Дзяніс Мыснік: “Калі б я быў прускім каралём, то адмяніў бы ў Беларусі аплату за навучанне”


DSC_5966

«Берлін асаблівы горад. Я не ведаю нікога, хто хацеў бы адсюль з’ехаць» – распавядае Дзяніс. Сёння ён навучаецца ў Інстытуце палітычных даследаванняў у Вольным універсітэце Берліна і працуе ў Нямецкім саюзе адвакатаў у аддзеле па сувязях з грамадскасцю і PR. Ужо некалькі год Дзяніс удзельнічае ў адборы стыпендыятаў праграмы GPFS у Беларусі як прадстаўнік нямецкага боку.

Як Вы сталі стыпендыятам  GPFS?

Калі я вучыўся ў Паўночнай Райн-Вестфаліі, даведаўся пра праграму GPFS, падаў заяўку, і мяне ўзялі. Паколькі адным з прадметаў, якія я вывучаў, быў “палітычныя даследаванні”, мне прапанавалі паехаць на 1 семестр у Берлін у Інстытут палітычных даследаванняў. Я палічыў, што правесці семестр у Берліне будзе цікава, але пасля таго, як я туды прыехаў, мне не захацелася з’яжджаць. І я прадоўжыў навучанне. Зараз ужо заканчваю.

У гэтым годзе Вы ў складзе камісіі, якая адбірае кандыдатаў на стыпендыю. Якім чынам праходзіць адбор? І хто прымае рашэнне?

Спачатку мы разглядаем пісьмовыя заяўкі, па пэўных крытэрыях складаем рэйтынг, і потым прыкладна палову мы запрашаем на сумоўе, на аснове якога абіраем, як правіла, 2 чалавекі. Восенню 2010 г.  з-за фінансавай сітуацыі ў нас была толькі адна стыпендыя, але, як правіла, іх дзве. У адборачную камісію звычайна ўваходзяць прадстаўнікі нямецкага боку, у дадзеным выпадку гэта я, запрашаем лектара ці моўнага асістэнта з ДААД, пажадана, каб быў прадстаўнік беларускага боку з вопытам работы са студэнтамі, звычайна гэта выкладчык беларускай ВНУ. Пажадана, каб гэты чалавек валодаў нямецкай мовай, не важна, ці выкладае ён нямецкую мову, важна каб валодаў.

Як Вы апынуліся ў прыёмнай каміссі?

Былыя стыпендыяты ГФПС уваходзяць у адборачную камісію, якая праводзіць сумоўі ў Мінску. Кожны год гэта розныя людзі. Хтосьці мае час, хтосьці не. Але ўсе члены нашай арганізацыі – гэта студэнты ці тыя, хто не так даўно скончыў навучанне. Мы, студэнты, займаемся гэтым у свой свабодны час. Гэта некамерцыйная арганізацыя, ніхто ніякіх грошаў за гэта не атрымоўвае. Мая асабістая матывацыя: у свой час мяне падтрымалі, і мне хацелася б аддаць гэта назад. Гэта мой сацыяльны абавязак, дапамагчы маім калегам.

Хто часцей падае дакументы? Хто Вашыя стыпендыяты?

Калі мы пачыналі, у асноўным гэта былі заяўкі філалагічнага накірунку. Зараз гэта людзі, якія займаюцца міжнароднымі адносінамі, міжнародным правам, паліталогіяй, эканомікай, фінансамі. Мы заўсёды рады, калі дыяпазон заявак пашыраецца, гэта важная частка праграмы – нашыя студэнты не абавязкова едуць вывучаць тыя ж навукі, якія яны вывучалі ў Беларусі.

Вы імкнецеся да таго, каб сярод стыпендыятаў былі прадстаўлены і філолагі, і эканамісты, шукаеце баланс паміж напрамкамі навучання?

Скажам так, гэта не з’яўляецца крытэрыям адбору. Баланс мы спецыяльна не шукаем, ён неяк сам знаходзіцца. Галоўны крытэрый – гэта не вучоба, нават не веданне мовы. Мы патрабуем сертыфікат валодання мовай, і на сумоўі мы, канешня, адразу бачым, зможа чалавек вучыцца, ці не – дзеля гэтага і праводзіцца сумоўе. Узровень валодання нямецкай мовай ва ўсіх заяўнікаў дастатковы, каб вучыцца ў Германіі. Такім чынам гэта не крытэрый, па якому людзі паміж сабой канкуруюць. Галоўны крытэрый – гэта сацыяльная, культурная, палітычная заангажаванасць.

Якім чынам Вы гэта вызначаеце?

Людзі, якія падаюць да нас заяўку, ведаюць, што гэта самае галоўнае. І калі чалавек у заяўцы не ўказвае на гэта, то ён, на жаль, адразу адсейваецца. Але так бывае рэдка. Часам прыносяць рэкамендацыі, дзе гэта зазначана. Мы распытваем на сумоўі, чым чалавек займаецца ў вольны час, і адразу адчуваем, наколькі ён заангжаваны.

А іншыя крытэрыі?

