ECLAB – першы каледж Liberal Arts ў Беларусі
Adukacyja.info паразмаўляла з кіраўніком Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі Аляксандрам Адамянцам. Гэты праект дазваляе атрымаць дадатковую адукацыю па сістэме Liberal Arts Education.
– Аляксандр, як узнікла ідэя стварэння Еўрапейскага каледжа Liberal Arts ў Беларусі. Ці ёсць у нас ужо нешта падобнае?
– Я б не стаў сцвярджаць, што ў Беларусі такога не было – і было, і не. Па-першае, праекты нефармальнай адукацыі ў Беларусі ёсць – Беларускі Калегіюм, Лятучы універсітэт. З іншага боку, наша праграма Liberal Arts – гэта пэўная адукацыйная мадэль, якой у разгорнутым выглядзе ў Беларусі да гэтага часу не было. У ЕГУ, калі ён знаходзіўся ў Мінску, прысутнічалі некаторыя элементы Liberal Arts, але не было як такога праекта ў чыстым выглядзе. Прычын гэтаму шмат, у тым ліку моцная рэгламентацыя адукацыйнага працэсу дзяржавай. Таму мы паспрабуем зрабіць праект у якасці нефармальнай адукацыі, хоць у нас ёсць вялікія планы, але пакуль без ўваходжання ў акадэмічнае поле, дзе нас чакае шмат абмежаванняў.
– Што такое Liberal Arts?
– Лепш за ўсё распавесці аб Liberal Arts, параўнаўшы гэтую праграму з традыцыйнай сістэмай адукацыі. Традыцыйная сістэма ўніверсітэцкай адукацыі – гэта вялікія універсітэты, факультэты, глыбокая спецыялізацыя, дзе студэнт паступае адразу на пэўную спецыяльнасць і праз пяць гадоў выпускаецца з дыпломам спецыяліста – такая сістэма адукацыі бярэ свае вытокі ў эпосе Асветы, канцэпцыі ўніверсітэта Гумбальдта. Зараз – гэта эпоха Інтэрнэту, глабалізацыі, дзе веды павялічваюцца з такой хуткасцю, з якой да гэтага было немагчыма. Раней кніга была асноўным носьбітам інфармацыі і заўсёды была рэдкасцю. А зараз – Інтэрнэт, дзе любы мае поўны доступ да ўсіх ведаў чалавецтва, таму традыцыйная мадэль адукацыі сустракаецца з зусім іншай рэальнасцю і ўжо не адпавядае сучаснай эпосе. У сучаснасці адукацыя павінна мяняцца, каб паспяваць за тымі імклівымі зменамі, якія адбываюцца ў нашым жыцці, і Liberal Arts – менавіта тая сістэма, якая закліканая адпавядаць новаму часу. Звычайна каледж Liberal Arts – гэта невялікі каледж з невялікай колькасцю навучэнцаў. Мы прывыклі да плыневых аўдыторыяў, а прынцып Liberal Arts – гэта максімальны кантакт са студэнтам, дыялог, пастаянны ўдзел, таму групы мінімальныя – 8-12 чалавек, дзе кожны студэнт задзейнічаны. Сучасная эпоха – гэта эпоха ўключанасці, таму ўключанасць павінна быць і ў навучальным працэсе. У традыцыйнай сістэме адукацыі адбываецца «трансляцыя» ведаў ад выкладчыка да студэнта, студэнт з’яўляецца пасіўна ўспрымаючым бокам і павінен запісваць канспекты, зубрыць і потым трансляаваць веды. Сёння ж стаць спецыялістам амаль немагчыма, усё вельмі хутка мяняецца – як толькі студэнт скончыў вучобу, усе веды ўжо пайшлі наперад і трэба нанова вучыцца, вучоба не спыняецца ні на хвіліну. Таму Liberal Arts імкнецца даць не аб’ём ведаў, а ўменне апрацоўваць, шукаць і аналізаваць веды, уменне шукаць інфармацыю і ператвараць яе ў веды, фарміраваць аналітычныя навыкі – уменне думаць самому, калі ніякія кнігі і прафесары не могуць даць адказы на ўсе пытанні. Праграма Liberal Arts пабудавана такім чынам, каб студэнт максімальна нёс адказнасць за сваю навучальную праграму – студэнту прапануецца мноства курсаў на выбар, і ён павінен сам зразумець, што яму цікава. Навучальная праграма не навязвае, што студэнту вывучаць, ён сам павінен паспрабаваць зарыентавацца – яму, вядома, у гэтым дапамагаюць выкладчыкі-тутары. Сістэма Liberal Arts – гэта сістэма тутарства, дзе кожны выкладчык дапамагае зарыентавацца студэнту, у якога яшчэ мала вопыту. Ужо з універсітэта гэта прывучае чалавека быць адказным за сваё жыццё і выбар сваёй будучыні.
