ESN: Як студэнты дапамагаюць студэнтам
- 22.02.2016
- Блог
- Здымкі з архіва аўтаркі
Мая вучоба па абмене ў Бельгіі была насычана мноствам цікавых падзей, даючы магчымасць развівацца не толькі прафесійна, але і культурна.
Сярод прыемных бакоў студэнцкага жыцця была магчымасць стаць удзельніцай міжнароднай студэнцкай арганізацыі. Гэта сацыяльная сетка студэнтаў, якія дапамагаюць адзін аднаму і дзеляцца досведам акадэмічнага жыцця.
За год навучання ў Бельгіі я адкрыла для сябе ESN – сетку Эразмус-студэнтаў. Erasmus Student Network – некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў Капенгагене ў 1989 годзе і прызнаная Еўрапейскай Камісіяй. Філіялы арганізацыі працуюць амаль пры кожным еўрапейскім універсітэце, і аказваюць практычную дапамогу студэнтам, якія ўдзельнічаюць у абменах у першыя дні іх знаходжання ў новай краіне, і паступова становяцца важнай часткай іх жыцця, пакідаючы пасля вяртання на радзіму прыемныя ўспаміны.
«Студэнты дапамагаюць студэнтам» – такі слоган людзей, якія працуюць у ESN.
Першы семестр я ўдзельнічала ў дзейнасці ESN на правах звычайнага Эразмус-студэнта. Вядома ж, у пачатку ўсё здаецца такім незнаёмым, пачынаючы ад звычаяў самой краіны, заканчваючы арганізацыйнай структурай ESN. Пасля першага семестра вялікая частка Эразмус-студэнтаў раз’язджаюцца па хатах, і прыбываюць новыя студэнты на другі семестр. Мне ж пашанцавала, і я атрымала прапанову аб працягу стыпендыі на другі семестр, і змагла застацца яшчэ на 5 месяцаў.
У пачатку кожнага семестра ESN Лёвэн, горад, у якім я вучылася, праводзіў выбары ў мясцовае ESN кіраванне. Пачынаючы ад дырэктара, заканчваючы PR мэнэджарам студэнты абіраліся на дабраахвотнай аснове. Я не вырашылася вылучыць сваю кандыдатуру, але адзін з маіх блізкіх сяброў быў абраны як асоба, адказная за Entertainment and Trips.
Напачатку я проста слухала яго расповяды пра новую дзейнасць, а потым з’явілася жаданне далучыцца. Разам мы арганізоўвалі вандроўкі новых Эразмус-студэнтаў. Мала таго, што трэба было цалкам зарганізаваць вандроўку, дык яшчэ і правесці экскурсію, зрабіць трып цікавым. Часам з-за непадрыхтаванасці арганізатары самі выступалі гідам, чытаючы інфармацыю пра горад у гугле ўжо ў аўтобусе на шляху ў горад.
Падчас вандроўкі ў Люксембург, напрыклад, мы арганізоўвалі City Hunt: даваўся спіс славутасцяў, і неабходна было, падзяліўшыся на каманды, без дапамогі інтэрнэту і толькі з дапамогай мінакоў адшукаць усе названыя месцы і прынесці фатаграфіі-пацверджанні.
Акрамя таго, ESN арганізоўваў візіты ў школы, установы аховы здароўя. Два разы я ў складзе групы ESN ўдзельнічала ў правядзенні заняткаў для дзяцей 5-7 гадоў на англійскай мове. Дзеці заўсёды прымалі нас вельмі цёпла, а заняткі праходзілі вельмі разнастайна і весела.
Вядома ж, кожны можа стаць сябрам ESN. Аднак быць у кіраўніцтве ESN азначае большую адказнасць, чым перыядычная арганізацыя мерапрыемстваў.
Браць удзел у працы ESN вельмі часта азначае адмаўляцца ад навучальных спраў і ад забаў, каб як мага лепш арганізаваць прыём студэнтаў, даць ім магчымасць адчуць сябе дома. Народ з ESN праводзіць ночы за кампутарам, плануючы і арганізуючы мерапрыемствы, праводзячы сходы пасля заняткаў і часта застаючыся «за кадрам».
Аднак нягледзячы на ўсё гэта, быць ESN – гэта шалёна цікава. Хто адзін раз уступіў у гэтую арганізацыю, ужо наўрад ці зможа заставацца абыякавым да яе дзейнасці.
Пераклад на беларускую мову: Ганка Барадзіна