Congratulations! Мары пра вучобу, якія спраўдзіліся ў ЗША
“Congratulations. I am pleased to report that the faculty has approved your admission…” – памятаю, як прачытала гэтае паведамленне, седзячы ў бары брусэльскага гатэля падчас камандзіроўкі. Звычайна я даволі стрымана выражаю свае эмоцыі, але, атрымаўшы гэты ліст, не змагла хаваць вокліч захаплення, не зважаючы на здзіўленыя позіркі еўрапейскіх бюракратаў. Радасць была абгрунтаванай – мяне прынялі ў магістратуру Школы Максвэла, адну з лепшых школ ЗША.
У сферы Public Administration Школа трывала займае першае месца ў краіне, абыходзячы нават Школу Кэнэдзі ў Гарвардзе. Мой напрамак – міжнародныя дачыненні – адносна малады, але таксама прэстыжны – у прыватнасці, паводле Foreign Policy magazine, праграма названа 16-й з лепшых у свеце.
Бэкграунд
Я скончыла юрыдычны факультэт БДУ і пэўны час працавала па спецыяльнасці. Прычым ад пачатку навучання я была цалкам упэўненая, што жадаю працаваць у кансалтынгу і спецыялізавацца ў сферы бізнэс-права. Паступова кола маіх інтарэсаў змясцілася ў бок публічнай сферы, да таго ж даўно хацелася павучыцца ў заходнім універсітэце і даведацца пра альтэрнатыву постсавецкай адукацыйнай мадэлі.
Працэс пошуку праграм і стыпендый у мяне адняў каля года. Спачатку давялося сутыкнуцца з адмовамі, нават калі здавалася, што я ідэальна адпавядаю патрабаванням – як той казаў, Übung macht den Meister, у тым ліку і ў дачыненні паступлення ў замежную ВНУ. Калі спачатку справа ішла марудна і не надта паспяхова, то пазней я атрымала адразу некалькі прапановаў ад прэстыжных праграм. Давялося, у прыватнасці, адмовіцца ад еўрапейскай стыпендыі ESSYB на карысць Сіракузскага ўніверсітэта.
Сіракузы
Сіракузы – невялічкі горад у штаце Нью-Ёрк, які быў названы па прыкладзе аднайменнай сіцылійскай радзімы Архімеда, паколькі абедзве мясцовасці багатыя салянымі залежамі.
Горад для мяне адметны тым, што сто гадоў таму ён выглядаў больш жывым і густанаселеным, але апошнія паўстагоддзі ён выраджаецца з-за спаду вытворчасці ў гэтым рэгіёне і міграцыі жыхароў. Дзіўна бывае шпацыраваць у нядзелю па даунтауне і не бачыць людзей на вуліцах. Найбольш ажыўленыя месцы – Старбакс, аэрапорт і гандлёвы цэнтр па-за межамі горада, які заманьвае жыхароў прабавіць там вольны час. Праўда, студэнты, што прыязджаюць у мясцовыя ВНУ, паляпшаюць сітуацыю. Адваротны бок такога зацішша – магчымасць сканцэнтравацца на вучобе: абсалютную большасць часу праводзіш у бібліятэцы.
Школа Максвэла (Maxwell School of Citizenship and Public Affairs)
Пры ўваходзе наведвальнікаў сустракае статуя Джорджа Вашынгтона і велічная клятва жыхароў Афінаў – сімвалы, якія натхняюць быць годнымі дэмакратычных ідэалаў антычнасці і айцоў-заснавальнікаў.
Ці то з-за таго, што ўніверсітэт прыватны, ці з-за агульнай культуры паводзінаў, атмасфера вельмі дабразычлівая і адміністратыўныя пытанні вырашаюцца лёгка. Мяне захапляе, напрыклад, манера пісьма кардынатаркі праграмы, якая сканчае лісты цытатамі з Зорных войнаў або чымсьці накшалт “не забудзьцеся пра шапку – на вуліцы халодна”.
Мая магістарская праграма практыкаарыентаваная, на працягу вучобы мы пішам мемарандумы, policy papers, рыхтуем брыфінгі – так, як гэта робяць спецыялісты ў рэальных умовах. Цягам года нам нават не трэба пісаць магістарскую працу, паколькі правядзенне даследаванняў больш актуальнае для акадэмічнай кар’еры, – гэта значна скарачае цяжкасці з пісьмовай ангельскай мовай.
