Дапамога іншым на радасць сабе. Вопыт доўгатэрміновага ESC-валанцёрства ў Італіі

  • Час чытання: 5 хвілін

Асабісты досвед Жэні, якая валанцёрыла на поўдні Італіі і дапамагала асобам з інваліднасцю.

–Прадстаўся, калі ласка, і раскажы крыху пра сябе.

Мяне завуць Жэня, мне 26 год. Я перакладчык, зараз выкладаю ангельскую мову на прыватных курсах. Валанцёрыла на доўгатэрміновым праекце ў Італіі ў 2016 годзе.

-Як ты даведалася пра ESC і чаму вырашыла паўдзельнічаць?
Пра ESC я даведалася з сацыяльных сетак: была падпісана на розныя старонкі ВК, таму што разважала тады пра навучанне за мяжой. Калі з’яўляліся валанцёрскія вакансіі, пачала чытаць больш пра ўмовы ўдзелу ў праграме. Тады ўсе здавалася крыху нерэальным, але я вырашыла сачыць за цікавымі для мяне праектамі і арганізацыямі. 

-Ці былі ў цябе сумневы перад падачай заяўкі і некаторая няўпэўненасць?

Калі я ўбачыла аб’яву праекта, які мяне вельмі зацікавіў, матывацыя паспрабаваць і падацца на яго была дастаткова высокай. Сумненні ўзніклі з-за няўпэўненасці: ці роўныя паміж сабой праект і атрыманы вопыт і згубленая праца і “выпадзенне з жыцця” больш, чым на паўгады. Атрымалася, што роўныя, па многім прычынам. Таксама я сумнявалася, ці спадабаецца мне ў Італіі і самі італьянцы па менталітэту, таму што тады думала пра валанцёрства ў скандынаўскіх краінах.

-Як праходзіў адбор і ці сутыкнулася ты з цяжкасцямі падчас гэтага этапу?

Асноўны элемент заяўкі – рэзюмэ, таксама неабходна было скласці матывацыйны ліст і запоўніць спецыяльную анкету (з-за спецыфікі маёй працы). Звычайна праводзяць скайп-інтэрв’ю, у мяне яго па невядомай прычыне не было. Пасля пацвержання ўласнай кандыдатуры я сустрэлася з каардынатаркай беларускай арганізацыі, якая мяне адпраўляла (Фіальта), і гэтая дзяўчына адказала на ўсе пытанні. Каарданатарка таксама дапамагала і пасля сустрэчы на іншых этапах, калі ўзнікалі якія-небудзь пытанні ці цяжкасці. 

-У якой італьянскай арганізацыі ты валанцёріла і чым там займалася?

Мая арганізацыя Studio Progetto знаходзіцца на поўдні Італіі ў невялікім горадзе Валданьё. Я працавала ў цэнтры дзённага знаходжання для дарослых людзей з інваліднасцю па неўралогіі (чарэпна-мазгавыя траўмы, множны склероз, пасляаперацыйныя парушэнні і інш.). Па сумяшчэнню гэта быў капіравальны цэнтр. Для гэтых людзей праводзіліся розныя актыўнасці па падтрыманні мышачнага і інтэлектуальнага тонуса, арт-тэрапія, музычная тэрапія. Віды актыўнасцяў і ўцягнутасць вызначаліся ў залежнасці ад захворвання і усведамлення таго, што адбываецца. Мае асноўныя абавязкі складаліся з дапамогі работнікам: транспартыроўка людзей з інваліднасцю, перадзвіжэнне ў інвалідных калясках, гутаркі, дапамога падчас усіх актыўнасцяў. 

-Ці ўзнікалі цяжкасці ў першы час, звязаныя з мовай, культурнымі асаблівасцямі, туге па дому?

Думаю, амаль усе сутыкаліся с такімі цяжкасцямі падчас удзелу ў валанцёрскім праекце. Патрэбны час, каб усвядоміць, што ты зусім у іншай краіне, дзе іншыя людзі, праца на замежнай мове, усё новае і невядомае. З цяжкасцямі паступова спраўляешся, таму што хутка звыкаешся з мовай і менталітэтам, шукаеш сяброў, вучышся новым навыкам на працы. Не трэба заставацца сам-насам з неперадоленымі страхамі ці тугой: часцей за ўсё ёсць ментар у арганізацыі, якая прымае валанцёра. Ён дапамагае прайсці праз культурны шок і разабрацца ў асаблівасцях жыцця за мяжой. Адзінае, што я б парэкамендавала з асабістага вопыту: задумайцеся, ці варта ехаць на доўгатэрміновы валанцёрскі праект, калі вы ў стасунках з дарагім для вас чалавекам: неверагодная туга можа афарбаваць ваш валанцёрскі вопыт сумнымі фарбамі.

-Наколькі адрозніваецца лад жыцця і менталітэт італьянцаў ад беларусаў?

Я пацверджу некалькі стэрэатыпаў пра італьянцаў: яны, сапраўды, дастаткова тактыльныя, вельмі таварыскія, могуць бясконца размаўляць пра ежу, цэняць сям’ю і ўмеюць адпачываць. Усе гэтыя асаблівасці настолькі крута ў іх сумяшчаюцца, так гарманічна і да месца, что зусім не выклікаюць негатыўных эмоцый. Мне падаецца, што ў адрозненні ад беларусаў, італьянцы часцей выказваюць сваё меркаванне; калі незадаволены, не трымаюць эмоцыі ў сабе. Не будуць працаваць больш, чым трэба, і разумеюць важнасць працоўнага перапынку і вольнага часу. Італьянцы вітаюцца з незнаёмымі і ўсміхаюцца ў разы часцей, чым беларусы, што настройвае на пазітыўны лад з самага ранку. Таксама мне падалося, што італьянцы гатовыя хутчэй, чым беларусы, раскрыцца перад новымі знаёмымі, але гэта не значыць, што вы з першай сустрэчы станеце сябрамі. 

