Дзе можна атрымаць веды, якія дапамогуць працаваць аддалена ці распачаць свой інтэрнэт-праект?
- 09.02.2014
- Цікавосткі
Інтэрнэт становіцца часткай нашага жыцця. Там мы знаёмімся, камунікуем з людзьмі, шукаем інфармацыю, а можам таксама працаваць і весці бізнэс. Але як гэта рабіць, многія не ведаюць, таму мы вырашылі зрабіць падборку месцаў і мерапрыемстваў у Менску і не толькі, дзе можна атрымаць веды і ўменні, якія дапамогуць вам працаваць аддалена ці распачаць свой інтэрнэт-праект.
БДУІР
У БДУІРы ўжо не першы год працуе ініцыятыва пад назвай www.course.by, дзе вас бясплатна могуць навучыць будаваць свае вэб-дадаткі. Мэта ініцыятывы – пабудаваць у Беларусі сетку бясплатных курсаў, якія б натхнялі чалавека рэалізоўваць уласныя ідэі ды паказвалі, што праграмаванне – гэта проста. Таксама да гэтых курсаў можна далучыцца ў якасці выкладчыка, калі вам ёсць, чым падзяліцца.
Камп’ютарная акадэмія Крок” (“Шаг”)
Камп’ютарная акадэмія «Крок» («Шаг») – адна з буйнейшых міжнародных устаноў, якая спецыялізуецца на адукацыі ў сферы інтэрнэт-тэхналогій. Выкладчыкі – спецыялісты-практыкі, якія зразумела вам усё патлумачаць, а таксама дадуць актуальныя веды. Акадэмія працуе па розных накірунках, ёсць нават курсы для дзетак. Выпускнікі курсаў задаволеныя сваімі вынікамі, шмат хто знайшоў сябе дзякуючы Акадэміі.
Адукацыйны цэнтр Парка Высокіх Тэхналогій
Вучэбны цэнтр ПВТ прапануе вялікую колькасць адукацыйных праграм не толькі па праграмаванні, там ёсць курсы і па асабістым развіцці, па графіцы і дызайне. Калі вы пачынаеце праект, вам будзе карысны курс па прасоўванні свайго бізнэса ў інтэрнэце. На сайце цэнтра можна пазнаёміцца з праграмай, а таксама водгукамі і вынікамі выпускнікоў.
ARTOX
Навучанне на курсах Artox даволі дарагое, але там вас навучаць ужо прафесіі, па якой можна працаваць аддалена ці ўладкоўвацца на працу. Навучанне можа быць як дзённым, так і дыстанцыйным, што будез танней. Калі навыкі і веды ў вас ужо ёсць, але вы прагнеце самаўдасканалення, паспрабуйце стажыроўку ў кампаніі. Можа, і працу атрымаеце, досвед – дакладна!
SEOLAB
Seolab пазіцыянуе сябе як цэнтр інтэрнэт-адукацыі, спецыялізуюцца яны больш на сферы інтэрнэт-маркетынга і прасоўвання, калі вы хочаце навучыцца праграмаванню – вам не па адрасе. Асноўныя накірункі навучання – SEO, SMM, кантэкстная рэклама, капірайцінг. Прыходзіць можна як навічкам, так і ўжо спецыялістам, якія жадаюць павысіць узровень майстэрства. Цэнтр ладзіць і адзіночныя семінары па асобных тэмах, таму калі вас цікавіць нешта канкрэтнае, сачыце за праграмай.
Нельга не сказаць пра розныя інтэрнэт-рэсурсы, якія прапануюць адукацыйныя курсы па розных аспектах IT. Напрыклад, усім вядомая Coursera, MIT Open Courseware, Udacity, дзе вы вырашаеце праблему разам з выкладчыкамі і вучыцеся не толькі кодзіць, але і атрымліваеце веды ў іншых навуках, а таксама Google Code University, які падыдзе вам, калі вы цікавіцеся распрацоўкай дадаткаў пад Андроід. Але для такіх спосабаў прыйдзецца павучыць замежныя мовы, да чаго мы вас шчыра заклікаем!
Карацей, выбар таго, дзе і чаму можна навучыцца, сапраўды вялікі!
Але ж усе мы ведаем, што веды важна не толькі атрымаць, але і правільна выкарыстаць. Таму прапануем пару магчымасцяў і месцаў, у якіх вы можаце прэзентаваць сваю ідэю, атрымаць карысныя парады і пазнаёміцца з аднадумцамі.
Дзелавы інтэрнэт
Дзелавы інтэрнэт – гэта канферэнцыя, якая праходзіць штогод, галоўны арганізатар – партал tut.by. Гэта канферэнцыя, перш за ўсё,- пляцоўка для новых знаёмстваў і прафесійных сувязяў. Але штогод там чытаюць даклады спецыялісты ў сваёй галіне пра інтэрнэт-трэнды, даюць карысныя парады для працы. Таму калі ў вас ужо ёсць нейкі бэкграунд у сферы IT – смела набывайце квіткі на наступны “Дзелавы інтэрнэт”.
БАВІН
Калі ў вас ёсць ідэя ці прататып клёвага прадукта, не бойцеся і падавайце заяўку ў БАВІН. Там у вас будзе магчымасць дапрацаваць свой праект і прэзентаваць яго інвестарам. Нават калі грошы на рэалізацыю вы не атрымаеце, карысныя парады, якія дапамогуць рухацца далей, у вас дакладна будуць. Таксама ў БАВІН ёсць магчымасць праходжання стажыроўкі ў якасці менеджара інавацыйных праектаў. Стажыроўка дапаможа вам лепей зразумець “кухню” стартапаў, папрацаваць над чужымі праектамі, а потым прэзентаваць уласны!
EPAM
Кампанія праводзіць бясплатныя трэнінгі для студэнтаў без досведу працы, якія хочуць працягнуць працу ў кампаніі. Для таго, каб быць залічаным на курсы, трэбы добра валодаць ангельскай, трошкі разбірацца ў абранай сферы (залежыць ад спецыялізацыі), прайсці сумоўе. Шукайце навучанне для сябе тут.
ITRANSITION
У гэтай кампаніі таксама можна павучыцца, потым прайсці практыку ці адпрацаваць размеркаванне, калі вы студэнт. У асноўным на стажыроўку бяруць жадаючых стаць праграмістамі ці тэсціроўшчыкамі. Падчас навучання вы будзеце працаваць, калі вашыя вынікі задаволяць кампанію, то вы атрымаеце шанец там папрацаваць. Але падвучыце ангельскую, там яна таксама патрэбная. Інфармацыю пра даступныя курсы навучання знаходзьце паспасылцы.
Global Entrepreneurship Week
З 17 па 23 лістапада ў Менску праходзіў Тыдзень прадпрымальніцтва. Спецыяльнага дня, каб прэзентаваць свае ідэі, там не прадугледжана, але ж уявіце сабе, колькі там будзе прадпрымальнікаў, якім на кава-паўзе вы зможаце прэзентаваць сваю ідэю і атрымаць дапамогу. Альбо прапанаваць сябе ў якасці спецыліста ў якім-небудзь накірунку.
Social Weekend
Social Weekend – гэта конкурс праектаў Беларусі, удзельнікі якога могуць атрымаць фінансаванне на рэалізацыю сваёй ідэі. Удзельнічаць можа любы ахвотны, дастаткова падаць заяўку. Ідэя павінна быць накіравана на тое, каб зрабіць лепей свет вакол нас.
Вучыцеся, кодзьце, камунікуйце, рабіце свае праекты і змяняйце свет!
Вікторыя Жлобіч для Adukacyja.info