Філантроп з Чырвонага Крыжа: як атрымаць эйфарыю ад валанцёрства

  • 17.02.2016
  • Блог
  • Здымкі з прыватнага архіву аўтара

Адмыслова для каманды Adukacyja.info і яе праекту АдуМарафон

Добры вечар (ці дзень)! Піша вам Марыкін Кірыл Эдуардавіч, 17 лютага 1996 года нараджэння, ураджэнец слаўнага горада Гародні, мільянер (рублёвы), філантроп і г.д.

DSC_0079

Заданне першага этапу апынулася для мяне вельмі прыемным, бо з тэмай валанцёрства я знаёмы даўно. Прыкладна два з паловай гады я з’яўляюся валанцёрам Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Чаму менавіта Чырвоны Крыж? Адказ цалкам банальны: гэтая арганізацыя адна з самых вядомых і буйных. Яна валодае добра зладжанай структурай, мае вялізны досвед у вырашэнні шматлікіх праблем грамадства: ад дапамогі людзям з інваліднасцю да гуманітарнай падтрымкі тых, хто апынуўся ў зоне ваенных канфліктаў.

Як ні дзіўна, у мяне не было ніводнага знаёмага, хто б ужо валанцёрыў у Чырвоным Крыжы. Таму напачатку знаёмства з іх дзейнасцю было быццам паглыбленнем у нязведанае.

DSC_0083

Мяне вельмі здзівіла адкрытасць і шчырасць людзей, якія працуюць у арганізацыі. Нягледзячы на розныя погляды на палітыку, рэлігію, лад жыцця, усе мы адчуваем прыналежнасць да агульнай і, бясспрэчна, вартай справы. Ты ўсведамляеш, што твая праца важная для ўсяго нашага грамадства, вельмі часта атрымоўваеш эйфарыю ад сапраўды добрых учынкаў. І гэта класна! Класна адчуваць, што ты камусьці неабходны, што можаш рэалізаваць свой патэнцыял, пра які раней нават не здагадваўся. Можа быць, мой унёсак малы і нязначны, але гэта ўнёсак!

Думаю, не варта акцэнтаваць увагу на пытанні “А чым, собсна, займаецца арганізацыя?” Калі агулам, то абсяг маёй дзейнасці ў ЧК можна вызначыць наступнымі катэгорыямі:

  • распаўсюд ведаў пра дзейнасць, гісторыю ЧК;
  • навучанне асновам першай медыцынскай дапамогі;
  • дапамога бежанцам;
  • гуманітарная дапамога малазабяспечаным людзям.

Але гэта далёка не ўвесь пералік таго, чым займаюцца валанцёры Чырвонага Крыжа.

Пра што толькі асабіста мне не даводзілася клапаціцца! І зборам грошай на навагоднія падарункі для дзетак з інваліднасцю, і разгрузкай аўтамабіляў з гуманітарнай дапамогай для малазабяспечаных (11 тон!), і арганізацыяй святаў для дзяцей-сірот, і шмат чым іншым.

Адмыслова для АдуМарафона я вырашыў заняцца пытаннем, да якога раней не звяртаўся, але якое мяне вельмі цікавіла. Я вельмі хацеў пайсці ў свой Гродзенскі дзяржаўны музычны каледж і зрабіць невялікі прамоўшан дзейнасці ЧК. На фотах вы можаце забачыць гэтае мерапрыемства, якое, на шчасце, удалося.

mRrCe7ow4nM

Валанцёрства ў Чырвоным Крыжы не толькі дае магчымасць рэалізаваць свае здольнасці, але і дазваляе набыць абсалютна новыя ўменні. І гэта не толькі вядомыя “першая медыцынская дапамога” альбо “пошук людзей”. На розных трэнінгах мы вучым такія цікавыя рэчы, як асновы радыёсувязі, псіхалагічная праца з людзьмі ды іншае.

Напрыканцы хачу сказаць, што зусім не важна, у якой арганізацыі вы валанцёрыце. Тут галоўнае, каб ваш удзел у валанцёрскім руху быў дабраахвотны і адпавядаў вашым прынцыпам і поглядам. Так і атрымаецца зрабіць гэты свет не толькі крыху лепшым, але і больш справядлівым.

Адмыслова для Кірыла – ад Адукацыі. З Днём наражэння, Кірыл! Бадзёрасці табе, энергічнасці і нязгаснага жадання змяняць наш свет да лепшага!