– У іншых краінах Liberal Arts функцыянуе ў рамках акадэмічных інстытутаў (бакалаўрыят, магістратура, інш.), у нас жа гэта праект нефармальнай адукацыі. Якія асаблівасці Liberal Arts чакаюцца ў Беларусі?
– Паколькі гэта нефармальная адукацыя, мы пакуль не можам прапанаваць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Мы арыентуемся на тых, хто з’яўляецца студэнтам цяпер, але адкрытыя і для выпускнікоў, і тых, хто хоча папоўніць прагалы ў адукацыі, жадае атрымаць новы вопыт і пашырыць свае гарызонты. Улічваючы, што людзі ўжо дзе-небудзь вучацца або працуюць, мы будзем імкнуцца не перагрузіць нашых студэнтаў.
– Колькі вольнага часу спатрэбіцца, каб быць максімальна ўключаным у навучальны працэс?
– Мы арыентуемся на 2 пары 2 разы на тыдзень, акрамя таго, разлічваем, што студэнты нейкі час выдаткуюць на самастойную працу, паколькі гэта важны элемент Liberal Arts. Студэнты павінны разумець, што яны не проста прыходзяць паслухаць вельмі цікавага выкладчыка, а для таго, каб узбагаціцца новымі ведамі і досведам. Абавязковым элементам Liberal Arts з’яўляецца самастойная праца, таму студэнтам будуць прапаноўвацца тэксты для чытання для падрыхтоўкі да заняткаў. Плануецца невялікая колькасць лекцый, але пераважна праграма ўяўляе сабой семінары з інтэрактыўнай працай са студэнтамі. Мы арыентуемся на еўрапейскую і амерыканскую мадэль і хочам максімальна дыстанцыявацца ад традыцыйнай мадэлі адукацыі, прапанаваць зусім новае, чым таксама спадзяемся зацікавіць і прыцягнуць студэнтаў. Кагосьці можа прывесці цікаўнасць – напрыклад, мы наўмысна назвалі напрамкі вучобы не «спецыялізацыі», а «канцэнтрацыі» (англ. concentration). Традыцыйная сістэма адукацыі – гэта спецыялізаваныя веды, паглыбленне ў прадмет. У Liberal Arts акцэнт на разнастайнасці: студэнт павінен атрымаць веды з розных дысцыплін, а не толькі па нейкай адной спецыялізацыі. Тут ужываецца міждысцыплінарны падыход. «Канцэнтрацыя» прадугледжвае засяроджанасць на адной дысцыпліне, напрыклад, на публічнай гісторыі, пры гэтым частку прадметаў студэнт слухае з іншых канцэнтрацый, такім чынам, атрымлівае максімальна шырокі спектр, што яго можа зацікавіць, што таксама спрыяе гнуткасці мыслення, уменню мяняць свае стратэгіі.
– Патэнцыяльны студэнт каледжа – хто ён?
– Вядома, не хацелася б абмяжоўваць мэтавую групу каледжа пэўнымі дысцыплінамі. Мы мяркуем, што да нас хутчэй далучацца гуманітарыі, але калі прыйдуць студэнты тэхнічных спецыяльнасцяў, гэта будзе сведчыць пра наш поспех, а таксама, што беларускія студэнты цікавяцца не толькі сваёй прафесіяй. І гэта вельмі важна, паколькі агульнае развіццё асобы неабходна і ў тэхнічных прафесіях. Можна быць тэхнічным спецыялістам і працаваць па шаблоне, а можна быць рознабаковым чалавекам, каб выйсці за межы сваёй вузкай спецыяльнасці.
– Якую карысць можа прынесці студэнту каледж?
