Cinema Perpetuum Mobile, ці як кароткі метр пачынае доўгатэрміновыя змены
- Час чытання: 5 хвілін
Ці любіце вы кіно так, як любіць яго каманда фестываля карoткаметражных фільмаў “Cinema Perpetuum Mobile“? Скептыкі мяркуюць, што ладзіць грандыёзныя доўгатэрміновыя праекты ў Беларусі амаль немагчыма. СРМ – яскравы прыклад адваротнага. Сёлета ён адбыўся ў шосты раз!
Аня Ражанцова – каардынатарка фестываля, філолаг, перакладчык, выпускніца Ўніверсітэта Йены і далей па спісе. Adukacyja.info даведалася, як Аня эфектыўна сумяшчае столькі абавязкаў, колькі навыкаў можна здабыць дзякуючы валанцёрству (а таксама як яно дапамагае знайсці працу) і чаму найбольшае багацце ў жыцці – людзі.
А: На 5 курсе ўніверсітэта я паехала ў Нямеччыну ва Ўніверсітэт Йены на стажыроўку. З’яжджала з Беларусі з думкай застацца на нямецкай зямлі любым чынам. Гэта быў неверагодны досвед жыцця ў мілым горадзе, дзе ¾ жыхароў – гэта студэнты. Там было вельмі цікава, актыўна, усё было нечакана і па-новаму. Але падчас сваёй вучобы там зразумела, што больш карыснай я буду ў Беларусі. Усё тое, што я хацела б ствараць, у Нямеччыне ўжо існуе, а ў Беларусі ёсць патрэба ў многіх рэчах і прастора для асоб, якія хочуць гэтым займацца. Каля я вярнулася дадому, то неўзабаве пачала займацца фестывалем, далучыўшыся да каманды.
Н: Распавядзі, калі ласка, як узнікла ідэя фестываля і як яна ажыла.
А: Ідэя ўзнікла ў Аляксандра Мартынюка ў 2011 годзе. Ён проста хацеў рабіць фестываль беларускага кіно. Гэтую ідэю падхапілі і іншыя людзі. Хто яны? Аматары, што любілі кіно, але не былі задаволеныя тым, што паказвалі ў нашых кінатэатрах. Гэтая кінаманская суполка з’явілася на базе Галерэі Шчамялёва, калі яна яшчэ існавала па старым адрасе, у Серабранцы. Хлопцы і дзяўчаты праводзілі кіналекторыі і кінакапазы і нават самі здымалі кіно.У пэўны момант узгадалі пра знаёмых кінематаграфістаз з Польшчы і Нямеччыне, ідэя перарасла ў міжнародны фестываль. Напачатку было 0 рэсурсаў, 0 сувязей, але ўсё рэалізавалася.
Н: Як атрымалася рэалізаваць пры такіх абмежаваных умовах?
А: Атрымалася таму, што з намі былі неверагодныя людзі. Найперш сама ідэя была вельмі добра прынятая камандай. Мы хацелі штосьці змяніць, паказваць разнастайнае кіно, бачылі новыя ідэі ўвесь час. Гэта ўсе было ўласным жаданнем і творчым працэсам, а не працай па інструкцыі. Кожны каардынатар мог сябе праявіць, прыдумаць праграму, знайсці рэсурсы, правесці свой майстар-клас.
Н: То бок грошы – гэта не так важна?
А: Пэўныя рэсурсы патрэбныя, і калі вы будзеце развіваць праект, то заўважыце, што без грошай не абысціся. Потым можна шукаць спонсараў, рабіць краудфандынг ці зарабляць за кошт нейкага мерчу. Але насамрэч стартаваць можна і без матэрыяльных рэсурсаў. Галоўнае – гэта чалавечыя рэсурсы, людзі, якія хочуць палепшыць ці змяніць нешта ў дадзеных ім умовах. У нашым выпадку, гэта было жаданне распраўсюджваць беларускае кіно ў сваёй краіне і па-за яе межамі, а таксама дапамагаць незалежным аўтарам, беларускім і замежным, прасоўваць свае працы. У нас не было грошай, але было шмат задавальнення і самаадачы. Адной з нашых мэтаў, дарэчы, таксама з’яўляецца камунікацыя паміж людзьмі. Мы хочам, каб розныя людзі больш даведваліся адно пра аднаго, разумелі іншыя культуры, разнастайнасць у кіно. Чаму гішпанскае кіно адно, а нямецкае – іншае? Людзі пачынаюць разумець гэта пасля размоваў з творцамі з розных краін ці проста праглядаючы іх працы, тады камунікацыя ідзе праз фільмы. Калі замежныя аўтары прызджаюць да нас ці мы паказваем за мяжой беларускае кіно, яны даведваюцца пра Беларусь больш, чым на ўзроўні “Wargaming, палітыка і трактар “Беларус”. Часта нашыя госці здзіўляюцца, што ў Мінску людзі размаўляюць па-ангельску і падарожнічаюць па свеце. Такім чынам мы спрычыняемся трошкі да пераадольвання стэрэатыпаў, звязаных з Беларуссю.
