Да вышыняў Вышаграду
“Хай будзе ўсё, але чагосьці не хапае”.
Міхась Жванецкі
Не ведаем, ці любіць Алена Дзямідава – стыпендыятка Вышаградскай фундацыі – трапныя выказванні Жванецкага. Але ўпэўнена можам сказаць, што яны вельмі дакладна апісваюць яе жыццё. Алена працавала на добрай пасадзе, жыла ва ўтульным свеце, які сама для сябе стварала. Але прага да самаўдасканалення апынулася мацнейшай за сілу цяжару ўласнай зоны камфорту. Цяпер яна вучыцца ў Празе, працягвае абраны шлях у маркетынгу і не прыпыняе шукаць тое, чаго пакуль не хапае.
На што звяртае ўвагу камісія, калі разглядае заяўкі кандыдатаў, чым адрозніваецца сістэмы адукацыі Беларусі і Чэхіі і чаму не варта апускаць рукі, нават калі паўсюль сыплюцца суцэльныя “не”, Алена Дзямідава распавяла ў інтэрв’ю для Adukacyja.info.
– Як складваўся твой акадэмічны і працоўны шлях у Беларусі?
– У 2013 годзе я скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт з двума дыпломамі: выкладчыка (ангельская і гішпанская) і перакладчыка. Працаваць з замежнымі мовамі пачала яшчэ на трэцім курсе, спрабавала сябе ў розных сферах: выкладанне, капірайтынг, пераклады. На пятым курсе ўладкавалася ў буйную ІТ-кампанію асістэнтам па маркетынгу. Гэтая сфера апынулася вельмі займальнай, бо дазваляла не толькі на поўную моц выкарыстоўваць мовы, але і пастаянна даведвацца новае пра тэхналогіі і прасоўвацца ў пытаннях маркетынгу і бізнэсу. Дзякуючы цікавым праектам, адукацыйным імпрэзам, кампетэнтнаму кіраўніцтву і ветліваму калектыву я адпрацавала ў кампаніі амаль тры гады. На вучобу ў Чэхію з’язджала ўжо з пазіцыі мэнэджара па маркетынгу.
– Што падштурхнула збочыць з яго і стаць стыпендыятам Вышаграду?
– Я не магу сказаць, што адхілілася ад нейкага шляху, хутчэй прасунулася па ім далей. Папрацаваўшы ў маркетынгу, з аднаго боку, я пакаштавала на смак гэтую сферу, з іншага – выразна адчула недахоп базавых ведаў і агульных прынцыпаў. Захацелася, як у фотакамеры, зрабіць zoom out і даведацца пра маркетынг не толькі ў кантэксце адной ІТ-кампаніі, але і ў больш шырокім сэнсе. Плюс праца з міжнароднымі кліентамі паказала мне, что наш падыход адрозніваецца ад еўрапейскага і амерыканскага. А каб паспяхова працаваць з гэтымі рынкамі, трэба разумець іх правілы гульні.
– Чаму спынілася менавіта на краінах Вышаградскай чацвёркі? Ці быў іншы выбар?
– Так, выбар быў. Цягам мінулага году я падавала заяўкі на ўдзел у некальніх стыпендыяльных праграмах (сярод іх Эразмус і ESSYB), а таксама наўпрост ва ўніверсітэты. Былі як адмовы, так і станоўчыя адказы. У траўні я абірала паміж Масквой, Берлінам і Прагай, але ў выніку спынілася на Вышаградскай стыпендыі, таму што дадзеная спецыялізацыя магістратуры падыходзіла найлепш, да таго ж апынулася вельмі перспектыўнай. Прага – цудоўны горад для замежных студэнтаў: шмат цікавых імпрэз і міжнародных кампаній, дзе можна знайсці стажыроўку па спецыяльнасці.
– Каб стаць стыпендыятам праграмы, якімі перавагамі, кампетэнцыямі трэба валодаць? Што канкрэтна дапамагло табе выйграць стыпендыю?
– Цяжка сказаць, на што камісія звяртала ўвагу больш за ўсё, калі ацэньвала кандыдатаў. Мне падаецца, важна паказаць у матывацыйным лісце, што ў цябе ёсць дакладная прафесійная мэта, якую можна дасягнуць з дапамогай праграмы. Шчыры і лагічны адказ на пытанне (у першую чаргу, самому сабе): што потым я буду рабіць з гэтым дыпломам? А яшчэ паказаць, што табой ўжо зрабленыя кантрэтныя крокі для яе дасягнення. Гэта можа быць як праца, так і стажыроўка альбо валанцёрскія праекты – не важна, што менавіта. Галоўнае, каб усе ніткі сходзіліся ў адной кропцы і вялі да вызначанай мэты.
А яшчэ важна арганізаванасць. Я далёка не самы дысцыплінаваны чалавек, але калі справа датычыцца дэдлайнаў і афармленняў дакументаў, каардынатары праграм бываюць вельмі прыдзірлівымі.