– Спадзяемся, што сам навучальны працэс будзе цікавым. Я і мае калегі лічым, што вучоба – гэта тое, што павінна прыносіць задавальненне. Задавальненне – паказчык таго, наколькі эфектыўная наша праца, навучальны працэс. Плюс інтэрактыўнасць – актыўныя зносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі, паміж самімі студэнтамі. Мы будзем прапаноўваць розныя віды прац: не толькі пытанні-адказы, але і падрыхтоўку прэзентацый, калектыўных праектаў, дзе можна вучыцца працаваць у групах, узаемадзейнічаць, – кожны студэнт зможа знайсці, што яму даспадобы. Наша задача – прапанаваць максімальны спектр розных формаў і аспектаў навучання.
– Як не згубіцца ў гэтым велізарным полі выбару? Нашы студэнты пакуль не прызвычаіліся да шырокай свабоды выбару ў навучанні, і часта бывае цяжка зарыентавацца. Ці будуць выкладчыкі дапамагаць у гэтым студэнтам?
– Мы гэты аспект таксама ўлічваем, паколькі ведаем аб сучаснай сістэме адукацыі ў Беларусі, таму, відаць, будуць цяжкасці. Але мы будзем індывідуальна працаваць з кожным студэнтам, каб дапамагчы яму арыентавацца з выбарам. Гэта будзе адбывацца і на першым этапе навучання, калі студэнт пройдзе ўсе адборачныя працэдуры, і далей пасля ўступнага курсу, калі будзе адбывацца выбар адной з трох канцэнтрацый. Сістэма тутарства ў Liberal Arts існуе менавіта для таго, каб дапамагаць студэнту – пры гэтым гэта не «ментар» у класічным сэнсе, а той чалавек, які бачыць, што студэнту цікава, дапамагае ўзмацніць слабыя месцы, не навязваючы свой выбар.
– Колькі вы чакаеце студэнтаў у каледжы?
– Мы арыентуемся на 30-40 чалавек, але пакуль гэта вельмі абстрактная лічба, паколькі не маем вопыту навучальнага працэсу. У планах таксама развіццё дыстанцыйных праграм, каб маладыя людзі з рэгіёнаў таксама маглі ўдзельнічаць у нашым праекце. Зараз мы вядзем перамовы з шэрагам еўрапейскіх каледжаў, каб прапанаваць нашым студэнтам большую колькасць магчымасцяў і бонусаў – напрыклад, у канцы кожнага навучальнага года будзе праводзіцца летняя школа на базе аднаго з нашых партнёрскіх універсітэтаў або каледжаў, дзе студэнты могуць кантактаваць з еўрапейскімі студэнтамі і выкладчыкамі.
– Ці магчыма адкрыццё бакалаўрыяту або магістратуры Liberal Arts ў Беларусі?
– Пакуль гэта мала рэальна, паколькі пакуль што навучальны працэс моцна зарэгуляваны, але спадзяемся, хутка гэта зменіцца. Напрыклад, знаходжанне ЕГУ ў Вільні – гэта сумная непазбежнасць, якая абумоўлена гэтымі абмежаваннямі. Тым не менш, у беларускай моладзі ёсць патрэба ў сучаснай еўрапейскім адукацыі, і каб яе задаволіць, мала аднаго універсітэта. Іх павінна быць шмат і на самы розны густ, каб кожны малады чалавек знайшоў тое, што яму бліжэй і цікавей. Гаворка тут павінна ісці не пра канкурэнцыю, а пра ўзаемадапаўняльнасць. Таму мы зацікаўлены ў супрацы з самымі рознымі адукацыйнымі інстытутамі, у тым ліку з ЕГУ.
– Якія ў вас чаканні ад праграмы Liberal Arts ў Беларусі?
– Мы, вядома, спадзяемся на поспех і не можам прадказаць, якія цяжкасці паўстануць. Пастараемся быць максімальна гнуткімі, каб пераадольваць усе цяжкасці.
Прэзентацыі Еўрапейскага каледжа Liberal Arts ў Беларусі адбудуцца 14 жніўня (чацвер) у арт-прасторы «ЦЭХ», і 26 жніўня (аўторак). Падача заявак у ECLAB – да 14 верасня 2014 года.