Н: Вось ты шмат кажаш пра валанцёраў у вашым праекце. Я разумею, шмат трымаецца якраз на іх працы. Чым гэта карысна для розных бакоў – для вас як каардынатараў і для іх як валанцёраў?
А: Праца з валанцёрамі вельмі цікавая – вучыш людзей шмат чаму, і таксама сам вучышся, як каардынаваць каманду, матываваць людзей да працы. Калі ж вы самі хацелі паспрабаваць сябе як валанцёр / валанцёрка, памятайце, што
валанцёрства – гэта ўзаемаабмен, а не марнаванне вашых часу і сіл.
З іншага боку, трэба разумець, што хоць гэта і бясплатная справа, адказнасць за сваю працу павінная быць, бо вам давяраюць. Ваша валанцёрства ў праекце ні ў якім разе не азначае, што вы застанецеся “на нізах”, а пры жаданні зможаце і самі стаць каардынатарам, атрымаць працу і г.д. Не губляйце часу, а пытайцеся арганізатараў, як усё працуе, як дамаўляцца з партнёрамі, на якім этапе зараз праект. Можа апынуцца, што вы станеце сталым каардынатарам праекта ці распачнеце свой.
Н: Вось ты узгадала, што трэба вучыцца матываваць людзей, валанцёрам несці адказнасць. Якія сакрэты вашай працы – чаму вашыя валанцёры вельмі адказна ставяцца да сваіх заданняў?
А: Як я ўжо казала, мы паказваем ім, якую карысць яны атрымаюць ад гэтай працы, – гэта матывуе. Канешне, каардынатары трымаюцца дэдлайнаў і правяраюць працу валанцёраў, нагадваюць штосьці. У той жа час мы не абмяжоўваем людзей, даем прастор для творчасці. Акрамя таго, ёсць і прыемныя бонусы, як квіткі на паказы, сустрэчы з гасцямі, у тым ліку замежнікамі, рэкамендацыі ці магчымасць прайсці ўніверсітэцкую практыку.
Н: Ты таксама спачатку была валанцёрам у праекце. Чаму ты здолела навучыцца за гэты час?
А: У праекце вучышся перш за ўсё эфектыўнаму тайм-мэнэджмэнту: трэба правільна, без стратаў сумяшчаць працу, праект і сям’ю. Пакуль што ўсе тры бакі атрымоўваюць дастаткова ўвагі. Агромністы досвед каманднай працы я атрымала менавіта ў СРМ.
Мы вельмі розныя людзі, са сваімі асабівасцямі характару і цікавасцямі , але важна, каб вас аб’ядноўвала супольная, так скажам, звышідэя.
Канешне ж, любая праца ў камандзе не праходзіць без маленькіх праблемак – з часам ужо разрульваеш іх вельмі лёгка, але гэтаму таксама вучышся ў працэсе.
Я вучуся не баяцца вялікай аўдыторыі. Публічныя выступы – гэта не самая мая любімая справа, але я спецыяльна стараюся выступаць, как перамагчы гэты страх.
Я вучылася працаваць з сацыяльнымі медыямі, рознымі анлайн-інструментамі. Падчас нашых абмеркаванняў вучылася аргументаваць думкі, вясці здаровую дыскусію, з павагай ставіцца да думак, адрозных ад тваіх (дарэчы, гэта не той скіл, якому можна навучыцца раз і назаўсёды, у нашым грамадстве заўжды ёсць магчымасць не вытрымаць і адкінуць дыпламатычнасць). Наш праект будуецца ў многім на ўласнай ініцыятыве, таму мы вучыліся яе праяўляць, несці адказнасць за тую працу, што ўзяў сабе. Як бачыш, неверагодна шмат ведаў і скілоў!
Н: То бок кожны, нават невялічкі праект мае шматбаковы профіт?
А: Безумоўна! У тым ліку і для таго, хто непасрэдна не ўдзельнічае ў праекце! Добрая справа яна такая – для ўсіх карысная.
Н: Як ты лічыш, ці трэба бэкграунд у пэўнай галіне для таго, каб рабіць вялікі праект у гэтай сферы?
А: Я філолаг і перакладчык, а кінаманам стала таму, што мне хацелася выйсці па-за межы свайго кола ведаў ці камунікацыі. Увесь вольны час я займаюся фестывалем. Гэта як другая праца, толькі не для заробку, а для задаволення – як праца жыцця, пра якую думаеш увесь час. Я “варуся” ў гэтым, камунікую з людзьмі, гляджу кіно, езджу на розныя фестывалі, чытаю адпаведную літаратуру.
Я лічу, што прафесійная адукацыя не з’яўляецца неабходнасцю, але не адмяняе сталай самаадукацыі. Дзякуючы ў тым ліку фестывалю, атрыманым досведу і ведам, я 2 гады працавала з відэа-кантэнтам на YouTube у адной IT-кампаніі.
