Эразмус плюс: моладзь з пяці краін Еўропы сустрэлася ў Беларусі
- 14.10.2015
- Блог
- Здымкі: Моладзевая ініцыятыва
Напачатку верасня ў Беларусі адбыўся першы адукацыйны трэнінг у межах праграмы Erasmus+. 30 удзельнікаў з Італіі, Чэхіі, Грузіі, Славеніі, Венгрыі і Беларусі шукалі новыя веды ў галіне міжнародных адносін і міграцыі, удзельнічалі ў дэбатах па вырашэнні актуальных міжнародных праблем.
На міжкультурных вечарах замежныя госці прадставілі свае краіны і нацыянальную кухню. Замежныя ўдзельнікі пазнаёміліся з мінскімі мясцінамі і наведалі Мірскі замак. Якія ўражанні пакінула “невядомая” Беларусь маладым людзям?
Ната Ялагонія (Nata Jalaghonia) з Грузіі кажа, што гэта былі фантастычныя дні: «Я стала больш адукаванай, памяркоўнай, набыла новых сяброў, а самае галоўнае – я ўсвядоміла, што ў кожнай нацыі свае традыцыі, але не варта іх баяцца, а наадварот – вывучаць, дзівіцца адрозненням і шанаваць іх».
Марыя Віторыя Перыку Кампус (MariaVittoria Pericu Campus) з Італіі распавядае, што вырашыла ўзяць удзел у трэнінгу менавіта таму, што ён ладзіўся ў Беларусі, бо надта мала вядома ў Італіі пра нашу краіну: “Мне вельмі карцела даведацца болей, пабачыць адрозны лад жыцця і іншую культуру. Сам трэнінг быў цікавы, як і яго ўдзельнікі. Мне таксама цікава было пабачыць на свае вочы “рэальнае беларускае жыццё” ў малых гарадках. Так я ўпадабала колеры старых сельскіх хат. Людзі ў малых гарадах падаліся мне даволі беднымі, ці, можа, іншымі словамі – не вельмі мадэрновымі. Але беларускія маладзёны, якіх я сустрэла, былі вельмі разумнымі і адукаванымі. Мінск як горад мне спадабаўся, але ягоныя жыхары мне падаліся нешчаслівымі”.
Цікава, што іншы ўдзельнік са Славеніі Рэнэ Ратэй (Rene Ratej) таксама звярнуў увагу на стрыманасць беларусаў, якую замежнікі ўспрымаюць як нешчаслівасць: “Я сустракаў і раней прадстаўнікоў тых краін, што былі на мінскім трэнінгу, апрача беларусаў. Беларускія ўдельнікі добра ведаюць ангельскую мову, думалі па-еўрапейску і добра валодалі інфармацыяй пра сваю краіну. Цяжка сказаць пры гэтым, які светапогляд мелі звычайныя беларусы, якіх я сустракаў на вуліцы. Але што я заўважыў, дык гэта тое, што ніхто не выглядае шчаслівым і не ўсміхаецца. У Мінску хіба няма нейкай асабліва захапляльнай архітэктуры, як у некаторых іншых еўрапейскіх сталіцах. З іншага боку, некаторыя будынкі выглядаюць даволі адметна. І ўвогуле гэтая адметнасць надае гораду пэўны шарм”.
Мерапрыемства ладзілася МГА “Моладзевая ініцыятыва” і італьянскай арганізацыяй “Free Minds in Action” пры падтрымцы Італьянскага нацыянальнага агенцтва па справах моладзі і Мінскай супольнасці Global Shapers.
Падзея адметная тым, што гэта першае паўнавартаснае мерапрыемства пад эгідай Эразмус+, праведзенае ў Беларусі. Раней у Беларусі ладзіўся толькі адзін трэнінг, прызначаны непасрэдна для людзей, якія навучаюць моладзь і сваіх аднагодкаў.