Change your head, цi Дзе вучыцца рэкламе ў Маскве


Святлана Немянкова, студэнтка Акадэміі камунікацый Wordshop у Маскве, стратэг медыйнай агенцыi MEC Russia: “Ніколі не спыняйся. Ні ў жыцці, ні ў навучанні!”

Што такое Wordshop і як ты туды трапіла?

Акадэмія камунікацый Wordshop была адной з першых, хто выйшаў на адукацыйны рынак у сферы рэкламы. Упершыню я пра яе даведалася, калі зразумела, што адной на працы ў сферы рэкламы мне мала і што я жадаю атрымліваць дадатковую адукацыю.

Я наведала адкрытыя заняткі, схадзіла на дні адчыненых дзвярэй і на нейкі час забыла пра гэта. Потым выпадкова ў фэйсбуку ўбачыла аб’яву пра конкурс на бясплатнае навучанне альбо на навучанне са зніжкай. Для мяне гэта быў шанец, таму што навучанне ў школе дарагое.

1

У акадэміі камунікацый Wordshop ёсць 5 факультэтаў: капірайтынг, арт-дырэкшн, медыяпланаванне, стратэгія і відэа. У чым сутнасць кожнага напрамку і чаму ты абрала стратэгію?

Я абрала стратэгію не таму, што яна там ёсць, а таму што я жадала навучацца на кірунку стратэгія.

Калі казаць агулам, то капірайтынг – гэта слова, або на якой мове гаворыць твой брэнд; медыяпланаванне – гэта тое, дзе ты хочаш размяшчаць сваю рэкламу; стратэгія – як знайсці шлях да спажыўца, праз якія паведамленні і з дапамогай чаго; арт-дырэкшн – як зачапіць спажыўца праз візуальныя вобразы; прадусаванне – гэта прасоўванне прадуктаў. Стратэгія – гэта тое, што ахоплівае кожную з гэтых сфер. Стратэгу трэба ўмець пабудаваць масток і з капірайтэрам, і з арт-дырэктарам, і з медыяпланёрам. Гэта такі лекар у шпіталі, які павінен знайсці агульную мову з усімі.

Ужо прайшоў год, як ты адвучылася, што табе дала гэтая праграма?

Калі я туды паступіла, я яшчэ працавала медыапланёрам. Калі адвучылася менш за паўгады, мяне запрасілі працаваць стратэгам. Мая мэта была дасягнутая ўжо на сярэдзіне шляху. Потым я навучалася і ў іншых школах, але Wordshop адрозніваецца тым, што дае магчымасць пагружэння ў асяроддзе. Ты хутчэй працуеш, чым вучышся, паколькі ўсе задачы максімальна рэалістычныя. Усё выбудавана так, каб ты прыйшоў у кампанію i адразу мог ўключыцца ў працоўны рэжым, а не адчуваць сябе страчаным і недасведчаным.

Чым адрозніваецца праграма ад класічнай універсітэцкай адукацыі?

Галоўнае адрозненне – гэта тое, што там выкладаюць практыкі, людзі, вядомыя на рынку, якіх шануюць, якія ўжо нечага дасягнулі ў гэтай сферы. У плане працэсу навучання спадабалася тое, што акрамя свайго факультэта, можна наведваць заняткі на іншых кірунках. Часта людзі прыходзяць на адзін факультэт і разумеюць, што гэта не тое, чаго яны чакалі, і сыходзяць на іншы факультэт. Акадэмія дае магчымасць раскрыць свой патэнцыял, выкарыстоўваць розныя інструменты, зразумець, з чаго складаецца рэклама.

Слоган Wordshop – “Change your head” (змяні сваё ўспрыняцце). Цябе вучаць думаць па-новаму. Перш за ўсё – табе даюць асновы прафесіі. Тэорыя складаецца з мноства інструментаў. Напачатку табе трэба іх вывучыць. Далей ты ўжо сам разумееш, прымаць гэты інструмент цалкам ці мяняць яго пад сябе.

2

Як пабудаваныя заняткі на факультэце “Стратэгія”?

Ты вучышся два гады. Увечары ў буднія дні і днём на выходныя. Абавязковых два ці тры дні для наведвання, а далей па жаданні – ёсць магчымасць наведваць іншыя заняткі і прыходзіць у іншыя дні па-за рамкамі заняткаў твайго факультэта. Колькасць студэнтаў у групе залежыць ад факультэта, на маім было каля 20 чалавек.

Першы год – гэта база. Маркетынг, асновы стратэгіі, брэнд-менеджмент, маркетынгавыя даследаванні і іншае. Другі год – камунікацыйная стратэгія. І, вядома, падрыхтоўка да дыпломнай працы.

Ты скончыла праграму за год?

Так, я адразу пайшла на другі год, таму што ў мяне было, як мне здавалася, разуменне “маркетынгу” увогуле. Але потым я зразумела, што памылілася. Я думаю, што гэта праблема многіх маладых людзей. Нам здаецца, што мы можам хутка ўсяму навучыцца, што няма нічога складанага. Але паколькі ты і працуеш, і вучышся, такі аб’ём вельмі складана адразу ахапіць. Я ў нейкі момант зразумела, што за год нельга навучыцца. Сапраўды трэба больш часу на гэта. І, зрэшты, вучыцца трэба заўсёды. І я да гэтага часу чытаю дадатковую літаратуру і вучуся.

Галоўная асаблівасць навучання?

Гэта кейсавае навучанне. Ты глядзіш на канчатковы вынік і вучышся выбудоўваць ланцужок, якi да яго прывeў. Што такое стратэгія? Гэта шлях з кропкі А ў кропку Б, на падставе таго, якія ў цябе ёсць інструменты і рэсурсы. І як табе з гэтымі рэсурсамі ў гэтую кропку патрапіць. Потым ты сам пачынаеш гэты ланцужок у сябе ў галаве выбудоўваць. Менавіта так выпрацоўваюцца навыкі стратэга – праз пазнанне ўсяго шляху, які прайшоў брэнд.

IMG_2034

Экзамены, залікі ў звыклым нам прадстаўленні ёсць?

Так, вядома, як і ўсюды, гэта аснова і паказчык эфектыўнасці навучання. Акрамя хатняй працы, калі ты павінен сам напісаць крэатыўны брыф ці, напрыклад, прапісаць Інсайт – у нас таксама былі залікі і асноўны экзамен у выглядзе дыпломнай працы.

Якія ты можаш даць рэкамендацыі абітурыентам?

Вельмі раю пагутарыць з тымі, хто вучыўся на спецыяльнасцях, якія здаюцца цікавымі. Схадзіць на дзень адчыненых дзвярэй, звярнуцца да куратараў або пагаварыць са студэнтамi ў групе Wordshop на фэйсбуку. Важна зразумець чаго вы чакаеце ад адукацыі і наколькі гэта суадносіцца з тым, што можа даць акадэмія. Калі вы вырашылі, што гэта тое, пра што вы марылі, безумоўна, трэба рыхтавацца,. Ну і, вядома, ніколі не спыняцца на дасягнутым. Стаўце новыя мэты і ўпэўнена рухайцеся да іх! Поспехаў!