У сваім рэзюмэ я пісала пра фестываль, пра свае абавязкі ў камандзе, а менавіта, што я перакладчык, што каардыную валанцёраў і групу перакладчыкаў, адказная за камунікацыю з замежнікамі. Ну а кіно чым не відэа? Так і атрымала працу!
Н: Нічога сабе! Вось аказваецца як валанцёрства можа дапамагчы ў кар’еры!
А: А то! Я лічу, што досвед валанцёрства абавязкова патрэбна пісаць у рэзюмэ. Пералічвайце ўсе-ўсё, што вы рабілі і дзе ўдзельнічалі, што рэлевантна да пасады, на якую вы дасылаеце заяўку. У Еўропе, напрыклад, валанцёрскі досвед вельмі цэніцца: ён сведчыць пра самостойнасць і адказнасць апліканта – валанцёрста пачынаюць больш цаніць і ў нас. А магчымасцей шмат: абмены EVS, сацыяльныя ці культурныя праекты кшталту СРМ ці “Лістапада”.
Н: Што цяжкага было ў рэалізацыі праекта?
А: Даказваць асяроддзю, што праект варты, што ён доўгатэрміновы. Натуральна, на аднолькава высокім узроўні трымацца цяжка, але пакуль атрымоўваецца. Нялёгка і змагацца з нявер’ем у свае сілы, скепсісам беларускага асяроддзя. Раней беларускімі аўтары не вельмі ахвотна прымалі ўдзел у фестывалях (не толькі нашым). Шмат высілкаў сышло на працу з дзяржаўнымі ўстановамі, плюс бюракратычныя моманты. Беларускіх гледачоў напачатку таксама цяжкавата было разварушыць. Мы з большага пасіўныя спажыўцы культуры. У Еўропе ж (збольшага дзякуючы адукацыі) ёсць культура дыскусіі, таму пасля паказаў гледачы звычайна застаюцца, задаюць пытанні рэжысёрам і ўдзельнікам.
Гэтаму мы вучым нашых гледачоў, каб яны ўдзельнічалі ў стварэнні культуры, а не толькі спажывалі яе.
Калі казаць пра далейшым планы, то не вельмі проста знайсці, не вельмі проста знайсці новых маладых людзей, што маглі б пераняць наш досвед і працягнуць праект.
Наш фестываль па сваім ўзроўні і маштабе арганізацыі ўжо даўно не аматарскі, але і не адпавядае традыцыйным уяўленням пра фестываль. Нам не патрэбны лоск ці запрошаныя зоркі, мы імкнемся быць бліжэй да гледача і рэжысёра, каб не было бар’ераў, а была свабодная камунікацыя з абодвух бакоў.
Н: Сапраўды, фестываль трымаецца на аматарах. Як вы дабіліся цяперашняга ўзроўню папулярнасці?
А: Мы шмат камунікавалі, будавалі партнёрскія стасункі з многімі арганізацыямі – гэта адыграла важную ролю. Акрамя таго, мы эксперыментавалі з фарматам фестываля. Напрыклад, секцыя “дзэн-трэш” – самая папулярная па наведвальнасці. Такога раней ніхто не бачыў, гэта праграма са сваім “пасылам”, ідэяй.
Беларуская сфера культуры вельмі раздробленая, але калі яднаемся, то гэта сінэргія ўсё і стварае. Трэба выходзіць за межы фарматаў, ствараць новае, супрацоўнічаць з іншымі. Тады будзе атрымоўвацца нечаканае і захапляльнае!
Можа здавацца, што мы робім усё гэта для невялікай групкі людзей, і што фестываль – гэта камерны праект. Насамрэч мы працуем на карысць усяго грамадства: ствараем супольнасці, спрыяем развіццю культуры, паказваем яе іншыя бакі. Кіно, напрыклад, можна ўспрымаць не толькі як забаву, але і як крыніцу ведаў, падставу для разважанняў.
Н: Ты магла б вылучыць, што галоўнае даў табе фестываль?
А: Разуменне сябе, сяброў і новых знаёмых, новыя думкі, а асабліва – разуменне жыцця!
Н: Усе больш паглыбляешся ў творчасць! Гэта ўражвае! Мабыць, у цябе есць нейкія парады маладым і актыўным, што хочуць ладзіць свае праекты?
А: Трэба знайсці каманду аднадумцаў.
Адзін ты можаш адчуваць сябе незразумелым, вас лягчэй спыніць, складаней знайсці падтрымку, у тым ліку спонсараў. Потым стане так, што тыя людзі, што падзяляюць вашыя каштоўнасці і імкненні, застануцца вашымі лепшымі сябрамі . Трэба набрацца цярпення, умець дамаўляцца з вельмі рознымі людзьмі і не апускаць рукі!
Няма абсалютна нічога немагчымага!