From start to Finish – навучальны візіт у Фінляндыю

  • 28.03.2013
  • Блог
  • Вадзім Быліна

Якія прынцыповыя адрозненні паміж моладзевай палітыкай у Беларусі і ў краіне Nokia, Мумітроляў і Angry Birds? Пра гэта і не толькі маглі даведацца беларускія ўдзельнікі навучальнага візіта ў Фінляндыю, які адбыўся 3-11 сакавіка 2013 года.

На працягу аднаго тыдня группы працаўнікоў і актывістаў маладзевых НДА з Беларусі, Грузіі і Літвы наведала 4 з 10 нацыянальных моладзевых цэнтраў Фінляндыі.

Як я патрапіў на Навучальны візіт

Я даўно ведаю пра моладзевы адукацыйны цэнтр «Фіальта». У памяшканні, якое здымае Фіальта на вуліцы Мяснікова ўжо не першы год адбываюцца шмат цікавых мерапрыемстваў, на якія я час ад часу люблю прыходзіць. Гэта лекцыі, майстэрні і нават заняткі ёгі.

Пра некаторыя мерапрыемствы можна даведацца на www.adukacyja.info, але поўны расклад можна знайсці на сайце Фіальты. Пра набор удзельнікаў на навучальны візіт я даведаўся якраз-такі праглядаючы гэты сайт. Вось ужо паўгады я працую ў недзяржаўнай арганізацыі, таму я падыходзіў пад крытэры адбору.

Я запоўніў анкету, напісаў матывацыйны ліст і выслаў іх праз эмэйл арганізатарам візіта. Праз некаторы час мне прыйшло запрашэнне прыняць удзел у вандроўцы ў Фінляндыю.

Вандроўка ў Фінляндыю

Навучальны візіт адбываўся ў рамках праграмы Еўрапейскай Камісіі “Youth in Action”. Гэта праграма прадугледжвае, што частку падарожжа павінны аплочваць удзельнікі мерапрыемстваў самі, таму дарога ў Хельсінкі і назад аплочвалася толькі часткова. У мяне, як і ў большасці працаўнікоў НДА заробак вельмі маленькі, таму я вырашыў знайсці самы бюджэтны спосаб падарожжа.

І такі спосаб быў знойдзены! Білет на аўтобус з Мінска у Талін і назад каштуе разам 700 тысяч. Паром з Таліна ў Хельсінкі і назад мне каштаваў 50 Еўра. У два бакі атрымалася крыху больш за 100 Еўра. Па дарозе я затрымаўся ў маляўнічым Таліне. Горад вельмі прыгожы, з цікавым начным жыццем, а таксама, ў параўнанні з Фінляндыяй, вельмі танны. Ноч у хостэле мне каштавала 10 еўра, хаця можна знайсці і за 7 еўра. Ноч у самым танным хостэлі ў Хельсінкі каштуе 21 еўра.

finish2

Моладзевыя цэнтры

Адзін мудры чалавек ва ў урадзе Фінляндыі падлічыў, што малады фін, які нідзе не працуе і не вучыцца, у будучым можа прынесці страты для эканомікі Фінляндыі ў памеры аднаго мільёна еўра.

Таму было вырышана інвеставаць ў моладзь. Рабіць для такіх маладых людзей трэнінгі, пасля каторых яны змогуць вызначыцца, чым яны хочуць займацца ў жыцці і як зарабляць грошы. Уладкаваўшы сваё жыццё, яны становяцца падаткаплацельшчыкамі і добрымі грамадзянамі сваёй краіны.

Такія трэнінгі праводзяцца на базе 10 моладзевых цэнтраў, якія створаныя ў розных частках краіны. Удзельнікі навучальнага візіту пабывалі ў чатырох цэнтрах, якія знаходзіліся ў Хельсінкі, а таксама ва ўсходняй і заходняй Фінляндыі. Кожны з цэнтраў мае сваю спецыфіку. Адны спецыялізуюцца на экалагічным выхаванні, другія – на спартыўных мерапрыемствах, трэція – на міжнародных праектах.

