“Дыплом выдавалі толькі пасля адпрацоўкі размеркавання”. Як у 20 стагоддзі ўладкоўвалі на працу маладых спецыялістаў
- 22.07.2016
- Блог
Лірычны ўступ
Ёсць у Беларусі адметная рыса нацыянальнай адукацыі. Гаворка ідзе пра абявязковае размеркаванне выпускнікоў устаноў адукацыі. Спецыялісты па-рознаму ставяцца да гэтай працэдуры. Наконт размеркавання можна сустрэць шырокі дыяпазон ацэнак: ад самых пазітыўных да вельмі негатыўных.
У прынцыпе, нічога дзіўнага ў гэтым няма. У сваім экспертным заключэнні спецыялісты Беларускага Хельсінскага Камітэта адзначаюць, што размеркавання падпадае пад катэгорыю “прымусовая праца” у адпаведнасці з Канвенцыяй №29 Міжнароднай Арганізацыі Працы (артыкул 2.1 Канвенцыі). Ды і Канстытуцыйны Суд Беларусі ў сваім рашэнні ад 30 жніўня 2006 года прызнаў, што “прынцыпы кадравага забеспячэння павінны ў перспектыве грунтавацца на больш поўным спалучэнні інтарэсаў дзяржавы, грамадства і выпускнікоў навучальных устаноў, каб стымуляваць працаўладкаванне маладых спецыялістаў у рэгіёнах без абавязковага размеркавання”.
***
Беларусь стала часткай Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі і ўзяла на сябе абавязкі да канца года “пераглядзець (размеркаванне) з мэтай абмежавання гэтай практыкі”. Размяркоўваць выпускнікоў з кожным годам становіцца ўсё больш складаней. Дый эфектыўнасць самой працэдуры выклікае шмат сумневаў. Але адмяняць яго пакуль ніхто не збіраецца. Загадка проста нейкая. Давайце зазірнем у гісторыю размеркаванне ды паспрабуем разабрацца, адкуль у гэтай з’явы ногі растуць.
У Расійскай імперыі
Пасля правядзення школьнай рэформы 1864 года павялічылася сетка пачатковых народных вучылішчаў. Гэта выклікала вялікі попыт на педагагічныя кадры. Для іх падрыхтоўкі былі створаныя адмысловыя навучальныя ўстановы – настаўніцкія семінарыі. Адукацыя ў настаўніцкіх семінарыях Расійскай Імперыі была бясплатнай. Частка выхаванцаў атрымлівала стыпендыю з умовай, што пасля сканчэння семінарыі яны прапрацуюць не менш за чатыры гады настаўнікамі ў адной з пачатковых школ.
З успамінаў выпускніка Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі:
“Семінарысты карысталіся стыпендыяй ад 80 да 110 рублёў у год і жылі ў інтэрнаце пры семінарыі. Кожны, хто атрымліваў стыпендыю, па заканчэнні навучання павінен быў абавязкова адпрацаваць у пачатковай школе не менш за 2 гады. У выпадку невыканання гэтай умовы і пераходу на іншую работу з яго ўтрымлівалася сума стыпендыі”.
Незабяспечанасць народнага настаўніка прымушала выпускнікоў семінарый кідаць школы адразу ж пасля трох-чатырох гадоў абавязковай адпрацоўкі. Такім чынам, можна смела казаць аб наяўнасці інстытута размеркавання яшчэ ў Расійскай імперыі. Як ні дзіўна, але за больш чым 100 гадоў кардынальна нічога не змянілася: маладыя настаўнікі пасля “адпрацоўкі” сыходзяць са школы з-за нізкай аплаты працы, а толькі дзякуючы размеркаванню дзяржавай латаюцца кадравыя дзіркі ў рэгіёнах.
У СССР
За савецкім часам размеркаванне атрымала інстытуцынаяльнае афармленне і замацаванне. Праблемы занятасці моладзі ў СССР у прынцыпе не існавала. Яна была забяспечана працай (нават і насуперак свайму жаданню). Такое становішча было звязана з палітыкай дзяржавы. З аднаго боку, гэта спрыяла поўнай занятасці моладзі і гарантавала ім пэўны набор сацыяльных выгод. З іншага боку, адбывалася парушэнне свабоды выбару месца працы і жыхарства.
У адпаведнасці з Пастановай ЦВК і СНК СССР ад 15 верасня 1933 г. “Аб паляпшэнні выкарыстання маладых спецыялістаў” усе выпускнікі пасля заканчэння ВНУ і тэхнікумаў былі абавязаныя 5 гадоў адпрацаваць на вытворчасці ў сістэме таго наркамата, якому падпарадкоўвалася навучальная ўстанова. Самавольнае ўладкаванне на працу пасля заканчэння навучальнай установы або непрыбыццё да месца працы згодна з выдадзеным накіраваннем разглядалася як парушэнне закона, а вінаватыя ў гэтым прыцягваліся аж да крымінальнай адказнасці!
