Досвед з Паўднёвай Карэі: варкшоп аб глабальным грамадзянстве як вялікі дзень з паўзамі на сон

  • 199
  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Як распрацаваць камунікацыйную кампанію на тэму ўстойлівага развіцця  і што такое дэмакратыя па-карэйску? Алеся Петравец падзялілася з намі ўражаннямі ад удзелу ў міжнародным моладзевым семінары па глабальнай грамадзянскай адукацыі ў Паўднёвай Карэі.                                                 

Алеся, раскажы, чым займаешся і як ты апынулася на гэтым варкшопе?

Я вывучала міжкультурныя камунікацыі ў Мініскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, а зараз працую з тэмай міграцыі ў Беларусі.

Апынулася на варкшопе дзякуючы adukacyja.info. Пабачыла абвестку, зацікавіліся і падала заяўку. Гэта быў незабыўны тыдзень майстар-класаў аб тым, як маладыя людзі па ўсім свеце могуць прасоўваць тэмы, звязаныя з устойлівым развіццём. Мы вучыліся распрацоўваць інфармацыйныя кампаніі, каб прыцягваць увагу грамадскасці да пытанняў глабальнага грамадзянства і ўстойлівага развіцця.

Там былі 50 маладых людзей з сарака васьмі краін з усяго свету. У асноўным, гэта былі краіны, якія развіваюцца. То бок не Германія, Францыя, Велікабрытанія, а Мазамбік, Мадагаскар, Азербайджан, Перу і г.д. Сярод іх і Беларусь.

Гучыць цікава! А як праходзіў працэс падачы?

Абвестку пабачыла за месяц да дэдлайна. Звычайна, я не падаюся так рана. Але ў мяне з’явіўся вольны час і я гэтым занялася. Там трэба было не толькі запоўніць форму, але і зняць відэа. І вось зрабіла я відэа, а потым высветлілася, што не па той тэме. Было ўжо 12 ночы і я падумала – нічога, пераздыму. Атрымаецца – будзе крута, не атрымаецца – нічога страшнага.

Трэба было зняць ролік аб тым, як я бачу глабальную адукацыю для моладзі па ўсім свеце. Якасная адукацыя – гэта адна з глабальных Мэтаў устойлівая развіцця, чацвёртая па ліку, адна з яе падзадач састаіць у тым, каб моладзь разумела выклікі для адукацыі па ўсім свеце і каб у іх сфарміравалася нейкая агульная карцінка. У відэа трэба было апісаць канцэпцыю глабальнага грамадзянства (global citizenship) адным словам са сваёй мовы. Я апісвала слова “скарб” на англійскай мове для журы з Карэі. Я ўсё зрабіла, адправіла, і, як гэта бывае, забыла пра заяўку. Калі мне прыйшоў ліст у 4 гадзіны раніцы з карэйскімі сімваламі, я падумала, што гэта нейкі спам. Гэта быў адказ ад арганізатараў – ура, мяне запрашаюць на варкшоп ў Карэю!

Ты казала, што на варкшопе вы распрацоўвалі інфармацыйныя кампаніі. Раскажы, што ў вас у выніку атрымалася і як гэта было?

Праца дзялілася на два блокі. Спачатку мы вучыліся вызначаць сваю мэтавую аўдыторыю і тых, хто больш і менш лаяльны да тваёй ідэі. Пасля гэтага мы працавалі над ідэямі інфармацыйных кампаній на тэму ўстойлівага развіцця.

Удзельнікаў дзялілі па рэгіёнах, я працавала з Еўропай. Са мной у групе былі хлопцы і дзяўчаты з Косава, Албаніі, Малдовы, Грузii і Азербайджану. Мы працавалі з 11 мэтай устойлівага развіцця – распрацоўвалі інфармацыйную кампанію пра развіццё гарадоў і аддаленных мясцовасцей. Мы ўзялі праблему ўрбанізацыі і таго, што моладзь з’язджае з невялікіх населеных пунктаў у гарады ў кантэксце рэгіёна Усходняй Еўропы і Балканаў. Думалі, якія мерапрыемствы правесці і каго можна да гэтага прыцягнуць.