-Што цябе ўразіла больш за ўсё ў Італіі?

Я чытала пра гэта перад ад’ездам, але мяне ўсё роўна здзівіла, што ў Італіі не спрабуюць размаўляць з табой на ангельскай мове і заўсёды падтрымліваюць і захапляюцца, калі ты гаворыш па-італьянску. Некаторыя мае калегі гаварылі па-ангельску, таму мне ўсміхнулася ўдача: з самага пачатку была падтрымка і магчымасць мець зносіны, пакуль я не падвучу італьянскую мову. Але, на здзіўленне, з некалькімі людзьмі я знайшла разуменне і пэўную блізкасць без валодання мовай на добрым узроўні – мы знаходзілі спосабы патлумачыць адзін аднаму нават глыбокія думкі, прыемна праводзілі час (на праект я прыехала з нулявой італьянскай).

-Ці была магчымасць сумяшчаць валанцёрства і падарожжы? Якія месцы ўдалося наведаць?

Так, падарожжы магчымыя: у валанцёра ёсць выходныя, можна іх назапашваць і стварыць міні-адпачынак. Я рэкамендую браць з сабой дадаткова назапашаныя грошы – гэта пашырыць мапу магчымых падарожжаў. Мне ўдалося наведаць многа італьянскіх гарадоў, пабачыць цуды Паўдневага Ціроля (дзе з табой размаўляюць і на нямецкай мове, і на італьянскай), слятаць у Грэцыю, Германію. Многа цікавых людзей я сустрэла дзякуючы Couchsurfing. Калі вы баіцеся, можна падарожнічаць разам з іншымі валанцёрамі. Дзякуючы гэтай  прыладзе ёсць магчымасць пажыць і пагутарыць з мясцовымі жыхарамі, даведацца пра сакрэты і таемныя месцы, пра якія ведаюць толькі мясцовыя. 

-Як была арганізавана камунікацыя з каардынатарамі, калегамі, іншымі валанцёрамі? Ці дапамагалі табе ў рашэнні бытавых і працоўных пытанняў?

Мая арганізацыя дапамагала нам ў шматлікіх выпадках. Я жыла ў кватэры з іншай валанцёркай, побач з намі была кватэра хлапцоў-валанцёраў. Мы маглі прыйсці ў офіс ці напісаць або пазваніць каарданатару ці ментару па пэўных пытаннях. Нам патлумачылі, у якіх выпадках нам могуць дапамагчы, а дзе трэба спраўляцца самім. Было адразу 4 валанцёра, ментар праводзіў з намі сустрэчы, дзе дапамагаў вырашаць даўнія канфлікты ці зразумець менталітэт іншых замежнікаў. З калегамі камунікацыя будавалася сама сабою і была вельмі станоўчай: дапамога ад каардынатара ці ментара нават не спатрэбілася. Увогуле, усё залежыць ад вас, таму што адбываюцца выпадкі, калі арганізацыя незадаволеная самім валанцёрам. Напрыклад, ён не хоча працаваць ці дрэнна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Тады з валанцёрам будуць гутарыць каардынатары і беларускай, і замежнай арганізацый.

-Якія высновы ты зрабіла для сябе дзякуючы ўдзелу ў праграме?

Валанцёрства – гэта шматгранны вопыт. Ён дапамог не толькі пазбавіцца ад стэрыатыпаў пра іншыя культуры, але і ад памылковых уяўленняў пра саму сябе. Гэты вопыт стаў новым крокам да набыцця самастойнасці, лепшага разумення людзей, а таксама навыкаў, якія ў сваім паўсядзённым жыцці я бы ніколі не набыла.

-Якія парады ты можаш даць патэнцыйным кандыдатам: калі ўдзельнічаць у праграме, як абіраць арганізацыю, падаваць заяўку?

Трэба мець на ўвазе наступныя моманты: 

-матывацыя да ўдзелу (на мой погляд, не трэба ехаць, калі вам хочацца падарожжаў ці лепшага авалодання замежнай мовай)

-абраць найбольш зручны для вас час (не аб’ядноўваць з вучобай, не шкадаваць аб згубленай працы)

-сканцэнтравацца на цікавым менавіта вам праекце, даведацца пра спецыфіку працы арганізацыі, пачытаць іх сацыяльныя сеткі, калі ёсць шанец, пагутарыць з мінулымі валанцёрамі гэтай арганізацыі)

-не зацыклівацца на канкрэтных краінах (дазвольце людзям іншых дзяржаў здівіць вас)

-авалодаць базай той мовы, на якой размаўляць жыхары краіны, куды вы збіраецеся

-калі шукаеце арганізацыі самі, пішыце ім загадзя, як мінімум за паўгады (каб НДА паспелі падаць на фінансаванне)

-падрыхтаваць сябе да таго, што падчас праекта будзе шмат непрадказальных момантаў, якія ўзбагацяць вас і зменяць у лепшы бок).

Калі раптам страшна ехаць на доўгатэрміновы праект, можна пачаць з кароткатэрміновага (праўда, іх значна менш, але яны ёсць!).

Поспехаў вам і новых перамог!

Размаўляла Настасся Баравік.