Эўракэмп-2016 ці крэш-курс нямецкай за 21 дзень
- 26.08.2016
- Блог
- Здымкі аўтаркі
Чаму я вырашыла паехаць на Эўракэмп? Каб трохі падцягнуць нямецкую мову і сустрэць цікавых людзей. Ды і было цікава паглядзець на Нямеччыну з іншага боку, бо ў апошні раз я прыязджала туды надоўга, калі мне было 8-9 год. Шмат чаго змянілася.
Гэты год і гэты Эўракэмп апынуўся ва ўсіх адносінах выключным – гэта быў 25 Эўракэмп, у горадзе Лютэрштадт Вітэнберг, які ў наступным годзе святкаваць 500-лецце Рэфармацыі – падзеі, якая цалкам змяніла ход гісторыі. 58 удзельнікаў, 26 краін, 3 тыдні, пераменлівае летняе надвор’е – гэта калі коратка.
Першыя уражанні
Спякотны ліпеньскі дзень. Мы разам з Ігарам Буйко коцім свае валізкі і накіроўваемся ў бок Берлінскага чыгуначанага вакзалу. Мы дамовіліся яшчэ перад гэтым, што паедзем групай у Лютэрштадт Вітэнберг. Лёс любіць жартаваць: у гэтай групе я сустракаюся з будучай суседкай па пакоі (пакуль я гэтага не ведала). На вакзале можна заблукаць, таму мы вырашылі зрабіць невялічкую таблічку “Eurocamp 2016” і адразу знайшлі сваіх спадарожнікаў. Набыўшы квіткі, мы селі на цягнік да апошняй кропкі у гэтым ланцугу.
Як высветлілася пазней, на гэтым цягніку прыехала шмат Эўракэмпераў, бо перон быў цалкам заняты маладзёнамі. Арганізатары прыехалі нас забраць да інтэрнату, які на наступныя тры тыдні стаў для нас прытулкам.
Жарт?
На вячэры я пазнаёмілася з іншымі суседкамі па пакоі – Орлай з Ірландыі і Элі з Германіі. У пакоі было дзве афіцыйныя мовы – нямецкая і ангельская, плюс я яшчэ навучыла дзяўчат некалькім беларускім словам. Ня ведаю чаму, але больш за ўсё ім спадабалася слова “жарт”. Потым у кожнай сітуацыі яны ім карысталіся.
У першы дзень мы размеркаваліся па праэктах. Удзельнічаць у Arbeitsprojekt – абавязак кожнага удзельніка. Можна было распрацоўваць маршрут для экскурсіі, працаваць з дзецьмі, упрыгожваць парк і яшчэ рабіць вялікі малюнак з паштовых марак. У апошнім праэкце я і брала ўдзел: спачатку сартавалі маркі, потым рабілі уласныя праэкты.
Пасля абеду у нас было трохі вольнага часу, а потым надыходзіў час для іншых актыўнасцяў. Упершы тыдзень мы рыхтаваліся да прэзэнтацый пра свае краіны, потым быў вялікі Theaterprojekt – мы ладзілі скетч на адну з абраных тэм. Для мяне асабіста гэты праект быў найцікавейшым. Дзякуючы нашаму педагогу, Алексе, нам усім атрымалася знайсці у сябе здольнасці, пра існаванне якіх мы нават і не здагадваліся. Яшчэ гэты праэкт вучыць працаваць у камандзе і падтрымліваць адзін аднаго.
Таксама у нас была гульня пра палітыку – былі партыі, Парламент і нават выпрацавалі разам адзіны дакумент. Было цікава абмяркоўваць розныя тэмы – адукацыя, эканоміка, медыа – але як мне падалося, трэба было болей часу на гэту гульню, бо адзін дзень – гэта вельмі мала. Але нягледзячы на гэта, атрымалася ўявіць сябе палітыкамі хоць на некаторы час і паспрабаваць пераканаць сваіх аднапартыйцаў у эфектыўнасці сваёй задумы. Вядома, прысутнічала і “чацвертая” улада – журналісты, якія пісалі артыкулы пра працу партый.
На выходных у нас была магчымасць падарожнічаць. У другі тыдзень мелі вандроўку да Дэсаў і да парку ў Вёрліцы. Дэсаў у першую чаргу вядомы тым, што там знаходзіцца Баўхаўз – месца, дзе нарадзіўся прамысловы дызайн. Хоць я не цікаўлюся дызайнам, мне проста хацелася даведацца нешта новае.
Парк у Вёрліцы мяне вельмі здзівіў сваімі памерамі і буйствам розных фарбаў. Знаходзячыся у падобным месцы, не можаш не адчуць сувязь з прыродай.
Яшчэ атрымалася трохі пашпацыраваць па Ляйпцыгу. Напэўна, пасля двух тыдняў у невялічкім мястэчку гэты горад мне падаўся вельмі вялікім, але вельмі ўтульным. Асабліва мяне уразіў Стары Горад з чароўнымі вузкімі вулачкамі. Нават сустрэлі беларускіх музыкаў! Я размаўляла са сваёй сяброўкай і знянацку пачула гукі знаёмай песні. Бачу – і строі нейкія вядомыя… Потым апынулася, што хлопцы і дзяўчаты паходзяць з Мінску. Вось такая сустрэча беларусаў у нямецкім горадзе.
Трохі сур’ёзных фактаў
Насамрэч, ідэя ў праэкта добрая – аб’яднаць маладзёнаў і паказаць, што стэрэатыпы толькі чыняць перашкоды ў паразуменні адзін аднаго. Мы жылі разам адной вялікай сям’ёй. Больш за ўсё мне падабалася тое, што не было такога адчування, быццам ты чужы.
Хоць і мінуў месяц, на Фэйсбуку прыходзяць паведамленні, выкладваюць новыя фатаздымкі. Гэта надае трохі салодкага смутку, але і натхняе. Эўракэмп даў мне пабачыць, што таленавітых, мэтанакіраваных і разумных людзей шмат. І насамрэч, маладзёны могуць змяніць свет. Проста змогуць.
Пытанні? Напішыце на Фэйсбуку Lena Vasilkova альбо на паштовую скрыню – elenkavas@tut.by