Дыскутавалі-дыскутавалі і выдыскутавалі….

  • 23.11.2016
  • Блог
  • Здымкі: фонд Конрада Адэнаўэра Беларусь

“Шаснаццаць гадзін у аўтобусе, дзве мяжы і адна персадка – гэта шлях да ведаў пра новую, устойлівую і сонечную будучыню”, – так магло б гучаць апісанне маіх прыгодаў-падарожжаў на дыскусійны клуб фонда Конрада Адэнаўэра для беларусаў. Але навошта, калі галоўнае не тое, як мы дабіраліся туды: хто з Германіі, хто з Беларусі ці Расіі, а тое, навошта прыязджалі ў Вільню?

***

Навошта беларусы едуць у Вільню? – пытанне камічнае і простае, бо кожны ведае на яго як мінімум тры варыянты адказу. Але наш выпадак – выключэнне: мы ехалі не за рэчамі ці кавай, а для сустрэч. Сустрэч з тымі, хто навучыць нас новым падыходам да разумення эканомікі, палітычнага свету і саміх сябе, да сваёй будучыні – асабістай і грамадзянскай.

july-vilnius-kas

Восем месяцаў запар мы вывучалі міжнароднае права, рыторыку, паліттэхналогіі і камунікацыі, вучыліся прэзентаваць сябе, свае веды і будаваць персанальную прафесійную сетку кантактаў – віртуальную і рэальную, акадэмічна і зладжана выкладаць свае думкі, працаваць на камеру і на аўдыторыю ў пары і самастойна. Працаваць з тэкстам і голасам.

Кожны прыйшоў з розным бэкграўндам, у кожнага была свая матывацыя, але тое, што аб’ядноўвала – гэта жаданне асабістага росту не толькі для прасоўвання па кар’ернай лесвіцы, але і для больш глабальнага поспеху – эканамічнага і палітычнага для Беларусі. Мы вучыліся ў навукоўцаў, спецыялістаў-практыкаў і адзін у аднаго, каб зразумець, якой будучыні хочацца нам і да якой мы можам прыйсці зараз.

Дыскуссійны клуб фогда Конрада Адэнаўэра для Беларусі – гэта не палітычная, а аналітычная пляцоўка, на якой кожны вычыцца разумець, даносіць свае думкі да калег і свету. Восем семінараў, 3 дыскусіі з беларускімі і замежнымі экспертамі, два вучэбныя туры. Праз гэтыя сродкі шаснаццаць маладых дзеячоў з Беларусі знаёміліся з дзейнасцю і каштоўнасцямі Еўрапейскага Звязу, з палітычнай культурай Еўропы, яе ідэалагічным базісам.

Супрацоўніцтва разлічана на тое, каб не толькі маладыя беларусы даведаліся пра жыццёвыя ідэалы заходніх суседзяў, але каб і тыя адкрылі для сябе маладую, актыўную і перспектыўную Беларусь.

Асабіста для мяне гэтая праграма была крокам не толькі наперад у прафесійным развіцці, але і насустрач роднаму асяроддзю, мове і тым, каму не трэба тлумачыць простыя словы.