Асабіста мне дапамагло добрае веданне ангельскай і досвед у маркетынгу. Якім бы выдатным ні быў кандыдат, усё, што ўбачыць камісія, – гэта некалькі лістоў тэксту, таму трэба ўмець правільна апісваць сваю матывацыю і канкурэнтныя перавагі. І, вядома, мне дапамагла падтрымка бацькоў, асабліва ў той перыяд, калі пачалі сыпацца першыя адмовы з іншых праграм і жадання працягваць дакументы станавілася ўсё меней.
– Чаму ты абрала спецыяльнасць Marketing Communication?
– Гэта цікавая сфера, на якую ў буйных кампаніях і арганізацыях сыходзіць значная частка маркетынгавага бюджэту. Сюды ўваходзіць рэклама, кантэнг-маркетынг, кіраванне дачыненнямі з кліентамі, праграмы лаяльнасці. Адным словам, усё, з чым я так ці інакш сутыкалася ў прафесійнай дзейнасці. Практычны вопыт мне вельмі дапамагае ў вучобе, таму што многія рэчы, пра якія распавядаюць выкладчыкі, адгукаюцца жывымі прыкладамі і момантамі а-ля “Дык вооось яно як”. Таксама Marketing Communication у некаторых аспектах карэлюе з маім дыпломам па лінгвістыцы і замежных мовах, таму што асноўная тэорыя і прынцыпы камунікацыі гэтак жа працуюць і ў маркетынгу.
– Твая вучоба ў Празе цягнецца ўсяго другі месяц. Што за гэты перыяд здзівіла, спадабалася (або не) ў чэскай сістэме адукацыі?
– Кажучы пра вучобу, хочацца заўважыць важнасць самастойнай працы і практыкаарыентаванасць. Напрыклад, па многіх прадметах адной з умоў атрымання крэдыту, апроч экзамену, з’яўляецца выступ з прэзентацыяй ці падрыхтоўка і абарона праекту.
Мяне крыху здзівіла тое, што шмат людзей з майго курсу пайшлі ў магістратуру адразу пасля атрымання ступені бакалаўра. То бок яны вучацца 3 гады плюс 2 гады магістратуры – тут гэта лічыцца скончанай вышэйшай адукацыяй. Чамусьці мне падалося, што сярэдні ўзрост магістрантаў будзе вышэй, аднак большасць маіх аднагрупнікаў таксама мае досвед працы па спецыяльнасці ці сумяшчаюць вучобу з працай на палову стаўкі.
Мая група не зусім звычайная, бо праграма цалкам на ангельская мове, што, натуральна, прываблівае шмат замежнікаў. Але я вельмі камфортна адчуваю сябе ў інтэрнацыянальным калектыве. Сярод маіх аднагрупнікаў ёсць людзі з Чэхіі, Славакіі, Украіны, Беларусі, Расіі, Францыі, Нямеччыны, Італіі, ЗША і нават цэлая падгрупа студэнтаў з Мексікі. Праўда, апошнія будуць з намі толькі адзін семестр у межах свайго Эразмусу.
– Ці было цяжка ў першыя тыдні?
– Я пераехала ў Прагу за два тыдні да пачатку вучобы, таму ў мяне было дастаткова часу, каб паклапаціцца пра ўсе аргмоманты (віза, залічэнне ва ўніверсітэт, адкрыццё рахунку ў банку, праязны, мабільны) і атрымаць асалоду ад прыгажосці Прагі. Пытанне з жыллём вырашыла яшчэ ў Мінску (наяўнасць дамовы на жыллё – адна з неабходных умоваў для падачы на доўгатэрміновую студэнцкую візу).
Цяжка не было, культурнага шоку я таксама не перажыла. Напэўна, таму што раней часта ўдзельнічала ў валанцёрскіх летніх праектах, знаходзілася месяц-паўтары ў іншай краіне, прычым не ў якасці турыста, а цалкам занырваючыся ў мясцовае жыццё. Плюс да гэтага некалькі разоў я ўжо была ў Празе і трошкі ведала горад. У паўсядзённых сітуацыях усё ж не хапае вольнага валодання чэскай.
Вядома, сумую па родных і сябрах. Усё ж гутарка па скайпе і тэлефоне не можа замяніць душэўныя, утульныя вечары на кухні.
– Як, з чыёй дапамогай вырашаеш праблемы, калі яны ўзнікаюць?
– Мне вельмі пашэнціла з суседкамі па кватэры. Яны ў Празе не першы год. Дзякуючы ім я змагла пазбегнуць шматлікіх “гузоў”, таксама кожны дзень атрымоўваю шмат “інсайдарскай” інфы. Нейкіх сур’ёзных праблем я не магу ўзгадаць. Усе важныя пытанні вырашаю сама.
– Якія ўнікальныя веды можа даць Пражскі ўніверсітэт?
