Чым падобныя беларусы і французы?

  • Час чытання: 6 хвілін
Даслаць сваю анкету

Гутарым з EVS-валанцёркай з Парыжу

Што замежнікі і замежніцы, якія жывуць у Беларусі, думаюць пра краіну? Аб гэтым у межах адукацыйнага курсу “Адукуй сябе пра Еўропу”  пагутарылі з Аліс Хоанг – дзяўчынай з Францыі, якая ўжо паўгады валанцёрыць у Беларусі па праграме EVS.

Можаш, калі ласка, расказаць падрабязней пра сябе: адкуль ты, як трапіла ў Беларусь і чым тут займаешся?

Я родам са сталіцы Францыі – Парыжу. Перад тым, як трапіць у Беларусь, працавала вэб-дызайнеркай. У Беларусь я трапіла як EVS-валанцёрка і зараз працую ў дзвюх месцах: моладзевай НДА “Ліга дабрачыннай працы моладзі” ды ў Нацыянальным мастацкім музеі. Тут  займаюся рознымі мерапрыемствамі ды ўцягнутая ў некаторыя часовыя выставы. Напрыклад, зараз рыхтую мерапрыемства для дзетак у музеі ў межах выставы пра Карэю часу дынастыі Чосон. Разам мы будзем вучыцца рабіць кнігі. У “Лізе” я праводжу мерапрыемствы пра Францыю ды музеі, а таксама стварыла клуб малявання. Насамрэч, быць EVS-валанцёрам – гэта вялікая прыгода, і мне вельмі падабаецца!

А што ты ведала пра Беларусь да таго, як трапіла сюды? Мабыць, нейкія факты, навіны, стэрэатыпы?

Калі шчыра, пра Беларусь я ведала няшмат. У інтэрнэце бракуе інфармацыі пра яе, прынамсі ў Францыі. Я ведала толькі, што зімой тут вельмі холадна. Я разумела, што атрымаць візу або дазвол на жыхарства тут было б цяжэй без такой магчымасці, як EVS, таму вырашыла, што гэта once-in-a-lifetime магчымасць, каб паехаць у Беларусь!

Ты жывеш у Беларусі ўжо паўгады. Што за гэты час уразіла цябе ў Беларусі больш за ўсё?

Чым больш я працую з беларусамі і беларускамі, тым больш заўважаю цікавых рэчаў. Я заўважыла, што тут людзі літаральна фанацеюць ад гульні ў Мафію і вельмі сур’ёзна ставяцца да яе. Таксама я здзіўленая, што людзі ў грамадскім транспарце выглядаюць сумнымі і не размаўляюць адзін з адным. У Францыі людзі ў транспарце звычайна вельмі вясёлыя і гаманкія, акрамя раніц. Напачатку дня і беларусы, і французы аднолькавыя 🙂

Што яшчэ агульнага ты заўважыла паміж Беларуссю ды Францыяй, беларусамі ды французамі?

Напрыклад, я заўважыла, што і ў Беларусі, і ў Францыі вельмі важна тое, што ты вывучаў або вывучала ва ўніверсітэце. Ступень бакалаўра ў гісторыі я атрымала ў буйным універсітэце ў Парыжы. Потым я вучылася ў магістратуры ў галіне IT, у невялічкай вышэйшай установе адукацыі. У Беларусі я ўдзельнічала ў мерапрыемстве ў адным з мясцовых універсітэтаў, і ў праграме я была запісана як Аліс з першага ўніверсітэту. Ён вельмі знакаміты і прызнаны па ўсім свеце, таму яго пазначылі замест другога. Я лічу што і ў Францыі, і ў Беларусі шмат увагі надаецца адукацыі, бо гэта забяспечвае добрую будучыню. Беларускія студэнты, якіх я ведаю, вельмі адказныя і думаюць пра тое, што іх чакае наперадзе.

А што робіш у вольны час? Ужо паспела павандраваць па Беларусі?

