Erasmus + Турцыя

  • Час чытання: 3 хвілін
  • 04.04.2017
  • Блог

Erasmus+ крочыць па краіне, завітвае ў розныя ўніверсітэты Беларусі і дае магчымасць (пакуль што) дзясяткам студэнтаў ездзіць па свеце і спрабаваць на смак адукацыю розных краін. Уражаннямі навучання па праграме ў турэцкім METU дзеліцца Ксенія Васільева.

***

Аб самой магчымасці паехаць па абмене ў Турцыю даведалася перад самым дэдлайнам: прапанаваў паспрабаваць аднагрупнік, які на той момант ужо быў абраны. 

Чаму Турцыя? Наколькі я ведаю, іншых варыянтаў на той момант не было. Вырашылі рызыкнуць. Сабралі дакументы літаральна за дзень. Вынікі абяцалі абвясціць праз 2 тыдні, але працэс зацягнуўся на 2 месяцы. І вось, калі я ўжо і думаць
забылася пра перспектыву паехаць кудысьці павучыцца, прыйшоў запаветны ліст, дзе гаварылася, што я абрана для ўдзелу ў праграме Erasmus+. Рэакцыя была неадназначнай. З аднаго боку, дзеcьці ўнутры я заўсёды хацела пажыць у
іншай краіне, заглыбіцца ў іншую культуру, паразмаўляць на іншай мове, а тут такая магчымасць, усё ў адным флаконе. З іншага былі перасцярогі з-за становішча ў краіне. Сітуацыю падагравала няўпэўненасць, што не змагу я жыць удалечыні ад дома 4 месяцы. Памятаю, як у апошнія дні перад ад’ездам ужо загадзя пачынала сумаваць па бацьках, сябрах, сумняваючыся, ці правільна я раблю, што еду. Аказалася, вельмі правільна! Нездарма кажуць: адзін раз Эразмус – заўсёды Эразмус.

Тыя ўражанні, якія дала мне гэтая паездка, незабыўныя.

З упэўненасцю скажу: гэта самы яскравы перыяд майго студэнцкага жыцця.

Усё было новым для нас – краіна, культура, ежа, велізарны кампус, нібы мінігорад, людзі, мова. Свае легенды, свае правілы. Нас – замежных студэнтаў – было некалькі сотняў, для нас арганізоўвалі паездкі, вечарыны. Вядома, і вучобе надавалі час.

METU – універсітэт не з лёгкіх. Але наш факультэт стаў родным за гэты час. Я ніколі не забуду, як мы сядзелі ўвечары на стадыёне і спявалі рускія, беларускiя i ўкраiнскiя песні ў асяроддзі турэцкіх студэнтаў, як першы раз нас пракацілі на машыне па начной Анкары, як усё разам ездзілі ў розныя паездкі, у плыні якіх усё больш знаёміліся з іншымі людзьмі.

Я не забуду выкладчыкаў, якія з увагай і зычлівасцю ставіліся да нас. Чатыры месяцы праляцелі, нібы адзін дзень. Вядома, заўсёды сумна, калі нешта сканчаецца. Але ж канец – гэта заўсёды пачатак чагосьці новага.

Спадзяюся, што гэта не быў мой апошні довед. І ўсім, хто сумняваецца, хачу сказаць: нічога не бойцеся, вы ўсё зможаце. Не бойцеся змяненняў, спрабуйце, бо можна адкрыць столькі ўсяго цікавага, варта зрабіць толькі невялікі крок.