GAP YEAR у Эквадоры: землятрус, скульптуры Ісуса і магічны рэалізм


13 гадоў збольш плённага навучання, тры атэстаты, але толькі сёлета я нарэшце атрымала пасведчанне аб сярэдняй адукацыі. Зараз я ўдзельнічаю ў праграме Global Citizen Year, якая дазваляе маладым людзям з розных куткоў свету цягам году жыць і працаваць у адной з чатырох краін – Эквадоры, Індыі, Сенегале ці Бразіліі.

Дзіўна ўсведамляць, што вось ужо чатыры месяцы я ў Эквадоры, наперадзе яшчэ столькі ж. Хоць напачатку ніякай пэўнасці не было, да апошняга ніхто не мог гарантаваць, што я патраплю ў Паўднёвую Амерыку.

За тры дні да меркаванага адлёту мне раптам адмаўляюць у эквадорскай “спецвізе” – хоць фармальна паміж нашымі краінамі бязвізавы рэжым. Я сяджу ў амбасадзе ў Мінску і размаўляю з Радрыга, эквадорскім консулам. Невысокі мужчына, класічны чорны гарнітур на ім, рысы твару сведчаць пра амазонскае паходжанне. Ён чакае адказу на арыгіналы дакументаў, якіх у мяне няма: яны ў Кіта.

Стрымліваючы слёзы, заўважаю, што Радрыга мог бы папярэдзіць мяне аб гэтым яшчэ пяць месяцаў таму, калі я ўпершыню скантактавалася з ім. Але консул не пакідае намаганняў “па-майстэрску”, на яго думку, супакоіць мяне: “Такую візу вельмі цяжка атрымаць, вы не адзіная, у каго гэта не атрымалася”, – працягвае мне руку для развітання Радрыга.

Думкі пра спакаваны чамадан і зваротныя квіткі не даюць проста так падняцца і сысці. Дзесяціхвілінны маналог, напоўнены маімі абмежаванымі ведамі аб Эквадоры і марамі пабачыць Амазонію, відаць, націскае на правільныя рычагі, і Радрыга просіць мяне прыйсці заўтра.

На наступны дзень даведваюся, што такое сапраўдны персанальны падыход. Перад маімі вачыма разгортвецца сапраўдная эпапея – сістэма не працуе, Радрыга і яго памочнік змагаюцца з кампутарам, каб увесці мае дадзеныя. У рэшце рэшт праз дзве гадзіны і тузін спробаў наладзіць віртуальны калідор з цэнтрам. Віза надрукаваная. У мяне два пашпарты, але консул без аніякага сумневу наклейвае візу з дадзенымі старога пашпарта ў новы. Маўляў, не турбуйся, на мяжы дамовішся.

Горад, які збівае з ног

На мяжы і сапраўды нават не звярнулі ўвагі на няправільныя дадзеныя.

Мая першая раніца ў Кіта пачынаецца са шклянкі свежавыціснутага сока папаі і місы  мюсляў. Я снедаю ў атачэнні маёй хост-сям’і – Монікі і двух яе дачок. У той час, як Эквадор экспартуе адну з самых якасных каваў на планеце, новая сям’я аддае перавагу распушчальнай Nescafe. Узброеная мапай і веданнем гішпанскай на ўзроўні пяцігадовага дзіцяці, я выхожду за парог і спрабую знайсці дарогу да месца, дзе плануюцца заняткі па гішпанскай мове.

Каля прыпынку рашуча запытваю ў прадавачкі, як даехаць да Naciones Unidas. Для яе я дурная грынга, якая нават не можа сесці ў правільны аўтобус. Як шпроты ў бляшанцы, наступныя паўгадзіны ў літаральным сэнсе “прыціраюся” да мясцовых у перапоўненым транспарце. Пільна сачу за краявідамі, каб не прапусціць мой прыпынак. Бывае, кіроўцы лічаць залішняй раскошай спыняцца, таму мясцовыя спрытна саскокваюць з аўтобуса на хаду.

У моўнай школе на працягу чатырох гадзін мы практыкуем скланенні дзеясловаў і вучым гішпанскі слэнг, які бярэ свой пачатак ў мове кечуа, на якой размаўляе адзін мільён карэннага насельніцтва Эквадора. Пасля я накіроўваюся ў Парк Караліны, дзе разам з іншымі ўдзельнікамі праграмы мы слухаем лекцыі пра палітыку і культуру.