Гэтая зіма была жорсткай, але вясной і летам я планую наведаць як мага больш беларускіх гарадоў. Я ўжо паспела завітаць у некалькі.  Мне вельмі падабаецца Гродна і яго архітэктура, таксама я люблю Магілёў і яго пешаходную зону. Спадзяюся, такая хутка з’явіцца і ў нас у Мінску!

Ці прасоўваеш ты французскую культуру сярод беларусаў і беларусак і як?

Я – валанцёрка “Лігі”, мае тэмы – гэта мастацтва, музеі ды Францыя. З гэтай нагоды ў мяне ёсць магчымасць ладзіць мерапрыемствы пра родную краіну. Я ўжо зладзіла культурную вечарыну, курс французскай мовы для пачаткоўцаў, квіз пра французскія музеі ды французскую вячэру. Разам мы гатавалі стравы французскай кухні. Калі вы хочаце даведацца больш пра Францыю, пішыце, буду рада дапамагчы!

Ці вывучаеш ты беларускую культуру ды як?

Мяркую, што я бачу беларускую культуру кожны дзень 🙂 Я зацікаўленая ў беларускай гісторыі і планую наведаць Нясвіж, Мір ды Дудуткі каб даведацца пра яе больш. Я лічу, што калі хочаш мець поўную карціну, то недастаткова абмяжоўвацца толькі вялікімі гарадамі. Таму збіраюся наведаць невялічкія гарады ды вёскі.

Ты сказала, што напярэдадні пераезду ведала пра Беларусь няшмат. А як адрозніваецца тваё меркаванне пра Беларусь цяпер? Хіба ты заўважыла нейкія культурныя асаблівасці, што цябе ўразілі?

Так, яно нашмат адрозніваецца. Я лічу, што Беларусь вельмі загадкавая краіна і мне не хопіць нават пяці, дзесяці год, каб зразумець усё. Што тычыцца асаблівасцяў, то я лічу, што разрыў у балансе паміж працай ды асабістым жыццём у Беларусі меншы, чым у Францыі.

Мы, беларусы, хоць і жывем у Еўропе, але часам не атаясамліваем сябе з еўрапейцамі. А як ты лічыш, ці адрозніваюцца беларусы ад іншых еўрапейцаў?

Я лічу, што Еўропа – гэта сацыяльная канструкцыя. Еўропа была створаная з дапамогай свядомага выбару і ў яе ёсць некалькі вызначэнняў. Нават на пачатку Еўрапейскай эканамічнай супольнасці было шмат адрозненняў паміж першапачатквымі удзельнікамі і тымі, хто ўвайшоў ў Еўрапейскі Саюз. Таму мяркую, што цяжка параўноўваць адну нацыю з групай розных.

Ці даведалася ты ўжо нешта новае пра сябе падчас валанцёрства ды жыцця за мяжой?

Раней ніколі не задумвалася над працай у НДА. Дзякуючы гэтай магчымасці я зразумела, што так можна зрабіць свет крышачку лепшым. Калі я вярнуся ў Францыю, то працягну працаваць з падобнымі арганізацыямі, грамадствам ды дапамагаць людзям.

Ты кажаш, што пасля вяртання з Беларусі працягнеш супрацу з НДА. А ці збіраешся ты захоўваць свае сувязі з Беларуссю?

Я буду на сувязі са сваімі беларускімі сябрамі праз сацыяльныя сеткі і паштоўкі ды спадзяюся, што змагу прыехаць сюды ў наступным годзе. Канешне, буду таксама папулярызаваць беларускую культуру ў Францыі.

Што ты можаш параіць беларускай моладзі?

Валанцёрыць, бо гэта не толькі пра тое, каб дапамагаць іншым, а таксама для вас. Вы працуеце ў новым асяроддзі, атрымліваеце новы досвед і знаходзіце новых сяброў. Што тычыцца міжнародных праектаў, то вы навучыцеся кантактаваць з людзьмі з розных краін і культур.

Калі ў Вас ёсць нейкія пытанні або прапановы да Аліс, пішыце ёй у Фэйсбук, яна будзе рада адказаць 🙂