Дзе знайсці матывацыю да вывучэння мовы

  • 739

…і як пасля не страціць яе.

У кожнага чалавека ёсць розныя абставіны, якія ўплываюць на жыццё, змяняюць яго. Валоданне замежнай мовай — адзін з такіх фактараў. Дзякуючы ўменню размаўляць на розных мовах можна пазнаёміцца з людзьмі з усяго свету,   знайсці прэстыжную працу, адкрыць для сябе шмат новых магчымасцей, абняць цэлую планету. Але якім чынам адшукаць матывацыю, якая будзе трымаць у тонусе, і працягваць вывучаць мову нават пасля таго, як першая хваля натхнення сышла?

UcBvArT0YWU

Успрымайце гэта як выклік самому сябе. Для вывучэння замежных моў патрабуецца перш за ўсё ваша жаданне і асабістыя намаганні. Калі гэты працэс падаецца вам складаным і нудным, а свабоднае валоданне – недасягальнымым, адразу пазбаўляйцеся ад гэтых думак! Гэта галоўная перашкода на шляху да вашай мэты. Вывучэнне замежнай мовы – найперш пераадоленне сябе, праца, выклік. У той жа час гэта цікавая, займальная справа.

Стварыце свой новы вобраз. Ці можаце вы паглядзець на самога сябе, калі вы ўжо даволі добра авалодалі мовай? Уявіце, што вы размаўляце з кім-небудзь на іншай мове, вандруеце па краіне, мову якой вывучаеце, з лёгкасцю чытаеце і разумееце надпісы на шыльдах. Паспрабуйце адчуць задаволенасць сабой праз тое, што вы свабодна размаўляеце на замежнай мове, і ўпэўненасць у сваіх сілах. Захавайце гэты вобраз у памяці і выклікайце яго на дапамогу, калі вам патрэбна натхніцца для далейшай працы над павышэннем ўзроўню ведання мовы.

yCW9Td9_CpE

Мовай можна авалодаць, калі яна авалодае вамі. Захапленне мовай, яе прыгажосцю і асаблівым гучаннем дапамагае рухацца далей і далей. Як гэтыя незнаёмыя гукі і словы могуць прывабіць? Абавязкова паслухайце песні і музыку краіны, даведайцеся, якія імёны маюць людзі, што ў ёй жывуць. Паглядзіце культавыя фільмы і прасякніцеся іх атмасферай, настроем, асаблівасцю стаўлення да жыцця людзей, што размаўляюць на гэтай мове. Вы паступова будзеце адчуваць сябе ўсё бліжэй да вывучаемай мовы, і яна авалодае вамі.

Адшукайце скарб. Новая мова можа паднесці вам каштоўны падарунак. Традыцыі, прыказкі, народныя казкі – сапраўдная скарбніца. Вывучэнне мовы без іх ужывання, без паглыблення ў яе ідыёмы, жарты – нібы вячэра без страваў. Выказванні знакамітых людзей пашыраць вашы жыццёвыя погляды, а пасля і далягляды.

Пазнаёмцеся з таленавітымі людзьмі. Кожная нацыя мае сваіх выбітных людзей, вядомых ва ўсім свеце. І зараз вы можаце адкрыць іх для сябе нанова, чытаючы ў арыгінале цікавыя кнігі, гледзячы фільмы ці інтэрв’ю з любімымі акцёрамі. А можа, наперадзе сапраўдная сустрэча з кім-небудзь з іх? З кім вы выхацелі б убачыцца і што вы ім сказалі б на іх роднай мове? Абавязкова падумайце, бо веданне мовы адчыняе для вас шмат дзвярэй. І да гэтага лепш быць падрыхтаваным!