Выкладчыкі, якіх мне даводзілася сустракаць, надзвычай кампетэнтныя ў сваёй справе. Сярод іх шмат практыкаў. Напрыклад, эканоміку выкладае прафесар, які займаў кіруючыя пасады ў МВФ і BNP Paribas, а пасля вырашыў займацца выкладаннем. У сваёй манаграфіі ён сцвярджае, што лідарству ЗША не пагражае канкурэнцыя з боку Кітая. Мне падабаецца такі абнадзейваючы падыход, паколькі асабіста я не гатовая да з’яўлення новага “сусветнага гегемона” і парадкаў, якія ён можа прынесці.

Джо Байдэн, віцэ-прэзідэнт ЗША, робіць сэлфі са студэнтамі падчас візіта ў Сіракузы
У Максвэле не дзіўна пачуць ад прафесара, што ён спрычыніўся да вызначэння палітыкі сусветных інстытуцый, працаваў сумесна з сакратаром ААН ці кансультаваў Белы дом. Напрыклад, дэкан факультэта Джэймс Стайнберг, які раней працаваў у адміністрацыях абодвух Клінтанаў, спазніўся на ўрачыстае адкрыццё навучальнага года з-за паездкі на Аляску, дзе праводзіў кансультацыі напярэдадні сустрэчы Абамы з прэзідэнтам Ісландыі.
Школа таксама ладзіць візіты ў Вашынгтон і Нью-Ёрк, каб пазнаёміць студэнтаў з alumni і патэнцыяльнымі працадаўцамі. Career Service прапаноўвае кансультацыі па пошуку стажыровак і паляпшэнні рэзюмэ, а Academic Writing Center дапаможа ўдасканаліць акадэмічнае пісьмо. Можна звярнуцца нават да Subject Librarian для пошуку патрэбных публікацый. Аднойчы, папрасіўшы парады ў бібліятэкара, я атрымала дзве старонкі друкаванага тэксту з удакладняючымі пытаннямі і спасылкамі на малавядомыя базы дадзеных – было прыемна, што ён выдаткаваў столькі часу на маё пытанне і адначасова страшна, наколькі бясконцым можа быць пошук ведаў.
Сістэма навучання пабудавана такім чынам, што ты бярэш ад вучобы столькі, колькі жадаеш – ніхто не прымушае, ты адчуваеш уласную адказнасць. Калі прапусціў дэдлайн, то за кожны дзень спазнення вылічваецца адзнака ці праца проста не прымаецца. Але не зважаючы на акадэмічную (не)паспяховасць, ты не заўважыш у вачах выкладчыка знявагі ці нейкага неаб’ектыўнага стаўлення. Выкладчык ніколі не будзе называць адзнакі ўголас, каментары да сваёй працы ты атрымаеш або ў электронным фармаце, або ў закрытым канверце. Зразумець, як адзнака суадносіцца з вынікамі іншых, можна праглядзеўшы графікі агульнай паспяховасці, median and mode grades.
На маю думку, гэта вельмі добры падыход да арганізацыі навучання – без некарэктных заўваг і дэматывуючых выказванняў. Зрэшты, мне ёсць з чым параўноваць: у Беларусі я нярэдка заўважала, як выкладчык, не заўжды прыдатны да педагагічнай працы, пераносіў уласныя праблемы на студэнтаў.
Нядаўна ўзгадвала кіраўніка хора сваёй музычнай школы, які выкідваў ноты ў вакно і ламаў крэслы падчас заняткаў, відаць, натхніўшыся спевамі вучняў.
Аналізуючы вынікі першага семестра, зазначу, што не магу ўявіць лепшы спосаб арганізацыі навучання. Праграма цалкам адпавядае маім чаканням. І адзінае, што хацела удасканаліць, гэта ўласны падыход да вучобы: я зрабіла класічную памылку студэнта, які бярэ зашмат курсаў, паколькі ўсё цікава, а пасля не паспявае паглыбіцца ў кожны з іх і ледзь паспявае з дэдлайнамі.