Згодна з Пастановай Савета Міністраў СССР ад 29 траўня 1948 года №1840 “Аб упарадкаванні размеркавання і выкарыстання маладых спецыялістаў, якія сканчаюць вышэйшыя і сярэднеспецыяльныя навучальныя ўстановы”, абавязковы тэрмін адпрацоўкі быў зменшаны з 5 да 3 гадоў. На дзяржплан СССР ускладалася задача планавання і падрыхтоўкі размеркавання маладых спецыялістаў з улікам патрэбы ў іх кожнай з галін народнай гаспадаркі. Гэты план зацвярджаўся Саўмінам СССР адначасова з народнагаспадарчым планам краіны.
Дадзеная Пастанова забараняла кіраўнікам прадпрыемстваў і ўстаноў прымаць на працу маладых спецыялістаў без накіраванняў адпаведнага міністэрства (ведамства). Таксама ўсялякае ўхіленне ад працы па размеркаванні, у тым ліку і пераход на іншую працу, а таксама непрыбыццё да месца працы ў названы тэрмін пагражала маладому спецыялісту крымінальнай адказнасцю (арышт ад 2 да 5 месяцаў). Але пасля арышту неадпрацаванае размеркаванне ўсё роўна трэба было адпрацоўваць.
Нездаровыя настроі сярод студэнтаў у сувязі з размеркаваннем былі вялікай праблемай для партыйных, камсамольскіх камітэтаў, а таксама для кіраўнікоў ВНУ. Студэнткі былі “… згодныя выйсці замуж хоць за помнік Пятру І, каб не паехаць па размеркаванні”. Да “несазнацельных” студэнтаў ўжываўся цэлы шэраг захадаў, аж да выключэння з камсамола.
Цяжэй ішла справа з тымі, хто на камісіі па размеркаванні пагадзіўся з прызначэннем, але да месца працы не прыбыў. Пошук нядбайных выпускнікоў і іх “прапрацоўка” ўскладаліся на ВНУ, якую яны скончылі. Напрыклад, у Ленінградскім педагагічным інстытуце ім. Герцэна існавала практыка грамадскіх судоў над “адмоўнікамі” такога кшталту.
На больш высокім узроўні ўлады таксама спрабавалі змагацца з падобнымі тэндэнцыямі.
У сталінскі перыяд няяўка па размеркаванні прыраўноўвалася да прагула і, такім чынам, станавілася крымінальным злачынствам.
У сувязі з адменай дадзенай меры ўзрасла колькасць “не даехаўшых” да размеркавання спецыялістаў. У 1963 г. ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі пастанову, якая прадугледжвала выдачу дыплома выпускнікам толькі пасля заканчэння абавязковага тэрміну адпрацоўкі па размеркаванні (3 гады)! Пасля прыходу да ўлады Брэжнева гэты захад быў адменены.
Таксама адной з прычын ухілення ад працы па размеркаванні былі кепскія жыллёва-бытавыя ўмовы на месцах і прадастаўленне працы не па спецыяльнасці. Менавіта гэтая прычына была названая галоўнай ў пастанове ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР “Аб мерах па далейшым развіцці вышэйшай і сярэднеспецыяльнай адукацыі, паляпшэнні падрыхтоўкі і выкарыстання спецыялістаў” ад 9 траўня 1963 года. Дакумент абавязаў установы, у распараджэнне якіх паступаюць спецыялісты, прадастаўляць жылую плошчу, медыцынскае абслугоўванне і г.д. на адпаведным узроўні.
Афіцыйнай прапагандай размеркаванне падавалася як “велізарнае дасягненне савецкага ладу”. Дэкларавалася, што ў капіталістычных краінах малады спецыяліст, які скончыў ВНУ, часта не можа знайсці сабе працу па спецыяльнасці, у выніку чаго губляе кваліфікацыю. У Савецкім Саюзе ж, па словах прапагандыстаў, усё выпускнікі ВНУ забяспечаны працай па спецыяльнасці. Аднак “нездаровыя” настроі сярод выпускнікоў ВНУ служаць яркай ілюстрацыяй праблем у гэтай галіне.
Кантроль за размеркаваннем маладых спецыялістаў быў ўскладзены на Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР. У далейшым парадак размеркавання маладых спецыялістаў рэгламентаваўся нарматыўнымі дакументамі вышэйшага органа кіравання адукацыяй СССР. Апошнім у шэрагу такіх актаў стаў Загад Дзяржадукацыі СССР ад 22 жніўня 1988 года №286 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб размеркаванні і выкарыстанні ў народнай гаспадарцы выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў”.
Камісіі па размеркаванні выпускнікоў ВНУ існавалі аж да распаду СССР. Уся іх дзейнасць разглядалася як адзін з элементаў сістэмы гарантый права савецкіх грамадзян на працу, а праца маладога спецыяліста – як яго грамадзянскі абавязак і абавязак адпрацаваць за бясплатна атрыманую адукацыю.
У 1991 годзе распаўся Савецкі Саюз. Але не знік інстытут размеркавання. Як ён сябе пачувае ў незалежнай Беларусі? Якім чынам змянялася яго прававое рэгуляванне? Адказы на гэтыя пытанні можна будзе знайсці ў наступным артыкуле.