Мне падабаецца ісці пешшу дадому, замест таго, каб ехаць на аўтобусе. Горад жыве: парачкі танчаць сальсу ў парку, дзеці гандлююць цукеркамі, афра-эквадорцы чытаюць нешта кшталту рэпу, гандляры запрашаюць пакаштаваць манга з соллю і лімонным сокам. Індзейцы – з дзецьмі за пазухай, у каляровых понча і фетравых капелюшах – смажаць бананы і кукурузу на грылі. Ад горада захоплівае дух. Хутчэй за ўсё, ад таго, што Кіта ўзвышаецца на 2850 метраў над узроўнем мора. Дыхаць сапраўды цяжка, асабліва калі ўздымаешся ўгару. Дарэчы, дзе б ты ні быў, у полі зроку заўсёды паўстаюць два вялізныя вулканы, па якіх лёгка арыентавацца на мясцовасці.

На выходных Моніка вырашае пазнаёміць мяне з сям’ёй. Мы накіроўваемся ў паўднёвую частку Кіта ў госці да маёй 88-гадовай хост-бабулі. Шчыра кажучы, дагэтуль мне бракавала разумення, што такое сапраўдная лацінаамерыканская “мафія”. Адчыніўшы дзверы ў кватэру, я бачу чалавек сорак – усе яны чальцы сям’і. Асаблівай нагоды для  сустрэчы няма, але яны традыцыйна збіраюцца па выходных, каб разам папіць кавы і згуляць у покер.

Рассеўшыся вакол стала і раздаўшы карты, раптам адчуваем, як зямля сыходзіць з-пад ног. Літаральна. Землятрус 4.6 балы па шкале Рыхтара. Дванаццаць чалавек, якія хвіліну таму ўсімі думкамі былі ў гульні, кідаюць карты, пачынаюць хрысьціцца, маліцца, прыгаворчваючы “О Діос Міо!”. Але як хутка ўзнікае паніка, гэтак жа імгненна жыццё вяртаецца ў звычайнае рэчышча. Пасля некалькіх тэлефанаванняў, каб спраўдзіць лёс іншых сваякоў, гульня працягваецца. Жыць у суседстве з катаклізмамі – натуральная справа для эквадорцаў. Летась у красавіку на ўзбярэжжы здарыўся разбуральны  землятрус, наступствы якога – эканамічныя і сейсмічныя – дагэтуль адчуваюцца па ўсёй краіне.

У Кіта адбываецца маё першае знаёмства з лацінаамерыканскай культурай і сярод іншага з рэчамі, якія, на першы погляд, падаюцца дзіўнымі. Першае “спатканне” з Эквадорам збівае мяне з ног. Але большасць стэрэатыпаў, якія сфармаваліся яшчэ ў Мінску, не пацвярджаюцца на практыцы. На экватары не заўсёды спёка. Ніхто не здымае абутак у кватэры ці доме, таму быў вялікі пракол, калі аднойчы выбегла сустракаць гасцей, зіхацеючы босымі пяткамі. Жанчыны амаль ніколі не апранаюць шорты ці сукенкі, таму што гэта лічыцца правакацыяй. Наогул жа квітнее культура “мачызму”: шмат жанчын упэўнена, што адзіная іх функцыя – гадаваць дзяцей і прыбіраць у хаце.

Першы час Кіта трымае на ўзводзе. Нам пастаянна расказваюць пра наркотыкі, пра таксістаў, якія выкрадаюць людзей, пра махляроў і злодзеяў, якія ў любы момант могуць абраць цябе сваёй ахвярай. Але паступова разумееш: як і ў любым іншым мегаполісе, трэба быць пільным, асцярожным, рацыянальна ўзважваць любыя рашэнні.

Цяпер гэта дом

Пасля Кіта я накіроўваюся на поўнач краіны, каб адчуць рытм правінцыйнага жыцця. Мой наступны прыпынак – маленькі гарадок Сан-Антоніа. Я пішу гэтыя радкі, гойдаючыся ў гамаку на тэрасе дома, у якім жыву. Пасляабедзеная спёка, а значыць, час для сіесты. Удалечыні маячыць шэра-пунцовы горны цэп. З тэрасы адкрываецца від на рынак, што раскінуўся на галоўнай плошчы. Жанчыны з “прывязанымі” да сябе дзецьмі гандлююць стравамі з фасолі і кукурузы; стоячы побач з “распятым” засмажаным парсюком, мужчына гучна запрашае пакаштаваць фрытадас – традыцыйную страву са  свініны, бульбы і кукурузы, якая нагадвае кулінарыю маёй смаргонскай бабулі. Мясцовы бэнд грае мелодыі правінцыі Імбабура. Цяпер гэта дом.