– Вось у гэтым пытанні, на мой погляд, і хаваецца адрозненне беларускай сістэмы адукацыі ад еўрапейскай. Мы звыклі думаць, што прыйдзем ва ўніверсітэт, нам разжуюць тэму з падручніка і пакладуць у галаву. Прычым часта так думаюць не толькі студэнты, але і выкладчыкі. Пытанне ж варта ставіць пра тое, якія веды табе патрэбны і як ты можаш эфектыўна выкарыстаць час вучобы, каб іх атрымаць. Задача ўніверсітэта ў тым, каб дапамагчы студэнту ўбачыць і крытычна асэнсаваць праблему, зразумець, дзе і якім спосабам шукаць выйсце.
Так што для мяне магістратура – гэта ў пэўным сэнсе лабараторыя, у якой можна пад мікраскопам разглядваць розныя аспекты маркетынгу, з дапамогай выкладчыкаў вызначаць праблемы і ставіць эксперыменты ва ўмовах, якія можна пракантраляваць. Калі ты працуеш у рэальнай кампаніі, гэта складаней зрабіць. Ты так ці інакш абмяжоўваеш сябе і давяраеш толькі пратаптаным сцежкам, таму што кошт памылкі можа быць вельмі высокім.
– Дзе гэтыя веды могуць стаць запатрабаванымі?
– Маркетынг ёсць паўсюль. Памылкова лічыць, што гэта толькі тавары і паслугі, зніжкі і рэклама. Існуе таксама маркетынг ідэй і каштоўнасцей. Па сутнасці, любая арганізацыя, у якой ёсць што сказаць навакольным і якая жадае, каб мэтавая аўдыторыя яе правільна пачула і зразумела, займаецца маркетынгам. Нават Вышаградская фундацыя мае пэўную стратэгію, каб прывабіць таленавітых студэнтаў, навукоўцаў у свае праграмы.
– На што сыходзіць стыпендыя, якую вы атрымліваеце?
– Насамрэч я вельмі ўдзячна Фундацыі за магчымасць цалкам засяродзіцца на вучобе, не адцягваючы ўвагі на падпрацоўкі (гаворка, вядома, не пра стажыроўкі па спецыяльнасці).
Стыпендыя Вышаграду складаецца з дзвюх частак: адна для кампенсацыі выдаткаў гасцявога ўніверсітэта (так званая lump sum, якая пералічваецца напачатку акадэмічнага году), другая – на пражыванне і харчаванне студэнта (пералічваецца раз на семестр). У маім выпадку грошы сыходзяць на аплату кватэры, праязнога, мабільную сувязь, прадукты. Ва ўніверсітэце ёсць добрая бібліятэка з бізнэс-літаратурай, таму на кнігі выдаткоўваць грошы не даводзіцца. Наогул, Прага вельмі камфортны горад для студэнтаў: тут амаль ва ўсіх музеях ёсць зніжкі, тое самае і ў фітнэс-цэнтрах, праязны каштуе менш, чым у Мінску, часта трапляюцца адмысловыя студэнцкія прома ад розных кампаній, напрыклад, ад мабільнага аператара. Кошты ў супермаркетах можна суаднесці з беларускімі, толькі што арэнда жылля больш высокая.
– Як ты бавіш свой навучальны і вольны час?
– У навучальны час я займаюся… вучобай. Часта выбіраемся куды-небудзь з аднагрупнікамі ці працуем разам над хатнімі заданнямі і прэзентацыямі. Заданні бываюць вельмі незвычайнымі і патрабуюць ад нас, да прыкладу, “палявых” даследванняў у горадзе.
У вольны час я вучу чэскую, займася спортам і наведваю культурныя імпрэзы, якіх у Празе – хадзі-не перахадзі! Вельмі хочацца за два гады паспець аб’ездзіць усю Чэхію, але пакуль пабывала толькі ў прыгажэнным сярэднявечным горадзе Чэскі-Крумлаў на поўдні краіны.
– Што для цябе азначае гэты досвед?
– Без сумнёваў, гэта важны крок дзеля маёй кар’еры і асобы па некалькіх прычынах. З аднаго боку, за кошт крытычнага мыслення маркетолага і кантактаў, якія я набываю ва ўніверсітэце, а з іншага, дзякуючы самому факту жыцця ў іншай краіне і культуры. Гэта ў пэўным сэнсе праверка сябе, каб даследаваць уласныя межы: наколькі я гнуткая, адаптыўная і, наогул, якой магу быць, калі вырваць сябе са звыклага і ўтульнага кантэксту жыцця ў Беларусі.
***
Калі ў вас ёсць пытанні, звязаныя з Вышаградам, жыццём, вучобай у Чэхіі і маркетынгам, можна пісаць Алене на е-адрас alena.dziamidava@gmail.com.
Да 31 студзеня 2016 года ідзе падача дакументаў на атрыманне стыпендый Вышаградскага фонду на наступны навучальны год – не праспі!