Дыстанцыйнае навучанне ў Арэгонскім універсітэце

  • Час чытання: 5 хвілін
Даслаць сваю анкету

Выйграўшы стыпендыю ад Амерыканскай амбасады, я прашла 10-тыднёвы дыстанцыйны курс на тэму “Building Teaching Skills Through the Interactive Web”.

Пра што і для каго?

Усе прапанаваныя курсы падыходзілі для выкладчыкаў ангельскай мовы або для адукацыйных адміністратараў. Мне спадабалася адразу некалькі накірункаў (English for Specific Purposes, Teaching English to Young Learners, Тeaching English to Pre-teens and Teens, Critical Thinking in Language Learning and Teaching), але ўлічваючы мой досвед і матывацыю, мне прапанавалі прайсці курс менавіта па вэб-тэхналогіях у выкладанні ангельскай мовы.

Як адбываецца навучанне?

Мая калега Каплана з Непала выкладае ангельскую ў класе з 40 вучнямі

Мая калега Каплана з Непала выкладае ангельскую ў класе з 40 вучнямі

Увесь курс быў разлічаны на 10 тыдняў. 40 навучэнцаў з усяго свету (з Беларусі ў гэтай групе я была адна) пры дапамозе адзінай выкладчыцы-кансультанткі Кортні Канінгам асвойвалі вэб-інструменты для сваёй працы.

У нас былі штотыднёвыя заданні: весці рэфлектыўны блог, выказваць свае думкі і меркаванні наконт прачытаных або ўбачаных матэрыялаў на спецыяльным форуме і рабіць па частках свой уласны адукацыйны праект, які быў важнай часткай ацэнкі ў канцы. Увогуле, кожны від працы штотыдня ацэньваўся інструктаркай, а праект – яшчэ і калегамі. Я, да прыкладу, працавала ў трыо з Марынай з Казахстану, якая выкладае ангельскую ў Міністэрстве фінансаў і з Капланай з Непалу, якая выкладае ў вучняў-падлеткаў.

Увогуле, для мяне самай важнай ў гэтым курсе была камунікацыя з калегамі. Ну дзе яшчэ ў вас з’явіцца магчымасць падзяліцца досведам і цікавымі каментарамі з такой разнастайнай настаўніцкай суполкай?

Што на выхадзе?

oregon-certificate

Акрамя вельмі лёгка пададзеных канкрэтных ведаў па тэме (якія інструменты і якім чынам можна выкарыстоўваць у розных адукацыйных абставінаў), досведу тэставання гэтых інструментаў і працы з анлайн-курсам ды прыгожага сертыфікату і значкі, самае важнае, што я вынесла для сябе з курса – знаёмствы з цікавымі калегамі і натхненне развівацца і выкладаць яшчэ лепей.

Парады

Сачыце за абвесткамі і падавайцеся. Калі набору больш не будзе, альбо вас не возьмуць – навучайцеся на бескаштоўных курсах, іх зараз вельмі шмат і яны не менш цікавыя. Развівайцеся і звязвайцеся з калегамі і гуру ў сваёй сферы па ўсім свеце – гэта адзін з найкарыснейшых досведаў, які можна знайсці.