Дарэчы, у Празе

  • 28.01.2016
  • Блог
  • Здымкі: Любоў Каспяровіч

На мінулым тыдні паміж намі і Прагай адбыўся паўнавартасны абмен – мы прывезлі шмат снегу, нас забяспечылі новымі ведамі. Дзелімся імі наўпрост зараз!

IMG_6476

Спадзяюся, усе помняць нядаўні безвыніковы рух студэнтаў БДУ супраць платных пераздач. У нас ёсць некалькі лайфхакаў наконт таго, як правесці максімальна паспяховую грамадзянскую кампанію і прыбраць ад слова “безвыніковасць” панылую прыстаўку “без”.

Правілы паспяховай грамадзянскай кампаніі

 

  • Неабходна дакладна вызначыць мэту грамадзянскай кампаніі, якую вы плануеце правесці. Гэта істотны крок, ад якога залежыць эфектыўнасць усіх наступных. Мэта павінна быць выразнай і рэальнай: за адну кампанію цэлы свет не зменіш (хоць і вельмі хочацца, праўда?), таму лепш ахапіць меншы абсяг, але паглыбіцца ў яго на ўсе сто!
  • Пасля варта высветліць мэтавую аўдыторыю – наш мацнейшы рухавік, разам з якім і праз які мы будзем спрабаваць дасягнуць тое, дзеля чаго распачалі справу. І чым дакладней вы прааналізуеце сітуацыю і зацікавіце мэтавую групу, тым хутчэй яна адрэагуе і далучыцца да кампаніі, а гэта новыя сілы, ідэі і шанцы на паспяховасць.
  • Самая складаная, але не менш важная рэч – абраць мішэнь грамадзянскай кампаніі. Мішэнню мусіць быць канкрэтная асоба, здольная паўплываць на сітуацыю наўпрост (непасрэдна на вынікі) альбо ўскосна (уплыў на іншую асобу, здольную змяніць вынік).

грамадзянская кампанія

Для зручнасці раім намаляваць невялічкі графік, на якім па гарызанталі злева трэба адзначыць тых, чые погляды разыходзяцца з поглядамі вашай грамадзянскай кампаніі (і чым яны далей па левы бок, тым больш адрозніваюцца), справа – наадварот, тых, чые погляды супадаюць з вашымі наконт праблемы. А вось па вертыкалі неабходна адзначыць ступень уплыву ўсіх гэтых людзей/арганізацый на вашую грамадзянскую кампанію (чым вышэй метка, тым большы уплыў). Такім чынам будзе прасцей заўважыць тых, з кім можна супрацоўнічаць, а таксама абраць тую самую мішэнь.

Галоўнае, не шкадуйце часу на гэтыя, здавалася б, відавочныя пункты і добра іх распрацуйце. І тады 50 адсоткаў поспеху вашай грамадзянскай кампаніі будзе забяспечана!

***

Калі з’явілася жаданне атрымаць больш глыбокі досвед па гэтай тэме, то мы прапануем далучыцца да арганізацыі “Праўныя Дарэктары”, якая ў хуткім часе плануе запусціць грамадзянскую кампанію па тэме правоў чалавека ў сферы ментальнага здароўя, альбо да неабыякавых гарадзенскіх гісторыкаў, якія з дапамогай грамадзянскай кампаніі жадаюць захаваць гістарычна-каштоўны раён “Новы свет” у горадзе Гродна.

IMG_6474

***

Але што рабіць, калі ўжо ёсць дакладная мэта і аўдыторыя? Вядома, распаўсюджваць свае ідэі і шукаць аднадумцаў!

Нам пашчасціла сустрэцца з каардынатарам кампаніі супраць нянавісці ў чэскім грамадстве Яраславам Валухам, які распавеў пра два ключавыя моманты, якія неабходна мець на ўвазе пры стварэнні суполак у сацыяльных сетках:

 

  1. Кантэнт.

Па выніках даследвання амерыканскіх (не, не брытанскіх:) вучоных, людзі дзеляцца кантэнтам, таму што:

  • ён змяшчае цікавыя рэчы;
  • ён забаўны (дакладна, так:);
  • ён важны;
  • ён адлюстроўвае іх погляды.

А зараз запытайся: чаму людзей павінен цікавіць менавіта твой кантэнт?

 

  1. Фармат.

Ад колькасці магчымасцей па стварэнні разнайстанага фармату можна з глузду з’ехаць! Можна не мець графічнага дызайнера ў камандзе і шмат даляраў у кішэні, а зрабіць не горш з дапамогай:

  • Canva.com – падзякуй графічным дызайнерам і карыстайся.
  • Stipgenerator.com – калі недастаткова ідэй, як напісаць прывабны загаловак для артыкула і прыцягнуць сучасных чытачоў;
  • Infogr.am – для прыгожай і простай для ўспрымання інфаграфікі.

***

Пад канец, сябры, жадаем, каб усе гэтыя простыя рэчы былі вам зразумелыя і вы маглі іх правільна выкарыстоўваць не толькі ў сваёй працы, але і ў жыцці. Натхнення і ўпартаці вам усім і ва ўсім!

аэрапорт прага