Белая палоска ад гадзінніка на загарэлай руцэ вяртае ў іншыя геаграфічныя каардынаты. У Арменіі, дзе я жыла апошнія два гады, сёння -4°C, снег. У Мінску людзі шпацыруюць у паліто і шаліках. Але тут разуменне холада адноснае: я кожны раз ціха ўсміхаюся, калі чую ў Эквадоры чарговае “ачачай”, якое перакладаецца прыблізна так: “Ашалець, як халодна!”. Нават пры самым нязначным адхіленні тэмпературы.

У першы ж дзень мая новая хост-сям’я частуе традыцыйным эквадорскім далікатэсам – марской свінкай. Мяса як мяса: па смаку нагадвае курыцу, толькі што жывёла больш хударлявая. Мой хост-бацька Мігель успамінае, як у маладосці працаваў з братамі ў  Германіі, жыў у сям’і сябра. І вось аднойчы, пакуль нікога не было дома, у сентыментальным парыве пасмакаваць штосьці роднае яны дасталі з клеткі марскую свінку, засмажылі і з задавальненнем апрыходавалі хатняга гадаванца. Сямігадовая дзяўчынка, гаспадыня свінкі, праплакала тры дні. Апроч эквадорскай кухні, Мігель вялікі фанат Дастаеўскага, Санкт-Пецярбургу і снегу. З ім цікава размаўляць. Ён адукоўвае мяне наконт апошніх падзеяў – ад чарговых выбараў да амерыканскай нафтавай кампаніі, якая руйнуе прыгажосць Амазоніі.

Сапраўдная любоў да сваёй працы

На першым паверсе дома мая хост-сям’я трымае самую вялікую майстэрню ў горадзе. Яе пабудавалі 20 гадоў таму Мігель і яго чатыры браты. Усе яны прысвяцілі сваё жыццё вырабу скульптураў. У гэтым бізнэсе ты павінен пачаць рана, каб засвоіць рамяство і стаць прафесіяналам. Мігель знайшоў настаўніка, калі яму было 15 гадоў. Большасць замоў робяць храмы, астатнія – ад прыватных кліентаў, якія замаўляюць падарункі блізкім, элементы дэкору і г.д.  

Звычайна пасля абеду я спускаюся ў майстэрню і назіраю, як дзевяць мужчын выразаюць вытанчаныя вырабы з хвоі і цытрусавых дрэваў, робяць мэблю, аднаўляюць старыя скульптуры Ісуса, Дзевы Марыі і архангелаў. Атмасфера ў майстэрні прымушае ўзгадаць магічны рэалізм у “Сто гадоў адзіноты” Маркеса. Неверагоднае – гэта частка штодзённай рэальнасці. Ёсць штосьці незвычайнае ў тым, як у руках Мігеля дрэва ажывае пад медытатыўнай працай інструментаў. Кожная драўляная скульптура мае шкляныя вочы, расфарбаваныя з унутранага боку, што надае чалавечы выгляд.

Мая хост-маці Хімена – адзіная жанчына, якая працуе ў майстэрні. Яна спецыялізуецца на пазалочванні скульптураў, карцінных рамаў і мэблі. Аздабленне сусальным золатам робіцца ўручную і вымагае шмат часу – над адным прадметам можна працаваць тыднямі. Яна любіць паўтараць, што, каб рабіць пазалоту, трэба: а) мець добры зрок, б) больш цярпення, чым для выхавання дзяцей. У той час, як яе муж займаецца выключна рамесніцтвам, Хімена кіруе усім астатнім – вядзе перамовы з кліентамі ў Кіта, размяркоўвае абавязкі і сочыць за якасцю вырабаў.

Я маю глыбокую павагу да ўсіх тых людзей, якія тут працуюць. Перадусім за іх прафесіяналізм, здольнасць вытрымліваць шалёную канкурэнцыю ў горадзе, дзе ледзь не кожная трэцяя сям’я мае майстэрню. Тое, чаму яны прысвячаюць 40-гадзінны працоўны тыдзень, для іх больш чым праца. Яны інвестуюць свой час у стварэнне рэлігійнага мастацтва не толькі для атрымання прыбытку, а таму, што вераць: іх творы ўвасабляюць каталіцкую веру, Царства Боскае і Сына Чалавечага.

Чужая рэлігія

Я дагэтуль спрабую зразумець феномен каталіцтва ў Эквадоры, таму што сутыкнулася з сістэмай перакананняў і вераванняў, якія ўстаюць насуперак маім. Мяне выхоўвалі бацькі-атэісты, але цяпер я жыву ў каталіцкай сям’і, і, шчыра кажучы, спатрэбіўся не адзін месяц, каб прызвычаіцца да “сімбіёзу” паўсядзённага жыцця і веры: малітвы, рэлігійная медыцына для лячэння хваробаў і забіванне злосных духаў на тэрасе дома.