tHcuHy3jsTk

Іншамоўнае асяроддзе. Лепш за ўсё мова засвойваецца, калі вы знаходзіцеся у гэтай краіне, і ўсюды навокал чуеце яе, бачыце надпісы, аб’явы, шыльды. Калі у вас ёсць магчымасць трапіць у такое асяроддзе, гэта цудоўна, і ваш прагрэс ў вывучэнні мовы будзе хуткім і эфектыўным. Ці такое асяроддзе можна стварыць самастойна. Нават невялікія змены ў атачэнні стануць вельмі карыснымі дапаможнікамі: прагляд навінаў на іншай мове, змена мовы меню на мабільным тэлефоне, каляндар, надрукаваныя прыгожыя фразы ці словы, размешчаныя на відных месцах, і іншыя рэчы, якія падкажа вам фантазія.

Падтрымка аднадумцаў. Вучоба час ад часу надакучвае, таму добра, калі побач ёсць з кім падзяліцца сваімі поспехамі, няўпэўненасцю, карыснай інфармацыяй па тэме. Яшчэ лепей, калі вы знойдзеце аднадумцаў, якія жадаюць практыкавацца ў размовах на замежнай мове, бо мала ў каго ёсць магчымасць рабіць гэта з носьбітамі мовы. Напрыклад, у Гродна адбываюцца цікавыя сустрэчы Tandem Evenings in Hrodna для ахвотных паразмаўляць на іншых мовах. Там збіраюцца розныя людзі і аб’ядноўваюцца за моўнымі сталамі, каб абмеркаваць цікавыя тэмы, палепшыць свае навыкі ў размовах. Калі цяжка знайсці аднадумцаў побач, можна адправіцца на пошукі ў інтэрнэт-прасторы. І вы не толькі палепшыце свае навыкі, але і пазнаёмецеся з мэтанакіраванымі, актыўнымі, цікавымі людзьмі, знойдзеце новых сяброў.

ojFOo8OfhGQ

Ідзіце ўперад вялікімі крокамі. Займаючыся зрэдку і пакрыху, працэс навучання будзе вельмі павольным, і таму вынік не будзе вас досыць задавальняць. Поспехі і значны прагрэс павышаюць упэўненасць у сваіх сілах і задаволенасць вынікамі, надаюць стымул працягваць займацца гэтай справай далей. Не забывайце адзначаць павышэнне вашага ўзроўню. Успомніце, што вы ўмелі і маглі некалькі месяцаў таму, і што змянілася на сённяшні момант. Не шкадуйце сваіх сіл на вучобу, бо іх стане яшчэ больш, калі вы заўважыце, што цяпер разумееце не толькі асобныя словы з фільма, а цэлыя дыялогі. А пры знаёмстве з іншаземцам вы зможаце сказаць не толькі свае імя і колькі вам год, але і распавесці пра сваё жыццё, хоббі, мары і любімую кнігу!

Практыкуйце! Навыкі, якімі чалавек не карыстаецца ў паўсядзённым жыцці, паступова страчваюцца. Каб падтрымліваць веды замежнай мовы ці павышаць іх узровень, трэба часта ужываць яе альбо зрабіць заняткі часткай распарадку дня ці тыдня. Практыкуйце замежную мову актыўна! Глядзець відэаматэрыялы ці чытаць пасіўна, без прапрацоўкі – гэта дарма страчаны час. Кароткае відэа ці невялічкі артыкул, пра якія вы зможаце потым расказаць, выказаць думкі ўголас, вывучыўшы колькі новых слоў, прынясуць значна больш карысці.

Смела карыстайцеся замежнай мовай. Як толькі на вашым шляху сустрэнецца іншаземец, мову якога вы ведаеце (хоць крыху), не праходзьце міма. Гэта вельмі каштоўны вопыт. Але сарамлівасць і няўпэненасць у сябе могуць нам пашкодзіць. Звычайна людзі з павагай ставяцца да новых знаёмых, якія могуць размаўляць на іншай мове, нягледзячы на тое, што ведаюць яе не вельмі добра. Таму смела карыстайцеся такой магчымасцю, бо невядома, калі такі шанец выпадзе зноў.