Чатыры тыдні ў Амерыцы, альбо як здзейсніць мару жыцця ў 16 гадоў


Кожны з нас пра што-небудзь марыць: хтосьці пра новы аўтамабіль, нехта пра высокую пасаду… І ўсе мы ўпэўнена паўтараем: “Ды я душу д’яблу гатовы прадаць, каб яна збылася”. Але што бачым у выніку? Мара так і застаецца марай праз ляноту і жыццё без дакладнай мэты. Такім чалавекам я мог назваць сябе каля года таму, калі тэлевізар і кампутар былі маімі лепшымі сябрамі, а кожная мэта знікала з такой жа хуткасцю, як і нараджалася. Але што змагло абудзіць ува мне чалавека, якога я ніколі не заўважаў і каторы змог разбурыць усе стэрэатыпы, якія жылі са мной побач так доўга?

HlDyhpA_nSs

Як ўсё пачалося

Дагэтуль успамінаю той фатальны дзень, калі маё жыццё перавярнулася з ног на галаву (хоць тады аб гэтым яшчэ не здагадваўся). Я, як і заўсёды, прачнуўся, паснедаў і зайшоў у сацыяльную сетку “ВКонтакте”. Першым у вочы кінулася паведамленне ад старэйшага брата. Там была спасылка на нейкі артыкул ад Adukacyja.info, дзе гаворка ішла пра праграму абменаў сярод старшакласнікаў з назвай Youth Leadership Program. Галоўнае, што мне кінулася ў вочы, было салодкае слова ЗША. Я прагледзеў усе патрабаванні і падумаў: “Хм, па-мойму, я падыходжу. Ангельскую ведаю, мне ёсць 16 гадоў, адзнакі ў мяне добрыя. Што яшчэ трэба?” Аднак не хапала галоўнага – жадання. Па сутнасці, яно было, але думка пра тое, што прыйдзецца пісаць нейкія эсэ і што ўсё адно я не прайду ў фінал, не пакідала мяне. Пасля таго як я выказаў гэтае меркаванне наконт праграмы брату, ён сказаў, што настукае мне па галаве, калі я не паспрабую паўдзельнічаць. Ну што ж, прыйшлося спрабаваць. Спачатку было вельмі цяжка: эсэ атрымоўваліся сухімі, без дакладнай інфармацыі, ангельская вельмі кульгала. “Але гэта ж першы досвед! Не ўсё даецца адразу”, – суцяшаў я сябе. Ды і старэйшы брат не пакінуў без дапамогі.

pAsOPttskhA

А потым надышоў той чорны дзень – дэдлайн. Я хутка адправіў эсэ і каля двух месяцаў чакаў адказу. Перад Новым годам звалілася паведамленне: “Вы прайшлі ў паўфінал”. Здавалася, што ад радасці я зламаю галавой столь. Менавіта ў той момант я зразумеў, што ў мяне нарэшце з’явілася мэта, дасягнуць якую было пытаннем жыцця і смерці. Вядома, гэта быў яшчэ не канец: наперадзе чакалі тэст па ангельскай і сумоўе. Так, прыйшлося цяжка. Так, канкурэнцыя склалася вельмі моцная. Але галоўнае правіла, якім я карыстаўся ўвесь час, было “не здавацца”. І што вы думаеце? Праз тры месяцы пасля сумоўя мне тэлефануе засакрэчаны нумар. Голас незнаёмца сцвярджае, што “вы прайшлі ў фінал праграмы YLP. Віншуем Вас!” Не памятаю, што мне гаварылі потым. Помніцца толькі тое, што плакаў я як дзіцё і крычаў у тэлефон: “Дзякуй! Дзякуй вам вялікі!”

А потым пачаліся бясконцыя зборы валізак, медыцынскіх даведак і падрыхтоўка розных дакументаў. Але гэта было ўжо не цяжка. Наадварот – у асалоду.

