“Фэйсбук стаў сваеасаблівай агорай” – Інтэрв’ю з Лукашам Кролем

  • Час чытання: 5 хвілін

У ліпені 2020 ў Варшаўскім кампусе Каледжа Еўропы адбудзецца чарговы выпуск летняй акадэміі WEASA. Пакуль вы рыхтуеце заяўкі, Адукацыя.Інфо паразмаўляла з Лукашам Кролем, суарганізатарам праграмы і асацыяываным даследчыкам Каледжа Еўропы па тэхналогіях і лічбавай бяспецы.

Размаўляла Кацярына Шмаціна. Пераклад з ангельскай.

– Лукаш, ты ўжо не першы год арганізуеш летнюю акадэмію WEASA. Адбор на гэтую праграму даволі няпросты, і я ведаю кандыдатаў, якія здолелі трапіць толькі з другой ці трэцяй спробы. Ці маеш нейкія парады па складанню заяўкі?

– Мае рэкамендацыі будуць не толькі пра WEASA, але і датычна любой падачы на працу ці вучобу. Галоўнае – гэта давесці да журы, чаму менавіта вас трэба абраць на праграму. Вы можаце сказаць “Я цудоўны чалавек і я хачу атрымаць гэтую працу”, але гэта не тлумачыць, якім чынам вы падыходзіце на гэтую пазіцыю. Некаторыя кандыдаты апісваюць асаблівасці праграмы ў заяўцы на WEASA: “Мне сапраўды падабаецца АІ (штучны інтэлект) і я хачу даведацца болей”. І гэтага таксама не дастаткова, каб вас заўважылі сярод кандыдатаў. Калі вы, напрыклад, журналіст, пазначце, ці вы пісалі пра гэтую тэму раней, ці ёсць у вас досвед працы па тэме АІ. Калі досведу няма – будзьце шчырыя, гэта цалкам нармалёва – скажыце, што жадаеце вывучыць гэтую тэму, таму што, напрыклад, сфера хутка развіваецца і ўплывае на будучыню журналістыкі. У заяўцы важна таксама патлумачыць, чым ваш удзел у праграме будзе карысным так бы мовіць усяму грамадству, які пазітыўныя змены вы імкнецеся стварыць з дапамогай новых ведаў.

– Ты вывучаў паліталогію, але потым стаў працаваць з тэмай лічбавых тэхналогій. Як у цябе атрымалася спалучыць гэтыя сферы?

–  У школе сацыяльныя навукі мне даваліся прасцей за стварэнне алгарытмаў на інфарматыцы. Але я заўсёды меў цікаўнасць да таго, як тэхналогіі ўплываюць на грамадства. Сваю магістарскую працу я прысвяціў таму, як інтэрнэт паўплываў на Арабскую вясну, у прыватнасці на рэвалюцыю ў Егіпце. Я даследаваў, якім чынам тэхнічная інфраструктура сацыяльных сетак ўплывае на палітычныя працэсы. Так, напрыклад, вядомая даследчыца Зейнэп Туфекчі параўнала, якім чынам у сацыяльных сетках асвятляліся Black Lives Matter (рух супраць жорсткіх дзеянняў паліцыі і расавай дыскрымінацыі) i Ice Bucket Challenge (фандрайзінг у дапамогу ў барацьбе з бакавым аміятрафічным склерозам). Нягледзячы на важнасць праблемы, да якой прыцягвала ўвагу кампанія Black Lives Matter, яе амаль не было заўважна ў фэйсбуку. А Ice Bucket Challenge, наадварот, трапіў у трэнды гэтай сеткі. Справа ў тым, што кантэнт пра дыскрымінацыю не атрымліваў шмат лайкаў і шэраў, і таму алгарытмы фэйсбука яго “не заўважалі” – у адрозненні ад флэшмоба, дзе ўсе абліваліся вадой і актыўна шэрылі пасты. Гэта добры прыклад таго, як медыум, праз які мы камунікуем пра палітыку, уплывае на маштаб грамадскай ўвагі да падзеі.

Яшчэ адзін прыклад новых рэалій сацсетак – прысутнасць Дональда Трампа ў твітэры. Яго папярэднікі мусілі апеляваць да медыяў, падабацца журналістам, каб даносіць праз іх свае ідэі. Спадар Трамп жа можа звяртацца да народа па 10-20 разоў на дзень, ён і не залежыць ад стаўлення да яго медыяў і журналістаў.

–  Адна з запланаваных тэмаў сёлетняй праграмы WEASA – радыкалізацыя алгарытмаў. Што гэта значыць?

– Так, напрыклад, калі паглядзець на youtube відэа палітыка-цэнтрыста, а потым паступова клікаць на іншыя рэкамендаваная відэа, то ў выніку можна трапіць на радыкальны кантэнт. І ў гэтым вінаватыя не толькі  і не столькі алгарытмы. Крайнія правыя навучыліся ўжываць алгарытмы на сваю карысць – яны ўзгадваюць сваіх паплечнікаў у відэа і ў подпісах, і такім чынам распаўсюджваюць свай мэсэдж.

Ці ўзяць напрыклад фэйсбук – ён стаў увасабленнем свайго кшталту грэцкай агоры, дзе вядуцца грамадска-палітычныя дыскусіі.

Праблема ў тым, што фэйсбук кіруецца прыватнай кампаніяй і “правілы гульні” вызначаюцца інтарэсамі бізнэса і рэкламадаўцаў. Фэйсбук, напрыклад, наўрад ці ўвядзе магчымасць “дызлайку” паста, таму што гэта можа нашкодзіць брэнду рэкламадаўцы. Можна заўважыць, што пазітыўныя эмоджы націснуць лягчэй, бо яны размешчаныя з левага боку панэлі паста, а негатыўныя – менш дасяжныя, размешчаныя з левага краю. Увогуле сацыяльныя сеткі моцна залежаць ад камерцыйных інтарэсаў. У мінулым камерцыйная рэклама таксама ўплывала на інфармацыйную прастору і друкаваныя выданні, але тады прыбыткі дзяліліся паміж рэкламай і платнай падпіскай. Зараз жа медыя існуюць амаль цалкам за кошт рэкламы і мусяць падстрайвацца пад гэтыя рэаліі.

Таксама заўважу, што не існуе адзінага фэйсбука, але ёсць шмат супольнасцяў на гэтай платформе. Падобную аналогію можна правесці з твітэрам – няма адзінага глабальнага твітэра, усё залежыць ад сферы.  Я працую ў  ІТ, і супольнасць карыстальнікаў ІТ-дыскусій твітэра ў сваёй большасці даволі прыязная, гэта людзі, якія гатовыя дапамагчы парадамі. І ў той жа час мае сябры, якія займаюцца палітыкай, заўважаюць, што палітычныя супольнасці ў твітэры – гэта даволі таксічны асяродак.

– Ці можаш параіць нейкі reading list нашым чытачам, якія б хацелі болей разабрацца ў тэме ўплыву алгарытмаў і АІ на нашае грамадства?

– Раю падпісацца ў твітэры на экспертаў:

@zeynep

@zephoria

@jilliancyork

Таксама больш падрабязна пра даследаванне Зейнэп Туфекчі можна пачытаць у артыкуле NiemanReports і ў кнізе “Twitter and Tear Gas. The power and fragility of networked protest”.

***

Заяўкі на сёлетнюю акадэмію WEASA прымаюцца да 1 красавіка.