Эразмус-год у Румыніі
- 07.08.2015
- Блог
- Здымкі: Вольга Капітонава
Вольга Капітонава пасля заканчэння другога курсу факультэту замежных моў у Магілёўскім дзяржуніверы атрымала магчымасць павучыцца адзін год па праграме Эразмус Мундус. Дзяўчына патрапіла па абмене ў румынскі Клуж, ва Універсітэт імя Бабеша і Баёй.
Твае першыя уражанні, калі ты даведалася, што едзеш? Чаму Румынія?
Першымі ўражаннямі былі :“Ваў! Ваў! Ваў! Здорава!”
Я ўвогуле падавала дакументы ў Швецыю, Польшчу і – няхай будзе – у Румынію. Яшчэ магла абраць Партугалію, але мне падалося, што гэта занадта далека. Потым наш каардынатар ад універсітэта піша, што замест Партугаліі будзе Румынія. Але гэта ўсё адно супер, бо на той момант я скончыла два курсы – то бок ужо навучылася вучыцца.
Як ішла падрыхтоўка да выезду? Ці лёгка было атрымаць візу? Ці шмат табе дапамагалі?
Напэўна, толькі мне так “шанцавала”, што ў мяне былі ўсе праблемы, якія толькі маглі быць. Спачатку мой ліст з запрашэннем прыйшоў з Румыніі ў вельмі дрэнным стане. Я не ведаю, якой поштай яны адсылалі, але ў мяне засталося мала часу ,каб падацца на візу – ліст прыйшоў напрыканцы ліпеня (заўв. Адукацыі – па правілах праекту ўдзельнік мусіць даслаць скан сваёй візы/дазволу на пражыванне максімум за месяц да выезду), у мяне было вельмі мала часу. Ліст быў надарваны – мажліва, яго хтосьці раскрываў, не ведаю. Потым паехала да амбасады. На іх сайце было напісана, што трэба аплаціць візу пасля яе атрымання. Я паехала адна, думала, што проста падам дакументы ды ўсе. Віза каштавала 170 даляраў, але прымаючы ўніверсітэт потым вярнуў грошы.
Твае першыя уражанні ад Румыніі/ універа/ аднакурснікаў?
Шчыра кажучы – вельмі жорстка! У параўнанні з нашымі вуліцамі і дарогамі – максімум двухпалосныя дарогі. Маленечкія вуліцы, незразумелыя будынкі і дроты, дроты, дроты… Калі ў Беларусі зараз усё болей ці меней зведзена ў адзін дрот, то ў Румыніі – міліярды дратоў! Склалася ўражанне, што я знаходжуся ў Беларусі 90-х гадоў. Потым разумеш, дзе цікава, а дзе – не, але спачатку было ўражанне: “Божа мой”!
Універсітэт быў той яшчэ “забаўкай”, таму што мой факультэцкі каардынатар увогуле не размаўляў па-ангельску – толькі па-румынску. Спачатку мяне і яшчэ пяць дзяўчат (з Арменіі ды Азербайджану) залічылі на факультэт. Памятаю, што яны сядзелі моўчкі, а я размаўляла з каардынатарамі, сакратарамі і тлумачыла сітуацыю. Увесь кастрычнік мы “рыхтаваліся вучыцца” – падавалі дакументы, то бок вучыцца роўна з пачатку месяцу ў нас не атрымалася. Потым нас усіх выклікаюць у міжнародны офіс і кажуць, што чатырох дзяўчат (акрамя мяне) адправяць на другі факультэт – факультэт камунікацый, бо там “лягчэй вучыцца”, але яны падавалі заяўку на гэты факультэт! І я сяджу і не разумею – а мяне не тычыцца, што там весялей і прасцей вучыцца?
Факультэт, на якім я была, дастаткова стары і там вельмі строгія выкладчыкі – не давалі спуску.
Група была змяшаная. Мне дазволілі выбіраць прадметы з першага, другога і трэцяга курсаў. Таксама існуе шмат моўных курсаў – напрыклад шведская, нарвежская мовы, шмат вузкаспецыялізаваных курсаў.
Паняцця “акадэмічнай групы” (як у нашай сістэме) не існуе навогул. Для мяне гэта было праблемай, бо я запамінаю людзей па твары і, напрыклад, я ведаю, што з гэтым чалавекам я хаджу на літаратуру. Спачатку ты губляешся ва ўніверсітэце. З раскладам спачатку таксама было незразумела – усё па-румынску, не было ангельскага варыянту. Але ў іх былі верхнія і ніжнія тыдні – як і ў нас. Яшчэ адна асаблівасць – пакет, то бок дысцыпліна складаецца з семінараў, лекцый і практычных заняткаў. За гэтыя тры аспекты ставіцца адна адзнака. А ў нас толькі семінары і лекцыі. Калі ты, напрыклад, не хадзіў на практычныя заняткі, табе не паставяць адзнаку.
Як прайшла адаптацыя?
Я пакутніца (смяецца), сапраўды! Я была самай малодшай, таму што ў асноўным людзі прыехалі доктарскія пісаць, а бакалаўраў было няшмат. Я па ўзросце была дзіцём сярод студэнтаў, і гэта было маё першае самастойнае падарожжа – ні маці, ні бацькі, ні сяброў. Было вельмі незразумела, што адбываецца навокал, было неяк па-дзівацку. Быў выпадак, калі я даехала з аэрапорта да інтэрнату, і на ўваходзе быў “ключнік” (вахцер), які таксама не размаўляў па-ангельску і быў настроены не надта дабразычліва: “Пакідай свае рэчы на вуліцы!” Мне не хацелася пакідаць сваю валізку… Было шмат чаго незразумела.