“Вам нельга кіраваць аўтамабілем, гандляваць наркотыкамі і займацца прастытуцыяй”

Перад пачаткам праграмы я і астатнія ўдзельнікі паехалі ў Вільню, дзе правялі тры дні, каб падрыхтавацца да жыцця ў, здавалася, неверагоднай краіне. Вывучэнне амерыканскіх законаў, звычаяў і нораваў было як цікавым, так і крыху цяжкім заняткам для нас усіх. Але я не магу сабе ўявіць, што б мы рабілі ў ЗША без гэтай інфармацыі. Адкуль мы здагадаліся б, што ў Чыкага забаронена запускаць паветранага змея і лавіць рыбу седзячы на жырафе?

“Паважаныя пасажыры, прышпіліце свае рамяні. Мы ўзлятаем”

Толькі зайшоў у самалёт і ўбачыў: мой сусед раскідаў свае навушнікі, падушку і коўдру на маім месцы. Здзіўлены, я пачаў на яго злавацца і пытаць, навошта ён зрабіў гэта. Адказ быў нечаканы: “Чаго вы на мяне злуецеся? Гэта ваша”. Збянтэжаны, я правёў дзесяць гадзін палёту ціха, зрэдку просячы прабачэння за свой быдляцкі тон. Радавала толькі думка, што зусім хутка я ўбачу праз акенца вялікі горад Чыкага. Але замілавацца ім з вышыні мне не давялося, бо сцюардэса не палічыла патрэбным разбудзіць мяне, каб запоўніць важную форму для пашпартнага кантроля. Рабіць гэта прыйшлося за тры хвіліны. Адчуваў сябе тады алімпійскім чэмпіёнам.

Сардэчна запрашаем у Чыкага!

Толькі выйшаў з самалёта і адразу зразумеў, што я апынуўся ў іншым свеце: паўсюль кандыцыянеры, ангельская мова, і нават сонца па-іншаму свеціць. І вось пад’язджае ён – жоўты прыгажун, мара кожнага падлетка – вялікі School bus! Радасці было… неверагодна шмат. На ім мы адправіліся ў гатэль. У той жа дзень да нас прыехалі амерыканскія ўдзельнікі праграмы з трох штатаў: Мінесота, Іліноіс і Каларада. Мне вар’яцкі захацелася пагутарыць з імі: калі ж выдасца такая магчымасць? Але што я зразумеў? Я не магу размаўляць па-ангельску! Ні слова! Нешта кажу сабе пад нос, і ніхто мяне не разумее, нават нашы беларусы. Гэты моўны бар’ер прыгнятаў мяне амаль тыдзень, у той час, калі я быў у Чыкага. Змог перадужыць яго толькі з дапамогай добрых сябраў з Беларусі, а таксама саміх амерыканцаў, якія былі толькі рады прыйсці на дапамогу.

qGLYfcaQy3Y

За цэлы тыдзень у Чыкага адбылося шмат незвычайных, нечаканых і ад таго цікавых рэчаў. Кожны дзень мы збірался ў невялічкай залі, дзе адбываліся розныя воркшопы па тэмах нашай праграмы: навакольнае асяроддзе, агрыкультура і праблемы, звязаныя з імі. Сказаць па праўдзе, было цяжка, весела і пазнавальна адначасова, бо дагэтуль такога досведу я не меў. Кожны вечар адбывалася нешта займальнае.

11231810_10153413404313523_1026712168339905702_n

Аднойчы нам нечакана сказалі, што цераз дзве гадзіны мы прадстаўляем амерыканцам Беларусь. Што ж, спець “Песняроў” і зрабіць нешта падобнае да беларускіх народных танцаў не стала асаблівай цяжкасцю. Але ніколі не забуду, як нашы арганізатары вырашылі зладзіць дзень розыгрышаў. Нам з сябрамі прыйшла ў галаву думка падысці да іх і з непахісным тварам есці кавалак мыла, кажучы, што мыла – наша нацыянальная страва. Яны, канешне, не паверылі, аднак апёк языка мучыў мяне яшчэ тры дні, а адзіным далікатэсам, які я мог сябе дазволіць, быў лёд.

