль жыцця

У гэтым годзе мне давялося аж два разы пабываць у нямецкім Грайфсвальдзе, дзе нашыя сябры і партнёры жывуць і будуюць надзвычайнае жыццё: адзін дом на ўсіх, ежавыя кааператывы і адкрытасць да ўсіх, хто глядзіць у той жа бок.

Moving motivators

Каб зразумець, што вас найбольш матывуе у дзейнасці, можна адранжыраваць 10 важных матыватараў, і зразумець, куды рухацца далей. Для мяне вось найбольш важныя сувязі з людзьмі, свабода і цікаўнасць, а для вас?

 

Ганка Барадзіна


Адчуць сябе global citizen

Адным з найбольш яскравых АДУ-здарэнняў гэтага года для мяне быў адукацыйны курс па global citizenship ад ЮНЭСКА, дзякуючы якому праз сторы-тэллінг я даведалася пра натхняльныя гісторыі людзей, якія робяць адукацыю даступнай для маладых людзей з лакальных супольнасцяў у аддаленых рэгіёнах па ўсім свеце.

Раю ўсім знайсці час даведацца больш пра global citizenship тут і стаць майстарам сторы-тэллінгу тут
Алеся Петравец

Learn by doing

Гэта быў самы насычаны ў адукацыйным плане год за ўсё маё жыццё. І гэта нягледзячы на тое, што як мінімум універсітэт я скончыла летам 2017. Тры словы, што я засвоіла назаўсёды - learn by doing. Чаму паспела навучыцца так? Па-першае, дзякуючы чароўнаму курсу Адукуй сябе пра Еўропу, умею пісаць эсэ, інтэрв'юшкі ды нават больш-менш праводзіць трэнінгі.

Па-другое, падцягнула англійскую мову дзякуючы таму, што стасуюся з людзьмі, у якіх узровень валодання вышэйшы за мой.

Па-трэцяе, здабыла карысныя навыкі працы ў камандзе і пазбягання/пераадольвання канфліктаў. А таксама таму, што сваіх памылак ня трэба баяцца, а наадварот на іх вучыцца!

Усім АДУптам жадаю ў новым годзе не толькі новых ведаў, але і магчымасцяў іх прымяніць для добрай справы :)

Дзіяна Ляшкевіч


Чытай, слухай, глядзі, натхняйся людзьмі і запісвай

Я не самы ўзорны і «прыгожы» прыклад адукацыйных гісторый (нават захацелася напісаць «дарагі Дзядуля, у гэтым годзе я паводзіла сябе не так ужо добра - гэта праўда, але...»). Але ўжо калі прыпараваць гэты год, то ён апынуўся «прашыты» і прасякнуты новым, усвядомленай нефармальнай адукацыяй, ці хутчэй усвядомленым развіццём па ўсіх франтах. Як гэта выглядае? Ніжэй - мой топ стратэгіяў і інструментаў.

Запісваць
Я пачала ўсё запісваць. Вось сапраўды амаль усё: акрамя штодзённіка, са структурай якога я не перастаю эксперыментаваць, але ў які час ад часу магу не зазіраць (голая праўда, каб ніхто не падумаў, што я тут майстар самаарганізацыі), у мяне ёсць нататнік, куды я стараюся запісваць назіранні за ўласнымі эмоцыямі і станам, выдаткаваным часам і біялагічнай актыўнасцю (вельмі турбуе тэма прадуктыўнасці і асабістай арганізаванасці) - змагаюся, як магу. А яшчэ быў трэкінг звычак, сну і харчавання.

У мяне шмат паперак, на якіх я фіксую ўсё: ідэі і думкі, сваё і чужое - без фільтраў, стараюся запісваць усё, што мяне спыняе і кранае, і думкі, і душу, і погляд. Ня ацэньваючы, а проста збіраючы энтрапію - паверце, потым пазл складзецца. Большасць з «запісак вар'ята» потым перабіраю і сартую - у мяне ёсць сценка, на якую я ляплю свой "план па захопу сусвету", спісы «пачытаць», «паглядзець», ідэі па працы, проста ідэі, думкі пра сябе і іншае. А яшчэ раскладваю па хаце рознакаляровую паперу, гатовую да паглынання майго ўнутранага трызнення і «геніяльных» ідэй.

Людзі як натхненне
Знайшла сабе ментара (на гэтую тэму была кніга «Нумар 1. Як стаць лепшым у тым, што ты робіш» ад МІФа).
Стараюся ўглядвацца ў людзей вакол сябе, шчыра імі цікавіцца (а калі не атрымліваецца - то трэба сыходзіць, і не хлусіць ні сабе, ні іншым) і вучыцца ў іх - што яны слухаюць, глядзяць, чым натхняюцца, чаму і як становяцца тымі, кам становяцца. Гэта, акрамя пашырэння далягляду і развіцця сацыяльных навыкаў, выдатная прышчэпка ад цэнтравання на сабе і сваёй унікальнасці.