Шмат разоў даводзілася не падаць выгляду, наколькі некаторыя практыкі падаюцца дзіўнымі. Чаго толькі варты выпадак, калі мне на лоб накрапалі алей і паклалі на падлогу з надзеяй, што я ўбачу Ісуса, з якім мая хост-сястра размаўляе з зайздроснай рэгулярнасцю. Але ён не зрабіў ласку паразмаўляць са мной, не атрымалася.

У кожным рэлігійным акце я знаходзіла падцверджанне: людзі, якія мяне атачаюць, бачаць тое, што хочуць бачыць; інтэрпрэтуюць падзеі такім чынам, які адпавядае іх цяперашнім перакананням. Але разам з тым я ўсвядоміла свае ўласныя перадузятасці. Я прытрымліваюся адпаведных пераканнаняў па тых жа прычынах, чаму мая сям’я пагаджаецца з каталіцкімі догмамі – з-за гістарычных, геаграфічных і сацыяльных фактараў. Не кажучы ўжо пра нашыя ўвесь час зменлівыя меркаванні і новыя досведы.

Я ўвесь час нагадваю сабе, што задаваць пытанні – лепшы спосаб зразумець, чаму рэлігія адыгрывае такую важную ролю ў жыцці эквадорцаў. Гэта ключ для культывавання эмпатыі.

Жыць побач з тымі, чыё меркаванне супярэчыць майму, фармуе мой светапогляд.

Я ўсвядоміла, што адсутнасць у ва мне рэлігійнага запалу цалкам можа суіснаваць з біблейскімі чытаннямі, нядзельнай імшой і дыялогамі з анёламі маёй хост-сям’і.

Было і іншае ўсведамленне. Ад першага дня ў Сан-Антоніа мая ўвага была звернута да незвычайных выяваў каталіцкіх святых у цэрквах, дамах і майстэрнях. Біблейскія персанажы, як правіла, адлюстраваны ў выглядзе беласкурых мужчынаў і жанчын.

Гэта сапраўды дзіўны феномен, улічваючы, дзе я знаходжуся – у краіне, насельніцтва якога складаецца з цёмнаскурых метысаў, афра-эквадорцаў і карэнных жыхароў. Рэлігійныя скульптуры і карціны святых са светлай скурай зусім не ўпісваюцца ў кантэкст маленькага горада, дзе практычна ніхто не выглядае так, як яны. Статуі Ісуса еўрапейскага выгляду, які схіліўся пад цяжарам крыжа, запаланілі цэрквы, а ў залі нашага дома вісіць паўтараметровая выява беласкурай Дзевы Марыі ў атачэнні кветак.

Чым больш я знаёмілася з каталіцкім мастацтвам Эквадора, тым часцей у мяне ўзнікалі пытанні. Чаму людзі працягваюць фіксаваць у дрэве ды на палотнішчы выявы біблейскіх персанажаў, якія так радыкальна адрозніваюцца ад іх саміх? Ці ёсць месца для афра-экватарыянцаў, метысаў і карэннага насельніцтва ў гэтай мастацкай галерэі?  

Аднабаковая рэпрэзентацыя біблейскага наратыву ўмацоўвае ідэю перавагі людзей са светлай скурай і “заходнімі” рысамі твару калі не ва ўсёй Лацінскай Амерыцы, то ў  Эквадоры безумоўна. Такая сітуацыя ёсць наўпроставым вынікам заходняй гегемоніі і культурнай экспансіі Еўропы, за якія карэннае насельніцтва заплаціла самы высокі кошт.

Для таго, каб захапіць палітычны кантроль над Новым Светам, сотні тысяч індзейцаў былі забітыя, мільёны абарыгенаў сілком загналі ў каталіцызм. Па меры таго, як еўрапейскія каланізатары распаўсюдзілі чужую веру, пачала ўзнікаць культура пакланення Беламу Чалавеку, святым “заходняга паходжання”. Сёньня гэта ўжо ніхто не падвяргае сумневу. Мясцовыя каталікі з пагардай ставяцца да тых, хто практыкуе паганства, кажучы, што яны вераць не “ў таго Бога”.

У Эквадоры самай вялікай анамаліяй для мяне да гэтага часу застаецца неадэкватнае прадстаўленне біблейскіх герояў і каталіцкіх святых як персанажаў са светлай скурай, тым самым выключаючы іншыя этнічныя і расавыя групы. З гэтымі думкамі я завяршаю першую палову майго побыту ў Эквадоры і спадзяюся на новыя прыгоды, падарожжы і анамаліі.