Найбольш запамінальным для мяне быў дзень, калі нас самастойна адпусцілі шпацыраваць па Чыкага. Мама родная! Такога шторму эмоцый я ніколі не адчуваў! Хмарачосы, музеі, помнікі, шырокія вуліцы, танцоры і спевакі, разнастайныя кавярні – усё гэта ахутала душу, грэла і не адпускала амаль да канца паездкі. Гэта быў наш апошні дзень у горадзе гангстараў. І, мабыць, самы лепшы.

5AhcgpZ_uko

Як стаць амерыканцам за два тыдні

Калі вы думаеце, што для таго, каб даведацца пра амерыканскую культуру, яе правілы і звычаі, трэба проста прыляцець у ЗША, накупіць сувеніраў і паесці чызбургераў, то вы цалкам памыляецеся. Для таго, каб адчуць каларыт, атмасферу Амерыкі, трэба стаць часткай гэтага народу, з галавой занырыцца ў звычайнае паўсядзённае жыццё. Менавіта такой магчымасцю нас узнагародзілі арганізатары праграмы. Цягам двух тыдняў мы жылі ў хост-сем’ях, якія рабілі ўсё, каб мы змаглі адчуць сябе, нібы дома.

Як толькі я прыехаў да сваіх хостаў, мяне адразу ж атачылі клопатам з усіх бакоў. Кожны вечар мы займаліся сапраўднымі амерыканскімі заняткамі: палілі касцёр, смажылі зефір і гутарылі пра жыццё, або проста маўчалі ці марылі пра штосьці. Кожны тыдзень яны запрашалі ўсю сваю сям’ю, каля пятнаццаці чалавек, на званую вячэру. Было зусім не смешна, калі госці сабіраліся вакол мяне і пыталіся пра тое, як я сюды трапіў. Ангельская зноў кудысьці злятала, але з дапамогай жэстаў і гугл-перакладчыка мяне ўсе разумелі.

11262106_10206121154060836_7615938348030763868_n

Усе мерапрыемствы не абмяжоўваліся толькі сям’ёй. Удзельнікі разам з арганізатарамі кожны дзень чымсьці займаліся: ездзілі ў парк забаваў, заапарк, музеі, батанічны сад і г.д. Але, як ні смешна і дзіўна, найбольш запамінальным стаў дзень, калі нас адправілі ў супермаркет і далі грошай на прадукты, з якіх потым мы змаглі б прыгатаваць што-небудзь смачнае. Для маёй каманды гэта былі, несумненна, дранікі. Як жа было прыемна ўзгадаць родны смак беларускай ежай пасля такой колькасці бургераў!

Але дранікі былі не адзіным нагодай, якая ненадоўга пераносіла мяне ў родную краіну. Вельмі часта ў гандлёвых цэнтрах даводзілася чуць фразы накшталт: “Галя, глядзі, якую я сабе сукенку за тры бакса знайшла. Абзайздройснішся!” Адразу з’яўлялася ўсмешка на вуснах і дзікае жаданне зноў пабачыцца са сваімі сябрамі і роднымі, якія, на жаль, былі вельмі далёка ад мяне.

Два тыдні праляцелі вельмі хутка, але сапраўды насычана. Было цяжка развітвацца з тымі, хто на кароткі час стаў для цябе сям’ёй. Але наперадзе было яшчэ адно вялікае падарожжа ў сэрца Амерыкі – Вашынгтон.

11208640_10206126522035032_6386142414737228153_n

Дзелавыя сустрэчы, культурнае ўзбагачэнне і мора ўсмешак

Графік нашага знаходжання ў Вашынгтоне я ўпэўнена магу назваць мегашчыльным: у нас амаль не было вольнага часу, каб заняцца сваімі справамі. У першы дзень мы, здаецца, наведалі ўсе вашынгтонскія славутасці: мемарыял Лінкальна, Белы дом, Капітолій і шмат іншых мясцін, якія засталіся ў памяці назаўсёды.