У чым асаблівасці навучання ў румынскім універы?
Зразумела, што яны вучацца тры гады, таму што ўваходзяць у Балонскую сістэму. Пасля факультэту філалогіі шмат хто ідзе ў магістратуру (журналістыка, камунікацыі і г.д.). Таксама можна было браць курсы з другога факультэту, але не болей за 20 адсоткаў.
Якое стаўленне да Эразмус-студэнтаў?
Растлумачу на прыкладзе. У мяне была дысцыпліна “Генератыўная граматыка”. І да гэтай дысцыпліны мясцовыя студэнты рыхтаваліся пакрокава: былі сінтаксіс, мадальныя дзеясловы і г.д. Яны гэта ўсё добра ведалі і разумелі, пра што ідзе гаворка. А я нічога не разумела. Я напісала выкладчыку, што хацела б падысці і атрымаць дапамогу па некаторых пытаннях. Яшчэ я папрасіла даць трохі іншыя заданні на іспыце. Выкладчык пагадзіўся і запрасіў мяне прыйсці ў аўторак. У аўторак высвятляецца, што я пайду на іспыт з усімі і палёгкі мне не будзе. Прасі-не прасі, а лягчэй не будзе. Але спрабаваць трэба.
ESN – што гэта і як гэта працуе?
У кожнага ўніверсітэта ёсць Erasmus Student Network. Гэтая структруа займаецца тым, што арганізуе адпачынак студэнтаў – розныя вечарыны, мерапрыемствы, выезды. Раю набыць карту ESN – па ёй можна атрымаць шмат зніжак. Напрыклад, яны арганізоўвалі паездку на мора. І там яшчэ быў рок-фэст – зомбі-апакаліпсіс са студэнтаў і піва. І мора…. Было халодна, бо мы былі там ў траўні, але нікога гэта не спыніла – усе купаліся.
Таксама ESN ладзілі розныя дабрачынныя акцыі – дапамога Непалу, жывёлам і прыборка на пляжы.
Распавядзі пра свой звычайны дзень ва ўніверсітэце.
Цяжка распавесці пра свой звычайны дзень. Вось у чым асноўнае адрозненне. У маім універы заняткі звычайна ў другую змену – з 12.55 да 18.55. Там яны маглі пачацца а 9.00, потым а чацвёртай быў перапынак, а затым табе трэба прыехаць зноў на сёмую. Дзень цалкам разбіты, няма такога, што ты сядзіш увесь дзень ва ўніверы. І заняткаў не так шмат – 2-3 пары на дзень.
Якія існуюць магчымасці для спорту?
Вось з гэтым сапраўды не было праблемаў. Было два вялізныя паркі: адзін – ля возера, са сцежкамі для бегу і трэнажорамі. Часам бачыла, як дзядулі вельмі інтэнсіўна займаліся. Быў яшчэ студэнцкі басейн і спартыўны парк – там было некалькі кортаў, басейн, саўна. Што яшчэ характэрна – усюды ёсць зніжкі для студэнтаў, чаго ў нас няма.
Ты кажаш людзям, што ты з Беларусі. Іх рэакцыя?
Вельмі дзіўная, бо ўсе адразу пачынаюць праводзіць паралель з Белай Расіяй. Белая Расія? Асабліва немцы.
-На якой мове ты размаўляеш?
-На дзвюх: рускай і беларускай.
–А што, яшчэ ёсць беларуская? Якая розніца паміж рускай і беларускай?
–Уявіце сабе сумесь польскай і расейскай.
–А скажы што-небудзь па-беларуску!
Потым у мяне з’явілася думка вывучыць верш. Дык чытала ўсім Янку Купалу.
Куды атрымалася з’ездзіць?
Мы ездзілі катацца на лыжах у горы. Падчас вандроўкі мы пазнаёміліся з хлопцамі з Нямеччыны. Яны падкрэслілі, што гэта неблагі курорт у Румыніі – ёсць горы, можна катацца і не так шмат людзей, як у Аўстрыі і не так дорага, як у Швейцарыіі. Таму Румынія пасуе для таннага адпачынку ў гарах.
Яшчэ мы ездзілі на мора, у Канстанцу, аб’ехалі ўсе прыгожыя румынскія гарады – Брашоў, Цімішаару, Алба-Юлію. І, вядома, наведалі замак Дракулы. Шчыра – ён такі маленькі і зусім не зморчны.
Што ты параіш будучым Эразмус-студэнтам?
Раю правяраць усе дакументы! Не панікаваць! Гэта было маёй праблемай – незразумела, што адбываецца, у якім горадзе я знаходжуся, незразумелая для мяне мова; было незразумела, як гэта сістэма працуе, як туды ўцягнуцца – у мяне пачыналася дзікая паніка і мы з маёй суседкай рабілі “плаксівыя вечары” – маглі паплакаць. Гэта не варта таго. Калі пачаўся другі семестр, адносіны да сітуацыі былі другія: “Добра. Будзь што будзе”.
І настройвайцеся на тое, што будзе весела. Памятаю, што студэнты Эразмус займалі два паверхі. І там такое можна пабачыць! Смажаныя гуркі ад кітайцаў, напрыклад.
Размаўляла Алена Васількова