Кнігі
Летам неяк накрыла мяне думка, што вось без чаго я не хачу прадстаўляць сабе сваё жыццё, дык гэта без кніг. У маё жыццё вярнулася мастацкая літаратура! Разбавіўшы прафесійную і разнастайны нон-фікшн.
Я стала нашмат больш чытаць і свядома вылучаць на гэта час. І калі нехта мне кажа, што на чытанне не хапае часу - то для мяне гэта выключна пытанне прыярытэтаў. Калі працэс чытання становіцца ці ўжо з'яўляецца значным - на гэта будзе знаходзіцца час, у рознай ступені шмат, але будзе. А тое, што вось некалі, «не люблю чытаць з экрана» ці «кнігі - гэта дорага» (і далей па спісе) - усё гэта ... самі ведаеце што.

Адна з любімых кніг года для мяне (у катэгорыі фікшн) - Паскаль Мерсье і яго «Начны цягнік на Лісабон», разбіраю спісы апошніх нобеляў, ганкураў і пулітцэраў і падглядваю за кніжнымі крытыкамі (Галіна Юзэфовіч на ютубе ў розных праектах і на медузе). Нарэшце знайшла для сябе самае больш-менш аптымальнае на дадзены момант прыкладанне для чытання - букмейт (не абсалютна ўсё ў наяўнасці, але вельмі шмат + выдатныя «кніжныя паліцы» - рэкамендацыі і водгукі тых, чыё меркаванне цікава даведацца. Па падпісцы). Лікую!

Падкасты
Пасля згадкі прыкладання букмейт вышэй перайду да тэмы подкаст, бо менавіта з падкасту «Чытач» мяне зацягнула ў гэтае прыўкраснае балота і зыбучыя пяскі - абсалютна выдатны новы стары спосаб слухаць і пазнаваць. І справа зусім не ў эканоміі часу, як кажуць многія (асабіста для мяне - не ў гэтым соль, бо я не магу слухаць нахаду або паралельна абіраць бульбу), а ў тым, што можна чуць жывыя зносіны, эмоцыі і нараджэнне сэнсаў ў працэсе . Яшчэ адзін з маіх любімых подкастаў, «падораных» (г.зн. парэкамендаваных выдатным чалавекам) - Курлы-курлы.

Кіно, опера і балет
Люблю ў якасці наводкі слухаць ці глядзець крытыку Антона Доліна (раю асабліва яго нядаўні запіс з лекцыі - як у кіно адлюстроўваецца тое, што зараз адбываецца ў свеце і ў Расіі ў прыватнасці).
Опера: адна парада - хадзіць і наслухоўваць вуха, чытаць лібрэта - і на які-небудзь (хутчэй за ўсё не першы) раз вам адкрыецца цуд (якім бы сумным вам не здавалася гэта дзейства ў самым пачатку).

Ютубчык дарагі
Каналы, якія прыўносілі сэнсу альбо паўплывалі на мяне - Парфенон Леаніда Парфёнава, канал пра развіццё і навучанне Насці Кей (дарэчы, беларускі!) І каналы аб мінімалізме Sorelle Amore і Matt D'Avella, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія працуюць у сферы візуальнага, але пры гэтым падзяляюць каштоўнасці мінімалістычнага ладу жыцця.

Падарожжы
Горады як універсітэты (вызначэнне Парфёнава - я пазычыла), і жаданне максімальна прымяраць на сябе ролю мясцовай - паспрабаваўшы падарожнічаць такім чынам, з падобным падыходам не магу і не хачу назад.

І гэта толькі частка: яшчэ былі але не ўвайшлі ў чартар мінімалізм, фемінізм, зеро вейст, развіццё візуальнага густу, анлайн курсы і наогул навучанне (англійская, праграмаванне), універсітэт і праца...

І ўсе гэтыя літары не для таго, каб паказаць, што я вось малайчына і арганізаваная такая ўся, і ад лішку вольнага часу бязладна ствараю і забаўляюся асобасным ростам - як раз наадварот: я прарастынатар высокага ўзроўню (і шмат чаго яшчэ - пра што прамаўчу). Я хацела сказаць, што апускаючыся ў сябе, даследуючы сябе і свае спосабы пазнання свету, можна рабіць сваё бачанне больш выпуклым, аб'ёмным, а жыццё - усвядомленым, лягчэйшым. А яшчэ - так весялей!

Дар'я Падбярэзская