Другі крытэрый – добрыя адзнакі. Але так атрымоўваецца, што ўсе, хто падае дакументы, добра вучацца. Адзнакі важныя, бо мы запрашаем чалавека ўсё ж не на праграму сацыяльнай актыўнасці, а ў першую чаргу на вучобу. Але добрыя адзнакі – гэта не значыць, што трэба быць выдатнікам. Проста добрыя адзнакі. Далей – веданне нямецкай мовы, на якой і праходзіць сумоўе. І цікавасць да Германіі, яе культуры, развіцця краіны і грамадства. Бо калі яму усё роўна, куды ехаць, тады не мае сэнсу ехаць менавіта па праграме GPFS.

Якім чынам Вы распаўсюджваеце інфармацыю пра чарговы конкурс?

Мы дасылаем інфармацыю ва ўсе нямецкія структуры ў Мінску: Гётэ Інстытут, амбасаду Нямеччыны, IBB. Дасылаем у некаторыя НДА, з якімі мы кантактуем. Былым стыпендыятам, якія працягваюць навучанне ў Беларусі, лектарам ДААД.

Ці распаўсюджваеце Вы інфармацыю наўпрост праз ВНУ?

У нас няма мэты працаваць з ВНУ наўпрост, мы – студэнцкая арганізацыя. Гэтым не займаюцца нашы калегі ні ў Польшчы, ні ў Чэхіі. З ВНУ мы кантактуем тады, калі з’яўляюцца праблемы ў нашых стыпендыятаў. Гэта бывае рэдка, як правіла, у нашых студэнтаў праблем не ўзнікае, усе вяртаюцца своечасова. У іх ніколі не было праблем з вучобай, многія пачыналі карыстацца вялікім даверам некаторых выкладчыкаў. Але часам пры ад’ездзе аказваюцца няправільна аформленыя, ці не сабраны ўсе дакументы. Але мы заўсёды гатовы дапамагчы гэтаму студэнту і ўвайсці ў дыялог з тымі стуруктурамі, дзе ўзнікае праблема. І мы звязваемся з нямецкімі структурамі ў Беларусі, якія таксама могуць нас падтрымаць.

Ці плануецца пашырэнне праграмы GPFS у Беларусі?

У Польшчы і Чэхіі прагарма дзейнічае ў два бакі: студэнты з Польшчы і Чэхіі едуць вучыцца ў Германію, студэнты з Германіі – у Польшчу і Чэхію. У Беларусі гэта працуе толькі ў адным напрамку – з Беларусі ў ФРГ. Гэта звязана з тым, што студэнт – замежнік у Беларусі павінны плаціць. І гэта сума дастаткова вялікая для нашай студэнцкай арганізацыі. Гэты фінансавы бар’ер пакуль самая істотная для нас праблема. Жадаючых вучыцца ў Беларусі з Германіі знайшлося б дастаткова: ёсць тыя, хто вывучае рускую і беларускую мовы, напрыклад, ва універсітэце ў Ляйпцыгу, ёсць гісторыкі, культуролагі. Для нашых стыпендыятаў у Германіі большасць ВНУ робіць зніжкі, яны не плацяць студэнцкі ўзнос. У нямецкай мове ёсць прымаўка: «калі б я быў прускім каралём, я б зрабіў…». Дык вось, калі б я быў прускім каралём, я б зрабіў зніжкі ці ўвогуле адмяніў у Беларусі аплату за навучанне студэнтаў, якія прыяжджаюць па абмену.

Якія б парады Вы далі тым, хто збіраецца падаваць дакументы?

Часта даводзіцца сутыкацца з прадузятым стаўленнем – людзі проста не вырашаюцца падаваць заяўкі. Многія не ведаюць, што стаіць за 4 літарамі  GPFS і не вырашаюцца. Але трэба сказаць, што мы адказваем на ўсе пытанні, якія нам дасылаюць, і прытым адказваем на ўсіх мовах: нямецкай, англійскай, рускай, беларускай. Бо хтосьці не адважваецца пісаць адразу на замежнай… Але любы, у каго ёсць пытанне можа звярнуцца. Яшчэ не заўсёды людзі разумеюць, што мы называем заангажаванасцю. Гэта не значыць, што трэба займаць ключавыя пазіцыі ці рэалізоўваць велізарныя праекты. Гаворка пра нішы, дзе чалавек з’яўляецца грамадзянінам, удзельнічае ў жыцці грамадскай супольнасці. Гэта можа быць дапамога дзецям у свабодны час. Галоўнае нават не тое, што менавіта робіць чалавек, а як ён гэта робіць і самае важнае – дзеля чаго.

Дзяніс Мыснік нарадзіўся ў Беларусі, 3 гады навучаўся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце на факультэце нямецкай мовы. У 2004 г. з’ехаў у Германію, дзе працаваў педагогам у школе для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Вырашыў застацца за мяжой і пачаў навучанне ў Паўночнай Райн-Вестфаліі, але неўзабаве, даведаўся пра праграму GPFS, падаў дакументы, стаў стыпендыятам і пераехаў у сталіцу Германіі.