Лічу цікавым узгадаць крыніцы, з якіх моладзевыя цэнтры атрымоўваюць фінансаванне. У пераважнай большасці гэта прыбытак ад азартных гульняў і латэрэяў. Рэч у тым, што дзяржава мае манаполію на гульнявы бізнэс, а прыбытак, які паступае ад гульняў, размяркоўваецца на сыцыяльныя мэты, у тым ліку, на рэалізацыю моладзевай палітыкі.

У цэлым можна сказаць, што ў Фінляндыі вельмі клапоцяцца пра моладзь. Паколькі заробкі ў Фінляндыі вельмі высокія, прадпрыемствы перанеслі свае вытворчасці па-за межы краіны. У выніку ў Фінляндыі засталіся месцы працы толькі для высокакваліфікаваных рабочых. З гэтай нагоды дзяржава клапоціцца, каб фінскія школьнікі ездзілі вучыць ангельскую мову ў Англію, а пасля школы вучыліся ва ў універсітэтах. Моладзевыя цэнтры – гэта частка гэтай філасофіі. На маю думку, гэта правільная філасофія, і такогага падыходу бракуе ў Беларусі.

finish3

Моладзь у дзянні

“Youth in action”, альбо «Моладзь у дзеянні» – гэта праграма Еўрапейскай Камісіі накіраваная на падвышэнне мабільнасці маладых еўрапейцаў. Праграма мае на мэце пашыраць каштоўнасці Еўрапейскага грамадзтва, талерантнасць і салідарнасць паміж маладымі людзьмі краінаў Еўразаюзу і іх суседзяў.

Навучальны візіт быў адным з праектаў гэтай праграмы. Таму не дзіўна, што частка візіта была прысвечана прэзентацыі “Моладзі ў дзеянні”. Сэнс у тым, што маладыя беларусы могуць паехаць у краіны Еўрасаюзу і не толькі, каб займацца сацыяльна карысный працай. Звычайна гэта праца з дзецьмі, інвалідамі ці, напрыклад, гэта можа быць праца ў адным з моладзёвых цэнтраў у Фінляндыі. Такія праекты бываюць кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя.

Апроч гэтага, праз «Фіальту» ці праз фінскія моладзевыя цэнтры можна арганізоўваць міжнародныя моладзевыя абмены на розныя тэмы. Гэта можа быць нацыянальная кухня, народныя гульні, фотамайстэрня, сумесныя здымкі фільма і інш. Пра дадатковую інфармацыю можна даведацца на старонцы “Моладзі ў дзеянні”.

finish4

Таямнічая Фінляндыя

Што яшчэ есць незвычайнае ў Фінляндыі апроч Мумітроляў і Angry Birds? Перш за ўсе гэта саўна. У Фінлядыі вельмі шмат відаў саун і яны паўсюль. Падчас наведвання саўны фіны любяць выбягаць на вуліцу і качацца ў снезе альбо ныраць у палонку. Перад вандроўкай у Фінляндыю я ніколі б не падумаў, што буду здольны нырнуць у палонку, калі на вуліцы -15°. Аднак гэта здарылася, адчуванні проста фантастычныя!

У Фінляндыі вельмі папулярная металёвая музыка. Аднак, цемная музыка кшталту Блэк-метал – маргінальная. Метал у Фінляндыі мілагучны і прыемны для вуха. Сусветна вядомыя гурты Nightwish, HIM, Apocalyptica – родам з Фінляндыі.

Фіны думаюць не толькі пра будучыню сваёй моладзі, але і пра будучыню ўсей планеты. Фінляндыя першая ў свеце распачала будову сталага сховішча для ядзерных адкідаў. Будову плануецца завершыць у 2100 годзе, а адкіды будуць захоўвацца там 100 000 гадоў.

Адным словам, калі ў вас з’явіцца мажлівасць паехаць у Фінляндыю, абавязкова ёй скарыстайцеся. Фінляндыя – гэта краіна, якая здзіўляе.