Мала распрацаваць ідэю, трэба таксама ўмець яе прэзентаваць. На воркшопе нас вучылі рабіць пітч. Гэта кароткая прэзентацыя праекта, мэта якой – зацікавіць тых, перад кім вы выступаеце.

Мы “пітчылі” канцэпцыі нашых інфармацыйных кампаній перад іншымі ўдзельнікамі . Мы зрабілі гэта ў фармаце асабістых гісторый аб тым, як матываваць маладых людзей застацца. Іншым удзельнікам спадабаўся такі фармат, да нас нават было менш пытанняў з залі, чым да астатніх груп. Мабыць, гэта частка была найбольш цяжкiм выклiкам за весь варкшоп, таму што абараняць сваю iдэю было патрэбна ў 5 гадзiн ранiцы па беларускiм часе.

Глядзіце ў відэа і чытайце ў справаздачы, як праходзіў варкшоп.

Якія ўрокі ты да сябе вынесла пасля ўдзелу ў праграме?

Самым вялікім “ваў” для мяне было тое, што ты нават не ўяўляеш, як устроены свет і з якімі рэаліямі сутыкаюцца маладыя людзі, студэнты ўніверсітэтаў, актывісты, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці твайго ўзросту ў розных краінах. Зараз, калі ў мяне “апускаюцца рукі” у нейкай сітуацыі ў Беларусі, я разумею, што майму калегу ў Нігерыі нялёгка і трэба памятаць агульную мэту, дзеля чаго ты ўсё задумала – і так з’яўляюцца сілы.

Таксама я адкрыла для сябе, што чым больш ты ведаеш, тым менш ты разумееш бягучыя працэсы. А яшчэ па вяртанні ў Беларусь зразумела, што ў нас вельмі шмат магчымасцяў дзякуючы нашаму геаграфічнаму палажэнню. Вось падумайце: нам дастаткова лёгка адкрыць візу і паехаць у краіны Еўрапейскага саюза. Для многіх хлопцаў і дзяўчат з нееўрапейскіх краін – гэта вялікі кавалак працы.

Як я зразумела, гэта была твая першая вандроўка ў Азію. Ці адчула культурны шок?

Калі шчыра, то я лічыла сябе падрыхтаваным чалавекам. Да гэтага чатыры гады ва ўніверсітэце вывучала міжкультурныя камунікацыі і разумела, што да людзей трэба быць лаяльным.

Па-першае, я пабачыла, як працуе дэмакратыя па-карэйску. Калі мы засяляліся ў гатэль, у іх канферэнц-холе праходзіла нейкае гарадское паседжанне, то бок там былі прадстаўнікі гарадскіх уладаў, палітычных партый. І пакуль мы сядзелі на рэсэпшане, з залі выбег чалавек і стаў моцна крычаць. Ён сеў на падлогу ў “позе лотаса”. З’явілася вельмі шмат журналістаў і паліцыя, але ніхто яго не чапаў. Усе камеры і дыктафоны яго запісвалі, паліцыя побач, чалавек сядзіць і працягвае крычаць. І ніхто не сказаў яму сыходзіць. Потым нам сказалі, што гэта быў прадстаўнік карэйскай апазіцыі. Таксама бачыла шмат дэманстрацый у горадзе, на розныя тэмы – супраць Трампа, за абарону навакольнага асяроддзя і гэтак далей. Мне нават падалося, што карэйцы – гэта своеасаблівыя французы Азіі.

Яшчэ на вуліцы на цябе могуць шмат абарочвацца, бо чалавек з еўрапейскай знешнасцю на вуліцах Сеула не так часта і сустракаецца. У першы час будзе цяжка, калі вы не прызвычаены да таго, калі на вас звяртаюць шмат увагі.

І, натуральна, ежа. Яна ў Карэі вельмі вострая. Калі ты запытваеш у карэйцаў, ці будзе страва вострай і табе адказваюць, што не, то рыхтуйся. Табе гэтая ежа можа падацца вельмі вострай. Кожны раз, калі бачыла знаёмыя прадукты, радавалася. Ёсць рыс? Ура, прыём ежы ўдаўся. А для саміх карэйцаў еўрапейская ежа, натруальна, падаецца вельмі прэснай.