97LAA95CNqs

У адзін звыклы амерыканскі дзень наша група нечакана даведалася, што сёння мы будзем падзелены на падгрупы па штатах і адправімся да рэальных амерыканскіх сенатараў! “Трымайце мяне сямёра!” – падумаў я. Астатнія таксама як мінімум здзівіліся. Усе пачалі збірацца, апранацца, прычэсвацца і да таго падобнага. Але што мы ўбачылі ў выніку? Нягледзячы на тое, што сенатары – асобы высокіх пасадаў, яны падаліся нам звычайнымі людзьмі, якія гутарылі з намі па-сяброўску і амаль па-свойску. Магчыма, гэта паказвае сябе асаблівасць амерыканскага менталітэту, ці проста людзі трапіліся прыязныя і таварыскія, але ўражанні ад сустрэчы з імі не пакідаюць мяне да гэтага часу, сцвярджаючы, што вельмі глупа карыстацца стэрэатыпамі, пакуль сам гэта не пабачыш, не памацаеш альбо не адчуеш на сваёй скуры.

8gv7bu65c00

Вядома, што рэстарацыі, кавярні, музеі ды іншыя забавы ніколі не заменяць жывых зносінаў. Кожны вечар мы збіраліся разам і гулялі ў розныя гульні, гутарылі ці проста абмяркоўвалі што-небудзь. Часта нам вельмі хацелася рабіць гэта і пасля 22:00, калі нас заганялі ў пакоі і казалі не шумець, але на варце парадку стаяла яна – ладная афраамерыканка Рэнэ з доўгімі кучаравымі валасамі і парфумай, якая адчувалася яшчэ на парозе гатэля. З ёй жартачкі былі кепскімі. Адзін піск ў нумары – і яна ўжо грукае ў твой пакой, патрабуючы, каб мы замаўчалі. Калі ж мы, стрымліваючы смех, былі гатовыя падарвацца, яна павольна вярталася ў сваё крэсла і пачынала спяваць так голасна, што гэта было чуваць у іншым канцы калідора.

Так мы і прабавілі цэлы тыдзень, ездзячы па горадзе, пазнаючы для сябе новыя рэчы і хаваючыся ад наглядчыка, якая, сказаць па праўдзе, ледзь не плакала, калі мы пакідалі гатэль. Гэты тыдзень стаў для мяне фатальным. Менавіта за гэты перыяд я змог пераасэнсаваць усё тое, што перажыў за цэлы месяц, усё тое, што зрабіла мяне іншым. Я змяніўся да непазнавальнасці: мае прынцыпы, стэрэатыпы і погляды былі ўшчэнт зруйнаваныя, а новыя будаваліся з вытанчанай крапатлівасцю. Мне здавалася, што такое немагчыма, але яно само здарылася. Насычаная праграма спалучала ў сабе адукацыйную і забаўляльную часткі. Гэты амерыканскі досвед не проста прайшоў міма, пакінуўшы толькі цёплыя ўспаміны, – ён працяў мяне наскрозь, прабраўся да самых зацішных часттак цела, душы і розуму. Вярнуўшыся дадому, я зразумеў, што гэты месяц змяніў мяне назаўсёды: я стаў больш камунікабельным, грамадская дзейнасць пачала мяне цікавіць, а жаданне ўдзельнічаць у розных праектах на пакідае мяне і дагэтуль.

11665600_1444444259196718_8307318419178840037_n

Але самае галоўнае, што я змог вынесці для сябе пасля ўдзелу ў YLP, – гэта разуменне, што няма нічога немагчымага. Любая перашкода – гэта мы самі. А калі ты жадаеш чагосьці вельмі моцна, яно абавязкова прыйдзе. Варта прыкласці толькі трохі высілкаў.

***

Падрабязна прачытаць пра фармальны бок праграмы можна на сайце worldlearning.org. Тут вы знойдзеце пералік патрабаванняў да кандыдатаў і дакументаў, якія яны мусяць даслаць. Дэдлайн звычайна наступае напрыканцы лютага. Таму, калі ёсць жаданне паспрабаваць, уважліва сачыце за абвесткамі на нашым сайце.