І самы вялікі культурны шок. У першы дзень пасля вячэры я зайшла ў пакой са сваімі суседкамі. Адкрываю дзверы і бачу: там чагосьці не хапае. У гэтым пакоі не было ложкаў, і трэба было літаральна спаць на падлозе. Па старажытных традыцыях, карэйцы спяць без ложкаў, бо, на іх думку, гэта добра для здароўя.

Зразумела, што ты навучылася шмат чаму новаму падчас варкшопа. Ці атрымалася  прымяніць новыя веды дома і як?

Увогуле, гэты тыдзень быў як адзін вялікі насычаны дзень з перапынкамі на сон. Мяне вельмi натхнiла iдэя, якую мы разам распрацавалi на варкшопе наконт магчымасцяў для моладзі ў рэгiёнах. Я вырашыла дапрацаваць яе ў адпаведнасцi з кантэкстам Беларусi i рэалiзаваць у сямі малых гарадах нашай краiны. Распрацавала заяўку на ўдзел у адным з найбуйнейшых конкурсаў для маладых людзей з Усходняй Еўропы, карыстаючыся тымі методыкамі, якім навучылася на варкшопе, i ўжо атрымала пацвярджэнне, што з восенi магу пачаць рэалiзацыю праекта па развiццю soft skills ў маладых людзей з рэгiёнаў.

Таксама карыстаюся карыснымi iнструментамi, аб якiх даведалася на варкшопе, у любым выпадку, калі трэба дзесьці вызначыць мэтавую аўдыторыю цi пазіцыянаванне. Напрыклад, ёсць цікавая методыка для таго, каб вызначыць зацікаўленасць людзей у тваёй ідэі. Ты бярэш  групы людзей, каму гэта можа быць патэнцыйна цікава, падзяляеш па квадратах і глядзіш, хто самы вялікі “інфлюэнсер” у гэтым полі і да каго ісці пітчыць сваю ідэю ў першую чаргу.

Ідэі – гэта крута, але пасля такіх мерапрыемстваў у цябе застаюцца знаёмыя і сябры. Шмат з кім мы застаемся на сувязі. Напрыклад, нядаўна рабілі відэа з хлопцам з Емену, каб звярнуць увагу на канфлікт, які там зараз адбываецца. Яно складалася з кавалкаў, дзе людзі з розных краін кажуць, што яны “stand with Yemen”. Справіліся за тыдзень. Крута бачыць, што ўдзельнікі з розных рэгіёнаў дагэтуль сустракаюцца. Прынамсі, я нядаўна ў Польшчы бачылася з удзельніцай з Іярданіі.

На тваю думку, каму варта падавацца на гэтую праграму? І што б ты параіла тым, хто хоча ўдзельнічаць ў гэтым варкшопе?

  1. Падавайцеся як мага раней. Так арганізатары пабачаць вас сярод першых і, верагодна, запомняць. Такім чынам, у вас будзе больш шанцаў. Сама даўно ладжу мерапрыемствы і заўсёды было цікава паглядзець да дэдлайна, хто ўжо паспеў падацца.
  2. Падавайцеся, нават калі вам падаецца, што шанцаў мала. Паспрабуйце прэзентаваць сваю ідэю і пакажыце, чаму гэта важна для вас.
  3. Ня бойцеся канкурэнцыі. Гэта не так страшна, асабліва калі вы прадумваеце сваю заяўку і робіце яе якаснай.
  4. Цікаўцеся тым, што адбываецца ў свеце і ўдзельнічайце ў мерапрыемствах у сваёй краіне, горадзе. Для арганізатараў варкшопу была важная актыўнасць удзельнікаў на лакальным узроўні. Я, напрыклад, займаюся нефармальнай адукацыяй.
  5. Вельмі важна быць у кантакце з моладзю з іншых краін. Так ты разумееш, што адбываецца ў свеце і як маладыя людзі працуюць з тымі ці іншымі праблемамі. Калі дзелішся сваім досведам з імі, то можа атрымацца match і ты пабачыш кагосьці, хто працуе з тваёй праблемай у іншых краінах і паглядзець на сваю працу з іншага боку і даведацца, з дапамогай чаго яшчэ яе можна вырашыць.

Сачы за навінамі аб новых наборах на варкшоп на сайце.